ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
* * *
Сонейка ў небе і вецер-гусляр, подзьмух ля ніваў вясновы. Усё гэта долі ласкавае дар, як маці пяшчотныя словы. Продкі далі мне калісьці жыццё ў Жлобаўцах ціхіх і мілых. Сэрцу — з каханай зямлёю зліццё, душы маёй — смелыя крыллі. Цвілі мае вёсны — ў палёх васількі, у лёс урываліся буры. I сыпала сонца са шчодрай рукі цяпло маёй дзіўнай натуры. Тысячагадовыя сказы з сяла, змястоўныя, творчыя словы. Неабыякавай доля была да будучых сцежак жыццёвых. Вось запяяць бы зямлі маёй гімн — з няволі да слоў п’едэстала! Вартым, адвечным, да болі сваім, душа да краёў набрыняла. А доля народа — як цемрадзь сама. Каб змог, праглынуў бы нас вораг. I толькі каханню граніцаў няма, калі яно — меч, не пакора! Словы — як стрэлы, і сэрца — як лук, стыхіяй змагання напяты. Не страшна пагрозаў, і здзекаў, і мук за святасць пакрыўджаных хатаў. Калі над пабоішчам кружыць арол, і вогненна сэрца кахае, дык смерць найдарожшых, пакрыўджаных боль у рунь барацьбы прарастае! О сэрца, мне ранаў тваіх не злічыць за вернасць палём і дубровам, за тое, што слова маё не маўчыць у долі прыбоях суровых. За вернасць шляхам, што Скарына праклаў да ўзвышшаў старому народу, за ўзровень належных зямлі маёй праў стаю непахісна і горда! Адна супраць злыдняў адважна стаю, слабейшы назад адступае. Люблю цябе, Край мой, як душу сваю. Я знаю — за гэта ўміраюць...
След на зямлі
Вось і поўнач прайшла. Я яшчэ не заснула: рой разбуджаных дум адганяе мне сны. Зноў па хаце маёй пахаджае мінуласць і гамоняць са мною старыя часы. Ад падгніўшых бярвенняў аж хата прысела, на падворку жывёлы даўно не чутно. I адзін толькі месяц здалёк ды нясмела, як даўней, загляне ў малое акно. Столькі працы было, мараў і спадзяванняў: на сялянскім загоне буялі дубы. Урывалася ў сцены святое каханне, буркавалі каханыя, як галубы. О, сям’я Генюшоў! Блаславёная хата, ў твае сцены калісь мяне мілы прывёў. Нат вайна захавала цябе, быццам святасць, мілы роду парог, каб прыняў ты нас зноў... Спачываюць палі, спіць зямля пад снягамі, каб на ёй узрасці беларускай душы. Усім сэрцам сваім я з мінуласцю, з вамі, прадаўжаю ваш след на зямлі, Генюшы.
* * *
Ціха ад дрэваў лёг цень на страху, голле на шыбах ваконных. Зораў, як маку, на Млечным Шляху. Месячна. Ясна. Бяссонна. Роднае неба трымціць нада мной, зоры ў траву ападаюць. Ходзіць мінуласць нячутнай ступой. Вякі з цішынёй размаўляюць. Льецца пад ногі мне месячны свет. Дрэвы чубы нахілілі. Продкі мае тут пакінулі след, каб унукі з яго не змылілі...
* * *
Зжылася з зямлёю, у дрэвы ўрасла, пераплялася з травою і кветкамі родная мова старога сяла, ад іншых сваёй цеплынёю адметная. Цягнулася доўга за ніткай льняной, прымаўкай мудрай, і казкай, і песняю, схавалася ў сёлы, жыла пад страхой, выходзіла ў поле да сонейка весняга. Зярністая, шчодрая, бы каласок, мудрасці ціхай прыпынак глыбінны, сіні, бясхмарны нябёсаў кусок пад белым і чыстым крылом галубіным. Хрышчоная ў полі вясняным дажджом, пахучая белым рамонкам і мятай, задорны уздым за святочным сталом і ладная, сціплая гутарка хатняя. Разгойдала мары, збудзіла любоў. Цябе ў маім сэрцы ніхто не заглушыць, таму, што чароўныя прыгаршчы слоў маці любоўна мне ўсыпала ў душу. Са мной размаўлялі палі і бары, адносілі хвалі па Нёмане думы, і баяў мне нешта магільнік стары, і песні гучалі сялянскія сумна. Калі цябе мудрасць кране і любоў, засвецішся ласкай, вясёлкаю фарбаў, з-пад напластавання мінулых вякоў адкрыеш нашчадкам схаваныя скарбы. То са Скарынаю выйдзеш у свет, то ў Статут правы зніжаш надзіва, то заглушаць, затопчуць твой след, мова сёлаў і мова архіваў. Мова, падобная да салаўя, прасякнута любасцю жніўнай і роснай. Мова дзядоў маіх, мова мая — гімн нашай долі пакутны і ўзнёслы!
* * *
Перад вачыма неба і поле, на небасхіле — лясы і лясы. Прыселі ў далінах адвечныя сёлы, што помняць, здаецца, Міндоўга часы. Глыбока ў землю карэнні пусцілі, парасткам волю далі маладым. Гэта Міндоўга яны ахрысцілі, робячы князя чужога сваім. Гэтых сялянаў славутыя продкі, каб дзікіх набегаў спыніць ураган, паклалі падмурак у Навагародку пад сільнае Княства – дзяржаву славян. Веру чужую нясуць крыжаносцы даўно праваслаўным ужо крывічом. Прусаў і жмудзь, нібы градам калоссе, хрысцяць і хрысцяць агнём і мячом. З захаду — ляхі, з усходу — татары… Людзі то меч абдымаюць, то плуг, спыняюць набегі і гасяць пажары, і ў поле выходзяць са зброяй ля рук.
* * *
Йду шляхамі крутымі, ў небе зоры мігцяць. Праўда — посах пільгрыма ў бездарожжы жыцця...
* * *
Нада мною ляглі туманы. Замест слоў тваіх — вецер асенні. Шлях, мой шлях нецікавы зямны — пераходжу на шлях летуценны.
* * *
Сярод халуёў і духоўных калекаў ды сярод юдаў, што вокал кішаць, Божа, дазволь нам душу чалавека, твар беларускай сям’і захаваць!
* * *
Матчынай мовы, багатай і слаўнай, што ў скарбах народа, як фонд залаты, не аддавайце бяздумна, бяспраўна, не прадавайце святога, браты!
* * *
Сёння на пласе родная мова. Вырваць жывую палежыць з агню. Слова «кахаю» — слабае слова. Мужнае слова — «абараню»!
* * *
Пара перакацілася за поўнач, і месячная лысіна ў акне. Зноў не прыйшоў гаючы сон спакойны ад успамінаў ратаваць мяне. Брыду. У цемрадзі ўзняла ліхтарык: на шлях мой, доляй зблытаны, свячу. Навокала мяне чыесьці твары. На слабых апірацца не хачу.
* * *
Мы доўга глядзелі на Край наш праз слёзы, нявольнікі ўдома, не гаспадары. Да нас прамаўлялі дубы і бярозы, і грэла нас сонейка толькі згары. Драмалі курганы, маўчалі магілы, наш голас народны не выйшаў з сяла. Адна толькі з намі зямля гаманіла, карміла, як маці, ласкавай была. Мы мудрасць звучалі зямлі і прыроды, міжлюдскіх адносін з суседскім дваром, спазналі мы сілу сямейкі і роду, жыццю йшлі насустрач заўсёды з дабром. Таму вось, што лёс наш такі быў нясцерпны, і з труднасцяў выйшаў душы нашай гарт, наш кованы нораў нікому не сцерці, і самых дастойных на свеце ён варт!
* * *
Не згінай мяне, я не сагнуся, не баюся ні страхаў, ні зла. Нездарма я з зямлі беларускай непахіснай сасною ўзрасла. Напрасткі йду няходжанай сцежкай, мудрасць продкаў ў гарачай крыві, ні прад кім не схіляю паспешна крыху гордай сваёй галавы. Абмінаю ўсю набрыдзь, што вокал чалавечы мой блытае лёс. Гляджу ўдаль, не зміргнуўшы нат вокам. Розум цемру праніжа наскрозь!
* * *
Ў горы я над тваімі ранамі... Божа, болей цябе не карай, старажытны, любы, каханы мой, вечна скованы, родны край! Мой курганны, жытні, зубрыны мой, вытрывалы ў агні пакут, Еўфрасінін, святы, Скарынавы Беларускі адвечны кут. Ломяць віхры збуялае, кволае, абмінаюць цвярдыя камлі. Прашумелі яны над сёламі, свой пакінуўшы след на зямлі. Воблік твой і адвечную мову, літасць ў сэрцы і лад стары не крануў і віхор суровы, паламаўшы дрэвы ў бары. Світка наша, льняная кашуля не здала свае мовы ў палон, затуліла яе, прыгарнула, захавала да сённяшніх дзён. Калі зноў агартае нас цемра, мы ўцякаем душою ў сяло, бо прывыклі мы чэрпаць аберуч у народа жывое святло.
Гравюрка
Чорным узорам на дрэвах бязлістых воранаў зграя вянкамі лягла. Гракаюць, гракаюць ранкам імглістым чорную песню над цішай сяла. Можа, лістоты шкада сакавітай, ветрам сарванай з вясёлых галін, коласа ў полі, забытага, жытняга, што галаву на каменне схіліў. Можа, праводзяць? А можа, вітаюць хмары са снегам, з марозам вятры? Кружацца, кружацца — не адлятаюць… Чорная графіка сумнай пары.
Поделиться с друзьями: