Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Шрифт:
* * *
Пакуль аж смерць мне не закрые вочы, зямля не спыніць мой апошні дых, буду ісці, буду змагацца моўчкі за Край мой родны і цярпець за ўсіх. Не страшна мне, калі кругом трывога, не боязна варожых, чорных спраў, я не адна, я сэрцам веру ў Бога, які нат Сына на ахвяру даў. Ударыць гром, ярмо нявольнік скіне, жывы народ падымецца з калень. Загіну я, ўсё ж Край мой не загіне, крывіцкі, слаўны рассвітае дзень! * * *
Не пазнаю цябе, мой Краю, нявечыць людскасць лад чужы, і прадзедаў зямля чужая, і толькі нашыя крыжы. І толькі нашыя магілы, старыя ў полі курганы — няўжо й мінуласць нашу скрылі пад тоўстым насыпам яны? Чужым нам ў сэрцы цэляць словам, каб насмерць роднае забіць, лучынай гасне наша мова, чужая — лагерам гучыць. Ад сухавеяў, што з усходу, плытчэе Нёман ў берагах, душа драбнее у народу, мрэ песня, як падбіты птах. Ў няволі крылляў не разгорне ні птах, ні песня, ні душа. Нат белы дзень здаецца чорным, хоць быў жа сонечны спярша. Чужы палон, прыгон адвечны махлярствам душы гне і злом, нам да зямлі згінаюць плечы нябачным нейкім бізуном. Стаяць над намі ўсе чужыя ды сцёбаюць да працы нас, як быццам страшнага Батыя вярнуўся незабыты час... Мова мая
Засумавала ўсё, што сэрцу блізка, вятры іначай, жаласна гудуць… Мову маю, быццам дзіця з калыскі, як маці родную, прадчасна ў дол кладуць… Сум па дарогах, па галлі вярбовым, сум у вачах, трывожны болю цень… Ўжо не смяецца, толькі хмурыць бровы бяссонечны наш беларускі дзень. Ёсць саранча, што аб’ядае дрэвы, i буры, здольныя з зямлёю ўсё зраўнаць… За што табе, мой ціхі Краю спеўны, з грудзёў магутных душу вырываць? Наш вечны зніч, ручво крыві гарачай, бурліш дняпроўскай хваляй праз вякі, з табой жывем, з табой нас свет убачыў, са слоў тваіх паэты ўюць вянкі. Мова мая, наш чысты твар нявінны, з табой не ўстыд нам выйсці да людзей, падбітая у родных каляінах, прыдушана ля матчыных грудзей… Без крыўд чужых, а з крыўдамі сваімі, прачыстая, гатовішся на крыж, патоптана, распятая чужымі, малітваю на вуснах нам дрыжыш. Мы стаімо, Пятры і Магдалены, Пілаты рукі вымылі ў крыві… Мова мая, народу скарб нятленны, мова мая, ўваскросні і жыві! Нёман
Сіні, вольны, спавіты туманам, беларускі гусляр ад вякоў, мужным сэрцам у Край закаханы, найвярнейшы, найлепшы з сыноў. Абвіваеш зялёныя грудзі задуменных лясоў і далін, сэрцы сёлаў калышаш і будзіш звонкай хваляй з суровых глыбінь. Многа рэкаў шырокіх і вузкіх прыпадае навек да цябе. Многа верных галоў беларускіх на твой бераг лягло ў барацьбе. Ці адзін у крыві тут і ранах лёг, як сноп, на радзімы загон, быў, як ты, ён у Край закаханы, маладых не шкадуючы дзён за радзіму – красуню льняную, за людзей з працавітасцю пчол, за палеткі, за плынь залатую з бесклапотнымі гнёздамі сёл. Дубы
Зеляняць беларускія нашы дубы, уцалелыя з тысячы ранаў. Запыняюць аблокі густыя чубы, іх равеснікі спяць на курганах. Як яны, я умела у буру стаяць, як яны, галавы не сагнула, і ніколі, ніколі сякера мая іхных стройных камлёў не кранула. Адыходзіць пара мне, ім трэба стаяць, сілу мець у ствалах беззаганных і ліствою шумець ды з вятрамі пяяць аб тых продках, што спяць на курганах. * * *
Беларусы ідуць, хлеб свой жытні нясуць, на ручнік палажыўшы ўрачыста. Хлеб — як сонца ў руках, бохан хлебам прапах, а ручнік, як іх сэрца — прачысты. Хлеб і соль праз вякі, ўсклаўшы на ручнікі, добрым людзям насустрач выносім. Ўнукі сейбітаў мы, хлебаробаў сыны, з працы мы, з чалавечых адносін. Яшчэ большы ёсць скарб — стары песенны Край, наша мова, што сэрца кранае, гэты голас зямлі мы ад продкаў ўзялі i нашчадкам яго захаваем. Хлеб і соль, хлеб і соль праз цярпенні і боль нёс народ наш рукамі ад плуга. Тым, хто мову кране, нашу душу прыгне, мы адплацім паводле заслугаў. Плуг ў музеі спачыў, сёння іншы пачын Беларуса па свеце праславіў. Жыць умеем, тварыць, ўмеем Край бараніць, а сяброў стрэнем хлебам ласкава. * * *
Йду слядамі дзядоў, ў сіні Край закаханая, сніцца веліч Пагоні, гатовай на бой, і здрадлівыя петлі, лавушкі, капканы, як на дзікага звера, кругом прада мной. Абмінаю віры і дарог небяспеку, ўсе задумы варожыя, попел і дым. Адчуваю ў бяздоллі святую апеку, а мо гэта апека над Краем маім? На здзічэлы дзірван з сэрца падаюць словы: быць нам трэба сабою, людзьмі, землякі. Шмат хто звучаны — каменем кінуць гатовы, але камень чамусьці выпадае з рукі. Леў
З калматай грывы космамі густымі, напружаны, ў вачах схаваўшы гнеў, хадзіў па клетцы горды сын пустыні — зыманы леў. Сто кратаў лёгка крок яго спынялі, нязломнасць сталі ён даўно спазнаў, і лапа падымалася і ападала цяжкою сілай на жалезны сплаў. У снах свабоду бачыў і яскіню, драпежнай львіцы смерцяносны скок, прастор вачам, прыліў магутнай сілы, распалены пад лапамі пясок. І роў пранік глухое наваколле — ўспамін далёкіх, афрыканскіх гор, і скрып зубоў у ворага на горле, і прагу волі нёс ён у прастор. Свіст бізуна рассёк агнём ўспаміны, боль завастрыў ў нявольным сэрцы злосць: супроць яго ў кароткіх перапынах йшоў пан яго — ў руках бізун і косць. Крыклівай грозьбай, ласкавым абманам і таннай косткаю спыніў ён люты гнеў і волі крык, і сціх дрэсіраваны, забыўшы сілу продкаў сваіх, леў. Мучыцеля жывога ён пакінуў, на костцы зубы прагныя зацяў, а ў гэтыя часы ў яго пустыні гіены не сціхалі ад выцця... Такі закон і бег жыцця нязменны — калі змаўкаюць, адышоўшы, львы, з пячор выходзяць прагныя гіены і вокал падлам цешацца яны. Янычары
З гікатам, віскам па смерць і па кроў, са скрыўленым лютасцю тварам ляцяць на паселішчы родных бацькоў ліхія сыны-янычары. Літасць для іх — то няведамы госць, памрэ і малы, і нядужы, у думках адно ў іх — служальчасць і злосць: прароку і месяцу служаць. Сямейныя юрты і мір не для іх, ў набегах пад грукаты бубнаў на попеле сёлаў, на конях дзікіх — іх святы й крывавыя будні. Ім памятаць нельга пра рожавы твар і белыя матчыны грудзі, якія ўскармілі дзіця сваіх мар пад песню, якой не забудзеш. Ды ўсё ж не забыць да сканання жыцця, як з рук нежывой маладзіцы ад раны ў грудзёх адрывалі дзіця, змушалі прароку скарыцца. І слоў не забыць, што плылі з малаком і гушкалі песняй салодкай, і матчыных вуснаў над хворым чалом, і рук яе ў белі палотнаў. Вось зноў тыя нівы, сады і плятні, ля хатаў з бусламі сяброўства, і зарыва ноччу, і сёлы ў агні — татараў нялюдская помста. Туманяцца вочы і вусны дрыжаць, і жаль, і ўстыдно янычару бялявых жанчын у ясыр заганяць і край гэты нішчыць пажарам. Назад бы адважна каня павярнуць і шабляй крывою з наскоку заместа братоў — лепей сэрцы пратнуць ўсіх слугаў страшнога прарока. Як бліскаўка — розум. Зноў гікат кругом — не думаць, а слухаць загадаў вучылі нагайкі іх ноччу і днём, ўжо іншай не ведаюць рады. Не жаль ім скрываўленых братніх галоў, ні земляў, што топчуць чужыя, Над кволаю музыкай матчыных слоў арда пераможная вые. І людскасць, і роздум ужо не для іх, яны — як чума, як зараза, і колюць, і тнуць — дабіваюць слабых, ўвесь род, ўсю радзіну адразу. Прарваліся ліўні, пасыпаўся град — зямля застагнала не дарам над смерцю дружынаў, над попелам хат, над доляй сыноў-янычараў... З мінулага
Сілаю ў сеці злоўлена. Краты ўсё і ланцугі. Сэрца маё перапоўнена горам праз берагі. Крыўда ўзвіваецца полымем, здаецца, з прадоння пяшчэр. З пекла ўпала на голаў мне ўся гэта СССР. Ў змаганні, ў цярпенні, за кратамі — адна, заўсёды адна, у праўдзе сваёй заўзятая, рукі ламлю давідна. Скаргі, аднак, не вымаўлю, болю не знаю, бадай. Выцерплю, ў Бога вымалю волю табе, родны Край. 1964
* * *
Уладзіміру Караткевічу
У жыцці ў цябе ўдараў нямала, іх не меней, як матчыных слёз. Не хавай сваіх ран пад забралам — я іх бачу душою наскрозь. Толькі ведаю: ў хмарнае сёння ці ў няведамы заўтрашні час не разжалішся ты, не застогнеш, не адкінеш з далоняў мяча. Добра так! Лістападавым танцам стаў вятрыска бярозы круціць. Не прыстала патомку паўстанцаў збітай сцежкай ісці па жыцці. Ты суровым Дняпром ўзгадаваны, ты напоены хваляй з глыбінь. Помач Маці-Радзіме і сёння — найвярнейшы, найздатнейшы сын!Поделиться с друзьями: