Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Каб на руках не было дзіцяці, магчыма, Вольга прасіла б больш настойліва, можа, нават загаласіла б у роспачы, ва ўсякім выпадку, слязу пусціла б, са сваімі людзьмі гэта памагала. Але ад яе слоў прачнулася Света, чужыя, нямецкія словы, гучныя, страшныя, не будзілі малую, а матчыны разбудзілі, і Вользе прыйшлося спяваць незвычайную калыханку:

— Спі, маё дзіцятка. Спі, мой коцік. Усе коцікі паснулі. I мышкі спяць. I дзеці спяць… Адны тыгры гуляюць… двухногія. Зэр гут, пан начальнік. Мне нічога не шкада. Каб вы падавіліся. Каб маё дабро вам папярок горла стала. Зэр гут.

— Зэр гут! — ухваліў старэйшы і тыцнуў Алеся кулаком у жывот, праўда, не балюча, паказваючы са смехам Вользе, каб яна лепш карміла мужа: мабыць, той, што лазіў у пограб, сказаў, што рускі не здужаў перакуліць бочку. Ці, можа, сказаў, што ў доме многа капусты, і немец раіў карміць капустай. Ім хацелася пад канец пажартаваць. Ім хацелася быць добрымі. Яны верылі, што яны добрыя. Самыя добрыя. I самыя разумныя. Старэйшы і самы «добры» нават пагладзіў дзіцячую галоўку, шаўковыя беленькія Свеціны валасы. Жэст яго, калі ён раптам працягнуў руку, спалохаў і Вольгу, і Алеся. Але ён сапраўды-такі пагладзіў ласкава і сказаў нешта наконт немцаў і беларусаў, наконт арыйцаў. Ці не даказваў, што беларусы належаць да арыйскай расы? Набіваўся ў сваякі. Немец быў палітык. А палітычныя, газетныя словы Алесь разумеў лепш, чым бытавыя. На развітанне гэты «палітык» зноў сказаў прамову, у якой многа разоў ужыў знаёмае «данке»; безумоўна, не ім дзякаваў, не тая інтанацыя, — відаць, раіў, каб яны падзякавалі за тое, што іх так хораша, мірна абрабавалі.

I Вольга сапраўды-такі паўтарыла:

— Данке, данке, пан начальнік. Няхай спажывуць твае дзеткі, каб на іх кароста напала.

Калі немцы нарэшце выйшлі і машына ад’ехала хутчэй, чым пад’ехала, з большым грукатам па прамерзлай зямлі, Вольга і Алесь доўга маўчалі. Стаялі і не глядзелі адно на аднаго, быццам нехта з іх быў вінаваты ў тым, што здарылася. Але цяпер, калі яго не кранулі, Алесь не адчуваў сваёй віны, вось каб, учыніўшы разгром, яго павезлі ў той машыне, то ў такім разе ён лічыў бы сябе вінаватым: думаў бы, што прынёс гора жанчыне, якая аднойчы ўратавала яго.

Не, Вольга не маўчала — вельмі ціха, з асаблівай пяшчотай яна закалыхвала дзіця, але калыханка была без слоў — адвечны, знаёмы ўсім маткам свету матыў, музыка сэрца.

Ніхто з іх не пайшоў зачыняць браму, дзверы. Навошта? Іншыя рабаўнікі не прыйдуць.

Малая заснула, і Вольга аднесла яе ў спальню, паспявала калыханку там, звыкла запішчала драўляная качалка-ложак.

Выйшаўшы са спальні, Вольга спытала ў яго не шэптам — бадай на поўны голас, паказваючы вачамі на параскіданыя па ўсёй зале рэчы:

— Што ж гэта такое?

Ён адказаў гнеўна:

— Фашызм! Фашызм гэта! А вы… вы хацелі з ім жыць… гандляваць! Цяпер вы бачыце… бачыце? Але гэта што!.. Кветачкі! Дробны грабеж! Вы пабачылі б, што яны робяць там!.. Не! Біць, біць іх трэба! Каб зямля пад імі гарэла! Як Сталін сказаў…

Апошнія словы ён амаль выкрыкнуў. I Вольга раптам сарвалася з месца, кінулася да яго, схапіла за галаву, закрыла рот далонямі і зашаптала гэтак жа гнеўна:

— Сціхні! Сціхні! Зараза! Бальшавіцкі вырадак! — і з сілай адштурхнула ад сябе.

Паварот быў такі неспадзяваны, што ашаламіў Алеся да знямення. Ведаў яе настрой, ведаў, што не лепшая яна савецкая грамадзянка — гандлярка, мяшчанка, хоць у той жа час учынкі яе, такія, як выкуп яго, незвычайныя сястрынскія клопаты пра хворага, святкаванне Кастрычніка, здзіўлялі, былі незразумелыя. Але такое: «Бальшавіцкі вырадак!» — такое не мог чакаць, не ўкладвалася гэта ні ў якія супярэчнасці характару, абражала самае лепшае, чым ён жыў. Каб меў сваю напратку і на дварэ не была ноч, калі далёка не пройдзеш без начнога аўсвайса, ён тут жа пакінуў бы гэты дом.

Вольга таксама адчула, што ўдарыла занадта моцна, і таксама падумала, што, абражаны, ён можа пакінуць дом, а гэтага яна вельмі баялася. Не зважаючы на тое, што босая, яна выбегла і зачыніла браму, зачыніла дзверы адны, другія — з калідора на вуліцу і з кухні ў калідор.

Вярнулася — пачала збіраць рэчы, але рабіла гэта як бы нехаця, мабыць, не ведаючы, якім чынам навесці парадак пасля такога пагрому. А можа, нахілілася дзеля таго, каб не глядзець у вочы Алесю. Ён таксама маўчаў. бо не ведаў, што можна сказаць пасля яе абразлівых слоў. Але калі Вольга раптам села на падлогу, на кучу адзення, і заплакала, закрыўшы твар скамечанай сукенкай, яму зрабілася шкада яе: урэшце, ён не можа не лічыцца з тым, што яна простая, маласвядомая жанчына, і было б неразумна не паспрабаваць развіць тое лепшае, што ёсць у яе характары.

Алесь падышоў і мірна сказаў:

— Не трэба плакаць, Вольга Міхайлаўна. З-за чаго вы гаруеце? Што вы страцілі? Футры? Лыжкі? Хіба такую трагедыю пе— ражываюць мільёны людзей? Яны трацяць сыноў, бацькоў…

Яна адкрыла твар, узняла вочы і сказала, праўда, нязлосна ўжо:

— Не тапчыся па адзенні.

Не думаючы пра ўсе гэтыя раскіданыя па падлозе анучкі, ён незнарок наступіў на нейкую кофтачку. Убачыў сваю прамашку — разгубіўся, амаль спалохаўся і вінавата прагаварыў:

— Прабачце. Вольга ўздыхнула:

— Узяла я цябе на сваё гора.

Новы ўдар, не менш балючы — на яго спробу наблізіцца, даць ёй зразумець, што, нягледзячы на крыўдныя словы, ён па-ранейшаму лічыць яе чалавекам… «Заразу» можна дараваць разгневанай і спалоханай жанчыне. Але спакойныя словы, што на гора яна ўзяла яго, палоннага, — гэта ўжо нават не абраза, гэта далікатная форма бязлітаснага: «Пайшоў прэч з майго дому!»

Што ж, таксама трэба было чакаць. Няхай ён будзе ўдзячны за тое, што яна вырвала яго ад пакутлівай смерці і дала месяц жыцця і цеплыні. Далей ён павінен сам паклапаціцца пра сябе. Уласна кажучы, клопат у яго адзін — хутчэй вярнуцца ў строй, знайсці сваё месца ў вайне з фашызмам. Цяпер, калі ён падужэў і знаходзіцца на волі, гэта, здаецца, не цяжка будзе зрабіць. Як кажуць, свет не без добрых людзей. I ў Мінску іх нямала, добрых людзей. Памогуць.

Саступіўшы асцярожна з адзення, ён сказаў:

— Прабачце. Заўтра раніцой я пайду. Дзякуй вам.

Вольга не адразу адказала на яго словы. Паднялася, зграбла з падлогі кучу адзення, кінула на стол. I раптам павярнулася да яго сухімі, гарачымі вачамі, без ценю разгубленасці — упэўненая, уладарная, такую яе Алесь назіраў цэлы месяц, як толькі апрытомнеў.

— Куды гэта ты пойдзеш? Нікуды ты не пойдзеш! Нікуды я цябе не пушчу!

Не думала яна, не ўяўляла, што наймацней, найбалючай раніць хлопца гэтымі добрымі словамі, найцяжэй абражае. Яму хацелася крыкнуць: «Думаеш, калі ты заплаціла за мяне залатоўкамі, дык я твой вечны раб?» Ды яна спытала ўжо амаль з пагрозай:

— Да Лены Бароўскай сабраўся?

Алесь збянтэжыўся, бо сапраўды перш за ўсё згадаў Лену, думаючы пра людзей, якія могуць памагчы яму.

— Што вы!.. Чаму да Лены? Навошта мне да Лены?..

Тады здарылася зусім неверагоднае, пра што ён, паэт, творца, ні разу не падумаў, хоць і даваў волю сваёй фантазіі ў бяссонныя ночы. Вольга раптам кінулася да яго, абшчапіла рукамі галаву, пачала цалаваць у лоб, у шчокі, у вусны і горача шаптала:

— Нікуды я цябе не пушчу! Нікому не аддам! Я люблю цябе! Люблю, дурненькі ты мой… Мужа так не любіла…

Поделиться с друзьями: