Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Вытворны назоўнікавы фразеалагізм ад суадноснага дзеяслоўнага затыкаць дзіркі (кім, чым, у чым), што значыць ‘спехам ліквідаваць няхватку, недахопы ў чым-н.’.
Затыканне рота (ратоў). Уласна бел. Забарона свабодна выказваць свае думкі. Для нас карціна злачынства ўвогуле ясная. Як ясная і мэтанакіраваная палітыка па затыканню ратоў.. (П. Шарамет. Знік адвакат Аксінчык).
Паходзіць з суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма затыкаць рот (каму), які абазначае ‘прымушаць замоўкнуць каго-н., не даваць гаварыць каму-н.’.
Захадзіць ходырам. Гл. хадзіць (захадзіць) ходырам (хадуном).
Захварэць на пана. Гл. хварэць (захварэць) на пана.
Як, што, чаго захоча левая нага каго, чыя. Гл. як, што, чаго хоча (захоча) левая нага каго, чыя.
За царом Гарохам. Усходнесл. (руск. при царе Горохе, укр. за царя Гороха часам з дадаткам як було людей трохи). Вельмі даўно; невядома калі (было, адбывалася што-н. і пад.). Вялікае Сітца — вёска вялікая. Малое Сітца — амаль такая ж. Калісьці, за царом Гарохам мо, у кожным з гэтых паселішчаў было па сітку, якім муку прасявалі. У адной вёсцы вялікае, у другой — малое… І хадзілі яны па руках у суседзяў… (В. Якавенка. Прыручэнне зямлі).
Выраз узнік на ўзор свабодных словазлучэнняў тыпу за царом Ірадам, за царом Сімяонам. Выкарыстанне замест сапраўднага ўласнага імя агульнага назоўніка (назвы расліны) — плён народнай дасціпнасці. Чаму ўзяты менавіта гарох? Можа, таму, што гэта, як піша, спасылаючыся на звесткі археолагаў, А. С. Аксамітаў, адна з найбольш старажытных культурных раслін, вядомых славянам. Магла, зразумела, адыграць ролю і проста выпадковасць. Напрыклад, ва ўкр. м. склаўся фразеалагізм за царя Хмеля (як було людей жменя). Аналагічныя спалучэнні для абазначэння далёкага мінулага ёсць у многіх народаў, пры гэтым усюды са словам цар ці кароль кантактуюць або назоўнікі «расліннага» паходжання, або яшчэ якія-небудзь забаўныя, спецыяльна прыдуманыя словы: у немцаў — Аnnо Тоbак («у гады Табакі»), у французаў — аu tетрs du rоі Guіllетоt («у часы караля Гільемо») або таксама: аu tетрs du rоі Dадоbеrt, у чэхаў — zа кгаlе Ноlсе («за каралём Галышом»), у палякаў — zа kr'olа 'Cwieczka («за каралём Цвічком») і г. д.
Зацісканне рота. Уласна бел. Прымушэнне не гаварыць што-н. нежаданае. Не подласць, не несправядлівасць, не зацісканне рота, не здрада Алёнкі былі самым жахлівым у гэтай гісторыі (У. Караткевіч. У снягах драмае вясна).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма заціскаць рот (каму).
Зацягваць (зацягнуць) пояс. Відаць, недакладная калька з ням. (G"urtel еngеr sсhаllеn, літаральна «зацягваць тужэй пояс») або англ. (tіghtеn опе’s bеll) м. Адчуваць вострую нястачу, жыць у крайняй беднасці. Скарачаецца ў садках і штатная колькасць выхавацеляў, падвышаецца нагрузка, хаця іхні заробак у ранейшых межах. Зацягвае паясы не толькі сфера адукацыі (А. Іваноўскі. Ні вячэры, ні святла).
Узнік шляхам метанімічнага пераносу, заснаванага на сумежнасці дзвюх з’яў: калі чалавек недаядае, галадае, ён мусіць тужэй зацягваць пояс (у прамым значэнні гэтых слоў). Фразеалагізмы з такой самай вобразнасцю ёсць у шмат якіх мовах, прычым у некаторых — двухкампанентныя: укр. підтягувати (затягувати) паски (ремінці, пояски), балг. затягам си пояса, чэшск. utаhоvаt sі гетеп. Параўн. у руск. м.: затягивать <туже> пояс (ремень).
Зачараванае кола. Калька з лац. м. (сіrсulus vitiosus). Ужыв. са значэннямі ‘бязвыхаднае становішча’ і ‘бяссэнсіца, лагічная памылка, калі што-н. даказваецца праз такое палажэнне, якое само патрабуе доказу’. І ў Шуркі быць бясконца нельга, і ісці куды б там ні было — таксама быццам нельга. Нейкае зачараванае кола, ланцуг, які і парваць як? (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Атрымліваецца зачараванае кола: няма [твора] у хрэстаматыі, бо няма ў праграме, і наадварот (Р. Шкраба. Энергія слова).
Узнікненне выразу ідзе, відаць, ад блуканняў па лесе, калі той, хто заблудзіў, зноў вяртаўся праз нейкі час на ранейшае месца. Такія блуканні прыпісваліся дзеянням нячыстай сілы.
Прымаць за чыстую манету што. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім сур’ёзна, як за праўду. — Аб тым не можа быць і спрэчак — не знесці курыцы такіх яечак. — I што ж, Каштан ухвалу гэту прыняў за чыстую манету (К. Крапіва. Каштан).
Узнік са свабоднага словазлучэння, дзе чыстай называлася манета дзяржаўнай чаканкі, не падробка з таннага металу, якую пускалі ў ход фальшываманетчыкі, спадзеючыся, што яе прымуць за чыстую манету. Фразеалагізм з вобразам нефальшывай манеты ёсць і яшчэ ў некаторых мовах, але з іншым прыметнікавым кампанентам: польск. рrzуjmovа'c zа dоbra топеte («прымаць за добрую манету»), ням. f"ur bаге М"unzе пеhтеп («за наяўную манету прымаць»).
Збівацца (збіцца) з панталыку. Запазыч. з укр. м. (збиватися з пантелику). Ужыв. са значэннямі: 1) даходзіць да замяшання, разгубленасці; заблытвацца; 2) пачынаць весці няправільны, заганны спосаб жыцця, кепска паводзіць сябе. Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Ганна збівалася з панталыку. Куды ёй было да ўсяго іншага, калі невыразнасць наступнага дня не давала спакою (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Працаднём гэтым мяне ашаламіў… А тут яшчэ ордэнам стаў спакушаць. Ці доўга з панталыку збіцца (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі).
Утвораны ад фразеалагізма збіваць (збіць) з панталыку каго. Слова панталык, невядомае па-за фразеалагізмам, «цьмянага» паходжання. Ёсць розныя меркаванні пра яго этымалогію. У слоўніку М. Фасмера (у дадатку рэдактара) выказваецца думка, што ў слове панталык можна бачыць запазычанне з аўстрыйска-баварскага дыялекту — рапtl (‘каснічок, стужачка’), якое ў многіх славянскіх гаворках дало суфіксальнае ўтварэнне з тым жа значэннем: укр. дыял. пантлик, пантлика, польск. дыял. рetlik, рelіkа, славацкае рапtlіk, мараўскае репtlіk. Аднак наўрад ці магло ўступіць слова панталык (з названым яго значэннем ‘каснічок, стужачка’) у лексіка-граматычную спалучальнасць са словам збівацца. Больш пераканальная думка М. І. Міхельсона, які звязвае этымалогію слова панталык з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі —Пентэлік. Гл. збіваць (збіць) з панталыку каго.
Збіваць (збіць) з панталыку каго. Запазыч. з укр. м. (збивати/ збити з пантелику). Ужыв. са значэннямі ‘заблытваць, выклікаць замяшанне, разгубленасць’ і ‘уздзейнічаючы якім-н. чынам, схіляць да адыходу ад ранейшага, штурхаць на што-н. нядобрае’. Рудольф сваім паведамленнем пра вайну зусім збіў вас з панталыку (Ц. Гартны. Сокі цаліны). [Дзед Бадыль: ] З старасцянкаю знюхаўся, а яна яго з панталыку збівае. Глядзі, сынок, каб ты праз яе сабакам не стаў! (К. Крапіва. Партызаны).
Фарміраванне выразу мае сувязь з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі — Пентэлік. У старажытныя часы гара славілася сваім мармурам, а таксама вялікай пячорай з гротам і вапнавымі нарасцямі, дзе лёгка было заблудзіць, заблытацца. Фразеалагізм склаўся, хутчэй за ўсё, у маўленні гімназістаў. Засвоенае імі пры вывучэнні грэчаскай мовы слова Пентэлік атрымала сэнсавае прырашчэнне і было ўключана ў фразеалагічную формулу гатовай мадэлі збіваць з толку каго. Пра тое, што выразы збіваць з панталыку, збівацца з панталыку, вядомыя ў бел., руск. і польск. м., узніклі на Украіне, сведчаць наступныя факты. Самая ранняя фіксацыя фразеалагізма збівацца з панталыку належыць А. Пагарэльскаму. У яго рамане пра жыццё правінцыяльнага дваранства на Украіне «Манастырка» (1830–1833) чытаем: «— Що ты городышь, Галя! — сказала она мне. — Ты збылась с панталыку». Далей ідзе аўтарскі каментарый: «Это по-здешнему, кажется, значит: ты с ума сошла». Выраз неаднаразова ўжываецца ў творах Т. Шаўчэнкі; у п’есе «Назар Стадола» (1843–1844): «Дівці дівку недовго збить з пантелику»; у аповесці «Наймичка» (1844) у аўтарскай мове сустракаецца сбить с толку, а ў мове старога казака Якіма Гірла — сбить с панталыку: «Сбили с панталыку окаянные, та й годи». На аснове назоўнікавага кампанента гэтага фразеалагізма ва ўкр. літаратурнай м. утварыліся многія дзеясловы, дзеепрыметнікі, назоўнікі: пантеличити, пантеличитися, спантеличений, спантеличення, спантеличити, спантеличувати, спантеличитися. Ва ўкр. м. назоўнікавы кампанент (пантелик, чытаецца «пантэлык») сваім гучаннем больш блізкі да грэч. Пентэлік, чым у бел., руск., польск. м.