Чтение онлайн

ЖАНРЫ

БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ

Касяк Іван

Шрифт:

Мне пастушком век ня быці,

А ў маскалях трудна жыці,

А я і расьці баюся,

Дзе-ж я, бедны, абярнуся?

Ой, кажане, кажане!

Што-ж не сеў ты на мяне?

Каб я большы не падрос

Ды ад бацькавых калёс»

Не спадабаўся хіба паном Бахрымаў верш, але не паказалі гэтага на сабе, наадварот, дакляравалі паэгу заапеквацца ім, каб толькі ён аддаў свой сшыток з вершамі. I запраўды, яны заапекаваліся, забраўшы вершы. Пасьля іхнага выезду праз два дні прыехала паліцыя і Паўлюка забралі ў маскалі. Прабыў ён там 25 год, калі-ж вярнуўся — нікога з ягоных сваякоў і знаёмых жывых ня было. Усё-ж Бахрым пабудаваў на старым месцы кузьню і хутка праславіўся як вельмі добры майстар. Памёр Паўлюк Бахрым у 1891 г., пахаваны ў Крошыне каля касьцёла, у якім пакінуў па сабе вялікую каштоўную памятку, у форме прыгожае вялікае жырандолі. «Калі глядзіш на яе,— піша Юр. Віцьбіч у «Літаратуры і Мастацтве» 25.1.1941 у № 4 (503),— цяжка паверыць, што яна зробленая з кавальскага зялеза і важыць пятнаццаць пудоў. Тонкія вінаградныя лісты і галіны пяшчотна пераплятаюцца паміж сабою. Яны нагэтулькі натуральный, што рука міжволі цягнецца да ягадаў і зьдзіўляе, як каля біблійнага вінаграду з далін Палестыны апынуліся жаўрукі з палёў Наваградчыны. Птушкі сядзяць, схіліўшы ўперад галовы, нібы зьбіраюцца зараз імкліва ўзьляцець да небасіні і там прасьпяваць над роднай зямлёй свае шчырыя песьні. Зьверху жырандолю ўвенчвае карона з гэрбамі, а ўнізе на ёй ідзе паўкругам ажурны надпіс лацінскімі літарамі: Павал Бахрым выконваў у Крошыне ў 1881 годзе».

Ці пісаў больш Бахрым — няведама. Хіба што не, бо царскі перасьлед забіў у ім усе прыгожыя творчыя літаратурныя парываньні. Факт гэты і падзеі ў Крошыне выразна паказваюць нам, як паны і царскія расейскія прыслужнікі нішчылі беларускія таленты і як цяжкое было тады палажэньне беларускага сялянства.Палякі хоць і мелі большую свабоду, чымся беларусы, але таксама былі незадаволеныя з расейскае ўлады, і ў 1831 годзе зарганізавалі даволі вялікае паўстаньне супроць Расеі. Аднак польскае паўстаньне, таксама як і беларускія сялянскія паўстаньні, расейцы задушылі.

Пасьля гэтага расейскі перасьлед за царом Мікалаем I (1825—1855) яшчэ больш завастрыўся. Так, у 1832 г. быў зачынены Віленскі Унівэрсытэт. Вунія ліквідавалася самымі жорсткімі спосабамі і перакупствам духоўнікаў. Завяршэньнем ліквідацыйнай акцыі быў загад у 1839 г., які забараняў гаварыць пабеларуску казаньні ў цэрквах і касьцёлах. У 1840 г. ізноў была афіцыяльна спыненая важнасьць беларускага Статуту Вялікага Княства і забаронена карыстацца ў судох старадаўным беларускім правам на абшарах Беларусі і Летувы. Нават назоў для нашага краю расейцы ўстанавілі вузка рэгіянальны: «Северо-Западный Край».

Беларуская мова была выгнаная з урадаў, цэркваў і касьцёлаў, а таксама і з школаў. Беларусаў не дапушчалі да асьветы, закрываючы адначасна доступ да беларускае гісторыі, да беларускае мінуўшчыны. Беларускія кніжкі бяз жалю нішчыла варожая расейская рука.

Але беларусы перажылі і гэта. На месцы старых беларускіх кніжак зьяўляліся новыя: Яна Баршчэўскага (1790—1851), Вінцэся Равенскага (1782—1842), Аляксандра Рыпінскага, Яна Чэчэта (1797—1847), Вінцука Дунін-Марцінкевіча (1807—1884) ды іншых. Найбольш плодным з іх быў В. Дунін-Марцінкевіч. Ён напісаў у палове XIX ст. колькі беларускіх сцэнічных твораў, паэмаў і першую беларускую опэру «Сялянка» (1846 г.), музыку да якое стварыў Станіслаў Манюшка — сын Беларусі, які падобна, як і іншыя сыны беларускае зямлі — Міцкевіч, Адынец, Крашэўскі, Арэшчыха, Сыракомля, Кандратовіч і другія,— у бальшыні служылі польскай культуры. Трэба сказаць, што і Баршчэўскі, і Чэчэт, і Рыпінскі, і Дунін-Марцінкевіч таксама мелі сымпатыі да Польшчы і былі пад польскімі ўплывамі, але ў іхнай творчасці выяўлялася ўсё-ж большая любасьць да Беларусі і імкненьне да свабоды.

З другога боку, беларускай справай, беларускай гісторыяй, мінуўшчынай Беларусі пачалі цікавіцца тыя вучоныя людзі з нашага краю, што трапілі пад уплывы расейцаў. Так, прыкладам, ведамы архівісты і гісторык К. Калайдовіч, родам беларус, цікавіўся старабеларускімі дакумэнтамі і ў 1822 г. выдаў працу «О белорусском наречии». Далей цікавіліся досьледамі Беларусі Кушын, Згілеўскі, Шпілеўскі, Кіркор, Сямёнаў і другія, якія пісалі і выдавалі кніжкі на беларускія тэмы з галіны гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі Беларусь Зьявіўся таксама вельмі цікавы і прыгожы беларускі літаратурны твор, паэма «Тарас на Парнасе».

Тымчасам паншчына і перасьлед вялі беларускае сялянства да фізычнага зьнішчэньня. З кажным годам усьцяж падаў прыродны прырост сялянскага жыхарства. Селянін беларускі, дарма што спакойнага ад прыроды характару, ня мог гэтага ўсяго спакойна перажываць, і таму бунты ішчэ больш павялічыліся. Толькі за час панаваньня Мікалая I агулам было 650 бунтаў і лік іх далей рос. Так, прыкладам, калі ў 1826 г. было 85 сялянскіх паўстаньняў, дык у 1845 г. лік іх узрос аж на 207. Гэта прымушала расейскіх цароў шукаць выхаду, і яго ў рэшце рэштаў знайшоў Аляксандр II. Цар гэты панаваў ад 1855 да 1881 г. і ўважаўся за лібэральнага. Ён, каб супакоіць сялянства, пастанавіў 19.11.1861 году правесьці зямельную рэформу, даць сялянам зямлю ды скасаваць паншчыну. Зямлі, аднак, сяляне атрымалі вельмі мала, і за яе трэба было плаціць паном вялікі выкуп. Ды ў руках паноў усёроўна асталося каля 60%усяе зямлі, а ў рукі сялянства перайшло ўсяго каля 30%, а часамі, у некаторых месцах, і менш. Таму сяляне, ня могучы утрымацца на надзеляных ім кавалках зямлі, хоць і былі быццам-бы вызваленыя ад паншчыны, аднак фактычна далей знаходзіліся ўзалежненыя ад паноў, бо мусілі ісьці да іх шукаць працы, каб мець кусок хлеба. Апрача таго, шмат сялянаў зусім не надзялілі зямлёй. Былі безьзямельныя, або малазямельныя, ці гэтак званыя батракі. Праўда, гэным часам пачала разьвівацца прамысловасьць і частка сялян ішла ў гарады на фабрыкі, але запраўды палажэньне сялянаў было вельмі цяжкое і далей, бо як пан, так і фабрыкант за іхную працу плаціў гэтулькі, колькі яму падабалася, эксплёатуючы сялянства для свае раскошы і лёгкага жыцьця. Такім парадкам і рэформа 1861 г. не разьвязала сялянскае праблемы, і сялянства далей бунтавалася. На працягу двох год (1861—1863) лік сялянскіх бунтаў даходзіў да 1100. Урад і паны распраўляліся з сялянамі нябывала жорстка.

У гэную пару на захадзе Эўропы тварыўся г. зв. «навуковы рэвалюцыйны сацыялізм», а ў Расейскай імперыі разьвівалі шырокую дзейнасьць рэвалюцыйныя гурткі Гэрцэна і Бакуніна. Гэрцэн і Бакунін думалі аб тым, як разьвязаць нацыянальныя пытаньні паняволеных расейскімі царамі народаў: беларускага, летувіскага, польскага, украінскага і інш. Яны праектавалі адрадзіць гаспадарства Польскае, Беларускае, Украінскае і Летувіскае на фэдэрацыйнай аснове.

Палякі тады ізноў пачалі рыхтавацца да новага паўстаньня, але між імі паўстаў разлад і падзел на дзьве трупы: «белых» і «чырвоных». Да першае трупы належалі пераважна абшарнікі — прыхільнікі больш спакойнага змаганьня з царызмам і старых польскіх шляхоцкіх парадкаў. У радох-жа «чырвоных» пераважна была мяшчанская інтэлігенцыя, бяднейшыя абшарнікі — прыхільнікі новага ладу, дзе кажны мог бы мець волю і доступ да навукі. Яны стаялі за войстрае змаганьне супроць расейскага царызму за незалежнасьць, спадзяючыся пры гэтым мець дапамогу з боку дэмакратычных кругоў замежжа, асабліва Францыі. Як «белыя», таксама і «чырвоныя» пашыралі сваю дзейнасьць на землі беларускія і летувіскія. Былі нават польскія групы ў Маскве і Петраградзе, дзе гуртавалася насамперш студэнцкая моладзь.

Сярод студэнтаў у Петраградзе знаходзілася крыху моладзі І з Беларусі. Там між іншымі быў і студыяваў права Кастусь Каліноўскі (1838—1864), сын беднага шляхціца -ткача з-пад Сьвіслачы, Ваўкавыскага павету, а таксама сын беднага шляхціца з-пад Ашмяны Францішак Багушэвіч (1840—1900). Абодва яны захопляваліся вызваленскімі сацыяльнымі і рэвалюцыйнымі ідэямі. Асабліва, аднак, дзейным быў Кастусь Каліноўскі. Ён у 1860 г., скончыўшы унівэрсытэт, горача ўзяўся за працу на роднай беларускай ніве. Апрануўшы вясковую саматканую сьвітку, Каліноўскі вандраваў па роднай Горадзеншчыне ад вёсю да вёскі, будзіў народ, усьведамляў яго ў патрэбе змаганьня з царызмам і панамі, якія няволілі сялянства і ўвесь беларускі край. Ён заклікаў да працы над адраджэньнем беларускае культуры і беларускага гаспадарства. Каб праца гэтая ішла хутчэй, у 1862 г. Каліноўскі наладзіў у Беластоку нелегальную друкарню і задумаў выдаваць нелегальны беларускі часапіс «Мужыцкую Праўду», а таксама розныя адозвы.

Ня лёгкая з гэтым была справа, аднак Каліноўскі ўсё перамог і ўжо ў ліпені месяцы 1862 году ўстрывожаныя царскія агенты паведамлялі сваіх кіраўнікоў, што сярод сялянства расходзіцца нелегальная беларуская газэта «Мужыцкая Праўда», друкаваная лацінкаю ў нейкай патаёмнай друкарні.

Устрывожаньне расейцаў было зусім зразумелым, бо Кастусь Каліноўскі ў «Мужыцкай Праўдзе» ня толькі адкрыта гаварыў пра ўсе крыўды, што дзеіліся беларускаму сялянству, але адначасна заклікаў усіх да адкрытага змаганьня і паўстаньня супроць расейскага цара і супроць польскіх паноў, што панявольвалі Беларусь. Ён заклікаў да змаганьня, каб пазбыцца расейскага цара, паноў і паншчыны, каб здабыць для сялян зямлю на собскасьць, не плаціць вялікіх і крыўдных падаткаў, служыць у краёвым войску і ваяваць толькі за волю свайго краю, калі хто на яго нападзе, мець свабоду трымацца тае веры, якое трымаліся прадзеды народу і быць вольнымі людзьмі, як гэта было ўжо ў шмат якіх гаспадарствах Эўропы.

Кастусь Каліноўскі пад мянушкай «Яська Гаспадар з-пад Вільні» ў сваёй «Мужыцкай Праўдзе», між іншым, пісаў: «О, загрыміць наша праўда і, як маланка, праляціць па сьвеце... Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны ня вольнасьці, а глуму і зьдзірства нашага хочуць... Ну ня доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і волю...» («Мужыцкая Праўда», № 1)... «Каб народ наш на век векаў быў вольны і шчасьлівы» («Мужыцкая Праўда», № 2).

«Дзяцюкі! — пісаў Каліноўскі.— Жывучы пад жондам маскоўскім, кажны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, але мала хто добра падумаў, ці можна ад яго спадзявацца чаго-небудзь для нас або дзяцей нашых. Я, дзяцюкі, лепш знаючы ад вас, уздумаў напісаць пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як прачытаеце, давайце да другой вёскі. Чалавек такую мае натуру, што калі даведаецца, то хоча зразумеці добра і дастаці ўсяго, што яму належыць. Гэта вялікая праўда. От яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а ці сягоньня гэтак скажуць, калі ўжо ведаюць многа і многа хочуць. Сягоньня ўсе ўжо паразумнелі, усе ўжо мужыкі талкуюць, што Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з вольнасьці справядлівай, і сьмяюцца, як маглі інакш думаць. Мы сягоньня ўжо ведаем, што чалавек вольны тады, калі мае кавалак свае зямлі, за каторую ані чыншу і аброку ня плаціць, ані паншчыны ня служыць... Нам вольнасьці трэба не такой, якую нам цар схоча даці, ну якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробіма... Няма чаго чакаць ад нікога, бо ўжне толькі той, хто пасее. Так сейце ж, дзяцюкі, поўнаю рукою, не шкадуйце працы,каб мужык быў чалавекам вольным, як на цалюськім сьвеце» («Мужыцкая Праўда», № 3); «У нас адно вучаць па школах, каб ты знаў чытаці памаскоўску, а то для таго, каб цябе са ўсім перарабілі на маскаля» («Мужыцкая Праўда», № 4); «Станьма ж дружна разам за нашую вольнасьць... А будзе ў нас вольнасьць, якое ня было нашым дзядом і бацьком» («Мужыцкая Праўда», № 7).

Поделиться с друзьями: