Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Выскачыла ў сенцы ў лёгкай кофтачцы і мінуту пастаяла перад дзвярамі, паслухала, як там, на ганку, пад ім скрыпіць настылая на марозе падлога, рыпіць не таму, што ён тупае ад холаду — не, ён стаіць нерухома, трымаецца за клямку, але падлозе перадаецца яго нецярпенне, хваляванне.

Вольга скінула са скоб два цяжкія кручкі. Хацела рыўком адчыніць дзверы і тут жа кінуцца яму на шыю. Але ў апошні міг жаночая гордасць стрымала яе.

Кінулася ў дом, бо пачула, што Светка босенькая прытупала да дзвярэй. Можа, менавіта праз тое, што яна, не сустрэўшы яго, кінулася ў дом, ён увайшоў не адразу. Гэтую хвіліну Вольга стаяла, прыціскаючы да сябе дзіця, амярцвелая ад думкі, што, пакрыўджаны, ён можа павярнуцца і пайсці зноў у ноч, у небяспеку, пайсці назаўсёды.

Не, Алесь увайшоў, бясшумна зачыніўшы там, у сенцах, дзверы. Ён вінавата ўсміхнуўся і дзіўна павітаўся:

— А вось і я. Добры вечар. — Вольга не адказала, і ён павітаўся з малой: — Добры вечар, Свецік.

Дзіця весела закрычала:

— Тыта, тыта! — і працягнула ручкі.

Алесь наблізіўся і пацалаваў яе кулачкі. Адзін і другі.

У Вольгі пырснулі слёзы: стрымліваючы сябе — не малую, яна сказала дрыжачым голасам:

— Не ідзі да яго, ён — чужы.

Алесь на хвіліну сумеўся, а потым нахіліўся так блізка, што і ў паўзмроку — лямпа вісела далёка над сталом — Вольга ўбачыла, што ў яго адрасла барада, яшчэ больш схуднеў твар, а вочы гарэлі так, быццам у яго быў жар.

— Не трэба так, Воля. Не трэба, — шэптам папрасіў ён. — Я не чужы. Каб ты ведала, што я зрабіў за гэтыя дні, то не сказала б так. Я — не чужы. Я… Я люблю цябе, Вольга. I Светку…

Тады, трымаючы дзіця на правай руцэ, Вольга абняла яго левай. Малая засмяялася і таксама абшчапіла яго за шыю дзвюма ручкамі. Гэтая дзіцячая радасць расчуліла так, што Вольга не стрымалася і зарыдала, уткнуўшыся тварам у яго плячо, у халоднае паліто, ад якога пахла вугальным шлакам, увогуле ад Алеся пахла гарэлым, быццам ён тушыў пажар.

— Я змучылася, Саша… Я змучылася…

— Ну, супакойся, калі ласка. Бачыш, я жывы, здаровы. Больш таго… Я ажыў. О, каб ты ведала, як я ажыў! Я пачуў сябе чалавекам, байцом!

— Ніколі не думала, што гэта так цяжка — чакаць цябе.

— Я ведаў, што ты чакаеш. I мне было лягчэй. Дзякуй табе.

Дзяўчынцы, мабыць, здалося, што гэта ён пакрыўдзіў маму, і малая з дзіцячай непасрэднасцю і хуткасцю змяніла радасць на гнеў і пляснула яго далонькай па шчацэ.

— Ты што гэта, задзіра? Што табе не спадабалася? — засмяяўся Алесь.

А Вольга адарвалася ад яго і пачала абсыпаць дзіцячую галоўку пацалункамі.

— Дурненькая ты мая! О, якая ты дурненькая яшчэ! Нічога ты не разумееш! Божа мой! А што я сама разумею? Чаго я раву? Як цялушка. Хто калі бачыў, каб Ляновічыха так плакала? Чаго ты стаіш, як у гасцях? Распранайся.

Яна аднесла Светку на канапу, пасадзіла там, прыкрыкнула, нібыта сурова:

— Не злазь на падлогу, Аўсючыха! Непаседа! Біць буду!

— Ва-ва-ва, — перадражніла яе малая.

Гэта рассмяшыла Алеся і таксама расчуліла да слёз, мацней, чым тады, калі дзіця абняло яго. Ніколі ён не саромеўся такіх слёз — радасці, замілавання, гонару, а цяпер засаромеўся: не хапала яшчэ і яму заплакаць следам за Вольгай. Здавалася, што цяпер ён, дыверсант, не мае права ні на якую сентыментальнасць, што чуллівасць можа расслабіць яго волю.

Алесь захацеў памыць рукі, твар, і Вольга пачала грэць на прымусе ваду, ёй здавалася, што ён павінен змыць не проста бруд — доказы сваёй небяспечнай дзейнасці, якая і страшыла і захапляла. Страхаў яна перажыла многа, а захапленне такое было пачуццём новым, нязвыклым, горка-салодкім, яно вызваляла яе з павуціны страху і ўзнімала, далучала да нечага высокага, таемнага, як свет казак, якім верыла ў маленсгве, як першае прычасце ў царкве, куды яе, малую, вадзіла маці. Капі Алесь вярнуўся, яна падумала пра Бога і паверыла ў яго існаванне мацней, чым калі-небудзь дагэтуль.

Вольга дастала са сваіх запасаў брусок мыла, даваеннага, туалетнага. Алесь скінуў сарочку, каб памыцца, і ў яе па-мацярынску сціснулася сэрца: якое худое хлапчанё! Але ў той жа час захапленне ім расло, і ад гэтага ёй рабілася па-новаму радасна і па-новаму трывожна.

Яна ліла яму на рукі, а ён плёскаў ваду на твар, на шыю, на худыя плечы і весела фыркаў. Зусім мірная ідылія: так жонка палівае мужу, калі той вяртаецца з працы. Але не пра гэта яна думала і не пра гэта сказала:

— Мне здаецца, ты вярнуўся з вельмі далёкай дарогі.

Ён застыў у нерухомасці, схілены над тазікам, з валасоў яго, якія адраслі пасля лагера, сцякала вада.

— Думаю, што я збіраюся ў дарогу.

— Куды? — спалохана. як птушка, устрапянулася яна.

— Н а чарговае заданне. А гэта вельмі далёкая дарога.

На новае пачуццё нібы пачаў наступаць стары страх. Але яна адагнала яго і парадавалася сваёй перамозе.

А пасля яна карміла яго вячэрай, выставіла на стол усё лепшае, не па часе багата, па-святочнаму, нічога не пашкадавала. Алеся бянтэжыла такая яе радасць ад таго, што ён прыйшоў дадому. Так страчаць будуць хіба франтавікоў, калі яны вернуцца з перамогай, думаў ён. Але да перамогі далёка; цяпер, калі ўступіў у актыўную барацьбу, ён гэта адчуў у большай меры, чым нават у лагеры, у поўнай безнадзейнасці там у яго, рамантыка, яшчэ была вера ў цуды.

Ведаў, што Вольгу пакрыўдзіць рашэнне, якое прыняў не ён — камандзір групы, Андрэй. Не вельмі разумеў мэтазгоднасць свайго пераходу на іншую кватэру, лічыў, што пад гэтым дахам, пад аховай не па гадах практычнай жанчыны і сам ён, і справа, якая даручана яму, будуць знаходзіцца ў большай бяспецы, чым у любым іншым месцы. Але аспрэчваць рашэнне камандзіра не адважыўся. Аднак і выканаць яго параду — не вяртацца на старую кватэру — не мог, бо ведаў, і Вольга будзе пакутаваць ад невядомасці, і ў яго ніколі не будзе спакойна на душы ад думкі. што праз яго пакутуе дарагі чалавек.

Ішоў з рашучым намерам пагаварыць, растлумачыць і не заставацца нанач, каб не мець лішніх перажыванняў самому, не вярэдзіць яе душэўнай раны — пайсці на новую кватэру да незнаёмых людзей; у яго меўся начны пропуск на імя чыгуначнага рабочага Івана Хадкевіча.

Сваёй радасцю з прычыны яго звароту Вольга растапіла яго рашучасць, як воск. Не хапала духу пры такім яе клопаце і ласкавасці абвясціць сваё няўдзячнае рашэнне, недарэчна ж сказаць. што такі загад мае, не зразумее яна такога загаду, пашле да д’ябла ўсіх камандзіраў, бо сэрцу яе сапраўды ніхто не можа загадаць.

Алесь быў галодны, але еў нехаця, як хворы, і Вольгу гэта непакоіла. Яна сядзела напроціў, не зводзіла з яго вачэй і частавала, як дарагога госця, прапаноўваючы адну страву за другой.

Размова ў іх таксама выходзіла дзіўная, нейкая аднабаковая. Гаварыла Вольга, была залішне мнагаслоўнай, нібы разумела, што ў іх мала часу, і спяшалася выказацца. Але ён адчуваў, што гаворыць яна не пра тое, пра што ёй хочацца сказаць, спытаць; пра тое, галоўнае, пра што думаюць абое, яна баіцца пачаць гаворку, адцягвае на потым гэтак жа, як адцягвае і ён.

Поделиться с друзьями: