Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
А[йцец] В[асіль] збіраецца ўжо пераязджаць да нас. Па-ранейшаму не магу яго зразумець. Захоўваецца ён беззаганна, але не вельмі любіць маіх гасцей, асабліва да цябе падобных, і гэта шчыра... Стараецца цяпер правесці ў царкву ацяпленне. З гэтай прычыны заехаў да нас аўтобус з гасцямі з Менску з Музея старабеларускага мастацтва. А[йца] В[асіля] не было, але мілыя госці (3 дамы і 4 сябра) гасцілі ў мяне дзве ночы і дзень. Было страшна цікава, бо дзе-каго я ведала раней. Хапіла і піць, і есці, бо экспедыцыя мела і нешта сваё. Энтузіясты, людзі інтэлігентныя. Ратуюць дзе і як могуць рэшткі беларускага мастацтва па разбітых, забытых святынях. Палюбілі моцна мы сябе ўзаемна. Але калі яны расказалі мне пра хваробу Ул. Караткевіча і ягонай жонкі (у яе рак горла…) і іх адзінокі, цяжкі, моцна складаны лёс, дык я аж захварэла. Сяння мне лепей.
Заязджалі археолагі. Быў Пётра Р[ашэтнік], які запрашаў мяне на месяц да іх ў Баранавічы. А[йцец] В[асіль] адразу абяцаў мяне да іх прывезці, але каб забраць назад, не пакідаць там… Цікавы ён чалавек і ўмее зрабіць многа для царквы. Я замучылася гэтымі рамонтамі, бо найбольшы “рух” быў якраз у маёй хаце. На днях званіла дзецям. Тэлефон узяў Міхась. Быў вельмі рад, несказана рад. Юра прасіў папяросаў, Валя – райстопы. З Зэльвы высылаць гэтага нельга. Галодныя яны там крыху…. Зося цяпер капае бульбу. Вярнуўся яе муж, па-ранейшаму хворы. Страшна на яго глядзець. Цябе яна ўспамінае, як светлую хвіліну жыцця… Усе цябе тут вельмі хораша ўспамінаюць, нават А[йцец] В[асіль]. Дзякуй вялікае за верш ”Цёшчы”. Не думала… Дзе ён цяпер? Напішы.
Ці чытаў ты у “Голасе Радзімы” за 13 жніўня артыкул “На гасціннай вуліцы Савецкай”? Калі не, дык прышлю табе гэты нумар газеты. Журналістка крыху “намахлявала”, бо я ніколі ў жыцці не сказала, што я прыгожая, але наогул, напісана добра. У Юры усё добра. Кінуў піць (казаў Міхась). Лісты да іх не даходзяць. Прывітанні ад іх на 27 ліпеня ішлі месяц. Атрымала іх парванымі, змятымі і ў “распараным”, скрэпленым нечым канвэрце. Шчаслівая, што змагла хоць пагутарыць з імі. Юрка працуе ў Беластоку. Казаў, што піша нешта. Я ў апошні час перастала зусім пісаць. Сябры за гэта на мяне злуюцца.
“На чабары настоена” не паказваецца ў свет. Што ж зрабіць? Такая доля. Цяпер трэба крыху ўзяцца за працу. Не ўсё Табе напішаш, сынку… Грыбоў няма і ў нас. Я таксама наварыла кампотаў, і гуркоў, і памідораў, і толькі думаю – хто іх будзе есці? Зашмат як на мяне адну… Шкада мне Соні. Напэўна, яна моцна перажывае за сваю сястру. Колечка, і што Табе рабіць на далёкім поўдні? Можа, махані лепш у Зэльву? Хоць грыбоў, калі будуць, крыху мне назбіраеш. Выграешся каля печкі. Павозіць нас машынаю паважаны А[йцец] В[асіль]. Пачытаем нешта разам, пагутарым. Памалюеш мне вокны, каб ужо зусім не згнілі. А я адпачну крыху ад страху і адзіноты.
Не, гэта я эгаістка. Адпачывай лепш па-свойму і абавязкова напішы мне стуль ліста. Даведайся, ці можна што пасылаць у Польшчу з Менску. Кажуць, што са Львова пасылаюць ім нават цяпер. Райстопы для Валі я знайшла, але як іх ёй выслаць? Разгледзься там на вялікім свеце, бо мала што відно з Зэльвы, а з маёй “пустэльні” (так пішуць сябры) – тым больш.
Яшчэ раз вялікае дзякуй за памяць. Жадаю Табе добрага адпачынку. Вітай ад мяне Соню. А зможаш калі, дык прыязджай да нас, як дамоў. Усяго табе добрага! Я і Зося па-сяброўску Цябе цалуем.
Ларыса.
Зэльва, 29 кастрычніка 1981 г.
Мілая Данусенька!
Нейк я раскісла разам з пагодаю. Дае знаць аб сабе задаўнены рэўматызм. Дрэнна і з сэрцам, бо пачынаюць крыху ацякаць ногі. Мяне лечаць, але ад самотнасці і сіратлівай нейкай адзіноты леку няма. Было пару слоў ад Міхася. Пытаецца, ці я згодная з думкамі і планамі ягонага таты, як быццам я атрымоўваю стуль лісты. Ні слова.
Цешуся, што засталася Ты задаволеная з візіту ў Вільню. Жадаю поспехаў у стварэнні музею. Шкада Карпюка, бо і што яго сыну, беларускаму хлопцу, рабіць у нейкім Сухумі? Ёсць жа на гэта тамтэйшыя генацвале.
Ну і рэцэнзію Табе напісалі! Палякі зусім абнаглелі, і ім здаецца, што мы – іх калонія! На стаццю ў “Голасе Радзімы” пра кс. Чарняўскага нейкі, здаецца, біскуп за мяжой адазваўся з абурэннем – як гэта можна ў каталіцкім касцёле гутарыць на беларускай мове?! Ну і нагласць! Як гэта балюча, што кожнаму можна зневажаць нашую мову, а гэтым і наш народ! Здаецца, што той тып дастаў адпаведны адказ на сваё сапраўды нехрысціянскае выступленне.
Праводзілі ўчора ў армію Міхася, які некалі гуляў з маленькім Валерыкам і Вікаю. Давялося і мне пабегаць да ўтомы. Быў там і наш сусед з жонкаю. Працуе ў ГАІ. Падаў заяву, каб далі яму іншую працу, бо мала дае людзям штрафаў, і заядаюць яго за гэта. Кажа мне – штрафую гіцляў, а вось дзядзьку з вёскі растлумачу, як трэба хадзіць, навучу, і ён болей ніколі не парушць тых правілаў. Іначай будзе злосны і на мяне, і на дзяржаву, а калі па-людску з людзьмі, дык яны робяцца лепшымі…
Глядзі, які харошы, які мудры падыход сялянскага хлопца да справы! Я такога паставіла б на вышэйшае становішча, а ён уцякае з гэтай працы, бо не можа згадзіцца з метадамі, недастойнымі чалавека. А як спяваў ён, а які быў вясёлы! І такі муж з яго добры, што ўсе зайздросцяць ягонай жонцы. Сяння яшчэ прыходзілі па мяне, каб ішла на чарку, якое не п’ю. І так, “малы” Міхасёк недзе ў дарозе, каб стаць – генералам (жадала яму ягоная настаўніца). Стол быў надзіва багаты, бо восень сёе-тое прыдбала.
Пачку Юры я выслала: 2 кг цукру, 2 кг цукеркаў, 200 г папяросаў, пачку чаю. Болей нічога нельга. На наступны месяц вышлю зноў. Жук, мілы Жук ляжыць каля майго ложка і ніяк яго не выгнаць. Вартуе мяне, здаецца.
Сяння прыслалі падпісаны дагавор на выданне кніжкі. Толькі б угамавалася крыху тое сэрца! Вершы не пішуцца. Яны бяссільныя супраць неразумных, у якіх у руках усе бомбы… І пашто толькі іх прадукуюць?
Ці глядзела ты выступленне Зянона [Пазняка]? Харошая была перадача.
Не забывайся пра мяне, Дануся. Лячы свайго Эрыка.
Цалую Вас усіх. Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 11 лістапада 1981 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Рада, што ёсць хвілінка часу, каб пагутарыць з Вамі. Жыву адна, а спраў нейкіх і клопатаў – болей, як некалі. Пісаў Язэп [Найдзюк], ён непакоіцца бракам вестак ад Вас – ці хоць Вы здаровыя? У мяне моцна пабольшаў ціск, і зноў дрэнна з сэрцам, але гэта ўжо – нармальнае явішча.
Апошнімі днямі забралі мне крыху час пасылкі да сына. Учора выслала ім яшчэ адну. Мяса і тлушчаў слаць не дазволена. Была ў мяне Дануся са світаю. Гэта былі сябры Аляксей Пяткевіч, Аляксей Карпюк ды Юрка Голуб. Дануся задаволена з візіту да Вас. Казала, што многа скарыстала. Аднак на гэтую тэму гутарылі з ёю мала, бо парушылі яны болей актуальныя справы адносна маёй асобы. Веру, што ўсе яны жадаюць мне дабра з іхняга пункту гледжання. Візіту іх я была вельмі рада.
Былі і ў Гудзевічах. Алесь Мікалаевіч выдаўся мне бадзёры і нейкі радасны. Харошыя ў яго сыны. Былі якраз абодва ўдома. Жонка зусім не змянілася. Спадабаўся музей, хоць яшчэ не зусім прыведзены ў парадак. На тэрыторыю музея яны прывезлі старую хатку 150 год і абставілі яе, сені і каморку ўсім сялянскім прыладдзем тых часоў. Пры печы – мілая ляжанка, цёплая прытым. Мы былі моцна ўзрушаныя і сагрэліся там целам і душою. Цікава было ўзяць у рукі кніжку, падпісаную П. Клімуком. Аднак моцна балела мне сэрца, бо ў мыслях былі адныя магілы няшчаснага майго роду. Я аж захварэла.