Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Не гневайцеся за мае словы. Нельга, каб загінула нашая мова, а нашыя славянскія скарбы бяспраўна перайшлі іншым, як сутнасць нашай гісторыі.
Я ўсё хварэю. Колюць мяне. Цяпер даюць АТФ. У нас цяпер часова святар айцец Васілій, які быў у Маладзечне. Хораша гутарыць па-беларуску. Я ведаю, што Вы – атэіст, а ў мяне гэта ўсё – традыцыі і глыбокае разуменне хрысціянскае філасофіі. Гэта Вас не палохае?
Усяго Вам добрага – Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 18 лістапада 1980 г.
Родная мая, дарагая Людвіка Антонаўна!
Пацяплела ў нас, і зальвяне зноў дапамагаюць калгасам выбіраць буракі. Я зноў раскісла і пастанавіла не выходзіць з хаты. Прыйшла з уколу. Робяць мне толькі АТФ (30 уколаў). Рабілі яшчэ Б-6 (вітамін) і папаверын. Да гэтага я моцна перастыла. Забылася, што трэба асцерагацца. Хаджу ўжо дабра, мала задыхаюся. АТФ колюць зноў пасля двухтыднёвага перапынку.
Цешуся, што пісаў Вам наш дарагі Зыгмунт Абрамовіч. Жаль, не адудзячыла наша зямля яму за супольныя намаганні адраджэння народу ў цяжкія часы царызму. Вам усім за гэта належыць вялікая ўдзячнасць. Што ж, яна глыбока ў сэрцах патрыётаў…
Як хораша, што ў Дзень Задушны і Вы былі на могілках. Адведалі і сваіх родных і дарагіх адышоўшых народу… Вадзіў мяне с.п. А. Клімовіч на магілу Ядзвігіна Ш. Ён расказваў мне пра многія магілы і ксяндзоў беларусаў ці сімпатыкаў нашага адраджэння, і іншых дарагіх нашых адышоўшых. Магіла Ядзвігіна Ш., здаецца, блізка ля ўваходу на могілкі? Я ўжо забылася крыху. Дзякуй міламу Славе за хрызантэмы на іх магілкі. У нас хрызантэмаў няма.
Прыбілася да мяне нейкая малая, брыдкая-брыдкая сучачка. Не адыходзіць ад мяне. Спіць у сенях і брэша, калі хто шарахнецца ля хаты. Ці Хвораст адзін? Думаю, што ягоная сяброўка пры ім. Каб хоць пры ім быў нехта, каб хоць паправіўся.
Найдзюкі назвалі ўнука Марцінам. Язэп піша: “У мінулую нядзелю адведаў нас Мар’ян Пецюкевіч. Мы многа гаварылі ды ўспаміналі Вас і п. Людвіку Войцік. Яна ўсцяж яшчэ актыўная, працавітая ды мае добрую памяць. Як будзеце пісаць да яе, успомніце калі ласка, што мы памятаем пра яе і жадаем ёй добрага здароўя і ўсяго найлепшага”. Яшчэ піша, што быў тры дні ў Беластоку і не мог наглядзецца на свайго ўнука. Люцынка з сынам жыве якраз у студэнцкім доме (мае там пакой), які знаходзіцца насупраць дому, у каторым жывуць нашыя. Сын – добры педыятр, дык Люцынка яго часамі выклікае. Думаюць, што на Коляды, калі Марцінка падрасце, дык прыедзе разам са сваёй мамай да іх у госці. Яны цяпер шчаслівыя з унука, і няхай будзе ім добра.
Люцынка – гэта дачка Язэпа ад другой жонкі. Яна выкладчыца ангельскай мовы ў Мед. акадэміі ў Беластоку. Амаль штогод ездзіць дасканаліць сваю мову ў Лондан. Відно, што вельмі інтэлігентная дзяўчына. Язэп заходзіў да нашых падзякаваць сыну за апеку над яго ўнукам і ягонаю маткаю. Юрка наш прафілактычна глядзіць усіх дзяцей прафесароў Мед. акадэміі. Ён – педыятр выдатны, а вось нап’ецца, дык робіцца проста жывёлаю. Я пакуль што не магу ні пісаць яму, ні яго бачыць. А крыўдна мне болей за с.п. мужа, чымсці за сябе. Няхай Бог даруе яму. І я дароўваю, але дараваць – гэта яшчэ не значыць забыцца…
У суботу – вяселле ў радні с.п. мужа. Жэніцца Віця – харошы, разумны, але толькі шафёр. Мне вельмі блізкі. Некалі змушалі ягоную маму, каб пазбавілася сваёй цяжарнасці. У іх было дзве дачушкі, і бацька баяўся трэцяй. Ну і лаяла я таго бацьку! Думала, што век да мяне не акажацца… З якім страхам чакалі мы дзіцятка. Нарадзіўся наш Віктар, як “гаспадар”, гонар сям’і. Было гэта ў 1959 годзе – 25 сакавіка! У гэты дзень яму спраўляюць урачыста дзень народзінаў. І ягонай будучай жонцы Валі я загадала спраўляць іх заўсёды!
Учора паказаўся мне ўжо ў новым касцюме. Прыгожы і стройны, як таполя! Толькі б паздаровець мне крыху! Будзе пятнаццаць дружак і столькі ж дружбантаў, безумоўна. А іншых гасцей будзе безліч. Мне даручылі вітаць іх у ЗАГСе. Смешна, але розныя маладыя мамы і таты з возікамі – мае частыя госці. Радыя заўсёды паказаць мне сваіх нашчадкаў. А яны растуць, хварэюць, маюць зубочкі – і ўсё гэта я мушу ведаць. Адна маці выгадавала ўжо Леначку, якую нарадзіла вагою 800 грам. Колькі тут трэба было любові… Дзяўчынка нарадзілася 22 лютага сёлета.
Вось такое маё жыццё. За мяне не турбуйцеся. Я ўжо буду жыць! Медыкі глядзяць мяне добра. Пісаў Міхасёк. Думае над тым ужо, якою будзе яго будучая жонка. З Менску мне – ніхто ні слова. Ні з кім з іх не буду ўжо гаварыць! Мала ў іх чалавечнасці. А жаль. Народ некалі быў харошы.
Вітаю усіх Вашых хатніх. Вас шчыра цалую – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 17 красавіка 1981 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Вітаю Вас з Велікоднымі святамі хоць са спазненнем. Была занятаю. Паехала на З’езд беларускіх пісьменнікаў у Менск. Не збіралася і не спадзявалася. Запрасілі мяне, і мне захацелася ўважыць гэты харошы жэст. Крыху баялася, але не шкадую, што паехала. Было цікава. Ёсць над чым думаць. Моладзі – мала, але наагул то даробак нядрэнны. Узаемна сябе крытыкавалі, і гэта важна. Выступалі і госці, і наш Кузмін, і нашыя пісьменнікі і крытыкі, і мае сябры, як Валодзя Караткевіч. Гэты выступаў вельмі добра. Пазнаёмілася там з Я. Саламевічам, успаміналі Вас. Усе цікавіліся маім лёсам і будучыняй. Адчувала сябе крыху як у сям’і. Ажыла з імі. Зусім іншае асяроддзе, творчае, думаючае, надзейнае.
Сумую цяпер яшчэ болей. Крыху злосць, што падае снег. Халаднавата. Многіх я там убачыла, ажылі забытыя знаёмствы. Сустрэча з сябрамі часам расчароўвае, часам вельмі цешыць, ды і са мною было падобнае. Сын выздаравеў. Апошні яго ліст быў прызваіты, добры. Хацелася б толькі нічога і ніколі ў іх не прасіць…
Нейк трэба думаць, як уладзіць жыццё. Спадабаліся мастакі і іх творы. Жаль, не ўсё давялося ўбачыць. Мой быт здаецца мне цяпер шэрым, але жыццё паўзе, збліжаюцца святы. Адзінокай не буду. Трэба спячы нешта, прыгатаваць.
Радуюся за Вас, што Вы ў сямейцы, што мілыя п. Галя і Слаўка пры Вас. Маю цяпер многа праблемаў, над якімі трэба думаць і думаць… Можа, пасля аб чым Вам напішу. Цікава гутарылася з Семяжонам. Ён пераклаў “Пана Тадэвуша” і, здаецца, пераклаў дасканала. Усе былі да мяне добрымі і часамі аж ласкавымі. Відавочна, гэта – да пасівелай маёй галавы.
Цалую Вас сардэчна і яшчэ раз вітаю Вас усіх са святамі.
Ваша Ларыса Геніюш.