ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Вучылася я ў Ваўкавыску. Жаль, дарагі Язэп, што Вы тады гэтага не ведалі. Цягнік хадзіў ноччу, аўтобусаў тады не было, коні мелі заўсёды шмат працы, дык не раз, калі вельмі хацелася дамоў, я бегла цярэспале з Ваўкавыска ў Жлобаўцы. Гэта было якіх 30 км. Тата дзівіўся лёгкасці маей і адвазе. Аднойчы падыходжу сваім балотам да Жлобаўцаў, а каровы рыкаюць на балоце, сабраўшыся ў купу, аж страх. Не відно пастуха. Калі прыбегла, дык тата аж збялеў. “Ці не сустрэлі цябе ваўкі?” Не, кажу. “Толькі што бычка разарвалі за могілкамі”. Дык вось чаму рыкалі каровы...

Я была вельмі непрыгожая і нікому не падабалася. Гэта пазней ужо пачалі панічы страляцца ды выкрадаць мяне ад бацькоў, аж пакуль досмерці не замацаваў мяне харошы і дарагі мой с.п. Яначка.

Пасля гімназіі я была ўдома. Вучыць далей мяне не было грошай, бо надта быў цяжкі бацькоўскі доўг на Жлобаўцах, бязмерна высокія падаткі. На працу не бралі дзяцей “багатых” бацькоў, і гэта было маё шчасце. За гэтыя гады, ужо з асветаю, я яшчэ цясней зжылася з беларускай народнай стыхіяй, якая ад народжання бурліла ўжо ў маім неспакойным сэрцы. Такую мяне і ўбачыў с.п. Муж.

Пару слоў, Язэпка, я ўжо Вам напісала, але трэба паўнейшы адказ на пытанні.

Мой юбілей закончыўся трагічна. Прыехаў мой “высокакультурны” сын, прыехала і яго жонка з Алесем. Абое надта наракалі, што не маюць грошай (я ў іх нічога не пытала). Пасля сын пачаў нудзіцца, наракаць на тое, што трэба ехаць яму, “светавому інтэлігенту”, у нейкае захалусце, бо “выпадае” хоць раз у год паглядзець на старую маці. Даслоўна гэта. Я, безумоўна, звольніла яго з падобных “абавязкаў” на будучыню. А пасля ён паказаў такую “культуру”, так закончыў светлае маё, сяброўскае сардэчнае святкаванне, што ратуюць цяпер маё сэрца нітрагліцэрынам і інш. Падняўся і ціск крыві. Крышку мне ўжо лепей. Бачыце, сумленне – рэч зусім не модная. У руку яго не возьмеш, яно не аплочваецца. Але, калі яно хоць крыху захавалася ў майго нашчадка, дык думаю, што сам ужо ніколі не пасмее пераступіць парог гэтай няшчаснай, асірацелай, спаганенай імі, а дарагой усім добрым людзям хаты. Яна – бедная, старая, сялянская, але добрыя людзі яе не мінаюць.

Што да Вашай дачкі, дык мне аб гэтым сказала нявестка. Дачка Ваша разумная, сама ведае, што робіць. Я раджу Вам прыняць і благаславіць тое, што народзіцца і не пытацца нават пра таго “бацьку”, якога яна ні знаць, ні назваць Вам не хоча. Часы мяняюцца. Гэта яе справа. Вам давядзецца толькі дапамагаць. Так здарылася і ў маёй знаёмай. Маці яе з гора памерла. А яна гадуе цяпер свайго Вадзіма. Працуе асістэнткаю ў знамянітага прафесара, шчаслівая.

Язэпка, мілы, прамоклі мы тут наскроз. Бульба ў нас – як гарэхі. У гародзе толькі – крыху часныку, буракі ды морква. Яшчэ ўсё падымаюць палеглае жыта. Пагоду не заплануеш. Да яе трэба нейк дастасоўвацца. У адных – ліўні, а ў другіх – засуха. І людзі сталі нейкія ненармальная. Адзін стары бацька пару тыдняў таму засёк сына ноччу. Забіў нявестку, трое ўнукаў і сам пад раніцу павесіўся. Адзічэў, адурэў чалавек начыста. Доўга мы не маглі прыйсці да сябе пасля гэтай падзеі. Нейкі цень лёг на душы людзей. Валачыўся ён недзе па цэлым свеце, а на старасць вярнуўся дамоў. У нашым народзе падобнага яшчэ не было.

Вельмі добрае ўражанне пакінулі па сабе ўнукі. Толькі з малодшым нявестка не дала мне нават пагаварыць… Ён вельмі шчыры і мог бы шмат расказаць. Няхай Бог ім памагае і дасць розум майму “культурнаму” сыну-лекару, хоць такі, як у ягоных продкаў земляробаў малапісьменных. Між іншым, так некалі сын завяршыў і мае 60-годдзе. Яшчэ адзін яго візіт, і па мне будзе. Як ратаваць яго, як дапамагчы?

Жыву адна. Днямі бывае поўна людзей, а начамі – зусім адна. Страшнавата. Што пішуць Вашыя? Куды паехала маладая пара ў шлюбнае падарожжа? Якія перспектывы далей? С. п. Муж мой лічыў іх самымі чэснымі і добрымі людзьмі. Я – таксама. Учора перадавалі выступленне літаратурнага аб’яднання з Наваполацка па тэлебачанні. Высокі інтэлектуальны ўзровень і сапраўдныя таленты, ды вернасць зямельцы нашай маладых літаратараў. А якая мова! Такія будуць бараніць гуманныя вартасці культуры свайго народу, каб дастойна ўнесці іх у скарбніцу агульналюдскай культуры.

А цяпер наказ вам абоім: глядзеце сябе ўзаемна, свайго здароўя. Бяда, калі людзі ўміраюць. Калі родзяцца, дык гэта – шчасце! Богу дзякуйце за ўсё, што Ён пашле Вам і ўсёй душой будзьце пры мілай Люцынцы, бо, напэўна, нялёгка ёй, беднай. У гэты час і заўсёды будзьце найлепшымі сябрамі пры ёй.

Жадаю Вам шчасця і здаровячка! З павагай і цеплынёй да вас абоіх – Ваша Ларыса Геніюш.

Нечаму не піша мне Міхасёк. Не піша ён і дзяўчынцы, якая тут сохне па ім… Ці хоць там усё ў парадку?

Зосьцы Верас

Зэльва, 23 кастрычніка 1980 г.

Даражэнькая Людвіка Антонаўна!

Даруйце ласкава маю нетактоўнасць. Я ведала, што дзень Вашых народзінаў увосені. Па тэлефоне гаварыла пра гэта і мілай Данусі (яна непакоілася Вашым маўчаннем). Але думала, што крыху пазней. Яшчэ была адна прычына. Гэта – маё нікуды не вартае сэрца. Задумалі пакласці мяне ў больніцу, але я адпрасілася. Выпісалі 6 гатункаў розных лекаў. Хаджу штодня на траякія ўколы. Жыву яшчэ, безумоўна, але ці будзе лепей? Гэта ўсё пасля вельмі дрэннай элекракардыяграмы. Я захісталася крыху і болей эгаістычна падумала пра сябе. Нечаму пачала ратавацца. Сяння думаю, ці варта было? Я ж тут – нікому ўжо не патрэбны чалавек, а шмат хто чакае ўжо нават маёй смерці...

Мастака з Рыгі, здаецца, ведаю. Гэта наш Слава Целеш, напэўна. Цешуся, што наведалі Вас такія мілыя госці. Алега Лойкі толькі нечаму я не люблю. Аднак гэта толькі мае капрызы, з якімі справіцца цяжка.

Учора быў дождж, а мяне пацягнула з апошнімі юргінямі да с.п. Яначкі. Ледзь давезлі мяне, на дарозе падабраўшы, дамоў… 21 кастрычніка быў дзень народзінаў нашага сына. Было аб чым “пагаварыць” са с.п. мужам. Сыну не пісала нічога. Няхай добры Бог ім усё даруе. Я вылечуся, безумоўна, але след застанецца да смерці. Богу дзякаваць, хоць што ўнукі ўмеюць думаць, і жыццё яшчэ не пакарожыла ім душаў.

На наступны год я прыеду на дзень Вашых народзінаў. Напэўна. Суседкі тут мяне даглядаюць. Прыходзяць нанач. У хаце – цёпла. У душы – халадно… У Язэпа Найдзюка крыху “бяда”, але гэта зусім не бяда! Я ім усё напісала, і яны згодныя са мною. У іх нарадзіўся ўнук у Люцынкі, наймалодшай дачкі, якой 29 год. Яна выкладае ангельскую мову ў Мед. акадэміі ў Беластоку. Выгадуе сына сабе на радасць і без бацькі!

Цалую Вас сардэчна і ўсіх шчыра вітаю – Ваша Ларыса Геніюш.

Міколу Прашковічу

Зэльва, 17 лістапада 1980 г.

Шчырапаважаны сябра Мікола!

Цешуся, што атрымалі маіх пару слоў. Жадаю Вам поспехаў у працы для юбілею Купалы. Усіх навінаў, аднак, Вы мне не напісалі. Адна студэнтка з эканамічнага факультэта БДУ гаварыла мне, што жанчына, якая выкладае ў іх палітыку, сказала ім, што беларусы прынялі ўжо замест сваёй рускую мову. Ну, “Песняроў”, сказала, яшчэ прызнаваць можна. А Вы пра такую важную “падзею” мне – ні слова! Ці гэта ўжо правіла і факт, ці толькі пажаданне данай выкладчыцы?

Разумееце, стратай для агульналюдскай культуры было б спыненне нашай культуры і мовы! У нас не прымітывізм і адсталасць, а чысціня пачуццяў, адносін чалавечых, працавітасць і павага да людзей, ды чысціня, пакуль што, рэк і вадаёмаў! Гэта выпрацавана вякамі, і таму я часта ў вершах сваіх падкрэсліваю нашую чалавечнасць у масах. На жаль, слабее ўжо гэта пад уплывам іншых “культур”. Напластаванне мудрасці жыццёвай пакаленняў, цесна звязаных з жыццядайнаю прыродай і яе законамі.

Урбанізм – гэта не тое, што выратуе людскасць! Патрэбная вартаснасць і працягласць жыцця, а не гультайства, карыслівасць і танны, п’яны аптымізм наваколля! Патрэба кахаць сваю Маці, а не ад Яе адракацца. Патрэбна бачыць сапраўдныя вартасці. Не лапці і не сярмягу, а глыбокую этыку, здаровыя карэнні, эстэтыку ў працы нашых бабак, вытрываласць у бяздоллі і змаганне за волю нашых дзядоў!

Поделиться с друзьями: