Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Хаця, як пасьля выявiлася, ён ведаў пра нас ня меней за нас. Але як чалавек далiкатны нiдзе i нiчым ня даў нам зразумець таго…

Некалькi разоў нас з Кудраўцом клiкалi на кiрхентагi, якiя рэгулярна ладзiла эвангелiчная царква. Хойбнэр вазiў нас у Дортмунд, Гамбург, Франкфурт — цераз увесь захад Нямеччыны. Неяк напрыканцы iснаваньня ўсходненямецкай дзяржавы кажа: «Цi вы ня хочаце выпiць гэдээраўскага пiва?». Мы, вядома, хацелi, але як? Яшчэ стаяла славутая Бэрлiнская сьцяна, пры ёй была пiльная варта. Тады Крыстаф павёз нас у Ванзэе, дзе ў зарасьнiку на старых могiлках была вузкая праломiна ў сьцяне. Мы працiснулiся празь яе i апынулiся на ўскраiне ўсходненямецкага дорфу, знайшлi на вулiцы мясцовы гаштэт, дзе i выпiлi па куфлю ўсходненямецкага пiва за заходненямецкiя маркi. А як выбралiся назад, на той жа сьцяне напiсалi флямастэрам: «Тут былi два беларусы i адзiн немец». Паставiлi дату i ўтрох расьпiсалiся. Той знак нямецка-беларускага сяброўства, мабыць, пабурылi ўжо, i заходнiя немцы пiць пiва ў тую вёску езьдзяць на сваiх «фольксвагенах». Што ж, у час добры!

Пасялiўшыся на Танкавай, не адразу пазнаёмiўся з суседзямi. Мiнуў нейкi час, пакуль дазнаўся, хто жыве побач, на адной пляцоўцы. Вышэй на паверхах былi мастакоўскiя майстэрнi, але хто там гаспадарыў, я ня ведаў. Мае старыя знаёмцы-мастакi жылi ў iншых месцах — пераважна ў новым доме па вулiцы Сурганава. Таму трохi падзiвiўся, як аднойчы пачуў у тэлефоне запрашэньне зайсьцi ў пэўны нумар на дванаццатым паверсе.

Там была майстэрня мастака-графiка Яўгена Кулiка, якога я часам сустракаў на падворку. Вечна самотны, хваравiта згорблены, ён нетаропка iшоў з крамы цi ў краму, ветлiва вiтаўся i ўсё. Размовы мiж намi не ўзьнiкала. А тут ён гасьцiнна запрасiў сесьцi за стол, сказаў, што ёсьць справа. Апроч яго ў майстэрнi быў Мiкола Купава, яшчэ хтось незнаёмы. Яны мне паведамiлi, што мастакi падрыхтавалi лiст у Маскву з нагоды бядотнага стану беларускай мовы i цяпер зьбiраюць подпiсы. Я бегла прачытаў той лiст, мабыць, ён быў звычайны. Такiх лiстоў цягам стагодзьдзя было напiсана нямала, ды ўсё без анiякага знаку. Бо справа зусiм ня ў тым, што мова беларусаў сама па сабе гiне. Toe, што яна гiне, партыйнае кiраўнiцтва ведала ня горш за беларускiх iнтэлiгентаў, можа, лепш нават, бо валодала поўным наборам фактаў i лiчбаў. Але як да таго адносiлася? Калi iнтэлiгенты плакалi, дык партыйцы радавалiся, бо гэта было якраз тое, чаго ад iх вымагала iх вера, да чаго камунiсты iмкнулiся. А менавiта, да аканчальнай перамогi камунiзму ў паасобна ўзятай краiне з адзiнай мовай, адзiнай верай i адзiным кiраўнiцтвам ленiнскага ЦК на чале… Важна было хiба захаваць лiнгвацыд у сакрэце, не парушыць стану псыхалягiчнай камфортнасьцi высокага кiраўнiцтва ў гэтым пытаньнi. А тут нейкая жменька мастакоў i пiсьменьнiкаў сунуцца са сваiм лiстом… Цi ведалi гэта тыя, што пiсалi лiсты-жальбы ў высокiя партыйныя органы?

Мабыць жа, ведалi, бо ня першы раз рабiлi тое. Але ўсё роўна рабiлi, бо нiчога iншага не заставалася, а рабiць было трэба. Хоць бы дзеля чысьцiнi ўласнага сумленьня, дзеля прыкладу наступным пакаленьням, якiм наканавана рабiць тое самае. Каб яны ў мiнулым бачылi прэцэдэнт. На якi-небудзь посьпех таго мог спадзявацца хiба скончаны дурань.

Я падпiсаў лiст, якi празь дзень-другi, папоўнены iншымi подпiсамi, мастакi адправiлi ў Маскву — Гарбачову. Асабiста я прычынiўся да моўнай справы не ўпершыню. Год таму надрукаваў у «Известиях» артыкул менавiта ў абарону мовы, нядаўна з тым жа выступаў па маскоўскiм тэлебачаньнi ў прамым эфiры. Тады маiм калегам у студыi НТВ быў выдатны ўкраiнскi пiсьменьнiк Уладзiмер Яварыўскi, i мы ўдвух зьвярталiся да расейскай iнтэлiгенцыi дапамагчы нам абаранiць нацыянальныя сьвятынi. Водгуку, на жаль, нiякага ня мелi. Зянон Пазьняк надрукаваў у эстонскiм часопiсе «Радуга» выдатны артыкул, прысьвечаны лiнгвацыду нашае мовы. Нямала выступалi ў абарону мовы Hiл Гiлевiч, Рыгор Барадулiн, Анатоль Вярцiнскi ды iншыя пiсьменьнiкi. Цяпер мы ўпершыню зьвярталiся непасрэдна да генэральнага сакратара ЦК КПСС. Hi на што не спадзеючыся, чакалi, аднак, адказу. Некаторыя пачалi жартаваць: ну, цяпер мову ўзаконяць, прымусяць кiраўнiцтва загаварыць па-беларуску. Iншыя толькi крыва ўсьмiхалiся. Выказвалася такая думка, што Машэраў, калi б не загiнуў, вярнуў бы мову ў канстытуцыю БССР. Але iншыя казалi, што не вярнуў бы, бо сам яе i вывеў. Ды i наогул невядома, цi ведаў ён хоць бы слова пабеларуску… Якраз на той час у Менск прыехала на гасьцяваньне група касманаўтаў i разам — стары Панамарэнка. Для сустрэчы зь iмi на Вайсковы завулак былi запрошаны некаторыя дзеячы культуры, патэлефанавалi i мне. Я трохi зьдзiвiўся — навошта? Бо нiколi не захапляўся космасам, мала каго з касманаўтаў ведаў. Але змушаны быў пайсьцi. Там ужо былi Клiмук, Кавалёнак, Церашкова з дачкой, яшчэ нехта. Гасьцей, як i належыць, пасадзiлi на ганаровыя месцы за сталом, пачалiся тосты i размовы. Празь нейкi час чынны парадак парушыўся, сфармавалiся групы «па iнтарэсах». На адным канцы стала ў акружэньнi захопленых дамаў прыгожыя касманаўты вымаўлялi добра пасоленыя анекдоты, а на другiм — штось цiхiм голасам распавядаў Панцеляймон Кандратавiч. Я прыслухаўся. Падобна, то была старая байка пра тое, як Панамарэнка ордэры на арышт беларускiх пiсьменьнiкаў замянiў у Сталiнана ордэны для iх. Тое далося яму вельмi складана, сам змушаны быў ратавацца, — праз Слуцак i Бабруйск таемна дабiрацца да Масквы i там дамагчыся прыёму ў Сталiна. Сталiн уратаваў ад Берыi гонар беларускай лiтаратуры Купалу, Коласа, Броўку з Глебкам. Той расповед старога боса меў посьпех, нехта прапанаваў тост за здароўе дарагога Панцеляймона Кандратавiча. Пасьля пра яго гераiчны ўчынак напiсалi газэты, ня раз распавядаў Барыс Сачанка (якi неўзабаве надрукуе артыкул, як «незавязаныя шнуркi», а зусiм не кадэбiсты згубiлi жыцьцё Янкi Купалы). Панамарэнка пры жыцьцi рабiўся высакародным героем беларускай гiсторыi.

Аднак неўзабаве сталася працьверазеньне, гераiчная аўра Панамарэнкi прыцьмела. «Вучоны крот» адкапаў у бяздонным партархiве засакрэчаныя раней лiсты Панамарэнкi да Сталiна, дзе беларускi гаўляйтар сьлёзна просiць дазволу як найхутчэй арыштаваць ворагаў народу, нацыяналiстаў Янку Купалу, Якуба Коласа i яшчэ некаторых шкоднiкаў, «вредящих успешному строительству социализма в БССР». Чаму Сталiн ня ўважыў ягоную просьбу, засталося невядома, але наўрад цi ў тым ёсьць якая заслуга Панамарэнкi. Як вядома, паперка ў сучаснай папяровай цывiлiзацыi — вялiкая сiла. Рукапiсы не гараць, але ня ўсе гараць i даносы, што ўвогуле памагае iсьцiне, да якой iмкнецца лiтаратура. Прынамсi павiнна iмкнуцца.

Мiж тым адказу падпiсантам з ЦК КПСС доўга не было, хаця нiхто яго дужа i не чакаў. I раптам навiна — прыехала камiсiя ЦК КПСС разьбiрацца з праблемай мовы ў Беларусi. Пачалi выклiкаць, як і належала — сакрэтна, па адным, у асобны кабiнэт будынку ЦК. Мяне паклiкалi цi не адным зь першых. У кабiнэце сядзелi два надзьмутыя чыноўнiкi са Старой плошчы, тут жа прыткнуўся Iван Антановiч. Гутарка скiроўвала такiм чынам, што падпiсанты не разабралiся, прыватныя факты («факцiкi») выдалi за тыповыя i ў вынiку напiсалi няпраўду, што кладзе пляму на партыйную палiтыку ў Беларусi. Мова беларусаў нармал ёва функцыянуе, пасьпяхова разьвiваецца, агульныя тыражы беларускамоўных газэтаў у параўнаньнi зь мiнулай пяцiгодкай узрасьлi на… працэнтаў. 80 працэнтаў усiх школаў у Беларусi беларускамоўныя. «Ды няма нiводнай беларускай школы!» — не ўстрымаўся я. Чыноўнiк адразу змоўк. Ён не прывык, каб яму пярэчылi цi нават яго перапынялi. Памаўчаўшы, сказаў, што заўтра яны паедуць па абласьцях i на месцы пазнаёмяцца з моўнай абстаноўкай.

Праз колькi дзён паклiкалi зноў. Другi раз Антановiча не было, у кабiнэце сядзелi толькi масквiчы. Яны бадзёра паведамiлi, што езьдзiлi на Гродзеншчыну, асабiста зайшлi ў выпадковую на iхнiм шляху школу, i тая школа аказалася цалкам беларускай. «Якая гэта школа? — запытаўся я. — Напэўна, у Гудзевiчах?» Чыноўнiк зьбянтэжана ўставiўся на мяне: «А вы адкуль ведаеце? Хто вам сказаў?» — «Каму ж не вядома, дзе ў нас беларуская школа напаказ? У Гудзевiчах. Там i настаўнiк такi — беларускi энтузiяст Белакоз». Тыя два зазiрнулi ў паперку — так, Белакоз, ага… Здаецца, я iм штось сапсаваў, цi, можа, мне так здалося. Наўрад цi iхнi спэктакль можна было чымсь сапсаваць… Як i трэба было чакаць, карысьцi з нашага лiста было няшмат, нiчога ў моўнай праблеме не зьмянiлася. Змаганьне за яе даўно набыло хранiчны характар, то разгаралася, то затухала безь якiх-небудзь вынiкаў. Але на той раз нiкога не пасадзiлi, ня звольнiлi з працы — i то вынiк. Усё ж, здаецца, наблiжалiся iншыя часы, якiя несьлi надзею.

Улетку пасьля Купальля зьявiлася нагода паехаць у Iталiю. Зьезьдзiць у Iталiю я заўжды быў рады, памятаў яе з даўняй паездкi ў Рым, яна запомнiлася мне як жаданае сонечнае сьвята. На гэты раз запрашала мэрыя гораду Тэрнi, сталiцы правiнцыi Умбрыi. Ехала нас трое — апроч мяне яшчэ Дайнека з Таварыства дружбы i вядомы Iван Iванавiч Антановiч з ЦК.

У напаленым летняй гарачынёй аэрапорце iмя Мiкелянджэла нас чакаў жвавы гаваркi iтальянец з iмем Джорджыо, якi на новенькай «Альфа-Рамэа» паiмчаў усiх у Тэрнi. Летняя Iталiя нават праз шкло аўтамабiля выглядала цудоўнай, казачнай краiнай, мы iмчалiся па новай аўтастрадзе з хуткасьцю 120 кiлямэтраў у гадзiну. Побач мiльгала кустоўе прысадаў зь белымi i жоўтымi кветкамi, здаля велiчна праплывалi хвойныя парасоны пiнiяў. На схiлах абпаленых сьпёкай гораў грувасьцiлiся каменныя будынiны старажытных гарадкоў з касьцёламi пасярэдзiне, замкi, абстаўленыя кiпарысамi вiлы. Тэрнi як горад з сучаснай iндустрыяй быў меней прывабны, затое вадаспад на ягонай ускраiне, знакамiты Каскадо, незвычайна ажыўляў увесь навакольны ляндшафт.

З гораду Джорджыо павёз нас у свой курортны гарадок Педылюка, дзе жыў зь сям’ёй. Крывая дарога доўга вiлася памiж белых скалаў i прывяла да невялiкага ўтульнага пасёлачку, што прыткнуўся да крутаватага схiлу на беразе горнага возера. Над пасёлкам грувасьцiлiся руiны старажытнага замку, а па той бок высiлася белая скульптура Мадонны на зялёным пагорку-сопцы. Усё тое маляўнiча адбiвалася ў цiхай азёрнай вадзе.

Мы пасялiлiся ў прыдарожным матэлi, i Джорджыо Бергамiнi пачаў нас вазiць на ўласным старэнькiм дызелi, якi ў яго ўвесь час псаваўся. То пацячэ вада з радыятару, то выбухне шына… Мы зьезьдзiлi ў Тэрнi, за Тэрнi на сядзiбу ягонага прыяцеля-мастака. Сядзiба тая, званая студыяй, была збудавана з старога млыну, пасярод памяшканьняў па каменнай падлозе цёк чысты i сьцюдзёны ручай. Стары бацька мастака частаваў нас вiном i распавядаў, як працуе сын. Паводле прафэсii ён мэталюрг, а мастацтва — ягонае хобi. Зьезьдзiлi ў горную вёсачку Палiна, зь якой адкрываўся цудоўны пагляд на шырокую, завалочаную шызай дымкай далiну. Тая вёска ў сусьветную вайну была партызанскай базай, i яе насельнiкi мелi пляны завязаць сяброўства зь беларускiмi партызанамi. У Тэрнi давялося прысутнiчаць на адкрыцьцi беларускай мастацкай выставы, то было ўвогуле сорамнае вiдовiшча. Тузiн старадаўнiх (40–50-я гг.) карцiнаў на тэмы ўздыму льнотрасты цi заключэньня дамовы аб сацспаборнiцтве, партрэтаў перадавiкоў вытворчасьцi, разьвешаных у невялiчкай зальцы, рабiлi гнятлiвае ўражаньне на рэдкiх наведвальнiкаў. Сапраўды, паказваць тое ў краiне высокага клясычнага мастацтва было для арганiзатараў выставы вялiкай саманадзейнасьцю, мабыць, i яны разумелi тое. Пасьля яе закрыцьця ўсе экспанаты былi безгаспадарча пакiнуты, нiхто iмi не апекаваўся. Назад на радзiму iх прывёз усё той жа Джорджыо — паводле ўласнай iнiцыятывы i за свой кошт.

Сьвяточнай нядзеляй паехалi ў Флярэнцыю, то была, мабыць, самая незабыўная мая паездка. Я ўбачыў сапраўдную статую Давiда на плошчы перад саборам, у якiм калiсьцi спатыкалiся героi несьмяротнага Дантэ, а ў знакамiтай галерэi Уфiцы цяжка было стрымаць сьлёзы перад палотнамi Сандра Бацiчэлi, якiя я памятаў з рэпрадукцый пары сумнага майго юнацтва. У невялiчкай утульнай траторыi выпiлi па пары бакалаў к’янцi, якое тады палюбiлася мне на ўсё жыцьцё. Джорджыо паслугоўваўся намi i за шафёра, i за гiда, i за клапатлiвага гаспадара. У асобе гэтага iтальянца мы набылi тады вернага i шматгадовага сябра. Цi ня кожны год пасьля ён прыяжджаў у Менск — то са спартоўцамi, то з турыстамi, то зь ветэранамi-партызанамi, а то як дарадца iтальянскай фiрмы па рэканструкцыi аўтадарогi Брэст — Масква. Я дапамог яму наладзiць супрацоўнiцтва з Таварыствам дружбы, i Арсен Ванiцкi заўсёды з радасьцю прымаў яго за фiлiжанкай кавы. З Антановiчам ягоныя адносiны ня надта ладзiлiся, увесь час нашага гасьцяваньня ў Iталii яны аб чымсьцi спрачалiся. Джорджыо належаў да iтальянскiх камунiстаў, а Антановiч, як вядома, да савецкiх, — мабыць, у тым i палягаў канфлiкт памiж iмi. Усё ж iтальянскiя камунiсты былi iншай пароды, чым нашы, савецкiя.

Джорджыо стараўся падтрымаць мяне эканамiчна ў пару, як у нас разгулялася палiтыка-эканамiчная крыза, ня стала нi гарэлкi, нi харчу. Аднойчы патэлефанаваў з Менскага матэлю, кажа: прыяжджай па гасьцiнец. Толькi на аўтамабiлi. Я паехаў, усё думаючы, якi то гасьцiнец, што па яго трэба ехаць на аўтамабiлi? Аказалася, то была цэлая скрынка к’янцi, схаваная ў Джорджыо пад сядзеньнем ягонага мiкрааўтобуса. Я зьдзiвiўся: як жа ты тое прывёз? Джорджыо толькi ўсьмiхаецца: «Iтальяно — буно кантрабандысто!». Што ж, дзякуй табе, вопытны кантрабандысто, мы доўга ўспамiналi цябе, п’ючы зь сябрамi тваё цудоўнае к’янцi. Аднойчы i я яго выручыў у сiлу маёй магчымасьцi. Ён лiчыць, што нават вельмi.

Рэч у тым, што ягоны падлетак-сын трапiў у матацыклетную аварыю i зламаў нагу. Iтальянскiя лекары зрасьцiлi яе, але нага аказалася карацейшаю за здаровую. Патрэбна была новая апэрацыя, якую пагадзiўся зрабiць знакамiты доктар Елiзараў з Кургану. Джорджыо павёз сына туды, дзе нiкога ня меў знаёмага, ня ведаў мовы i пачуваўся дужа бездапаможна. У дадатак яго абрабавалi. Бяз грошай i без дакумантаў ён апынуўся ў мiлiцыi i тады ўспомнiў пра Менск i Быкава. I вось позна ноччу на маёй кватэры раздаецца званок з далёкага Кургану, палкоўнiк мiлiцыi пытаецца, цi я ёсьць пiсьменьнiк Быкаў, пра якога ён нядаўна чытаў у газэтах. А пасьля пытаецца, цi ведаю я iтальянца з прозьвiшчам Бергамiнi, якi затрыманы ў Кургане? Вядома ж, я найлепшым чынам атэставаў мiлiцыi майго малашчасьлівага сябра, якi нейкiм чынам нарэшце выблытаўся з свайго незайздроснага становiшча. Апэрацыю сыну зрабiлi ўдала, я за тое асабiста падзякаваў доктару Елiзараву, а Стэфано неўзабаве спрытна танчыў на ўласным вясельлi.

Поделиться с друзьями: