ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Пачынаць з азоў. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. с азов, укр. з азів). З самага пачатку, з простага, элементарнага. Як вядома, пачалі мы тут з азоў. Адна электраўстаноўка і тры пілы — вось і ўсё, што мелі спачатку (М. Ваданосаў. У Баркоўскай пушчы).

Паходзіць ад слова аз, якім называлася літара «а» — першая ў стараславянскай азбуцы (кірыліцы). Параўн. у вершы А. Вярцінскага «Аз, букі і ведзі»: «Сумна не ведаць нічога на свеце. Жыць жыццём цёмных лясоў. Дзень добры, аз, букі і ведзі! Усё пачынаецца з вас, з азоў».

За і супраць узважваць, перабіраць. Калька з лац. м. (рго еt сопtrа). Аргументы на карысць чаго-н. у супастаўленні з тым, што адмаўляе іх. Сустрэўшыся з некаторымі таварышамі, узважыўшы ўсе за і сутраць, Краўчанка прыйшоў да вываду, што «спецыяльная канцылярыя» пакуль што за межамі дасягальнасці… (Б. Мікуліч. Цяжкая гадзіна).

Першапачаткова, ужываючыся пры абавязковым дзеяслове-суправаджальніку ўзважваць, выраз звязваўся з уяўленнем пра шалі (прыладу для ўзважвання) як сімвал правасуддзя.

Зайсці ў тупік. Агульны для бел. і руск. м. Трапіць у цяжкае становішча. Рабочыя страцілі веру да лідэраў. І не ведалі, што ім рабіць. Зайшлі ў тупік… (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).

Свабоднае словазлучэнне, на базе якога ўтварыўся фразеалагізм, звязана не з чыгуначным тупіком, а з глухім завулкам, які таксама называюць тупіком. Даўней у кожным горадзе было шмат такіх завулкаў, адкуль цяжка было выйсці. Прыгадаем эпізод з «Новай зямлі» Я. Коласа (раздзел «Дзядзька ў Вільні»), дзе гаворыцца, як Антось «у кут глухі ўпнууся, сцяна прад ім і сцены збоку, ўпярод не ступіш ані кроку — прапала вуліца ды годзе!». Ва ўкр. м. эквівалентам нашага выразу выступае фразеалагізм з аднолькавай, але больш этымалагічна празрыстай асновай — зайти в глухий кут (в сліпий кут).

Заставацца (застацца) за кадрам. Агульны для бел. і руск. м. (Заставацца) неадлюстраваным, непаказаным. На старонках дэтэктыва выкопванне нябожчыка засталося за кадрам, аб ім толькі паведамляецца другой «экспедыцыі» эксгуматараў (ЛіМ. 13.03.1998).

Паходзіць з маўлення кінарэжысёраў, дзе кадрам называюць асобны здымак або асобны эпізод у фільме.

Закапаць <свой> талент у зямлю. Гл. закопваць (закапаць) <свой> талент у зямлю.

Закапыліць губы. Гл. капыліць (закапыліць) губы.

Закасаўшы рукавы працаваць, брацца за справу і пад. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. засучив рукава, укр. засукавши рукава). Не шкадуючы сіл, шчыра, старанна. Дык давайце, арляняты, закасаўшы рукавы возьмемся за працу! (І. Гурскі. Неспакойныя характары).

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, прамое значэнне якога — ‘загнуўшы рукавы, падняць іх вышэй, каб было больш зручна працаваць’. Параўн.: «Максім праз цэлы дзень, закасаўшы рукавы, гваздае малатком па распаленым іскрыстым жалезе» (П. Пестрак).

Закідаць шапкамі каго. Запазыч. з руск. м. Лёгка і хутка перамагчы каго-н. Ніхто не верыўу тое, хаця пан Дульчыц і крычаў, што шваба палякі шапкамі закідаюць (К. Каліна. Крылаты конь).

Лічаць, што выраз склаўся ў перыяд руска-японскай вайны (1904–1905), на пачатку якой нацыяналістычная прэса насміхалася з японскага войска, запэўнівала народ, што вораг лёгка і хутка будзе пераможаны. У аповесці Л. Калюгі «Нядоля Заблоцкіх» расказваецца, што, калі пачалася гэта вайна, валасны пісар аб’явіў, каму з баркаўчан трэба ісці «ў войска японцаў біць». «Канечне, тады рускаму цару, — як пісар казаў, — хацелася японцаў шапкамі закідаць, а то яму тады перад другімі царамі будзе не гонар. Гэта слова залавілі баркаўчане, а далей пісаравай мовы яны добра не разабралі — надта ж хуценька гаварыў: ці тыя шапкі будуць казённыя ў войску даваць, ці свае з дому браць трэба — не ведалі… На аднаго японца іх трэба незлічоны лік, а дзе тых шапак на цэлае войска набярэшся?!..Ажно тут і па вайне было. Не сабраў цар шапак, колькі яму трэба было. Паглядзеў на японцаў — шмат падлаў сабралася. Нічога ім не зробіш. Не памаглі краўцы шапачнікам і не нашылі тых шапак, колькі на вайну трэба было».

Закідванне шапкамі каго. Уласна бел. Лёгкая і хуткая перамога над кім-н. На нагрэтых панэлях расфуфыранага Неўскага панясліся задзёртыя выгукі наконт закідвання шапкамі «праціўнае немчуры» (Ц. Гартны. Сокі цаліны).

Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма закідаць шапкамі (гл.).

Закідваць (закінуць) вуду (вудачку). Агульны для ўсходнесл. м. Асцярожна намякаць на што-н. з мэтай высвятлення абставін, выведвання чаго-н. — Ты да нас у хаўрус ідзі, дык мы дарэмна табе змалоцім, — закінуў Юзік вуду. — Прымі без грошай, дык пайду. — Без грошай, бач, малатарні не даюць (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Паходзіць з маўлення рыбакоў. Пры пераасэнсаванні адпаведнага словазлучэння актуалізацыю атрымала патэнцыяльная, мэтавая сема гэтага словазлучэння (рыбак закідвае вудачку, каб разведаць, ці будзе клёў). Параўн. ажыўленне ўнутранай формы фразеалагізма і развіццё на яго вобразнай аснове метафарычнага кантэксту: «Змяшчаючы яго [першы акт п’есы] у друку, я ўжыў некаторую аўтарскую хітрасць: мне хацелася закінуць вудачку і паглядзець, ці торкне на маю прыманку які-небудзь тэатральны лешч» (Я. Колас).

Закідваць (закінуць) наперад. Уласна бел. Рабіць які-н. прадбачлівы, апераджальны ход з надзеяй мець потым ад гэтага пэўную карысць для сябе. Андрэй — наш. Свой. Яго грошы нам з табой яшчэ спатрэбяцца. Як казала мая маці: закідвай наперад… Мяккі кут купіў? Не. I не купіш. Без Андрэя (І. Шамякін. Губернатар).

Паходзіць з прыказкі Кінь (закінь) наперад — знойдзеш ззаду, якая мае сэнс ‘калі зробіш каму-н. ласку, то і табе адплацяць тым самым’.

Закладваецца фундамент (асновы) чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Даецца пачатак чаму-н., ствараецца тое, што з’яўляецца зыходным для чаго-н. Пабываўшы на Лепельшчыне ў гэту гарачую пару; я ўбачыў як закладваецца фундамент шчодрага гектара (Звязда. 30.04.1986).

Структурна арганізаваны як двухсастаўны сказ, выраз утварыўся на аснове дзеяслоўнага фразеалагізма закладваць фундамент чаго (гл.).

Закладваць (закласці) за гальштук (за каўнер). Калька з франц. м. (s’еn jеtеr un соuр dеrrі`erе lа сгаvаtе, літаральуа «закладваць глыток за гальштук»). Выпіваць, напівацца п’яным. Менавіта цяпер Лупека зразумеў чаму дырэктар Будзянскай школы, як бы ні закладваў за каўнер, ніяк не мог вызваліцца з дырэктарскага крэсла (П. Палітыка. Свой чалавек).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны, з іранічным падтэкстам у кампанентах за гальштук.

Закладваць (закласці) фундамент (асновы) чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Ствараць тое, што з’яўляецца зыходным, пачатковым, асноўным для чаго-н. Першы Інтэрнацыянал заклаў фундамент міжнароднай арганізацыі рабочых для падрыхтоўкі іх рэвалюцыйнага націску на капітал (Настаўн. газ. 26.09.1984).

Узнік у выніку пераасэнсавання аднайменнага састаўнога тэрміна, звязанага з будаўніцтвам.

Поделиться с друзьями: