ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Закладка фундаменту чаго. Уласна бел. Стварэнне таго, што з’яўляецца зыходным, пачатковым, асноўным для чаго-н. Дапамагаць пісьменніку трэба часам пры самой закладцы фундаменту новага твора (Я. Колас. Аб літаратурнай працы).

Назоўнікавае ўтварэнне на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма закладваць фундамент чаго (гл.).

Заключны акорд. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. заключительный аккорд, укр. прикінцевий акорд). Тое, чым завяршаецца што-н. Яшчэ з большым натхненнем, з большым пафасам дэкламаваў ён [паэт] заключны акорд… (Я. Колас. «Трыумф»).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні музыкантаў.

Закон(-ы) не пісаны каму, для каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. не лічыцца з агульнапрынятымі правіламі, нормамі паводзін. Перасмешнікам закон не пісан (М. Гроднеў. Радня). Дырэктар меў славу рызыкоўнага чалавека, яму, як кажуць, законы не пісаны (Я. Скрыган. Дакументальная рэвізія).

Выраз паходзіць з прыказкі Дурному закон не пісан, у складзе якой меў тое ж значэнне. Як і ў прыказцы, кіруе давальным склонам. Іншая сінтаксічная сувязь (фразеалагізм + для каго) — пазнейшае развіццё спалучальнасці з кантэкстам: «Для Парфена, кажуць, законы не пісаны» (І. Чыгрынаў).

Закопваць (закапаць) <свой> талент у зямлю. Паўкалька з руск. м. (зарывать (свой) талант в землю). Губіць свае здольнасці, не даваць ім развівацца. Магчыма, што я калі-небудзь буду славутым артыстам, калі зараз свой талент не закапаю ў зямлю (І. Сяркоў. Мы — хлопцы жывучыя).

Склаўся на аснове евангельскай прытчы (Матфей, 25, 15–30). Адзін багаты чалавек, ад’язджаючы ў далёкія краіны, даў аднаму свайму рабу пяць талантаў (буйных грашовых адзінак), другому — два, трэцяму — адзін. Вярнуўшыся, гаспадар даведаўся, што першыя два рабы ўклалі свае грошы ў розныя выгадныя справы і атрымалі значны прыбытак. Трэці ж сказаў, што ён закапаў атрыманы талант у зямлю. Гаспадар пахваліў першых двух і зганіў трэцяга.

Закрануць за жывое каго. Агульнаслав. (руск. задеть за жывое, укр. зачепити за живе, польск. dotkna'c dо zywago, чэшск. tіt do zіvеhо, серб. — харв. дирнути у живац і г. д.). Ужыв. са значэннямі: 1) моцна ўсхваляваць, зачапіўшы што-н. важнае, балючае, 2) падзейнічаць на самалюбства, гордасць. Князь закрануў нас за жывое. Хацелася спрачацца, біцца… (А. Карпюк. Данута). Піліп быў чалавек гарачы, і панская абраза закранула яго за жывое (А. Якімовіч. Цяжкі год).

Паходзіць са свабоднага словазлучэння закрануць за жывое, якое спачатку мела больш поўную форму закрануць за жывое мяса і канкрэтны сэнс — «параніць, — як піша У. Даль, — пры стрыжцы ногцяў або зразанні мазаля». У сучаснай літаратурнай мове, з забыццём першапачатковай вобразнасці фразеалагізма, у ім развіліся трывальныя формы дзеяслоўнага кампанента і яго лексічная варыянтнасць: за жывое кранае (Б. Сачанка), брала за жывое (А. Пальчэўскі), забрала за жывое (К. Крапіва), узяло за жывое (М. Зарэцкі).

За круглым сталом. Калька з англ. м. (rоund tаble). З роўнымі правамі, на роўных умовах (сустракацца, вырашаць і пад.) Безумоўна, здараліся зрэдку бытавыя непаразуменні, але ўсе канфлікты мы вырашалі, як кажуць дыпламаты, за круглым сталом (І. Шамякін. Палёт над Палессем). Параўн. кантэкст, дзе фразеалагізм адначасова ўспрымаецца і як свабоднае словазлучэнне: За круглым сталом не сядзець мне ніколі: занадта гарачы з мяне дыпламат (П. Панчанка. Тым, хто за акіянам).

Паходзіць з кельцкага народнага падання пра караля брытаў Артура (V–VI стст.). Усе рыцары адчувалі сябе ў караля як роўныя між роўных; на банкетах кароль і рыцары сядзелі за вялікім круглым сталом, па чарзе мяняючыся месцамі.

Закручванне гаек. Агульны для ўсходнесл. м. Павышэнне патрабаванняў, узмацненне строгасці. І ў тагачасным жыцці, і ў літаратуры таксама неаднойчы сустракаліся такія псеўдарэвалюцыянеры, аматары закручвання гаек і іншых рызыкоўных эксперыментаў, якія аб’ектыўна толькі шкодзілі вялікай рэвалюцыйнай справе (Дз. Бугаёў. Майстэрства драматурга).

Вытворны назоўнікавы фразеалагізм ад суадноснага дзеяслоўнага закручваць гайкі каму (гл.).

Закручваць (закруціць) гайкі каму. Агульны для ўсходнесл. м. Павышаць патрабаванні да каго-н., узмацняць строгасць. [Марыя Кірылаўна: ] Сам Калібераў прыехаў. Зараз у хату наскочыць. [Лёня: ] Закручваць тату гайкі? (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).

Паходзіць з маўлення механікаў. Пры пераасэнсаванні адпаведнага словазлучэння актуалізацыю атрымала патэнцыяльная, мэтавая сема гэтага словазлучэння (гайкі закручваюць, каб механізм працаваў надзейна, бездакорна).

Закрыванне (заплюшчванне) вачэй нашто. Агульны для ўсходнесл. м. Утойванне, замоўчванне чаго-н. Пад уплывам тэндэнцыйнага і аднабаковага асвятлення [войнаў], выпуклення гераічнага і наўмыснага закрывання вачэй на цёмныя бакі, у Лабановіча злажылася ўяўленне, у корні фальшывае, аб ваяцкіх здольнасцях царскай Расіі і аб яе непераможнасці ў вайне (Я. Колас. На ростанях).

Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага закрываць (заплюшчваць) вочы на што ‘знарок не заўважаць чаго-н. важнага, значнага’.

Закрываць (закрыць) вочы каму. Агульнаслав. (руск. закрывать глаза, укр. заплющувати очі, балг. затварям очите, польск. zamkna'c осzу іінш.). Быць побач з тым, хто памірае, у апошнія хвіліны жыцця. Маня адвярнулася. Слёзы душылі яе. Нядобра пакідаць маці ў такі час. Можа, яна, калі вернецца, і не застане яе… Чужы чалавек мусіць закрыць ёй вочы… (А. Якімовіч. Піянер Геня).

Выток фразеалагізма — старажытны звычай закрываць вочы нябожчыку. Калі гэтага не зрабіць своечасова, то, паводле павер’я, нябожчык «выглядзіць» сабе ахвяру.

Закрываць (закрыць) лавачку. Калька з франц. м. (fermеr bоutіquе). Спыняць якую-н. справу, дзейнасць (часцей заганную). Не кватэра, а цэх, у якім і не разбярэш, што робяць, — не то сталярнічаюць, не то лапці плятуць… Кацярына Сафронаўна гэту лавачку закрыла… (М. Ракітны. Капаніца).

Поделиться с друзьями: