Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Сын піша аб труднасцях жыцця ў іх, асабліва з ядою. Міхась у Ольштыне, дзе вучыцца. Жыве ўпрогаладзь. Я тут пакуль што недастаткаў не адчуваю. Рада, што маю чым паліць печкі, і так думаю, што яшчэ перазімую. Шкада мне толькі, што не давялося бачыць Вас.
Учора прыслаў мне картку наш мілы Забель [Зыгмунт Абрамовіч]. За вокнамі мокры снег, вятры і адзінота… Як Ваша здаровячко? Не забывайцеся пра мяне. Вітайце хатніх. Цалую Вас шчыра.
Ваша Ларыса Геніюш.
У Польшчы зрабілі Саюз беларускіх студэнтаў – у Варшаве і Беластоку. Яны збіраюць сабе цяпер бібліятэку. Пісаў мне пра гэта Язэп.
Зэльва, 24 лістапада 1981 г.
Дарагая Людвіка Антонаўна!
Дзякуй Вам за абшырнага, шчырага і вельмі разумнага ліста. Над усё цаню ў людзях шчырасць і праўдзівасць у выказванні сваіх поглядаў і меркавань. З увагай адношуся заўсёды да іх, але хачу, нават патрабую, каб і да маіх адносіліся падобна. Гэта выклікае дыскусію, змірняе напружанасць сітуацыі, лагодзіць адносіны паміж людзьмі.
Я моцна задумалася над Вашым лістом. Але ў мяне тут асаблівае становішча абсалютнай адзіноты. Хутка будуць зносіць хату, у якой тут жылі Геніушы стагоддзі. На гэтым участку, каля царквы. Мне трэба думаць, як і пры кім памерці. Я ж не змагу, маючы 33 руб. 75 кап., уплаціць ім за кватэру, ды і без кветак і дрэў я не змагу… На жаль…
Мяне прыгнятае вялікая ноша крыўд, якія можна дараваць, але забыць пра якія я не ў сілах. І ведаеце, што найболей баліць? Калі быў так цяжка хворы мой муж, я не магла даклікацца ні кансультанта да яго, ні наагул лекара з ліку ягоных “калегаў”. Ён задыхаўся, амаль канаў, і што сам сабе прыпісваў, тое я выпрошвала ў аптэцы. Там былі спагадлівыя людзі. Пасля, як нам сказалі навочныя сведкі, інструктар Зэльвенскага райкома забараніў зусім лекарам лячыць с.п. Мужа! Я не хлушу! Праўда, даведаўшыся пра гэта, я звярнулася ў аблздраў, і др. Багдановіч “прыкрапіў” адну лекарку да “ветерана труда”, і адразу прыехаў кансультант. Але зразумейце маральнае аблічча гэтых лекараў… Я проста баюся да іх звяртацца: гэта ж рэгрэс!
Па смерці с.п. Мужа тыя ягоныя “калегі” купілі вянкі і загадалі стужкі напісаць па-беларуску. Вось нейкі Карпееў (бацька – Карпей) пазрываў іх у майстэрні і патаптаў нагамі. Загадаў перапісаць па-руску. Замест 25 руб. (па 5 руб. за стужку) заплацілі ў майстэрні 50 руб… Гэта глупства, але факт таптання беларускай мовы на Беларусі мяне ледзь не даканаў. Таго Карпеева зрабілі цяпер вялікім начальнікам. Цяпер найболей займаецца тым, што есць поедам, з лютай злосці, нашага святара за тое, што той адрамантаваў царкву. Якое дзікунства ў наш век! Усяго Вам не апішаш. І гэта – у сэрца маё, перапоўненае любоўю да сваёй зямлі...
Я звярталася па ратунак да нашага ЦК. Спакайней стала крыху, але таго Карпеева за ягоныя “подзвігі” моцна павысілі. Я з такім нязгодная! Я не магу і не хачу быць няшчыраю грамадзянкаю! Я не магу бачыць, як кожны дбае не пра агульнае, дзяржаўнае, народнае, а цягне сабе… Я не магу перарабіць сябе! А колькі ў нас забітых, і “не знайшлі” вінаватых… Ніякае павагі да законаў, а толькі паблажкі ўсім спрытным. Не, гэта не для мяне!
Даруйце, што пішу так. Не Вам “уляціць” за гэта, а мне! Я, мусіць, сацыяліст, таму мне тут цяжка… Як успомню прадсмяротныя мукі с.п. Мужа, дык дрэнна мне робіцца… Так, я вельмі баюся вайны, але і ў гэтым выпадку ніколі чорнага не назаву белым! Кожны мусяе дбаць пра сябе, але не коштам народным! Ніякае маральнае патрабавальнасці да людзей, гультайства, п’янства, нячэснасці! Не, лепш не буду нічыёй грамадзянкаю, хоць не будзе так балець… Я не гневаюся на Вас, але я ўсё яшчэ думаю. Для мяне ўсе людзі родныя, і адзін над імі закон прызнаю!
Даруйце ласкава за такі мой ліст, але шчырасць за шчырасць! Мне трэба недзе перабірацца – ці да брата, ці да сяброў. Яшчэ крыху патрываю, а пасля і занемагу. Грамадзянства ж прыкавала б мяне да месца і дало б магчымасць падобным Карпеевым і інш. здзеквацца нада мною за жыццё і па смерці, як над с.п. Мужам… А людзі ж недзе ўміраюць спакойна. Вось якія думкі ў мяне сяння. Зразумейце мяне…
Цалую Вас і абнімаю – Ваша Ларыса Геніюш.
Вас недзе здзівіць, што смею мець свае погляды. Так, я іх маю, таму і жыву яшчэ.
Зэльва, 1 снежня 1981 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
У сваім апошнім горкім лісце да Вас я забылася выпаўніць Вашую просьбу адносна пасылак, якія накіроўваю сваім нашчадкам у Беласток. Слаць ад нас можна: 2 кг цукру, 2 кг цукеркаў, 2 кг нейкае крупы, 2 кг мукі. У адну пасылку паклала 2 зубныя пасты. Дайшлі. Дайшла і 200-грамовая пачка гарбаты. Аднойчы дайшлі і дамскія калготачкі, а самае важнае ў пасылцы – гэта 200 гр. папяросаў! Выходзіць 9 пачак, напрыклад, “Прымы”, і слаць гэты дэфіцыт ім неабходна! Без папяросаў туды і пасылка – не пасылка. Кавы, якой просіць мой сын, пасылаць нельга, як і іншых прадуктаў. Нявестка і Алесік найбольш цешацца з цукеркаў (“чаго няма, таго і хочацца” – пішуць). Кажуць, пасылаючы з Гродна, можна пакласці і кавалачак мыла… Можа, гэты “люксус” і з Вільні дазволяць? Сваім я паслала ўсяго 2 пасылкі. Трэцюю збіраюся выслаць, бо можна толькі адну на месяц.
На тым тыдні памёр наш стары святар. Пахаванне было вельмі ўрачыстае. 8 святароў і чужыя пеўчыя зрабілі гэты абрад вельмі цікавым, узварушліва ўзнёслым. Новаадрамантаваны храм, адноўлены і ўвесь ззяючы, ледзь змясціў у сваіх сценах “веруючых і няверуючых”. Праўда, я мала што бачыла з гэтай урачыстасці, бо на маю долю прыпаў абавязак і прыгатаваць, і прыняць святароў і рэшту прысутных. Цела с.п. айца Сергія павезлі ў Менск (так хацела дачка), а мне давялося гаспадарыць. Стамілася крыху. Пасля кожнага пахавання застаецца цяжкае ўражанне. Апошні час дрэнна сплю, хоць сэрца пачало дакучаць меней.
Я Вам вельмі ўдзячная за Вашу мілую шчырасць. Я згодная з Вамі, але не магу стаць у адзін рад з тыпамі, якія толькі і звяртаюцца да людзей: “И когда же она помрёт?” Агідна мне ад такіх “добразычліўцаў”. Богу пакідаю лёс – і іхні, і свой, і ніякага сыцейшага куска хлеба з такіх рук не пажадаю! Цалую Вас! Вітайце хатніх.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 23 снежня 1981 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Дзякуй за ліста, за прывітальную святочную картку. Пытаецеся, ці ёсць весткі ад сына? Няма зусім! Нават не ведаю, ці дайшлі да іх мае пасылкі, ці дзе застраглі? Няма ніадкуль лістоў з-за мяжы! Справа ў тым, што на іхніх віншавальных картках бываюць падчас анёлкі. Яны для зэльвенскіх цэнзараў маіх лістоў страшней за атамную бомбу. Магчыма, аддадуць мне тыя лісты, добра іх прымяўшы ды выпатрашыўшы, гэта бывае, але толькі пасля Вадохрышча, апошняга хрысціянскага свята, звязанага са святам Каляд.
Гэтаму ўдзяляецца тут агромная ўвага. Куды большая, чымсці пустым перадсвяточным прылаўкам, на якіх – ні масла, ні каўбасы. Ёсць, праўда, сытае мяса па 3 руб. 30 кап. кг. Але дзе-хто нешта закалоў, ці нешта прыслалі пасылкаю, ці з сяла прывезлі – так тут і кідаемся.
Вось не сплю начамі са страху аб сваіх, але такі ўжо “рытуал” – лісты ў нашай культурнай краіне аддаюцца нам толькі тады, калі ўсе анёлы і нованароджаны маленькі Хрыстос стануць меней актуальнымі для жадаючых дабра і любові, спакою і міру людзей.