Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Зноў мне сяння моцна баліць галава. Пішу Вам і ледзь бачу літары. Мела і я пару слоў ад мілага Забэля – па-беларуску і па-польску. Алесік, малодшы ўнук, таксама мне напісаў. Па-польску, бо лісты правяраюць. Перапрашае, што не на роднай мове… “Pishe babci w strashny dla nas czas”. Ліст датаваны 10 студзеня 1982 г. Пасылкі мае многа ім дапамаглі, але што там будзе далей? Хацела б быць з імі побач у гэты трудны час. Адзінота ў час непакою за іх цяжэй смерці…
Дзіўлюся, што быў ліст ад Вас, бо ўжо нават газетаў мне не аддаюць… Пайду выясняць на пошту, у чым справа. Бядую, што нічога пакуль што нельга выслаць ад нас у Польшчу. Шкадую ўнукаў. Міхасік мае нейкія непрыемнасці ў школе. Маладое, можа, не стрымалася са словам! Вельмі баюся за іх.
Гэта вялікае шчасце – мець 90 год! Мець такі розум, чэснасць і сілу, каб яшчэ сказаць сваё важкае слова! Няхай Бог памагае абоім Вам, слаўныя равеснікі зары нашага адраджэння! Яшчэ трэба крыху прысадзіць Лойку за ягоную хлусню. Могуць зрабіць гэта толькі сведкі тых часоў.
Вітайце шчыра сваіх ад мяне. Няхай радасць з мілай дачкі і ўнука развее Ваш боль па с.п. сыну… Такая доля. Дзякуй Вам за шчырасць, за прыхільнасць да мяне ў такі цяжкі для мяне час… Цалую і абнімаю Вас.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 7 лютага 1982 г.
Дарагая мая Людвіка Антонаўна!
Вялікае Вам дзякуй за слова спагады да мяне ў вельмі гэтыя цяжкія дні. Прытым, помніцца ўсё да дэталяў з апошніх хвілінаў яго жыцця. Чалавек ён быў варты памяці і любові. Абставіны і цяжкі лёс беларускі не далі яму зрабіць болей для свайго народу. Ну, хоць лячыў людзей сумленна і быў вельмі чэсным і харошым чалавекам, дык людзі і сяння яго ўспамінаюць. Са мною сяння Ваш ліст і Жук. Дзякуй Богу і за гэта. Я не адна. Ноч прайшла вельмі спакойна, быццам нехта ахоўваў мяне.
Да с.п. М. Забэйды-Суміцкага быў у нас крыху жаль. Гэта было звязана з многімі абставінамі. Але пра гэта не варта пісаць. Датычыць гэта і нашага зняволення, але следавацелі – гэта яшчэ не крытэрыі праўды, а наадварот. Спевака мы цанілі як спевака. Песню нашу ён выконваў непараўнальна хораша і ўзнёс яе з-пад саламянай нашай страхі да вышыні найлепшых еўрапейскіх канцэртных залаў! І ён прычыніўся да таго, каб народ наш адчуў сябе не “мужыком” і “хамам”, а народам! Пазнаў і ўбачыў скарбы свае, не горшыя, чым у іншых народаў, і хоць крыху пачаў сябе шанаваць. Няхай зямля чэшская лёгкай будзе яму! Засталіся ў ёй ляжаць лепшыя сыны Беларусі. Што ж, у Беларускай энцыклапедыі не хапіла месца ні яму, ні мне, але гэта яшчэ не трагедыя. Нехта вырашыў, што для нашага народу хопіць безліч знамянітых даярак (а малака няма…), а іншых меркавань яму не патрэбна. Перажылі і перацярпелі мы і не тое. Горай, што зашмат нас выбілі вайною, а цяпер слаба родзяцца людзі. Нехта ж плануе і гэта! Але Богу аднаму ведама, што будзе заўтра, яно хмарнае. Можа, недзе і ёсць тыя “Сцежкі жыцця” П.Мядзёлкі (калі нехта не ўкраў), пашукаю.
Мне не было цэлых 27 гадоў, калі я ў 1937 г. прыехала ў Прагу. Муж жыў вельмі бедна. Як чужынец (польскі грамадзянін) не меў права на працу і замяшчаў аднаго чэшскага вялікага спецыяліста ў яго прыватнай практыцы нелегальна. Той лекар у асноўным працаваў “na ceskim Grade” (на чэскім Крамлі). Плаціў ён с.п. Яначцы 50 kc (каронаў) у дзень. Рознае бывала, але пасля знайшлі мы нейкі куточак і так жылі. Хутка па маім прыездзе ў Прагу і памёр муж П. Мядзёлкі Тамаш Грыб. Жывым я яго не бачыла. Захварэў на васпаленне лёгкіх. Пеніцыліну тады не было. Я першы раз у жыцці бачыла крэмацыю, і гэта мне з маімі беларускімі традыцыямі было крыху страшна. Уражанне было вялікае. Пасля быў вечар, прысвечаны яго памяці. Выступалі важныя чэхі. З рускіх запомнілася выступленне эсэраў – Чарнова і Радзянка. Было вельмі цяжка…
Пасля зняволення я нейк напаткала ў друку імя П. Мядзёлкі. Мне было што сказаць ёй пра яе с.п. мужа. Спачатку яна спалохалася, а пасля нейкага часу прыехала да нас і заявіла, што адна палова хаты наша, а другая – яе, і што яна будзе жыць у нас. Але што яна – “халасцячка”, нічога рабіць не ўмее і г.д. Была яна ў нас пару тыдняў. Наша зэльвенская газета “Праца” адзначыла яе 75-годдзе, і яна паехала ў Маскву з тым, што да нас вернецца настала. Я не на жарты спалохалася. Муж патрабаваў апекі, быў хворы, мы былі вельмі бедныя, і для нас гэта было цяжка. З Масквы яна пачала нам прысылаць цукеркі і т.п. Я ёй гэта забараніла катэгарычна, тады яна піша мне, што пойдзе на Красную плошчу ў Маскве, абалье сябе бензінаю і падпаліць сябе ў пратэст, што я забараніла слаць мне пасылкі. Пісала вельмі паважна.
Апанаваў мяне страх, і мы са с.п. Мужам на яе тэлеграму адказалі тэлеграмаю, каб яна да нас не ехала! Было крыўды, было нараканняў, але с.п. Муж быў мне даражэй, а гэтыя дзве асобы аніяк не маглі з сабою ўжыцца, нават ля такога малога апарату, як радыё… У яе быў дзіўны, цынічны погляд на ўсё: і на Я. Купалу, які, паводле яе слоў, кахаў толькі яе адну, і на цётку Уладзю, і інш. З захапленнем расказвала мне пра закаханых у яе некалі ксяндзоў і т.п. Сябе яна лічыла адналюбам, бо кахала толькі Тамаша Грыба, які, жывучы без яе ў Празе дзесяткі гадоў, пасмеў мець там нейкія сімпатыі… Было гэта нежыццёва і смешна.
А той “Штраль” быў у Вільні і за Польшчы, і я сапраўды не думаю, каб бедным, высокаідэйным беларусам была калі магчымасць ці ахвота там праводзіць свой час. Хлусня гэта! Паўлінка была вельмі эгацэнтрычнай і крыху мяшчанкай, а справу “[Нашай] Нівы”, асобу Я.Купалы, Я.Коласа і той час належыць разглядаць аб’ектыўна. Усё, што яны пішуць, – атрыбуты царызму, а “[Наша] Ніва” і паэты нашыя – гэта ж супраць! Там жыла здаровая і святая думка нацыянальнага і маральнага адраджэння народу! Так да гэтага трэба і падыходзіць. Жаль, вельмі жаль, што Вы так расстроіліся. Не ўсе ж кар’ерыстыя ў нас і халуі, і нехта ж выправіць падобную несуразіцу! Апаганьваць сваю мінуўшчыну – гэта не значыць рабіць добра дзяржаве! Такога яна сяння не патрабуе. Усюды мусяе быць праўда!
Учора зайшла да мяне вельмі харошы лекар-тэрапеўт. Калісьці тут працавала. Выслухала мяне, дала лекі і хацела забраць да сябе ў харошую больніцу, каб падлячыць, у другі горад. Я падзякавала. Можа, пад весну, калі не паліціму ў хаце. Загадала паставіць банкі – высокі ціск, дрэннае сэрца, але нейк трываю яшчэ. Пісала нявестка. Прасіла прыслаць хоць запальнічку на газ, бо няма запалак. Усё, што там у Польшчы, выглядае як дрэнны анекдот! На жаль, пакуль што нічога ад нас у Польшчу пасылаць нельга. Міламу Алесіку падабаюцца найболей цукеркі… Міхась ужо студыюе.
Учора адурылі мне голаў чужыя людзі, а вось сяння я зусім адна. Наш святар у Маскве. Студыюе ўжо на 2-м ці 3-м курсе багаслоўскай акадэміі. Паніхіда па с.п. Яначцы будзе 14 лютага. Сяння ў нас адліга. Слізгота. Мая кума ляжыць у больніцы з сэрцам, і няма як да яе пайсці. На могілкі дарога занесеная снегам, і вельмі туды далёка…
Вельмі рада за Слаўку! Слабога не надрукуюць. Дзякуй шчырае ўсім за сяброўскія спагаданні. А дому царкоўнага не аддалі… Усясільная “мадам” (кажуць, цераз “папоўскае” золата, ведама, людзі…) грозіць расплатаю цяпер і мне. Хоча паехаць да М. Танка і расказаць, што хаджу ў царкву і т.д. Выабразеце сабе, як тут вытрымаць? Цалую Вас моцна.
Ларыса.
Далучаю Вам здымачак. Цалую і абнімаю.
Зэльва, 16 лютага 1982 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Шлю Вам, як бачыце, ліста за лістом. Зноў хварэю, сяджу ў хаце і пішу. Як Вы маецеся? Як сябе адчуваеце? Многа думаю пра Вас. Пісалі мне далёкія сябры: “У менскім друку можна было сачыць не толькі ход угодкаў Багдановіча, але і як Лойка сваёй пісанінай намагаецца падкапацца пад гістарычныя заслугі і добрае імя “Нашай нівы”, пры якой выраслі Купала і Колас, ды ейных ідэйных тварцоў, рэдактараў, выдаўцоў” і г.д.