ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
* * *
Далі табе нямала чарак на твой нацыянальны сон, народ свінарак і даярак, народ раззяваў і варон.
* * *
Гаварыць па-беларуску — гэта модна. Мовы маці, кажуць, не забыць. Для мяне ж гэта не модна, толькі родна — гэта так, як піць, як есць, як жыць...
* * *
Трывога. Стукоча сэрца. Кусаю вусны да болю. На дрэве галінка гнецца, сэрца паэта — ніколі.
* * *
Навокал усё, што так сэрцу няміла, па жылах цячэ неспакой. Паэт распраўляе, натужвае крылы і ў новы кідаецца бой. Жыць бы, як людзі, і сеяць на гонях аберуч нам хлеб і любоў, страх каб не поўзаў крывавым сутоннем ля сэрцаў і ціхіх дамоў. Каб кожны адчуў, калі сонца засвеціць, свабодна тварыў на зямлі, ля бацькавых рук падрасталі каб дзеці і з матчынай мовай жылі. Ды супраць паэтаў – насілле і краты, у сэрцы народу ўвесь боль. А ў тых, самаўладных, расшчэплены атам: будзе няроўны бой...
* * *
Хто сцінае дубы і хвоі, на зямлі нашай нішчыць жывое і вядзе братоў у палон — той пачуе ад нас праклён. За гады людскога цярпення, за нявінных суровую смерць да чацвёртага пакалення ўсім нашчадкам яго цярпець!
Не прашу!
Не прашу я ў вас дапамогі, слабым дапамогі не даць... Сама я гора за рогі парою умею браць! Натура ў мяне такая — другіх засланяць сабой. З чала майго пот сцякае. Не ваш, але мой гэта бой! Мацней заціскаю зубы, не звучана адступаць. Хто Край свой бязмерна любіць, той мусіць перамагаць! Звіняць кайданы на запясцях, пакутны праходжу шлях, змагацца за волю — шчасце, змагацца за праўду — не страх! Мае сляды — на паперы, а вашы сляды — на вадзе, прамове таннай не вераць, як нехта на смерць ідзе... Як збураць падмурак, аснову, рухне храм, што стрываў мячы. Калі забяруць нашу мову, стануць прусамі крывічы... Калі стане злога замнога, адчай пракрадзецца ў душу, я папрашу дапамогі. Пакуль я яе не прашу... Не прашу я ў вас дапамогі, шмат хто ў путах душой заглох. У хвілю найбольшай трывогі мая дапамога — Бог!
* * *
Кроў збяжыць рабінамі на вусны, спыняцца ад гора стогн і дых. Толькі горкіх слёзаў беларускіх у вачах не ўбачыце маіх! Груганы ўжо не над намі крачуць, нашы слёзы адплылі ў вякі. Мужныя не жаляцца, не плачуць — мужныя сціскаюць кулакі.
* * *
Вам страх маёй прысутнасці? А я жыву на свеце, я — след вашай праступнасці, які вам не зацерці. Ахвяра вашай дзікасці, сярод жывых жывая, хоць мучылі без літасці… Я з тых, хто боль стрывае. Я з тых, хто не забудзецца пра енк і кроў нявінных. I словы мае збудуцца, і нелюдзі пагінуць!
* * *
Дзень у сумётах сініх дагарае. З чужых дарог вярнуся я, матуля дарагая, на наш парог. Я прынясу з сабою паўвядзерца жывой тугі, я прынясу кахання ў шчырым сэрцы — па берагі. Засцеле чыстым кужалем дарогу бялюткі снег. Мне дапаможа месячык двухрогі знайсці твой след.
Салавейка
Не сялянскі, не панскі, а усіхні-нічый, пяяў з Божае ласкі салавейка ўначы. У вішнёвай парошы песні вёў да відна без падзякі, без грошай, бо дастаў іх дарма.
* * *
Мне не спіцца. Зноў ноч без спагады сумна позні адмервае час. З неба зораў страсае плеяды неакелзаны, быстры Пегас. Вышыня непазбытых жаданняў, непагашаных думаў агонь… Мне б акелзаць яго да світання, покуль ценем не стане той конь.
* * *
Песняў хочаце шчырых... Чую ўсюды: «буркуй». Не, разбілася ліра у мароз аб кірку. Струны ў холадзе лютым нацягнулі на дрот, стаў на душу падкуты канваіравы бот. Злыдзень роднага сына адарваў ад грудзей. І пагасла лучынай мая вера ў людзей.
Фіранкі
На акне маім фіранкі не ў квяцісты ўзор. Белыя, як сцены хаты, яны вытканыя ў краты, ў роўны перабор. На світанні шэра ў хаце, за вакном відней. Я прачнуся і заплачу — зноў спрасоння краты бачу на маім вакне. Згінуць хмары. Боль па твары ручайком цячэ... Ах вы, людзі, хто ж такія ды на вокны тчэ...
* * *
Апошні дотык рук на твары чую, такіх ласкавых, моцна схвараваных. Апошні раз мой муж мяне цалуе з нявыказаным да канца каханнем. Ізноў мне вочы зацягнула ймглою, прыгнечвае жыцця цяжкая ноша, развітваецца мілы мой са мною пяшчотаю святою і апошняй. Залегла грозна цішыня у хаце, не вымавіць таго, што чуе сэрца, бо хвораму на ногі больш не устаці, няўмольна смерць суровая крадзецца. Як воск ад свечкі, памаленьку тае малы агеньчык. Ўжо амаль не свеціць, а смерць, як злодзей, моўчкі падступае, бо ўсё яшчэ смяротнае на свеце... О колькі раз я на тваіх далонях выплаквала свой горкі боль да рання! Як затрымаць жыццё тваё мне сёння? Ўсё недаказана йшчэ, недакахана. Не адлятай ад рук маіх знямоглых, не пакідай, каб сэрца не збалела. Здаецца мне, што дзён гэтак нямнога, з табой пражытых, хутка адляцела. Прайшлі гады, а для мяне хвіліны, супольных мараў, сноў аб Беларусі. На дзве душы ў жыцці быў шлях адзіны, як жа цяпер адна я застануся?
* * *
Сціхлі ўсхліпы суровых завей, недзе з поля вясна падступае. Вокны цёмныя ў хаце маей, на парозе ніхто не вітае. Ты так жыць яшчэ, мілы, хацеў, гаварыў: «Я так жыў з табой мала...» Ледзь агеньчык жыцця твайго тлеў, але сэрца трывожна кахала. Так кахаюць плач сына слабы да жыцця, што народзіцца з болю, так кахаюць агонь барацьбы за народную светлую долю. Як калісьці з гадоў маладых мы ўздымалі над шэрасцю крыллі. Мары, думы і боль на дваіх мы да старасці разам дзялілі. У задуме глыбокай стаю. На пясок слёзы капаюць свежы. Ты забраў, мілы, душу маю, што ж, табе яна толькі належыць.
* * *
Снег ляжыць вокал суровы і белы. Хоць добрым слаўцом мяне, мілы, сагрэй. Рукі ад сцюжы мае зледзянелі, сэрцу, здаецца, яшчэ халадней... У безнадзеі цяжкую хвіліну, дзе ні паглянеш — крыжы і крыжы, прыйдзі хоць уявай, прыйдзі успамінам, далоні на скроні мае палажы. Каханне — то з думкамі думкі гамоняць, дзеляцца шчасцем няўлоўна ў цішы, то вусны на вуснах, далоні ў далонях, святасць у сэрцы і песня ў душы. Хоць прыляці у пакоі пустыя нотаю мілай з бяссоннай начы, цудоўная, ўзнёслая «Авэ Марыя» няхай у самоце маёй прагучыць. А я пацалую зноў скроні спацелыя, коўдрай прыкрыю, накапаю лек. Як і тады уначы, у мяцеліцу, сцежку да хаты засыпаў нам снег. Чало тваё мудрае ціха пагладжу, яшчэ пакладу табе грэлку да ног. Я тая ж, такая ж, якую ты ўбачыў і больш ужо выпусціць з хаты не змог...
Святы вечар
Каляда, Каляда, на зямлі — Святы Вечар, нарадзіўся у яслях Збавіцель і Бог. І пасталі бярозаў танклявыя свечкі паабапал заснежаных, белых дарог. Халадно. Мо таму, што зіма на парозе, адчуваецца лютасць суровай пары, а у полі пустым па шырокай дарозе плачуць нечаму сумна ліхія вятры. Чым жа сэрцы сагрэць, як той холад адужаць? Ці агеньчыкам цьмяным у сялянскім акне, Калядою святой, што насуперак сцюжам цеплынёй чалавечыя сэрцы кране? Каляда, Каляда... Нават зорам трывожна. Па заблытаных сцежках крутога жыцця да сваіх ў гэты вечар спяшаецца кожны, дзе ў сям’і за сталом нас чакае куцця. Сена пах, яліны, стаяць розныя стравы, прытаміўшыся, маці шчасліва маўчыць. Садавяцца сыны на шырокія лавы, што сышліся дамоў, каб душой адпачыць. Добра сесці разом, слязу радасці ўцерці, адчуваць, што ў застоллі, што побач браты, у душы чысціня і узнёслыя сэрцы, бо з людзьмі разам Бог ў гэты Вечар Святы. Сёння сэрцам з усімі куццю раздзяляем, хто за стол наш не змог на вячэру прыйсці, ўсіх далёкіх і родных сваіх спамінаем і дабра ўсім і шчасця жадаем ў жыцці. Няхай будзе вам цёпла, бы ў бацькавай хаце, ў гэтым свеце шырокім, дзе столькі дарог. Няхай людзі зямлі для вас будуць, як брацця, і жыццёвыя сцежкі прастуе вам Бог. Можа, хто занямог, можа, хто пахіснуўся, загубіўшы сумленне ў нялёгкім жыцці, прытаміўся ў шуканні свае Беларусі — памажэце й такім на вячэру прыйсці. За святочным сталом — няхай кожнаму месца каля вернага сэрца сясцёр і братоў. Няхай будзе у вас, бы ў харошай сямейцы, ўсім пароўні ў жыцці і куцця, і любоў. Няхай вера ў любоў, свая мова ў застоллі, а у думках — зямля, дзе спачылі дзяды, няхай ўсюды ласкава спрыяе вам доля, а любоў, чалавечнасць мацуе рады!
Поделиться с друзьями: