ЖАНРЫ

Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Шрифт:

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, у якім лавачка мае значэнне ‘дробная гандлёвая ўстанова’.

Закусваць (закусіць) цуглі. Агульны для ўсходнесл. м. Распаліўшыся, ісці напралом, дзейнічаць, ні з чым не лічачыся. Жэня ўжо закусіла цуглі і не магла сябе стрымаць. Нагаварыла яна Валянціну шмат чаго крыўднага, можа, нават і лішняга (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).

Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое, ужываючыся ў дачыненні да каня, абазначае ‘заціснуць цуглі зубамі’.

Залатая сярэдзіна. Калька з лац. м. (аuгеа mеdіосгіtаs). Ужыв. са значэннямі: 1) прамежкавае становішча, 2) спосаб паводзін, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкоўных рашэнняў. Не сказаць каб вельмі, але і ў раёне старшыню паважалі: як-ніяк калгас займаў залатую сярэдзіну (В. Праскураў. Сонца ў зеніце). Дзе яна, залатая сярэдзіна тая, дзе яны, залатыя словы аб праўдзе, аб вечнасці, аб айчыне (М. Лынькоў. На чырвоных лядах).

Аўтар крылатага выразу — старажытнарымскі паэт Гарацый (65 — 8 гг. да н. э.), які ў одзе выкарыстаў яго са значэннем ‘прамежкавае становішча’.

Залатое дно. Калька з англ. (gоld mіnе) або ням. (еіn gоldепег Воdеn) м. Вельмі багатая крыніца даходу. Пасля смерці бацькоў, па спадчыне, да яе [Марты] пераходзіла ферма. А гэта лічылася ў Германіі залатым дном (М. Машара. Ішоў дваццаты год).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Залаты дождж. Калька з ням. м. (Gоldгедеп). Вялікія грашовыя сумы, прыбыткі. Я гавару аб Амерыцы прадпрыемцаў, бізнесменаў, пражорлівых і ненасытных манапалістаў, для якіх вайна была не чым іншым, як залатым дажджом, невычэрпнай крыніцай шалёных прыбыткаў і звышпрыбыткаў (М. Лынькоў. Гісторыя ідзе наперад).

Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Жрэц-прарок прадказаў аргоскаму цару Акрысію, што ў яго дачкі Данаі народзіцца хлопчык, які пасля знішчыць свайго дзеда-цара. Акрысій загадаў трымаць дачку ў падземным будынку пад аховай служанак. Захоплены прыгажосцю Данаі, вярхоўны бог Зеўс пранік у падзямелле ў выглядзе залатога дажджу і апладніў яе. Фарміраванню фразеалагізма садзейнічала тое, што многія вядомыя мастакі (Тыцыян, Ван Дэйк, Рэмбрант і інш.) на карцінах адлюстроўвалі Данаю ў дажджы залатых манет.

Залаты фонд чаго, чый. Агульны для ўсходнесл. м. Самае лепшае, самае каштоўнае, самае значнае. Казкі гэтыя шырока друкуюцца іў нас у рэспубліцы, і перакладаюцца на іншыя мовы. Яны — залаты фонд нашай народнай класікі (А. Якімовіч. Аўтабіяграфія).

Узнік у выніку метафарызацыі ўстойлівага тэрміналагічнага словазлучэння, якім у галіне фінансаў выражаюць спецыяльнае паняцце, ужываючы з прамым значэннем ‘фонд каштоўных металаў, пераважна золата’.

Залатыя горы абяцаць, даваць, чакаць і пад. Калька з лац. м. (mоntеs аurі роllісегі, літаральна «абяцаць горы золата»). Казачнае багацце, вялікае мноства чаго-н. Не трэба верыць тым крыкунам, што абяцаюць народу залатыя горы (Я. Колас. На ростанях).

У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз.

Залегчы на дно. Гл. легчы (залегчы) на дно.

Заліваць (заліць) за гальштук (за каўнер). Калька з ням. м. (еіnеn hіntеr dіе Віndе gіеssеn, літаральна «за галышук заліваць»). Выпіваць, напівацца п’яным. Іншыя бабы што робяць, калі мужык за гальштук залівае? На работу бягуць, у міліцыю (Л. Дайнека. Футбол на замініраваным полі).

Фразеалагізм успрымаецца як матываваны, з іранічным падтэкстам у кампанентах за гальштук.

Заліваць (заліць) чарвяка. Паўкалька з польск. м. (zаlа'c rоbаkа). Выпіваць спіртнога. Разуменне «заліць чарвяка» — рэч неазначаная і расцяжная: аднаму і кручка даволі, а для другога кручок — капля ў моры (Я. Колас. На ростанях).

У польск. м. фразеалагізм ужываецца з другой палавіны XVIII ст., выцесніўшы больш старажытны выраз zаlа'c krzесzkа. Утварыўся пад уплывам недакладнай калькі з франц. м. (tuer lе vеr, літаральна «забіць чарвяка»). Zаlа'c rоbаkа — вынік аб’яднання двух выразаў: zаlа'c krzесzkа + zаbi'c rоbаkа.

Заліваць кулі каму. Уласна бел. Бессаромна лгаць, расказваць няпраўдападобнае. Залівайце кулі камусь другому, паганцы! (М. Машара. Лукішкі). Па-астрожнаму такіх людзей проста называлі залівакамі, ад выразу — заліваць кулі, што значыць ілгаць (Я. Колас. На ростанях).

Утварыўся, відаць, у выніку кантамінацыі рускага выразу лыть пулы і дзеяслова заліваць у значэнні ‘хлусіць, ілгаць’. Выраз ліць кулі, як мяркуе В. У. Вінаградаў, склаўся ўжо ў першай палавіне XVIII ст., узнікшы ў асяроддзі ліцейшчыкаў. Яго папярэднікам быў фразеалагізм ліць званы (руск. лить колокола, укр. дзвін великий лити). Узнікненне гэтага фразеалагізма звязана з прафесійнай міфалогіяй ліцейнай справы. Існавала павер’е, пра якое ў рускім часопісе «Навіны» (1901, 31 мая) чытаем: «Калі адліваюць званы, неабходна пусціць якую-небудзь чутку, якой паверылі б прастадушныя абывацелі. Чым недарэчнейшая выдумка і чым больш ёй павераць, тым удачнейшай будзе адліўка», тым галаснейшым будзе звон. Пра тое ж і ў М. Федароўскага: «Мусіць, дзесь звон адлілі, калі такую байку пусцілі цікавую». I яшчэ: «Недзе звон адлілі, то пусцілі аб гэтым пагалоску, каб быў галасны». Іншай думкі прытрымліваецца В. М. Макіенка. Ён лічыць, што «ліцейная» трактоўка паходжання фразеалагізма ліць кулі «не вытрымлівае крытыкі», і мяркуе, што выраз утварыўся шляхам нарашчэння кампанента куля да дзеяслова ліць ‘ілгаць’ «з экспрэсіўнай актуалізацыяй зыходнага слова».

Замарыць чарвяка (чарвячка). Запазыч. з руск. м. Злёгку перакусіць, спехам прагнаць голад. — Трэба чарвяка замарыць, — абазвауся і ён [Іван]. — Не ляжалі ж на баку — на цэлы стог палажылі травы… I ўся едкая, з гарошкам… (М. Капыловіч. Жаніх).

У руск. м. выраз прыйшоў як недакладная калька з франц. м. (tuer lе ver, літаральна «забіць чарвяка»), дзе ён абазначае ‘выпіць нашча спіртнога’. Узнікненне фразеалагізма звязана са старажытным народным павер’ем, паводле якога ад глістоў можна пазбавіцца, калі выпіць нашча спіртнога. Спачатку ў руск. м. выраз выкарыстоўваўся з тым жа значэннем, што і ў франц. м., а пасля стаў абазначаць ‘злёгку перакусіць’. Параўн. ужыванне фразеалагізма ў яго першасным значэнні: «[Даміцэля: ] Ай! Ужо ж я дурная! Гэта ж і ёсць чым чарвячка замарыць! Мой учора з прычыны першага дня сёмухі прызапасіў паўквартачку, каторай з палавінку выпіў, а рэшта асталася» (Я. Купала).

Замуж за <пана> Пясоцкага збірацца. Уласна бел. Паміраць. [Малады бадзяжнік] тутэйшай старой удавіцы абяцае: —Далібог, цётка, я вас замуж аддам. — А ідзі ты к чорту матары, п 'янчуга, — злуецца старая. — Мне не сёння дык заўтра ўжо замуж за пана Пясоцкага трэба збірацца (К. Камейша. Паміж кубкам і вуснамі).

Выраз каламбурнага характару. Тут кампанент Пясоцкага склаўся па мадэлі ўтварэння прозвішчаў — ад пясок у значэнні ‘зямля, якой закопваюць магілу’.

Замыканне (замкнёнасць) <самога> у сабе. Уласна бел. Адасабленне ад усяго навакольнага і абмежаванне сваім вузкім, маленькім светам. Замкнёнасць Міхала ў сабе, яго адасобленасць ад людзей можна растлумачыць непаважлівым стаўленнем улад да селяніна-працаўніка наогул (Р. Шкраба. Кузьма Чорны).

Утварыўся на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма замыкацца (замкнуцца) у сабе, які мае значэнне ‘станавіцца нелюдзімым, маўклівым, скрытным’.

Поделиться с друзьями: