ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

1967

Баразна
Дуб зваліўся, упала сасонка, кроў-жывіца сцякае з кары. Баразна, Баразна-баразёнка, прыгаралі цябе без пары. Колькі скарбаў напрадзеных, тканых на дне куфраў сялянскіх ляжыць — ты ва ўсё гэта быў закаханы... Як жа, хлопча, цябе ажывіць? Як жа сумна і як жа дрымотна: ні зары, ні святла, ні відна. Хто ж раскажа Краіне гаротнай, каго страціла ўчора яна... Яшчэ вусны ўсяго не сказалі, яшчэ рукі ўсяго не знайшлі, як жа рана цябе адабралі у зняволенай нашай зямлі! Не на золата ўжо, не на грошы на адвечнай зямлі крывічоў, тут палююць бязлітасна Прокшы на выдатных Краіны сыноў. Не вайна — а магілы, магілы, не злічыць светлых, сцятых галоў, што ж, патрэбны народ ім бяскрылы, і таму выбіваюць арлоў. Не заб’юць ўсіх, мы з болю і ранаў, з лютай помстай за мукі нягод у нас волаты новыя ўстануць і прыбіты падымуць народ! Як быльнёг, яны злыдняў пакосяць пад народны караючы гнеў, няхай літасці, ласкі не просіць, хто над намі спагады не меў! Дуб зваліўся, упала сасонка, што любоўна народ гадаваў. Прыгаралі навек Баразёнку — ведаў вораг, каго забіваў... У народнага гора прадонні, дзе насілле, махлярства і страх, Баразна наша згасла, як промень, што народу асвечвала шлях. Баразна, Баразна, Баразёнка, жаль, дажыць не далі да відна. У народа, у роднай старонкі залатая была Баразна... Пяе вецер працяжна і грозна, ліжа раны пакутнай Зямлі, лічыць колькасць крывавых барознаў, што пралеглі па ёй без вайны. Зноў пакутны паўсюль лад прыгонны, анямела старонка уся. Толькі вецер — змагар неўгамонны — будзіць сёлам штоноч Кастуся!

1972

* * *
Страх — за праўду кінуцца ў бой, страх — не дагадзіць акупантам, быць удома самім сабой, чалавекам быць — страх пракляты! Суд — за думкі вольны размах, воля — толькі прадажнаму слову. Беларусам быць — тройчы страх, страх — валодаць роднаю мовай. Страх — ў чужыне сваіх братоў, перад здзекам страх не скарыцца. Страх — маліцца на мове бацькоў, дзікі страх — наагул маліцца! Страх — што ўвечары Каляда, і за сына, што пойдзе ў школу, страх — што бліжняга не прадаў, страх — што чэсны, што не жывёла. Брыгадзіра страх на сяле, страх падлізаў змяіных усюды, страх — хадзіць па сваёй зямле, дзе начальнікамі Іуды. Страх — гуманнасці, дабраты, перад рускім страх, перад ляхам, — мы ж не горшыя, што ж, браты, можа, хопіць гэтага страху?
Партызаны
Продак мой, спыняючы нашэсце, кідаўся на ворага з мячом, толькі б не цярпелі сем’і, дзеці, за плячыма заставаўся дом. I стаялі насмерць, ўсенародна, супраць недругаў суровых і ліхіх, і не пакідалі безбаронных, ворагаў наклікаўшы на іх. Ваявалі рымляне і грэкі, шмат было на свеце розных спраў, ўсё ж дзяцей, малых дзяцей на здзекі ворагу ніхто не выстаўляў! Пішуць сёння повесці, раманы, ўсё ж няма ні слова там нідзе, каб грудзьмі стаялі партызаны за расстрэляных, за паленых людзей. Партызаны ж, тыя партызаны, што ім сёлы, енк і боль людскі? Толькі б мосцік недзе быў ўзарваны ды ляцелі з рэйкаў цягнікі. Што для іх адкрытыя магілы, дзе за рэйкі — кідалі дзяцей. Не, дзяцей яны не баранілі, солтыса забіць куды прасцей. Солтыса, які акручваў немца, каб ад згубы ратаваць сяло, бо куды ж было народу дзецца, помачы чакаць адкуль было? Нашы пушчы — роднае багацце, непралазнасць зарасляў, балот: партызанам ёсць куды хавацца, а куды ж схаваецца народ? А куды схаваюцца мільёны ў кінутай нашэсцю старане, дзеці ў гэтых сёлах безбаронных, калі ўсе мужчыны на вайне? Йшлі байцы і, хрышчаныя боем, ворага спынялі, як маглі. Партызаны ж смерць няслі з сабою збітай і апаленай зямлі! То не подзвіг баявы і смелы,— толькі смех крывавы і пусты, наклікаць на сёлы смерць умелі, а самыя — шпарылі ў кусты! Выстаўлялі немаўлят пад стрэлы, а слабых жанчын — пад кулямёт. Ім за рэйкі дык душа балела, не балела толькі за народ! Жаль народны наш не знае меры, не злічыць апаленых касцей. Партызаны горшыя, як зверы — звер так ворагу не кідае дзяцей, а пакуль ёсць кіпцюры і зубы, засланяе ён малых сабой, не бяжыць ў сасоннік ад загубы, а ў няроўны кідаецца бой! Нават птушка кволая і тая люта скача злыдням да вачэй, ў горы птушанят не пакідае, лепей згіне за сваіх дзяцей. Ну а вы, «героі»-партызаны, колькіх нас вы кінулі на смерць, аддалі бязлітасна і танна на варожых вогнішчах гарэць? Хваліцеся, колькіх вы забілі? Ну а колькі згінула дарма? А каго вы з нас абаранілі? Гэткіх на уліку ў вас няма! У людзей ёсць нейкае сумленне, быў і ёсць закон адвечны, боскі. Рэйкі — ды гары яны агменем, каб за іх палілі нашы вёскі! Дзе былі вы, як народ гурбою клалі у магілы, як пласты, вы ж адныя толькі мелі зброю і са зброяй шпарылі ў кусты! То праз вас мы гінулі дарма ў полымі нямецкім і на фронце. Ля Масквы сёл спаленых няма, — каб з людзьмі, з дзяцьмі без абаронцаў! Йшлі інструкцыі ў адным напрамку, палымнела Беларусь адна. А чаму ж не падымалі партызанкі на Каўказе ці каля Арла? Калі глянеш — кроў у жылах стыне. Сэрца нам за Арадур баліць, хто ж палічыць нашы ўсе Хатыні?! Сотнямі Хатыняў не злічыць! Аднаго забілі часам гада i, забіўшы, зайцамі ўцяклі. А за гада сотні леглі радам безбаронных жыхароў зямлі. І няўцям да сёння той Мазанік, як лілася ў Менску наша кроў — не, не партызан, не партызанак, а ў мучэннях выжыўшых сыноў. Калі судзіш ворага на згубу, першым чынам засланяй сваіх. Эх, Мазанік, за аднога Кубэ — колькі нашых браццяў нежывых! Ці яны ўначы табе не сняцца, тысячаў замучаных не жаль? Што табе, Мазанік, нашы брацця, для цябе ж галоўнае — медаль… Край мой любы, жытні і курганны, на няласцы нелюдзяў чужых, і калі я чую: партызаны, жудасна мне робіцца ад іх.
* * *
Хоць душа твая гордая ў ранах з нецвярозага болю крычыць, у гарэлцы чужой і дурманнай імя нашага не палашчы. Пі, калі цябе піць прымусілі, калі волі не маеш чамусь, не кранай толькі п’янымі вуснамі, п’яным крыкам не кліч Беларусь! Не гарэлкай, не таннай слязою — пад ударамі ўпаўшы плашмя — шмат хто з нас захлынуўся крывёю за Яе дарагое імя.
* * *
Колькі дум маіх нi раскулачвалі, і ў смяротна-трывожны час не назвала я мамай мачыхі і душы не здала ў калгас!
Мне ўсё адно
Мне ўсё адно — ці смерць, ці перамога, ці цесны гроб, ці песня у саду. Мне ўсё адно — я са свае дарогі, з дарогі праўды сэрцам не сыду! Не дом, а лагер, не пасцель, а нары. Вакол натоўп, а чалавек — адзін. I сон — не сон, а толькі солад мараў, далёкі і засмучаны ўспамін... Ужо шэсць год, як пад замком іржавым іржавыя цякуць за днямі дні. А боль наш служыць злыдням для забавы, а святасць праўды топіцца ў хлусні. Забыты смех. Тут сум у кожнай песні. У дзікай тундры вечны плач без слёз. На крылах дум — пакутаў след, як плесня. Усё ў вачах, што з болем перанёс. I цемень прорвы, жах ад праўд распятых, і ўзлёт надзеяў ясных праз драты. I сумна, што замест пяра — лапата, і так шкада, што мучацца браты. Той самы штык учора, сёння, заўтра ў руках людзей, чыя натура — здзек. Той самы бой з той сілаю упартай, з якой змагацца мусіць чалавек. Не раз душа зляцела б з сумных вуснаў, лягла б замерзлай птушкай на мароз, калі б не ведаць, што для Беларусі ісці дарогай той прызначыў лёс.
Чужыне
Неонавым, такім рэкламным вечарам шляхом сваіх неўтаймаваных дум, о край чужы, я да цябе даверчыва ужо ніколі болей не прыйду. Славяне славяцца адвагаю, гасціннасцю ці грамадзянскай мужнасцю, як мы. Славянкі — шчырай цеплынёю, літасцю. Пра Юду — гэта не славянскі міф. Твой пыл мне з ног у вязніцы асыпаўся, да сэрца ж ён ніколі не прыстаў. Няслаўна ўсё, што строга і бязлітасна. Людская вартасць — мера велькіх спраў. Нягадана мне на шляху сустрэчаны, прадаўшы ў путах душу не адну, чужы, не братні, з людскасцю развенчаны, — я да цябе ніколі не прыйду.
Жыровічы
Прыехаць у Жырова лёс мне выпаў, дождж хрысціць голаў грэшную маю. I я пад голлем шматвяковай ліпы пільгрымам сціплым сцішана стаю. Святыні побач белыя, як дзіва, ў абдымках хмараў і высокіх дрэў. Ідзе святар, як галубочак сівы, стаміўшыся, на лаўку хтось прысеў. Сюды травой, аброшанай і мяккай, на цудатворны пераможны кліч прыходзяць людзі з горам і падзякай. Людскія душы ачышчае зніч. Перада мной зямля мая святая, тут у паклоне дрэвы над вадой, дзе галубы бясшумна пралятаюць, ступала Маці Божая па ёй. Не знатныя, а пастушкі віталі. Да нас прыйшла ў вясняны дзень знарок і краю міламу, каб лепшымі мы сталі, пакінула на дрэве абразок. Над намі храм, туманныя нябёсы. Крынічанька пад храмам б’е з зямлі. Як пастушок у світцы белай, босы, стаю, і слёзы твар мой залілі. Адданасцю стукочуць нашы сэрцы з крыніц благаславенных праўду піць. Мінуласці святой з зямлі не сцерці і веры ў Бога ў сэрцы не спыніць. Жыровічы, славутая мясціна, здаўна праложаны для нас дзядамі шлях. Малітвы боль ў нялёгкаю хвіліну мы на тваіх складаем алтарах. Хай будзе мір, і згода будзе ўсюды. Ды калі грозьбай азарыцца сінь, — нашай зямлі, дастойнай Тваіх цудаў, ў сваёй апецы, Божа, не пакінь!
Шлях
Той шлях — як ноч, як крык балесны. Люд у цярпенні і ў журбе. Той шлях — бы радасная песня, таму што шлях наш — да Цябе. Праз тундру, скованую лёдам, дзе вуснаў замірае ўздох, шлях да Цябе — як насалода, як — траўнем крочыць па садох. Праз белы снег і чорны вугаль, паўночнай гнаныя пургой, мы ўсе — з-над Нёмана, з-над Буга скрозь боль ідзем к Табе адной...
* * *
Даражэнькія, блізкія, родныя – боль адзіны, супольны лёс! Звоняць ў сэрцы званы Велікодныя: Уваскрос! Уваскрос! Уваскрос! I ў дакор рэчаіснасці шэрай, што панура прад намі ляжыць, поўніць грудзі нязломная вера: Будзем жыць! Будзем жыць! Будзем жыць!
* * *
Не плачце над маім крылом, што ападзе з пляча бяссільна. Вас не марозілі жыўцом, на чвэрць стагоддзя не судзілі. Для тых спявайце салаўём, што душу, мову вам зглумілі. Вас не марозілі жыўцом, на чвэрць стагоддзя не судзілі.
* * *
Лёс мой пакутны і век мой даўгі. Свечка жыцця дагарае удома. Здаецца, яшчэ ўсё звіняць ланцугі на тонкіх руках, як і некалі ў Комі... Я не крыўдую, мой край дарагі, са сталі стварыў ты мяне, не з саломы. Здаецца, яшчэ ўсё звіняць ланцугі на тонкіх руках, як і некалі ў Комі...
* * *
На мозг кітайцы капалі вадою, і вар’яцеў той чалавек пасля… О, чалавек! Што ж робіцца з табою, калі дзяўбе твой бедны мозг хлусня!
* * *
Жыццё без болю не прайсці. Пакут замнога у жыцці. Пакута ж горшая за смерць – то маскаля на сэрцы грэць.
* * *
Не хачу быць дома эмігрантам! Гаспадыня тут я, а не госць. Гаварыць на дзікім эсперанта, калі мова матчыная ёсць?!
* * *
Ужо даўно адабраў тамагаўкі сынам поля няпрошаны госць – ўсе сабакі па-іхняму гаўкаюць, бо за гэта кідаюць ім косць.
Поделиться с друзьями: