Гандлярка і паэт
Шрифт:
Ад таго, што ён вымушаны мяняць імя і прозвішча, Вольга адчула да госця яшчэ большую павагу, але адначасова з’явілася і нейкая іншая, чым напачатку, боязь.
— Сядай. Пасядзі са мной, — паказаў ён на крэсла з боку стала.
— Дык дранікі ж пякуцца.
У кухні шумеў прымус, сквірчэла другая скавародка дранікаў.
— Не нясі больш, а то я аб’емся.
Але Вольга прынесла скавародку, вывернула дранікі ў талерку, заліла зверху тукам.
— Ешце.
Мабыць, яму не падабалася яе сур’ёзнасць, ён паспрабаваў аднавіць ранейшы тон:
— Пані не ўяўляе, якое выпрабаванне дае майму няшчаснаму страўніку! Дужа ж холадна на дварэ.
Вольга зразумепа жарт, але не падтрымала. Аднесла на кухню скавародку, вярнулася і села на тое крэсла, на якое ён запрашаў.
Зблізку пільна ўгледзелася ў твар яго, убачыла, што чалавек не такі малады, як здаўся пры першай сустрэчы на рынку, ці, можа, за два месяцы так састарыўся, здаецца, тады не было такіх глыбокіх барознаў пад вачамі і ля вуснаў.
— Не глядзі на мяне, — зноў жартаўліва папрасіў Віктар Андрэевіч. — Я ніколі не з’яўляўся перад прыгожымі жанчынамі ў такім выглядзе — непаголены.
Вольга памаўчала, пасля сказала:
— А я хачу зразумець, што вы за людзі.
— Хто?
— Вы… Саша…мой…
— Людзі як людзі. Савецкія людзі.
— А я, выходзіць, не савецкая?
— Чаму ж? I ты савецкая.
— Дзе Саша? — нечакана настойліва спытала Вольга.
— Чаму ты лічыш, што я павінен ведаць, дзе твой Саша?
— Ты ведаеш! Ты ўсё ведаеш!
Госць пракаўтнуў дранік, паклаў відэлец, адкінуўся на спінку крэсла, павярнуўся ў яе бок і таксама ва ўпор паглядзеў жанчыне ў шырока расплюшчаныя вочы — блакітныя азёры. Ціха спытаў:
— Любіш?
— А што, хіба нельга? — такое нечаканае пытанне непрыемна кранула Вольгу, яна натапырылася і гатовая была даць водпаведзь, дзёрзкую, па-свойму, па-базарнаму, калі ён скажа штось нядобрае пра яе каханне.
Але ён сказаў мякка, хораша, нават вочы бліснулі вільготна:
— Ды не, наадварот. У гэтым, відаць, наша сіла, што мы, ненавідзячы… ворага ненавідзячы, можам любіць, — і, задумліва памаўчаўшы, азірнуўшыся, паведаміў амаль шэптам: — Жывы твой Саша. Але ці варта яму вяртацца сюды — пра гэта трэба падумаць, — і дзіўна паглядзеў на Светку, што тупала вакол стала, гушкаючы кацянё, на сваёй дзіцячай мове размаўляючы з коцікам.
У Вольгі ёкнула сэрца: вунь яно як можа здарыцца? Не смерць, а людзі, чалавек, што здаваўся такім добрым, можа разлучыць іх. I гэта, напэўна, будзе назаўсёды. Ды якое ён мае права? Нікому яна не аддасць таго, каго ратавала ад смерці, пакахала! Ён належыць ёй, толькі ёй! — закрычала сэрца. Аднак тут жа сціхла, сцятая знаёмым страхам, тым, з якім жыла апошнія дні, ад якога чуць не страціла прытомнасць, пачуўшы пра павешаных.
Насцярожылася, стаілася. Чакала, што ён, Віктар… Яўсей — ці як яго імя? — пачне раіцца з ёй, думаць разам — вяртацца Сашу дадому ці не. Што адказаць на гэта?
Тры дні назад яна, напэўна, па-бабску, па-базарнаму кінулася б у бой: маё! не аддам!
Але цяпер разумела недарэчнасць такога пярэчання. Як яна можа аддаць ці не аддаць Сашу, калі ён ужо там, у іх, у гэтых загадкавых для яе людзей, да якіх так ірваўся?
Вольга чакала, як прысуду, што скажа чалавек, які цяпер мае ўладу над Сашавым жыццём. А ён маўчаў, здалося ёй, бясконца доўга, хоць у сапраўднасці падпольшчык маўчаў нейкую хвіліну. Вольга не ўбачыла, што ён быў у роздуме, у нерашучасці. Прычынай яго ваганняў была Светка. Дзіця падказала, што дзеля яе бяспекі Гапанюку не варта вяртацца ў гэты дом. Але ці трэба ў такім разе прыцягваць да работы яго маці? Ці не па гэтай прычыне не паручыўся за яе Алесь? Не мог ён не верыць жанчыне, якая так кахае яго. Не, страціць магчымасць займець такую сувязную — недаравальна. Вольга — ідэальная сувязная, і гэта не так ужо небяспечна, яна разумная і хітрая, водзіць хаўрус з паліцаямі. Ёсць рызыка? Ёсць, безумоўна. Але хіба мала жанчын, што, маючы дзяцей, ідуць на фронт, у партызаны? Нельга яму, кіраўніку, думаць пра адно дзіця і забывацца, хаця б на міг, пра мэту страшнай, але свяшчэннай вайны.
Андрэй адарваўся ад спінкі крэсла, адсунуў талерку, аблакаціўся на стол, нахіліўся да Вольгі, быццам быў блізарукі і хацеў зблізку ўгледзецца ў яе вочы.
— Не думай, што я праўда прыйшоў дранікі есці. Вялікая гэта раскоша для мяне сёння. За дранікі — дзякуй. Паабедаў па-царску. Але прыйшоў я па справе. Не палохайся. Насцярожаныя якія ў цябе вочы. Акрамя вайны, нічога больш страшнага не здарылася. Мы ведаем: вы смелая жанчына, адчайна смелая. Памажыце нам, Вольга Міхайлаўна.
Вользе па душы, што ён такой думкі пра яе і што загаварыў так сур’ёзна, нават на «вы», але яна адразу здагадалася, пра што пойдзе размова, і страх з новай сілай ударыў у сэрца. Няхай бы яны гаварылі да таго, як яна пабачыла закасцянелых нябожчыкаў на шыбеніцах! А то выбралі час…
— Сувязь паміж нашымі людзьмі. Толькі сувязь. Унутры горада. Зрэдку — за горадам. Вы ж усюды ходзіце, вас ведаюць. Вам проста. Каму штось перадаць, каго папярэдзіць і гэтым, можа, уратаваць…
Вольга чула словы, як праз сцяну. Звінела ў вушах. Яна павольна падняла рукі і прыціснула далоні да вушэй.
«Няўжо не хоча нават слухаць?» — расчаравана падумаў Анд-рэй, змоўкнуўшы на паўслове.
Але Вольга не запярэчыла рашуча, яна як бы пачала прасіць літасці:
— Божа мой! Што вы са мной робіце? Спачатку ён, а потым вы… Куды вы мяне цягнеце? На шыбеніцу? У мяне дзіця… Дзіця ў мяне! З кім жа яно застанецца? Я сёння хадзіла туды… да сквера. Я іх бачыла… Схадзіце, паглядзеце… Можа, хоць гэта астудзіць вашы гарачыя галовы.
— Я быў там, калі іх вешалі. Гэта мае таварышы, — сурова і сумна сказаў Андрэй.
Вольга асеклася. Апусціла рукі. Глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачамі. Спытала шэптам, так гавораць, калі нябожчык у доме:
— Вы іх ведалі?
— Адзін з іх — сын маёй сястры, — вочы яго напоўніліся слязьмі.
Слёзы вясёлага чалавека, які нядаўна жартаваў, так кранулі, сціснулі сэрца, што Вольга ледзь стрымлівалася, каб не зарыдаць, каўтала спазмы ў горле. Вымавіць нічога не магла, ды каб і магла, то не ведала, што сказаць у такім выпадку. Некалі, як памерла маці, ёй спачувалі, але ад слоў рабілася цяжэй, з таго часу яна лічыла, што лепш, каб у такіх выпадках людзі маўчалі. I яна маўчала. Думала: што ж яна мусіць цяпер адказаць гэтаму чалавеку? Са здзіўленнем адчувала, што страх сапраўды, як хваля, адступае ад яе. Але гэта таксама спалохала, неяк па-новаму.
Памаўчаўшы, не ведаючы, як скончыць размову, як згадзіцца ці адмовіцца, спытала асцярожна, нясмела, няўпэўнена:
— А вернеце Сашу?
Андрэй выцер вочы і сказаў бадай сярдзіта:
— Не, не вярну я табе Сашу, — пасля дадаў лагодней: — Але зразумей: так трэба. Для справы. Для тваёй жа бяспекі.
Вольга пакрыўдзілася за яго сярдзітасць:
— То пайшлі вы к чорту, такія дабрадзеі!
Авдрэй хутка падняўся, узяў з крэсла паліто, працягнуў ёй руку, затрымаў яе халодныя пальцы ў гарачай далоні, сумна ўсміхнуўся:
— Не трэба лаяцца. Непрыемна гэта чуць з вуснаў такой жанчыны. Дзякуй. I прабачце. Але… падумайце… Вольга Міхайлаўна!
Па ціхім свойскім стуку ў шыбу Вольга пазнала, што гэта ЁН, і ажно задыхнулася ад радасці, ажно млосна сэрцу зрабілася. Але асабліва ўразіла, што і Светка пазнала, хто стукае, і закрычала радасна, паказваючы рукамі, што трэба хутчэй адчыніць.
Вольга кінулася да дзвярэй з дзіцем на руках, пасля, прыгадаўшы, што малая неадзетая, вярнулася і пасадзіла яе на канапу.