Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Праўда, такой смелай стала?

— А што мне!

— Смеласць, Вольга, павінна быць разумная.

— А хто ведае, дзе яна разумная, а дзе дурная. Хіба пра яе думаеш загадзя? Яна, як і страх, прыходзіць, калі не думаеш, не чакаеш. Заказаць жа яе няможна, смеласці. Ніхто яе не шые, ніхто не прадзе.

— А ты ўсё хочаш купіць? — не стрываў Косця — шпігануў. — На. Пабі Чэрчыля. Ага, не можаш? Чаму? Саюзнік! Антона праводзім… Ведаеш куды? То-та. Андрэй! Заходзь з левага фланга! Так, малайчына! Вораг акружаны. Ура! Апошні рашаючы ўдар. Хэндэ хох! З’елі? Лезьце пад стол усе трое.

Косця па-дзіцячаму радаваўся перамозе.

А Вольга пагаварыла пра смеласць, пра страх, і ён тут жа з’явіўся, страх, ударыў у сэрца: яна гуляе ў карты, весяліцца, а там, можа, дзіця забралі, такі смех не на дабро. Падхапілася.

— Пабягу. А то яшчэ на патруля наскочу. Света карадзілася, не засынала. Пакінула Сашу калыхаць… Прыдбала сабе няньку, — пасміхнулася, знарок нагадваючы сваё прызнанне.

Лена накінула на плечы клятчастую хустку-плед і выйшла яе праводзіць. На вуліцы, пераканаўшыся, што навокал ні душы, спытала:

— Ты нешта хацела сказаць, Волька, па вачах тваіх бачыла?

— Я? Усё, што хацела, сказала.

— I спытаць нічога не маеш? — ужо зусім таямніча зашаптала Лена.

— А што?

— Ёсць такая навіна!

— У цябе? — усумнілася Вольга.

— Гітлеру далі па мордзе.

— Хто?

— Нашы. Пад Масквой. Гоняць яго, гада, назад.

Вольга засмяялася голасна, на ўсю вуліцу, Лену ажно спалохаў яе смех: вельмі радасная навіна, але каб так смяяцца, пачуўшы яе…

— Патруля наклічаш.

— А я падумала — папраўдзе хтось пляснуў па яго брыдкіх вусах, — закрыўшы рот хусткай, смяялася Вольга, сама разумеючы, што гэта нервовы смех ад душэўнага напружання. Раптам усё, што адбылося за дзень, звязалася ў адзін вузел: нямецкія гучнагаварыцелі на рынку, Алесеў стрэл, незвычайная для такога часу весялосць Бароўскіх. Цяпер зразумела, чаму яны такія вясёлыя!

— Дурная, гэта ў тысячу разоў важней. Армію яго пагналі, — гарачым шэптам даводзіла Лена. — Заўтра прынясу паведамленне Саўінфармбюро, хлопцы прынялі тваім прыёмнікам.

Вольга абняла Лену, упершыню з пачатку вайны прымаючы яе як найлепшую сяброўку: ад замілавання і пяшчоты хацелася заплакаць, спазмы сціснулі горла. I захацелася з такой жа шчырасцю пра ўсё расказаць ёй. Але стрымалася. Пацалавала Лену тройчы, горача, шчыра, потым жартаўліва адпіхнула і пабегла са спрытам падлетка. Бегае як апантаная, палохаючы людзей за зачыненымі аканіцамі грукатам ботаў па ўтаптаным снезе, па абледзянелым дашчаным тратуары, які галасіў і страляў. Бегла са страхам — ці не здарылася чаго дома? — і з радасцю, што нясе яму, Алесю, любаму вар’яту, такую радасць у такі дзень. Хацела верыць, што ўдачы, як і няшчасці, ходзяць разам.

VII

Алесь так не хваляваўся, калі на гітлераўца паляваў, як хваляваўся, ідучы на явачную кватэру. Там быў проста экзамен. Ён трымаў яго перад самім сабой. А тут павінен з’явіцца перад найвышэйшай камісіяй, якой належала вырашыць, ці вытрымаў ён той і ўсе іншыя экзамены. Быць ці не быць? Прымуць ці не?

Мог бы думаць: ужо сам факт, што яго паклікалі на явачную кватэру, дзе, безумоўна, будуць кіраўнікі падполля, сведчыць аб тым, што яго прызналі, яму вераць. Але так думаць ён не мог, не той характар, усё жыццё ён сумняваўся ў сваёй сіле, у сваіх ведах, здольнасці, таленце і лічыў, што мала калі яму шанцавала, рэдка калі ўсё рабілася адразу так, як ён хацеў, як марыў.

Адно ён умеў — пераўвасобіцца. I ён паставіў сябе на месца кіраўніка падпольнай групы. Патрабаванні да тых, каго ён браў бы ў сваю групу, у яго былі вельмі высокія. Нават наконт самога сябе ён сур’ёзна задумаўся б — ці падыходзіць? Адна якасць у яго бясспрэчная — жаданне змагацца, помсціць ворагу. Але гэтае жаданне трэба даказаць, любыя словы, запэўніванні і клятвы пры рашэнні такога пытання, як залічэнне ў падпольную групу, нічога не значаць, словам у такі час і ў такіх умовах нельга верыць. Патрэбны справы, толькі справы. А колькі ў яго спраў? Прыёмнік. Забойства фашыста. Перадача прыёмніка — невялікая яго заслуга, хутчэй за ўсё, што Вользе самой хацелася пазбавіцца ад такой рэчы, якую нельга прадаць і за якую акупанты маглі пакараць. Але заданне гэтае ён атрымаў ад Лены і, можна лічыць, выканаў. А фашыст… Усё адбылося так, што цяпер, праз колькі дзён, яму самому здаецца малаверагодным такі ўчынак, і, будучы кіраўніком, ён асабіста наўрад ці паверыў бы ў такое забойства. Паверылі жанчыны. Вольга — ад страху, убачыўшы, як яго калоціць нервовая ліхаманка. Лена… Чаму адразу паверыла Лена? З-за сваёй душэўнай дабраты і жаночай даверлівасці? Лена адна бачыла, з якога пекла яны яго выхапілі, яна і Вольга. Лена верыць і яго словам, і яго гневу, яго нянавісці і яго радасці… Пазаўчора яны разам плакалі, калі Лена прынесла паведамленне Саўінфармбюро аб разгроме немцаў пад Масквой. Ён, мужчына, не саромеўся такіх слёз. I ў парыве ўдзячнасці расказаў Лене пра свой маленькі подзвіг.

Вольга, калі вярнулася ад Бароўскіх, сказала пра разгром немцаў не адразу і як бы між іншым, словамі Лены з дадаткам няпэўнасці: «Кажуць, Гітлеру далі па мордзе пад Масквой». I таму ў той вечар ён не мог парадавацца па-сапраўднаму. Вольга больш падрабязна расказвала пра Бароўскіх — як галодная сям’я весела гуляе ў карты. Асудзіла іх па-свойму, па-гандлярску: «Галадранцы заўсёды вясёлыя. Што ім траціць?»

Алесь не помніў, што адказаў на гэта — нешта нейтральнае, прымірэнчае, бо ні Бароўскія і ні перамога пад Масквой, пра якую так няпэўна сказала Вольга, не завалодалі яго думкамі. Можа, іх увогуле не было, думак, у той час, бо была страшэнная, проста-такі смяртэльная стомленасць. Ён спаў, закалыхаўшы малую, прачнуўся, калі вярнулася Вольга, і слухаў яе няўцямна. Вось такі ён герой. Цяпер пра той вечар, пра ліхаманку сваю і санлівасць непрыемна было ўспамінаць.

Прабіраючыся па засыпанай снегам (другі дзень мяла завіруха) вуліцы Пушкінскага пасёлка, Алесь, думаючы аб галоўным — аб уступленні ў арганізацыю, не мог не думаць пра свае складаныя адносіны з Вольгай, пра свае не менш складаныя пачуцці. Пасля ўсяго, што адбылося з ім, мімаволі пачаў задумвацца над тым, што людзі называюць лёсам, у які ён раней не верыў, лічыў папоўскай выдумкай, упэўнены, што чалавек сам гаспадар свайго жыцця. Сапраўды, з Ленай у іх адны ідэалы, адны погляды. А няўмольныя абставіны, якія, выходзіць, мацней за яго волю, за ўсе ідэалы, звязалі яго з Вольгай. I гэта не якая-небудзь пошлая сувязь. Няма сумнення, што жанчына кахае яго. Дзеля яго перамагае страх, інакш даўно магла б выгнаць такога кватаранта. Хіба ж можна застацца абыякавым да яе пачуцця? Але ў імя вялікай справы ён павінен разарваць адносіны з ёй. Пайсці ад яе. I цяпер для яго гэта, можа, самае цяжкае выпрабаванне. Самы цяжкі экзамен. Аднак калі там скажуць, што так трэба, ён, напэўна, ужо не вернецца больш у цёплы, утульны дом на Камароўцы.

Ад думак такіх было не весела, рабілася холадна, стыла спіна пад густой воўнай старога кажуха нябожчыка Ляновіча. Спрабаваў настроіць сябе супроць Вольгі. Як можна яму, камсамольцу, кахаць такую жанчыну, якой многае з таго, што для яго з’яўляецца святым, — чужое і далёкае? Але тут жа думаў, што не так усё проста, што Вольга, разважаючы апалітычна, у той жа час зрабіла нямала карыснага, не скажаш, што яна — не савецкі чалавек. Не з варожага асяроддзя, дачка рабочага. Дык ці мае ён права кідаць яе на раздарожжы? Ці не абразіць яго ўчынак яе пачуцці? Ці не перакінецца яе абурэнне супроць яго на тое, за што яны змагаюцца? За кім тады яна можа пайсці? За паліцаем Друцькам? Думаць так было балюча, пакутліва разрывалася душа на часткі. Добра было б пра ўсё расказаць кіраўніку, на сустрэчу з якім ідзе. Не сумняваўся, што гэта адзін з партыйных работнікаў, сталы і мудры чалавек. Але адчуваў, што юнацкая цнатлівасць не дазволіць яму расказаць праўду пра свае адносіны з Вольгай. Што падумае пра яго кіраўнік? Спакусіў жонку байца Чырвонай Арміі, франтавіка… Вось і залічвай такога ў падпольную групу, даручай яму адказныя баявыя заданні…

Недаверу да сябе ён баяўся больш за ўсё. А яшчэ баяўся, каб не прыцягнуць за сабой на явачную кватэру «хвост». Доўга блукаў па вуліцах, азіраючыся на вуглах, ці не ідзе хто за ім. Насцярожвала бязлюднасць. На асобных вуліцах пратаптаныя раней сцежкі так замяло снегам, што яму прыйшлося першаму пракладваць след. Гэты ўласны след палохаў: след аднаго чалавека заўсёды прыцягвае ўвагу. Пасля ён пераканаўся, што блукаў дарэмна, думаючы, што явачная кватэра павінна быць на глухой вуліцы.

На вуліцы, якую ён шукаў, пратоптана была не толькі сцежка, але і дарога — прайшлі машыны. I нямала хадзіла людзей, прысутнасць якіх неяк адразу супакоіла, быццам яны, гэтыя людзі, засланілі яго ад варожых вачэй. Нават нямецкія салдаты не спалохалі, наадварот, узбадзёрылі: ворагі былі побач і самі затоптвалі яго след. Тут не было на каго азірацца. Усё вельмі проста. Месца выбіралі вопытныя людзі.

Поделиться с друзьями: