Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Празь дзень ужо трываў бязьлiтасную агнявую калатнечу, ад якой грунтоўна адвык за шпiтальныя месяцы. Трудна было зноў прывыкаць, асаблiва як неўзабаве на нас навалiлiся нямецкiя танкi. Аднойчы пры перамене пазыцыяў наляцела шасьцёра «юнкерсаў», якiя канчаткова дабiлi батарэю, i мы засталiся без гарматаў.

Сталася так, што пяхота пайшла наперад, а мы адставал i, трэба было мяняць пазыцыi. Падагналi перадкi, прычапiлi гарматы… Але неўзабаве за пагоркам наткнулiся на вiнаграднiк, ад якога павярнулi ў аб’езд, да дарогi. Тут якраз i наляцелi нямецкiя пiкiроўшчыкi. Адзiн зь iх павярнуў да нас i сьпiкiраваў на гармату. Першаю бомбай разьбiла перадок, перабiла станiны з сашнiкамi, паранiла каня, якi, аднак, тузаўся, спрабуючы падняцца. Тады два iншых самал ёты сьпiкiравалi на ўцалелую гармату, якую ездавыя што было сiлы гналi ўздоўж вiнаграднiку. Гэтую яны найперш абстралялi з кулямётаў i паклалi коней. Затым стала ўсё прасьцей. Салдаты, натуральна, адбеглiся ў вiнаграднiк, а гэныя з двух заходаў ушчэнт раскалашмацiлi гармату.

Два салдаты (ездавыя) былi там забiтыя, два параненыя, снарады зь перадкоў раскiданыя выбухамi па ўсiм вiнаграднiку. А мы з камбатам толькi надарвалi горлы ад крыку, а зрабiць не маглi нiчога. Усё сталася цягам якiх пяцi хвiлiнаў.

Уцалелi дванаццаць салдатаў, я i камандзiр батарэi — капiтан. Салдатаў аддалi ў батальёны на папаўненьне, а мы сядзiм на КП за ўзгоркам. У мяне настрой — горш не прыдумаеш[: ] толькi прыйшоў у «вязучую» дывiзiю, i на табе — зноў разгром. Капітан не сумуе: ён атрымаў новае прызначэньне — начальнiкам артылерыi суседняга палку. А начальнiк артылерыi — гэта не камандзiр батарэi, бяры вышэй, i рызыка мiнiмальная — жыць будзеш. Вось ён дастаў фляжку са сьпiртам, мы трохi выпiлi. Капiтан чакае канавода з канём, якога ўжо за iм паслалi з новае службы. А во i канавод, вядзе на повадзе ладнага конiка для новага начарта. Мы разьвiтваемся. «Ну, Быкаў, жадаю табе дажыць да пабеды». Ты дык, можа, i дажывеш, думаю я. А мне… Зь цiхай зайздрасьцю праводзiў яго. Наш КП, можа, за кiлямэтар ад пярэдняга краю, але за пагорачкам. А яму трэба ехаць у тыл, але таксама цераз пагорачак, дарэчы, увесь раскапаны мiннымi выбухамi. Праўда, ёсьць i другая дарожка — у аб’езд, па лагчынцы. Гляджу, мой капiтан даскакаў да гэтай разьвiлкi, трохi прымарудзiў, мабыць, рашаючы, куды скiраваць. I скiраваў наўпрасткi, цераз пагорак. Дужа порстка паехаў. I вось ён выскоквае на пагорак, а тут мiны — бах, бах! Ён хутчэй. А мiны зноў бах, бах, бах! I ўсё там завалакло дымам ды пылам. А як тое воблака зьдзьмула ветрам, гляджу, конь бяжыць з пагорку, повад матляецца, а седака няма. Канавод вярнуўся адзiн. А ўвечары выцягнулi забiтага капiтана. Во такi ён, вайсковы лёс!

Пад Унгенамi — ёсьць такая памежная станцыя перад Румынiяй (дзе пасьля мытнiкi рабiлi свой славуты савецкi «шмон») — сталi у абарону. Калiсьцi мы гэтую станцыю бралi, здавалi таксама. Гэта перад якой — «Праклятая вышыня». Паколькi я без гарматаў, паслалi мяне на ПНП (перадавы назiральны пункт) камандзiра палку дзяжурыць ноччу. Камандзiр палку на сваiм КП сьпiць (отдыхает, на уставном языке), а мы павiнны ня спаць, глядзець i слухаць.

У маiм падначаленьнi разьведчык i тэлефанiст. Увогуле ПНП — гэта земляная шчылiна, трохi прыкрытаяжэрдкамi з плашчпалаткай наверсе. На перадавой усталявалася некаторае зацiшша, асаблiва ўначы. Перад намiтрошкi ўбаку на нэўтралцы месьцiцца невялiчкае малдаўскае сяльцо, хатаў, можа, 10–15. Людзi адтуль, канешне, уцяклi ў тыл, хто ж уседзiць там пад абстрэлам. Некалькi хатаў ужо згарэла, а рэшта пакуль стаiць. Мой разьведчык надыбаў там ноччу нейкага дзядзьку, якi застаўся пiльнаваць хату. Ну i, канешне, у яго ёсьць некалькi курыц i вiно. I вось мы аднойчы… Камандзiр палку калi пазвонiць ноччу гадзiнаў у дванаццаць, а так — цішыня. Тэлефанiст застаецца, а мы iдзём, тым болей блiзка, можа, якiх метраў сто ўнiз па схiле. Дзядзька зловiць нам курачку, абскубе, зварыць (уначы дыму не вiдно), прынясе гарлачык вiна. Мы самi паямо ў цяпле i тэлефанiсту прыхопiм у кацялочку. У полi халадэча, а ў хаце добра. Вырашылi, што можна i кiмарнуць з гадзiну ў цяпле. Так мы там пасьвiлiся. Не сказаць, што часта, але разы чатыры хадзiлi. I вось аднойчы — яшчэ курачка не зварылася, — што такое?.. Стралянiна, выбухi гранатаў, нейкiя крыкi… Мы, канешне, кулём на гароды… Побач яшчэ нехта бяжыць, страляюць з аўтаматаў, нiчога не разабраць у цемры. Прыбеглi на ПНП, а там тэлефанiст ужо апраўдваецца, камандзiр палку крычыць у трубку: што адбываецца, дзе Быкаў? У сяле гараць хаты, — стралянiна, праўда, сьцiхла. Я пачаўтлумачыць: хадзiў даведацца, што там здарылася. А здарылася тое, як пасьля высьветлiлася, што туды хадзiлi не толькi мы з разьведчыкам, але хадзiў i камандзiр батальёну з начальнiкам штабу, да таго ж хадзiлi i немцы таксама.

Во яны i сутыкнулiся. Пабiлi нашых, начальнiка штабу ўзялi ў палон. Пасьля пачалося расьсьледаваньне, намi займаўся сьмерш, але неяк абышлося. Hi я, нi разьведчык, нi тэлефанiст ня выдалi нашыя паходы па начах, а так рознае магло быць. Маглi прыпiсаць кантакт зь немцамi. Санiнструктарамi ў войску часта былi дзяўчаты. Праўда, на перадавой звычайна сустракалiся тыя, што не спатрэбiлiся ў тылах. Прыгажэйшыя, маладзейшыя, канешне, заставалiся пры штабах, на розных тылавых пасадах. Штабоў жа, як i тылоў, хапала: апроч вайсковых яшчэ ж i палiтадзьдзельскiя штабы, штабы тылу ды контрразьведкi сьмерш. Хоць паводле штату дзяўчаты i лiчылiся санiнструктарамi, сувязiсткамi, снайпэрамi, але жылi пры начальстве. Кожны маёр, палкоўнiк, тым больш — генэрал меў сабе ППЖ, i тое было як бы ўзаконена. Рэдка якая маладая i прыгожая апыналася ў батальёне, ня кажучы ўжо пра роту. I яны не былi дурнiцамi, ня дужа iмкнулiся на перадавую. Па дарозе ў дывiзiю я спаткаў дзяўчыну, старшыну цi сяржанта па званьні, якую таксама накiроўвалi ў нашу часьць. Прыгожая дзяўчына, маладая, здаецца, вострая на язык. Яна iшла ў дывiзiйны батальён сувязi, але я падумаў, што наўрад цi затрымаецца ў тым батальёне. Якраз пра тое мы тады гаварылi, i яна так калюча адказвала. Потым я пайшоў далей, у полк, батальён, а дзяўчына засталася ў штабе дывiзii. Празь нейкi час сустракаю яе ўжо ў нашым палку, пытаюся: чаго гэта вы тут?

А яна кажа: перавялi. Ну, перавялi дык перавялi. А пасьля ўжо, калi я быў камандзiрам узводу аўтаматчыкаў i бегаў пад агнём з аднаго флангу на другi, якраз пачуў знаёмы голас. Ля КП батальёну. Трохi мне стала цiкава, зазiрнуў у ровiк, а там ля тэлефона — тая дзяўчына. Я пытаюся: што, зноў перавялi? Так, кажа, ня ўжылася з ротным у палкавой роце сувязi… Значыць, не захацела спаць зь iм, во ён i сьпiсаў яе ў батальён. Так яе характар i прывёў яе на самую перадавую. А так бы скончыла вайну ў тыле, пры ўзнагародах. А тут цi хоць жывая засталася, ня ведаю. Маладыя ў войску, тым болей на фронце, былі пад узьдзеяньнем магіі зброі, асабліва стралковай. Нашыя «драгункі» (ня кажучы ўжо пра «СВТ») нікому не падабаліся.

Кожны баец пры выпадку наравіў замяніць гэтую даўжэзную няўклюду на які карабін ці трафэйную нямецкую. Таксама як і аўтамат ППШ — праслаўлены (як і ўся нашая зброя, прапагандай) ды няўклюдны. Канешне, нямецкі «шмайсэр» быў ва ўсіх адносінах лепшы, але яго трэба было «дастаць». Як і патроны да яго. Зноў жа, на тую замену дужа коса глядзела начальства, магло ўгледзець у тым палітыку. Прасьцей было зь пісталетамі — ня так кідаліся ў вочы. Я першай парой абыходзіўся без ТТ, які належаў [па званьні], але які не далі, у пяхоце меў ППШ, таго было даволі. Але пасьля набыў «парабэлум», які доўга ў мяне быў на дзязе. Праўда, як сталі ў абарону ў Малдавіі, ня стала нямецкіх патронаў, дык я, калі была патрэба, страляў зь яго нашымі, ад ППШ — яны падыходзілі, хаця білі карацей, чым нямецкія. Пасьля атрымаў ТТ, а «парабэлум» замяніў на «Вальтэр» — так і хадзіў з двума пісталетамі на дзязе. Толькі ў шпіталі застаўся бяз зброі, за што ледзьве ня трапіў пад расстрэл заградатраду на Дунайскай пераправе ў Венгрыі.

Страляць зь пісталета ў жывога немца, на шчасьце, не давялося, у аўтаматчыках страляў з аўтамата — на адлегласьці, па тых, што ўцякалі, аднойчы — што атакавалі. Быў бой у траншэях, які апісаны мной у «Яго батальёне», але там болей за ППШ ішлі ў ход гранаты — свае «лімонкі» і нямецкія «яйкі».

Вясной баi скрозь прыцiхлi, фронт стаў у абарону. Пасьля таго, як мы ня надта ўдала аддзяжурылi на ПНП, мяне выклiкаюць у штаб палку i ставяць новую задачу: з групай салдатаў (12 чалавек) паехаць у прыфрантавую вёску Барсучэнь i заўтра ж выселiць зь яе ўсё насельнiцтва. Сяляне могуць з сабой узяць тое, што ўлезе на воз. Другi раз нельга. Зразумела? Iспалняйце…

Пайшоў з салдатамi шукаць тыя Барсучэнi. Аказалася, за пагорачкам, кiлямэтра праз паўтаpa ад перадавой. Знайшоў старшыню сельсавету, растлумачыў задачу. Памочнiкам у мяне быў старшына Ганчарэнка, былы бухгалтар з-пад Вiньнiцы. Сяляне асаблiва не пярэчылi, — трэба дык трэба: вайна ж. Хто ведае, што тут задумалi гэтыя рускiя разам зь немцамi, якiя за бугром? Пагрузiлi на свае куруцы дзяцей, пасьцелi, паклалi колькi мяхоў кукурузы i паехалi, як было загадана, на пятнаццаць кiлямэтраў у тыл. Мы таксама, як было загадана, у абодвух канцах вулiцы збудавалi з жэрдак шлягбаўмы, паставiлi вартавых. Выбраў шы лепшую хату, я вугалем напiсаў на белай сьцяне «камэндатура».

Пачалася новая, тылавая служба ў да часу абязьлюдзелай вёсцы. Галоўны сэнс тае службы, як пасьля зразумеў, палягаў у тым, каб ня даць сялянам карыстацца ўласным харчам, бо той харч канфiскоўваўся дзеля патрэбаў фронту.

Неўзабаве ў сяло прыехалi нейкiя тылавыя часьцi, штаб армейскага iнжынэрнага батальёну, яшчэ нехта. Пачалi гаспадарыць, грузiць на машыны ўсё, што засталося з прадуктаў, — галоўным чынам кукурузу, збожжа, муку. У Малдавii на гэты конт — ня тое, што на Украiне, правiзii хапала. У кожнай гаспадарцы быў хлеб, нават белы, быў сыр, сушаныя фрукты, алей, малако. Калгасы малдаванаў абрабаваць не пасьпелi, цяпер законна рабавалi войскi, якiм з тылу перасталi вазiць правiзiю. Увесь вайсковы транспарт быў заняты падвозам боепрыпасаў — рыхтаваўся «бросок на Балканы». Высялялася шырачэзная 15-кiлямэтровая паласа па ўсёй Малдавii. Але ж заставалася вiно, якое таксама было ў кожнага гаспадара, i яго нельга было ўзяць на адну фурманку. Вiно закопвалi. Ды наiўныя былi тыя малдаване — хiба ад савецкага салдата можна было штосьцi схаваць? Тым болей вiно? У кожнага салдата пры вiнтоўцы быў шомпал, якi выдатна выконваў ролю «вiнашукальнiка». Празь якiх дзён дзесяць раскапалi i выпiлi ўсё. Часам мiж п’янымi салдатамi ўзьнiкалi бойкi i нават перастрэлкi, за вiно i за хаты таксама. Гэта калi адны часьцi яшчэ ня зьехалi, а iншыя прыехалi i патрабуюць жытла. Часта прыяжджала палкавое начальства — пракантраляваць i выпiць таксама, пакуль яшчэ было што. Пад камэндатуру я займаў хату псаломшчыка, дзе засталося трохi старых расейскiх кнiжак. I я там чытаў «Так сказаў Заратустра» i яшчэ нешта з антычных аўтараў, вядома, у перакладзе на расейскую. Хоць i вайна, але цягнула да ведаў, да культуры, якiх не дабралася за мiрным часам.

Было пагоднае лета, стаялi цёплыя паўднёвыя ночы. I да мяне прыходзiла адна сястрычка зь iнжынэрнага батальёну, якую я частаваў грэцкiмi арэхамi i малдаўскiм вiном. I мы падоўгу гутарылi пра лiтаратуру, мастацтва. Яна распавядала пра сваё даваеннае жыцьцё ў зялёнай украiнскай Зьвянiгарадцы, адкуль была родам. Гэтай парой мне споўнiлася дваццаць гадоў, яшчэ я ня ведаў жанчыны i дужа ашчадна адносiўся да нечаканага пяшчотнага пачуцьця. Тым болей першага i гэткага нечаканага. Але неяк прыйшоў незнаёмы лейтэнант, з выгляду старэйшы за мяне, i прадставiўся: «Уполномоченный контрразведкой смерш. Слышали, что такое смерш?» Так, я штонiшто чуў пра той яго сьмерш, але што яму трэба? А яму трэба дазнацца пра нашыя адносiны з чырвонаармейцам Лужковай. Бо гэта — справа бясьпекi. А я, дурань, думаў, што гэта асабiстая справа… Але ўсё ж нарэшце аказалася, што асабiстая, бо, як пасьля паведамiла мне чырвонаармеец Лужкова, той сьмершавец меў на мэце яе перш за ўсё як дзяўчыну. Празь якiх-небудзь дзён дзесяць iнжынэрны батальён зьехаў на iншы ўчастак, i пачалося ў мяне пакутнае, ледзьве не штодзённае лiставаньне. Здавалася, увесь сэнс жыцьця залежаў ад таго, як хутка будзе ад яе лiст. Але правiльна зазначана кiмсьцi, што каханьне — казачка з заўсёды сумным канцом.

Крыху пазьней i ў iншай вёсцы мяне хацелi судзiць. Ужо завялi справу, прыяжджаў сьледчы з вайсковай пракуратуры. Здарылася так, што мае салдаты ўлезьлi ў царкву. З рэлiгiяй жа, вядома, як у нас абыходзiлiся: то зь ёй змагалiся на зьнiшчэньне, то часам адпускалi пятлю на царкоўнай шыi. У вайну якраз адпусьцiлi, а салдаты таго не ўлiчылi, i я разам зь iмi. Салдаты зламалi замок i ўлезьлi ў царкву паглядзець на выявы сьвятых, а болей — за паперай. Там былi царкоўныя кнiгi i ў iх чыстыя старонкi, якiя выдзiралi на лiсты да бацькоў i жонак: нiякай жа паперы нам не давалi. Курцоў выручалi франтавыя газэты, якiя надта цанiлiся з тае прычыны, але ж на газэтах лiста не напiшаш. Дык вось папы паскардзiлiся палiтрукам, а тыя — у пракуратуру. I мяне абвiнавацiлi, што не ўпiльнаваў царкву. Я кажу: а мы яе i не пiльнавалi, мы атэiстыя. Тым горш, кажуць, будзеце адказваць.

Поделиться с друзьями: