Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Лена імкліва паднялася, адпіхнуўшы ад сябе ачышчаную бульбіну, пачала завязваць хустку.

— Зноў нічога не з’ела, — пабедавала старая Бароўская.

— Не крыўдуй, Волька, — лагодна, прымірэнча сказала Лена. — Можа, я ад зайздрасці так. Я і ў добры час не здолела палюбіць… А ты і ў такі час можаш любіць. Не бядуй. Вернецца твой Саша, — сказала яна так упэўнена, што Вольга паверыла і супакоілася.

Але супакаення гэтага хапіла хіба на раніцу, пакуль паліла ў печы, карміла Светку, прыбірала ў доме, дарэчы, больш старанна, чым звычайна, быццам чакала госця ці рыхтавалася да свята.

Новую трывогу… не, не трывогу — жудасць прынесла цётка Марыля. Вольга яшчэ ўчора дамаўлялася з ёю, каб яна пагуляла з малой, бо адчувала, што не здолее сядзець цэлы дзень дома, калі Саша не вернецца.

Добрая гэтая старая, спагадлівая, яна лепш, чым хто з суседзяў, ведала, адкуль, як з’явіўся ў Ляновічыхі кватарант, як цяжка ён хварэў, памагала яго лячыць і шкадавала нябогу. Невядома, ці ад дабраты і шкадавання, ці ад недахопу душэўнай чуласці цётка Марыля сказала Вользе:

— Людское радзіё, Волечка, перадае, уся Камароўка гамоніць, што сёння раніцой праклятыя фрыцы павесілі ў скверы каля Дома Чырвонай Арміі нашых людзей… партызанаў, кажуць… А хто яны — адзін Бог ведае.

У Вольгі ўміг усё амярцвела — рукі, ногі, вочы, язык. Слова вымавіць не магла, не мела сілы. Стаяла, спалатнелая, глядзела на Марылю… і не бачыла яе, як у тумане бачыла страшныя здані павешаных і сярод іх — яго, Сашу…

А потым сэрца як бы сарвалася з месца, раскалолася на часткі. Разарвалася балюча ў грудзях на дробныя асколкі, і кожная часцінка гэтак жа балюча забілася, затрапятала ў скронях, у жываце, у пальцах рук.

Вольга кінулася да старой, схапіла яе за плечы, трасянула:

— Цётачка! Скажы — ён там?

— Ды не, любачка мая, не. Ніхто не ведае, ніхто не бачыў. Ды і чаго ён там апынецца? Што ён зрабіў? Хварэў жа, — хоць Вольга нічога не сказала, здаецца, і руху ніякага не зрабіла, але Марыля пачала тут жа адгаворваць: — Волечка, не хадзі туды… Не трэба табе. Лепш я, старая, схаджу. Было ж ужо так увосень, павесілі траіх на Чэрвеньскім, а сястра прыйшла, пазнала брата, загаласіла, і яны, гады, схапілі яе… хоць ні ў чым яна не вінаватая… А хто вінаваты?

Не, не пайсці Вольга не магла, як ні пераконвала яе старая жанчына. Пераканала, што не можа там быць яе каханага. Нават страх адхлынуў, той, першы, балючы, і сэрца вярнулася на сваё месца. Але не магла яна не паглядзець на павешаных! Не ад страху, што ён там. I не ад абывацельскай цікаўнасці, якая магла з’явіцца раней. Не, цяпер было нешта іншае, як бы ўступленне ў новае жыццё, жаданне сустрэцца тварам у твар з той небяспекай, якая будзе сцерагчы яе ў гэтым новым жыцці кожны дзень, кожную гадзіну. Бачыла смерць бацькі, разрэзанага трамваем, ціхую смерць маці ў гародзе, смерць людзей ад бамбёжкі, смерць старога яўрэя, якому немец выстраліў у горла, трупы людзей за лагерным дротам. Якая ж яна, смерць тых, хто не мог скарыцца перад чужынцамі гэтак жа, як не скарыўся ён, гэты хлапчына? Не так даўно яна яшчэ спадзявалася, што пераможа яе праўда, што пяшчотамі сваімі і дабрабытам яна прымусіць хлопца скарыцца не ворагу — ёй, адной ёй і жыць так, як жыве яна. Спадзяванні пахіснуліся, калі Алесь застрэліў немца. Цяпер, калі хлопец немаведама куды сышоў, яны зніклі зусім. Вось чаму ёй трэба рыхтавацца да новага жыцця. I ўсё ўбачыць сваімі вачамі.

Калі Вольга, апранутая ўжо, пацалавала дачку, Марыля папярэдзіла:

— Не забывайся пра Светку. З кім яна застанецца?

Думка пра дачку вымушала быць асцярожнай. Усё адно па сваіх камароўскіх напаўпустых вуліцах Волька амаль бегла, задыхаючыся. Моцны мароз раздзіраў грудзі, ён як бы згусціў паветра, і яно не ўдыхалася ці, можа, наадварот, не выдыхалася; змерзлае, калючымі іголкамі калола лёгкія, горла.

Але па Савецкай, нягледзячы на холад, народу ішло не мала, і кожны другі — у зялёным, мышастым ці чорным шынялі. Вольга пайшла павольней, хоць наўрад ці трэба была такая перасцярога, бо мароз гнаў усіх уперад. Немцы прытанцоўвалі, стукалі намёрзлымі ботамі, церлі вушы, ад гэтага здаваліся вясёлымі, узбуджанымі.

Вольга звярнула ўвагу, што ўсе ідуць толькі па правым тратуары, левы быў пусты. Адразу здагадалася — чаму. I зноў зрабілася жудасна. А калі ён там? Не ведала, як яна будзе паводзіць сябе, што падкажа сэрца, якое так баліць, не спадзявалася на сябе, таму зноў думала пра дачку, толькі Светка, маленькая галіначка гэтая, можа ўтрымаць яе ад неразумнага ўчынку. Але што разумнае, а што неразумнае? Зусім нядаўна яшчэ Вольга добра ведала гэта, ва ўсякім разе, не сумнявалася, што ўсё, што робіць яна, Ляновічыха, усё гэта самае разумнае. А цяпер усё пераблыталася. Ён, Саша, усё пераблытаў у яе галаве. I — дзіўна — яна не злуе на яго, яна, бадай, удзячная, што ён так перавярнуў усе яе думкі.

Узнімалася на гару — ад Пралетарскай да сквера — як у страшным сне, калі сніш, што лезеш угору па крутой і бясконцай лесвіцы і ў цябе няма ўжо сілы, здранцвелі ногі і рукі, спыняецца смяртэльна стомленае сэрца.

Не дайшоўшы да кінатэатра, яна ўбачыла павешаных — і ў адзін позірк, вачамі і сэрцам, угледзела, адчула, што яго няма сярод шасцярых… Адразу адхлынуў страх, але тут жа пракацілася новая хваля — нянавісць да катаў; такое нянавісці яна яшчэ не перажывала. Праклінала немцаў, што пачалі вайну, што рабуюць людзей, але паколькі ёй асабіста вайна пакуль што няшчасця не прынесла, то праклінала яна, бадай, паблажліва, каб дагадзіць Алесю і быць з народам (усе суседзі, знаёмыя лаялі акупантаў), а не з паліцаямі, якія хвалілі новую ўладу. Не баялася часам і пры знаёмых паліцаях «праехацца» па іх гаспадарах: і няхай знаюць, што думае народ.

У той жа міг, як убачыла павешаных, з’явілася зусім іншае пачуццё, ва ўсякім разе, толькі там яна раптам зразумела, што ж такое Сашава нянавісць, чаму ён так ірвецца помсціць. У ногі, рукі, якія дагэтуль былі як чужыя, вярнулася сіла, у яе з’явілася адчайнасць, такая ж, якая была ў першыя дні вайны, калі яна пад бомбамі цягала дабро, але цяперашняя адчайнасць скіраваная была зусім на іншае.

Вольга пайшла шпарка, упэўнена, потым спынілася напроціў павешаных. Ніхто з цывільных не спыняўся, людзі баяліся нават глянуць у той бок, глядзелі толькі немцы і гучна абмяркоўвалі падзею, ухваляючы, безумоўна, пакаранне бандытаў.

Яны віселі ў кутку сквера, ля самай Савецкай вуліцы, на першых дрэвах — на перакладзінах, прыбітых да старых ліп. Пяцёра мужчын і адна жанчына. Перад карай з іх знялі пінжакі, верхнія сарочкі, кофтачку, і яны былі ў аднолькавых сподніх кашулях, босыя.

Сквер стаяў у густым інеі, таму дрэвы здаваліся ненатуральнымі, тэатральна прыгожымі. А з тых ліп, на якіх павесілі падпольшчыкаў, іней абцерусіўся, і дрэвы гэтыя стаялі жалобна-чорныя на белым фоне, журботна-жывыя.

Іней асыпаў павешаным галовы, асеў на іх тварах, руках і нагах; калі астывала ў целе цеплыня, асядаў іней. Застылыя твары іх — як злепленыя з гіпсу і здалёк падобныя адзін на аднаго. А Вользе захацелася глянуць у іх твары зблізку, каб убачыць, якія яны розныя, запомніць, можа, нават пазнаць некага — у памяці яе безліч абліччаў мінчан, якім яна некалі нешта прадавала. Яна смела і рашуча пайшла праз вуліцу на той бязлюдны каля сквера тратуар. Спынілася за якія пяць крокаў ад павешаных і пільна ўзіралася ў іх твары. Не, яны розныя, відно і пад інеем: адзін зусім юнак, дзіця, у другога, відаць, пасля арышту адрасла кароткая, але густая барада, і ва ўсіх на тварах, на шыях, грудзях віднеліся крывавыя сінякі.

Вольга ўявіла, як іх катавалі, і не жахнулася, як здаралася гэта раней, калі яна ўяўляла, як могуць катаваць яе, Алеся. Усё тая ж хваля нянавісці ў грудзях узнімалася ўсё вышэй і вышэй, аглушаючы, заліваючы вочы, туманячы розум.

Невядома, што жанчына зрабіла б, калі, як і куды адышлася б ад ахвяр, каб не паліцаі. Адзін з іх з’явіўся адразу ж, Вольга нават не ўгледзела, адкуль выйшаў, як з-пад зямлі. Убачыла перад сабой яго морду з брыдкай ухмылкай і ад нечаканасці і нянавісці чуць не закрычала, не кінулася на гэтага вырадка, які можа так пагана ўхмыляцца тут, каля нябожчыкаў. «Паважай хоць смерць, паскуда!» — ледзь не вырвалася ў яе.

— Ну, хто тут вісіць? — выскаліўся паліцай. — Брат? Муж? Сусед? Знаёмы?

— Ніхто. Проста людзі.

— Людзі?! Бандыты! А хто ці ніхто — гэта мы праверым. Хведзя!

Па пустым тратуары павольна ішоў другі бобік. Вольга пазнала яго — знаёмы Друцька, вядро гарэлкі ў яе выпіў. Паліцай таксама пазнаў яе, здзівіўся:

— Вольга? Які чорт прынёс цябе? — А хіба нельга паглядзець?

— Знайшла тэатр! — звярнуўся Друцька да свайго калегі, тлумачачы: — Гэта наша, Ляновічыха з Камароўкі. Чуў? Чортава баба! Пайшла прэч адгэтуль, пакуль з СД не ўбачылі. Дурная! Вецер у цябе ў галаве.

Поделиться с друзьями: