Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Што датычыцца сябра В[асіля] [Быкава], дык хочацца толькі пажадаць яму, каб не памыліўся, не расчараваўся. Не гневайцеся на яго, што нават Вам не сказаў аб гэтай сваёй падзеі. Гэта моцна далікатная, інтымная справа, аб якой не гаворыцца нікому. Не спадзявалася, што патрапіць быць так рашучы. Чалавек ён немалады і разумны і, напэўна, добра прадумаў свой крок. Толькі б было яму добра. Як гэта пераносіць жонка? Што ж, ёй застануцца сыны і ўнукі ды розныя дарагія ёй рэчы… Божа мой, як гэта ўсё складана.
Непакоіць мяне і твой Эрык. Старайся быць лагоднай, мудрай, кахаючай. Гэта часам дзеіць лепш на хворага, як любы лек. Дзеткі ў Вас харошыя, душы Вашыя багатыя і чыстыя. Старайцеся падтрымоўваць сябе ўзаемна – тагды лягчэй. Сям’я – гэта наша дзяржава, дык будзьце мудрымі дыпламатамі, а ў Вас сям’я асабліва харошая.
Што датычыць Бэлы Ахмадулінай, дык нават быць такою, як яна, ёсць патрэба адвагі. Паэты бываюць розныя, і гэта добра. А мы ёсць мы, і гэта іншая справа. Кожны па-свойму выражае час, у якім жыве і піша. У Бэлы А. вартае ўвагі ўжо тое, з якой яна любоўю, можна сказаць, піетызмам адносіцца да сваёй мовы. Яна дастае з забыцця цікавыя, змястоўныя словы, смела і ўдала аперуе зусім архічнымі сказамі і ў сваім мнагаслоўі быццам шліфуе, выточвае гэтую мову.
А вазьмі якіх нашых паэтаў з вельмі ўбогім слоўнікам, з яшчэ болей абмежаваным дыяпазонам думак, тэмаў, без ніякага адчування велічы, святасці справы, за якую бяруцца. Безумоўна, Ахмадуліна – не Ахматава, хоць у адным сваім вершы яна і спасылаецца на супольнага Ахмадулу. Ну і далёка ж не Блок. Але лёс не дае нават такім шматлікім народам, як расейскі, часта Пушкіных і Блокаў. Я не магу сказаць, што сапраўды люблю Бэлу Ахмадуліну, асабліва яе мудрагелістую вонкавасць, але вось тое, што я падкрэсліла, – цікава. Боль і кроў нашых сэрцаў кранаюць зусім іншыя і нам толькі свомыя праблемы. І з нас хлешча шчырасць, і іншымі нам быць нельга! Але ўнучка Твая, калі шчасліва атрымае ад Цябе ў спадчыну адпаведныя гены, можа зацікавіцца болей багаццем растрачаным нашай мовы, адшуквацьме яе скарбы ў народзе і па архівах і хораша ўпляце іх у шчаслівыя вершы! І будзе гэта на часе і добра!
Пісала Наташа – сястра Валодзі [Караткевіча]. Надзежда Васільеўна памерла ад інсульту, які першы раз выклікаў параліч паловы цела, а праз колькі дзён – параліч усяго арганізму і смерць. Пахаванне было ўрачыстае, многа машынаў, вянкоў, жывых кветак. Гарэлі тры свечачкі. Была вячэра і г.д. Наташу праследуе крык маці, ужо спаралізаванай, уміраючай. Адну яе не пакідалі, дагледзелі, як харошыя дзеці, дык няхай зямелька наша будзе ёй лёгкай. Мне яе вельмі бракуе, бо была маім другам.
Іван Пятровіч пытаецца, ці ў Вас ужо ёсць І-шы том бел. слоўніка? На Зэльву ён не прыходзіць, дык выпісаць тут яго нельга. Па-праўдзе кажучы, ён нам і не патрэбны. За адныя лекі мінулы месяц заплаціла 27 руб. 71 кап. Слоўнікі не ў галаве, але што таннейшае дзеду купляю, напрыклад, Мележа, Семяжона (пераклады), Клімука і т.п. Яшчэ пытаецца муж, ці Ты атрымоўваеш “Ніву”? Гэта важна, бо можа, наагул яе з Польшчы не пускаюць, хоць другім яна ў Зэльву прыходзіць.
Прапанавалі палажыць Івана Пятровіча ў больніцу ў Гродна. Мы не згадзіліся. Тая другая кансультантка выпісала яму добрыя лекі (колюць покуль што і яго, і мяне), дык пабачым, які з гэтага будзе эфект. А ўдома ён найлепей дагледжаны. Хаця б да вясны! Там будзе лячыць само паветра.
Як хутка прамінула жыццё! Выйшаўшы замуж, паліла я тую самую печачку ў першым пакоі, трашчалі паленні, як і сяння… Таму цані кожны свой малады крок, кожную хвіліну жыцця, каб болей зрабіць, пакінуць па сабе след, каб бачыць вынікі сваіх намаганняў! Бывае цяжка, асабліва калі чалавек адзін і супраць хваробы мужа, якой, здаецца, не памагчы, а трэба! Ды ёсць яшчэ горшае, яшчэ страшнейшае, аж у мяне на старасць “праразаюцца зубы”. Не дамся!
Ці ёсць у Гродне “Беларуская кулінарыя” (па-расейску)? – пытаецца дзед.
Цалуем Вас усіх і абнімаім. Чакаем ліста.
Ларыса Геніюш.
Зэльва, 11 лютага 1978 г.
Дануся!
Пішу табе, галоўнае, дзеля такой справы: у Моршыне (каля Львова) ёсць у мяне добрыя знаёмыя. Гэта курортная калонія, дзе лечаць хворых профілю сябра Эрыка. Калі для Вас гэта даступна, ехаць “на дзікара” і лячыцца там, дык я пастараюся гэта ўладзіць. Ты – раўнапраўная жанчына ва ўсіх працах з мужчынаю, зусім маеш поўнае права абурацца, калі даюць пуцёўкі жонкам пісьменнікаў, а не даюць іх мужам пісьменніц! Гэта нелагічна, гэта абсурд! Некалі мне адзін з галоўных нашых паэтаў запрапанаваў паехаць у Сочы. Было гэта даўно. Ткачоў, які быў тады адказны за пуцёўкі, таксама апавясціў мне, што мужу майму яна не належыць. Я, безумоўна, зрэзыгнавала адразу з “вялікай ласкі”, чаго зусім не шкадую. У цябе іначай – Эрыка лячыць трэба!
Я пад жудасным уражаннем смерцяў. Так нечакана адышоў Аркадзь Куляшоў. Учора прыехала дваюрадная сястра з пахавання Сцяпана Эдуардавіча Каліноўскага, родам з Мастаўлян, які быў мужам Лены, дачкі маёй цёткі. Сяння напісалі з Аўстраліі, што раптоўна памёр Алесь Салавей, паэт, які пачаў моцна піць з тугі па Бацькаўшчыне (не любіў аўстралійскіх вятроў), з таленту, які згубіў на чужыне і т.п. У кожным лісце ўгаворвала я яго і прасіла, каб ратаваўся. Заплыў далёка ў мора і ледзь даплыў на бераг, ужо пасінеўшы… Памятаю яго маладым, наскрозь прасякнутым вершамі.
Сястра ўжо паехала. Яна жыве ў Луцку, на Украіне, а мы тут засталіся, паважна хворыя абое. З мужам усё горай.
Што да “Нівы”, дык ніякай не прысылай! Некалі званіла Юры, дык прасіў, каб папыталася, ці атрымоўвае яе Саўчук з Баранавіч? Ён якраз быў у нас. Не атрымоўвае! А ці атрымоўваеш Ты? Я думаю, што гэтым Цябе не абразіла.
Што да слоўніка, дык я Табе пісала, што купляць яго не думаем (да 80-га года!), але муж усім цікавіцца ды і прасіў запытацца. Яму залежыць, бачыш, на тым, што не мы, а беларус будзе мець харошы слоўнік! Ці такія пачуцці Табе знаёмыя? А ці “збірае Юра капітал” для нашых унукаў, як піша, і колькі ён зарабляе, мы ніколі яго аб гэтым не пыталі, гэта іх справа. Аб кніжках аб мове, якіх мы яму “шкадуем”, дык гэта ўжо хлусня, прытым моцна рафінаваная… Усе кніжкі на гэтую і іншыя тэмы муж яму пасылаў, але ён з браку месца паскідаў іх, як казалі дзеці, у гараж. Сам цяпер іх не знойдзе і вельмі хоча апошнія бацькавыя экземпляры, а той “кнігалюб” не дае іх, зразумела.
Некалі мы многа кніжак ім пасылалі, але Валя надта прасіла нас, каб не “загружалі іх цеснай хаты”. Яны ўжо аддавалі іх у бібліятэкі. Бедны дзед падаўляў у сабе гарачае жаданне падзяліцца мілай кніжкаю з дарагімі ўнукамі, а тут Ты пішаш такую дзікую несуразнасць! Сёлета не ўстрымаўся і паслаў ім Клімука, нешта аб мове, дзве – “Пад белымі крыламі” і г.д. Аб тым, што “Ніву” нельга сюды прысылаць, Юра нам не напісаў! Не маглі ж узяць з іх грошай, калі нельга пасылаць газеты! Ясна? Малакультурным, тупым людзям здаецца смешным, непатрэбным нейкая газета ці кніжка для старых людзей. Яны загадзя ўжо гатовыя адабраць ім усё, што яны любяць і чым жылі.
Быў у мяне такі горкі прыклад. Калі Валя была ўжо жонкаю Юры, дык я нейк высказалася, што хачу купіць сабе машыну для шыцця. Аднойчы прыйшла да мяне жонка аднаго з лекараў і з абурэннем і плачам расказвала мне, што Валя страшна была здзіўленая і злая, як гэта такая старая жанчына хоча яшчэ машыну каб шыць! Ад гэтага часу ў “старой жанчыны” выйшлі, хоць невялікая, але ж тры кніжкі, і шмат было зроблена добрага іншага, з якога не раз і яна карыстала… Так што, крый Божа, не думай, што мы ад Цябе хочам таго слоўніка, а нашыя адносіны з сынам датычаць толькі яго і нас. Тым больш, калі нехта тут паслугоўваецца яўнай хлуснёю (як Юрка…)
Пішы, ці парушаць мне тую справу з Моршынам?
З павагай – Ларыса Геніюш.
Юры паслалі мы ўсю энцыклапедыю, хоць ёсць яна і ў іх, а колькі іншых вартых, дарагіх рэчаў і кніг…
З мужам штодзень горай. Прашу Бога, каб хоць дацягнуць да вясны, а Ты бядуеш, што хочам ад цябе слоўнік…
Зэльва, 16 лютага 1978 г.
Дануся, дарагая!
Пасылаю табе ліста да Олі. Раджу табе запытацца аб варунках лячэння там. Моршын – гэта добрая рэч! Да мая адкладаць няма сэнсу. Баюся за Эрыка. Не хачу, каб ён мучыўся. Скуру, каб не свярбела, няхай змазвае воцатам альбо нашатырным спіртам. Воцатам трэба змазваць сталовым, разведзеным. Добра было б, каб браў тры разы па адной таблетцы мепробамату. На цела няхай носіць толькі палатно. Ніякіх капронаў, нейлонаў, нават фланеля раздражае. Сверб бывае і пры жоўтачцы, але спадзяюся, што яе ў сябра Эрыка няма.