БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Кіраўнікі Грамады, не зважаючы на выразна нацыянальнае беларускае становішча Беларускага Пасольскага Клюбу, Беларускага Нацыянальнага Камітэту, Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, Сялянскага Саюзу і Праваслаўнага Аб'яднаньня, называлі ўсіх прыхільнікаў гэтых арганізацыяў зраднікамі беларускага народу і адначасна высоўвалі сябе на першае месца як адзіных абаронцаў беларускіх масаў. Масы, не арыентуючыся добра, а бачачы і чуючы шумныя клічы і праграму Грамады ды слухаючы добра зарганізаванае грамадаўскае прапаганды, ішлі за ёю. Грамада ад дня на дзень расла і ўзмацнялася. За кароткі час свайго існаваньня, бо толькі за адзін год Грамада мела больш 100 000 сяброў. Адны беларусы ішлі ў ейныя рады, верачы. што гэтая арганізацыя запраўды беларуская і што сваім належаньнем да яе яны прычыняцца да палепшаньня долі беларускага народу, а іншыя ішлі, каб згодна з камуністычнай інструкцыяй уводзіць у беларускае нацыянальнае жыцьцё закалот, праводзіць камуністычную прапаганду сярод беларусаў і рыхтавацца да рэвалюцыі.
Польскія ўлады з трывогай глядзелі на разьвіцьцё Грамады. Яна запраўды пагражала супакою і парадку ў Заходняй Беларусі. Але адначасна польскія ўлады цешыліся, што ў Беларускай Грамадзе пашыралася камуністычная прапаганда, бо яна ўводзіла дэструкцыю ў беларускае жыцьцё, была забароненая законам ды давала добрую прычыну да разгрому Грамады.
Скончылася ўсё-ж тым, што ў студзені 1927 г. сярод найактыўнейшых грамадаўцаў паліцыя правяла масавыя арышты, а 21 сакавіка 1927 году польскія ўлады абвесьцілі Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду зьліквідаванай. Сярод арыштаваных знаходзіліся ўсе грамадаўскія паслы: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валошын, дырэктар Беларускага Музэю ў Вільні Антон Луцкевіч, які супрацаваў з некаторымі грамадаўцамі, Бурсэвіч і колькі сот іншых актыўных беларускіх дзеячоў-грамадаўцаў. Усіх іх абвінавачвалі за стварэньне Грамады дзеля арганізацыі перавароту і зьмены польскіх парадкаў з тым, каб устанавіць дыктатуру пралетарыяту, савецкі лад, а беларускія землі адарваць ад Польшчы і далучыць іх да Савецкага Саюзу. Абвінавачваліся яны і за тое, што абавязаліся даць Саветам збройную дапамогу супроць Польшчы на выпадак ваеннага канфлікту між гэтымі дзяржавамі, дзеля чаго мелі ўжо склады зброі.
Суды над арыштаванымі грамадаўцамі адбываліся ў розным часе і ў розных мясцовасьцях, а найважнейшым з іх быў суд, на якім разглядаліся справы галоўных правадыроў, паслоў і дзеячоў Грамады у ліку 56 асобаў. Суд гэты адбываўся ў Вільні ў 1928 годзе ўвесну і трываў тры месяцы. У выніку яго 19 абвінавачаных былі апраўданыя, а іншыя, у тым ліку паслы Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла, засуджаныя на 12—13 гадоў у вастрог. Сярод апраўданых знаходзіўся і Антон Луцкевіч.
Польская і бальшавіцкая падрыўная акцыя ў беларускім нацыянальным руху ў Заходняй Беларусі пасьля ліквідацыі Грамады яшчэ ня скончылася. Бальшавікі ізноў знайшлі сабе сярод беларускіх паслоў у сойме (выбраных у 1928 годзе) людзей, якія думалі, што пры бальшавіцкай помачы ўдасца больш актыўна праводзіць беларускую работу і што пад бальшавіцкай апекай беларусы здабудуць лепшую долю. Былі гэта паслы Дварчанін, Гаўрылік, Валынец, Грэцкі і Крынчык (увайшоўшы на месца выбыўшага пасла Стагановіча). Яны стварылі Беларускі Пасольскі Клюб «Змаганьне», які, падобна як і Грамада, разьвіў шырокую акцыю, аж пакуль яго польскія ўлады не зьліквідавалі, а паслоў не пасадзілі на доўгія тэрміны ў вастрог. Пасьля ліквідацыі Грамады і «Змаганьня» паўставалі яшчэ розныя беларускія радыкальныя аб'яднаньні, выдавецтвы, але і іх хутка польская ўлада ліквідавала. Засуджаных паслоў з «Змаганьня» бальшавікі вымянялі на польскіх палітычных вязьняў і забралі ў Саветы, дзе іх пазьней зьліквідавалі як ворагаў народу.
Група беларускіх дзеячоў, што была апраўданая ў працэсе Грамады, стварыла гэтак званы Беларускі Цэнтрасаюз і Таварыства Беларускае Асьветы. Яна выдавала часапісы «Наперад» і «Родны Край», рабіла спробу нармаваць беларуска-польскія дачыненьні і старалася перацягнуць на свой бок былых грамадаўскіх паслоў. Але як толькі палякі іх звольнілі з вастрогу, дык яны патаемна выехалі ў СССР, дзе іх пасьля бальшавікі зьліквідавалі як шкоднікаў. Тарашкевіч не пасьпеў выехаць і яго польская паліцыя ізноў арыштавала. Тады бальшавікі вымянялі Тарашкевіча на беларускага літарата Фр. Аляхновіча, які сядзеў у бальшавікоў на Салаўках і родам быў з Вільні. Аднак і ў СССР Тарашкевіч ласкі не здабыў. Яго хутка выслалі ў Сібір. Палёнафільская акцыя Цэнтрасаюзу і «Роднага Краю», як і папярэдніх палёнафільскіх арганізацыяў, збанкрутавала, а тыя беларускія дзеячы, што рабілі спробу нанова наладзіць польска-беларускае супрацоўніцтва, пасьля нават папалі ў польскую няласку.
Працу ў беларускім незалежніцкім кірунку, апрача Беларускага Нацыянальнага Камітэту, Беларускага Пасольскага Клюбу, Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі, Беларускага Сялянскага Саюзу, Беларускага Праваслаўнага Аб'яднаньня, праводзілі яшчэ беларускія сацыялістыя-рэвалюцыянэры, якія выдавалі непэрыядычна часапіс «Золак», Беларуская Сялянская Партыя, створаная ў 1933 годзе ў Вільні, партыя беларускіх нацыянал-сацыялістых на чале з Ф. Акінчыцам і Ул. Казлоўскім, якая выдавала таксама непэрыядычна свой часапіс «Новы Шлях», які пачаў выходзіць у 1936 годзе, група «Беларускага Фронту» і іншыя. Аднак тады ўжо праца беларускіх нацыянальных партыяў і арганізацыяў ня мела такога размаху, як праца «Грамады» і «Змаганьня», бо перашкоды з боку польскае ўлады страшэнна ўзрасьлі.
Беларускія нацыянальныя палітычныя партыі і арганізацыі польская ўлада уважала ня менш грознымі за саветафільскія, ці камуністычныя, але з увагі на тое, што паасобку яны выглядалі меншымі, дык ліквідацыя іх пачалася пазьней. Усе бадай актыўнейшыя нацыянальныя беларускія дзеячы мусілі пераносіць перасьлед, мелі судовыя справы, сядзелі ў вастрогах, у канцэнтрацыйных лягерах, пабывалі на высылках і г. д. Наўсуперак усім трактатам, польскай канстытуцыі і іншым польскім законам, якія нібы давалі правы свабоды сумленьня і арганізацыі, пасьля ліквідацыі Грамады ня можна было ані арганізаваць гурткоў, ані ладзіць сходаў.
З паліцыяй рука ў рука ішла і польская каталіцкая духоўная ўлада. Яна таксама ўсё рабіла, каб беларусаў-каталікоў адцягнуць ад беларускага руху і каб яны не належалі да ніводнае беларускае арганізацыі. Калі не памагалі заклікі і нагаворы, нават у часе споведзяў, дык Віленскі каталіцкі арцыбіскуп Ялбжыкоўскі загадам № 5216 з дня 10 сьнежня 1926 году афіцыяльна забараніў належаць беларусам-каталіком, а ў першую чаргу ксяндзом, да Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі і чытаць ейны ворган — газэту «Беларуская Крыніца». Беспасярэдняй прычынай забароны арц. Ялбжыкоўскага было тое, што да БХД належалі і беларусы-каталікі і беларусы-праваслаўныя, а гэта еднасць якраз не падабалася польскім палітыкам. Для польскай палітыкі такая еднасць беларусаў -каталікоў і праваслаўных была непажадана, бо беларусы, касуючы рэлігійныя розьніцы, узмацняліся ў сэньсе нацыянальным. Апрача асобных ксяндзоў, ніхто загаду гэнага не паслухаў. Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя яшчэ больш разьвівалася і ператварылася ў арганізацыю з яшчэ шырэйшай праграмай і з агульна-беларускай назовай — Беларускае Народнае Аб'яднаньне.
У 1937 годзе пачалася ліквідацыя беларускіх нацыянальных партыяў і арганізацыяў. Перш за ўсё ў 1937 г. палякі зачынілі ворган Беларускага Народнага Аб'яднаньня «Беларускую Крыніцу», што выходзіла няспынна ад 1917 году. У 1937 годзе забаронена праводзіць усялякую дзейнасьць Беларускай Нацыянал-Сацыялістычнай Партыі ў прыгранічнай паласе, што займала вялізарную частку беларускіх земляў пад Польшчай, а ў 1938 годзе быў зьліквідаваны Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні. Такая доля, як відаць з найдзеных тайных польскіх дакумэнтаў, чакала ўсе іншыя палітычныя беларускія нацыянальныя партыі і арганізацыі, аленя зьдзейсьнілася яна з прычыны ваенных падзеяў у 1939 годзе.
У галіне культурна-асьветнай і навукова-беларускай спачатку працавалі ў Вільні Беларускае Навуковае Таварыства і Таварыства Беларускай Школы. Беларускае Навуковае Таварыства перадусім апякавалася беларускім музэем імя Івана Луцкевіча ў Вільні, багатай бібліятэкай пры ім, папаўняла іх беларускімі культурнымі і гістарычнымі памяткамі, кнігамі і іншымі каштоўнасьцямі, ды агулам рабіла ўсё тое ў галіне беларускай навукі, што можна было зрабіць у тых варунках, у якіх яно было, без грашовае дапамогі з боку дзяржавы і бяз ніякіх амаль грашовых фондаў. Навуковае Таварыства ладзіла рэфэраты, навуковыя сходы, высылала сваіх прадстаўнікоў на навуковыя зьезды, выдала адзін «Гадавік» і адзін том Запісаў Беларускага Навуковага Таварыства, дзе надрукаваны некаторыя працы сяброў гэтага таварыства.
Таварыства Беларускае Школы паўстала ў Вільні ў 1921 годзе і мела характар беларускай культурна-асьветнай арганізацыі. Яно закладала гурткі ў вёсках, местачках, мела свае акруговыя ўправы, арганізавала беларускую культурна-асьветную працу, народныя дамы, бібліятэкі, чытальні, аркестры, народныя хоры, прадстаўленьні, ладзіла лекцыі, курсы для дарослых, закладала прыватныя беларускія народныя і сярэднія школы, ды старалася, каб былі беларускія дзяржаўныя школы. Таварыства выдавала таксама кніжкі і свой часапіс «Летапіс ТБШ». Каля Таварыства Беларускай Школы спачатку гуртаваліся ўсе беларускія культурныя працаўнікі. Яно мела 10 297 сяброў, больш 500 гурткоў, 11 акруговых управаў, больш 250 бібліятэкаў-чытальняў, больш 100 народных дамоў, колькі кнігарняў, шмат розных драматычных сэкцыяў, хораў і аркестраў.
Бальшавікі, бачачы такую сілу Таварыства Беларускае Школы, стараліся выкарыстаць яго для сваёй акцыі. У сувязі з гэтым сярод беларускага грамадзянства паўстала думка стварыць другую культурна-асьветную арганізацыю — Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры, што і было зрэалізавана ў 1926 годзе. Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры ў хуткім часе таксама меў больш 1000 сяброў, 87 гурткоў, 3 акруговыя ўправы, аб'яздны беларускі тэатр, зарганізаваў каапэратыўныя курсы, ладзіў аматарскія прадстаўленьні, канцэрты, закладаў бібліятэкі, чытальні, народныя дамы, хоры, аркестры, выдаваў кніжкі, закладаў беларускія прыватныя школы, стараўся, каб існавалі беларускія дзяржаўныя школы.