Гандлярка і паэт
Шрифт:
Узяў яе за рукаў і павёў цераз вуліцу назад на той тратуар, па якім ішлі людзі.
— Завошта іх? — спытала Вольга.
— Склад з гаручым узарвалі.
— Ого! Смелыя.
— Вар’яты, а не смелыя! — узлаваўся Друцька. — Лезуць з голымі рукамі на такую сілішчу! Усе будуць вось так вісець! Усіх перавешаем!
— Ты іх вешаў?
— Не. Немцы нам не давяраюць.
— А каб даверылі, павесіў бы? Друцька злосна мацкжнуўся.
— Пайшла ты! Прынесла б лепш чакушку, усе вантробы замерзлі, дзве гадзіны дзяжуру, — і, спалохана азірнуўшыся, бо насустрач прайшло трое немцаў, шэптам спытаў: — Думаеш, яны мяне не павесілі б, сталінцы гэтыя, камсамольцы?
— Яны? — Вольга на міг задумалася. Але Друцька як бы спалохаўся яе адказу — лёгка піхнуў у плячо, а сам хутка закрочыў назад, на свой страшны пост. А Вольга раптам адчула, што яе хістае ў бакі, як п’яную.
А потым была яшчэ адна пакутлівая ноч. Якія толькі жахі не лезлі ў галаву! Заснула на хвілінку — сасніла павешаных. Самае жахлівае ў гэтым сне, што замест паліцая на варце каля нябожчыкаў стаяў ён, Алесь, у адной сподняй бялізне; яна бачыла, як ён замярзае, як жывое цела яго ператвараецца ў белы халодны гіпс, але не магла скрануцца з месца, каб уратаваць яго, бо побач стаяў Друцька і шаптаў на вуха: «Пойдзеш — будзе смерць тваёй дачцэ».
На трэці дзень, змучаная невядомасцю, надумала папрасіць таго ж Друцьку, каб навёў даведкі, ці няма яе стрыечнага брата сярод арыштаваных, немцы ж хапаюць людзей без разбору, на вуліцы, на рынку, могуць пасадзіць невінаватага. Але, ведаючы, да чаго рваўся Алесь і што зрабіў ужо, стрымалася ад такога намеру: лепш бобікам не ўводзіць у вушы, што яна баіцца за хлопца, а то падумаюць, што, значыцца, ёсць з-за чаго баяцца, і пачнуць вынюхваць, як сабакі. Лепш, каб да яе дома не было падазронасці, тады і Алесь будзе ў большай бяспецы.
I зноў пакутавала ў адзіноце. Ведала, што каб пайшла на рынак, гандлявала, то было б лягчэй чакаць яго. Але менавіта праз тое, што чакала вельмі нецярпліва і верыла, што ён вернецца, не магла адлучыцца з дому нават на кароткі час. Не хацела, каб пасля ўсяго, што ён перажыве за гэтыя дні, — не ў цяпле сядзіць, не блінцы есць у другой маладзіцы! — яго сустрэла старая Марыля, а не сама яна.
Апоўдні роспач гарачая, з роем думак, імклівых, супярэчлівых, страшных, неверагодных, з жаданнем дзейнічаць, шукаць змянілася роспаччу халоднай, калі наступае душэўнае здранцвенне, амаль поўная бяздумнасць. Малая адчула такі матчын настрой і пачала капрызнічаць, плакаць. Вольга нашлёпала яе і сама спалохалася сваёй злосці, нагаласілася па-бабску, як галосяць па нябожчыку. Паўтарагадовая Светка так уразілася, што перастала плакаць, пачала па-свойму, па-дзіцячаму суцяшаць маці і разжалобіла яшчэ больш.
I такою яе захапіў нечаканы госць — той Яўсей, у якога Вольга купіла кажушок і які забіраў прыёмнік. З’яўленне яго спачатку здзівіла і спалохала. Калі ён увайшоў, Вольга якую хвіліну глядзела на яго як на прывід. Кажушка таго, які яна вярнула, на ім не было, хвацкія вусы паголены, старое лёгкае доўгае паліто, клятчастае, такія з’явіліся з Польшчы, калі вызвалілі Заходнюю Беларусь, польская шапка з казырком і кароткімі вушамі, адкпадзенымі, моцна змянілі выгляд чалавека. Але Вольга пазнала яго адразу. А ён як бы не ўбачыў, што гаспадыня не ў гуморы, што ў яе заплаканыя вочы. А можа, праўда, з вуліцы, дзе быў моцны мароз і на сонцы іскрыўся снег, сляпіў, чалавек у хаце пэўны час дрэнна бачыў; іней на брывах і вейках, растаючы ў цеплыні, мог затуманіць вочы. Яўсей весела спытаў:
— Не пазнаеш, прыгажуня?
— Хіба такога гжэчнага пана можна не пазнаць?
Здзівілася, чаму яе раптоўна пацягнула на гуллівую размову, відаць, такі ўжо гэта чалавек і такія былі іх сустрэчы, што інакш з ім гаварыць немагчыма нават і ў такім настроі.
Яўсей рагатнуў не надта весела:
— О, гэта ўжо амаль камплімент. Аднак мала я змяніўся, выходзіць?
Убачыў у зале люстраную шафу, ступіў да яе, каб паглядзецца.
— Ды не, змяніўся моцна, — заспакоіла Вольга, — але такога пана можна пазнаць і аблупленага.
Цяпер ён засмяяўся весела:
— Сапраўдныя паны за такія кампліменыі цалавалі б пані ручку.
— Дык то ж сапраўдныя!
— Але, я пан не сапраўдны. Ведаеш, чаму я прыйшоў? Па абяцаныя дранікі. Увесь час з таго дня чую, як яны пахнуць, дранікі твае.
Вольга ўзрадавалася, што чалавек так шчыра і проста папрасіў есці. Не, не гэта ўзрадавала — тое, што ён намераны затрымацца надоўга, з ім можна пагаварыць, у яго, як і ў Лены, можна спытаць пра Алеся.
Як бы баючыся, што ён перадумае, кінулася на кухню, пачала абіраць бульбу. Настрой уміг змяніўся, зноў яна была сама сабой, той Ляновічыхай, увішнасць якой здзіўляла і захапляла ўсю Камароўку.
Малая адчула змену ў матчыным настроі і таксама павесялела, не капрызнічала, гуляла з бульбай і бясконца лапатала на сваёй дзіцячай мове, як бы просячы прабачэння за нядаўнюю капрызнасць.
Вольга выглянула з кухні — як госць? I застыла, уражаная. Весялун, балака, сядзеў на канапе, панурыўшы галаву, у паставе смяртэльна стомленага чалавека; глыбокі смутак і душэўны боль застылі на яго твары. Нават не пачуў і не ўбачыў, што гаспадыня падглядвае за ім з-за плюшавай шторы на дзвярах кухні. А Вольгу зноў ударыў страх: «Можа, прыйшоў, каб сказаць ёй… Не! Не!» — закрычала не яна — сэрца яе, розум, яны не маглі пагадзіцца з думкай пра смерць таго, каго так чакала.
Госць пачуў, што яна пачала драць бульбу, і прыйшоў на кухню, здзівіўся:
— Ты праўда гатуеш дранікі? Я пажартаваў. У мяне няма часу. Хоць з’есці штось трэба. Сіла трэба.
— Гэта хутка. На прымусе.
— У цябе ёсць керасін?
— У мяне ёсць усё, — па-ляновіцку пахвалілася Вольга.
— Ого! — Ён зноў засмяяўся, нібы жаніх, які прыйшоў сватацца і даведаўся, што нявеста значна багацейшая, чым ён уяўляў.
Сеў на нізкі табурэцік і пачаў з бульбіны выразаць малой ляльку — смешнага чалавечка. Калі ж на скавародцы засквірчэлі на свіным тлушчы першыя дранікі і паплылі апетытныя пахі, госць вінавата прызнаўся:
— Пайду пасяджу на канапе, а то, баюся, упаду, галава кружыцца: два дні нічога не еў.
— О, Божачка мой! — жахнулася Вольга. — Якая ж я дурная. Сядайце за стол адразу, я ў адзін момант усё падам, — замітусілася яна. — Гарэлкі вып’еце?
— Не, нельга мне.
Ён еў многа, але не па-галоднаму, не спяшаючыся, як бы саромеўся ці асцерагаўся, — не запіхваў цэлы дранік у рот, адкусваў па маленькім кавалачку і не каўтаў, а нібы чакаў, пакуль пахучая мяккасць растворыцца ў роце.
Вользе падабалася, як чалавек есць, павага да ежы падабалася. Яна стаяла ў дзвярах кухні і глядзела на яго.
— Ніколі не еў нічога смачнейшага, — пахваліў ён дранікі.
Хвалілі яе за гаспадарчы спрыт і ўменне часта, але пахвала гэтага госця была чамусьці асабліва прыемная.
— Ешце на здароўе, Яўсей… Не ведаю, як вас па бацьку, — Вольга нечакана для сябе перайшла на «вы», пасля яго прызнання, што два дні не еў, і пасля таго, калі ўбачыла, як інтэлігентна ён есць, гуллівы тон знік, з’явіліся сур’ёзнасць, паважнасць.
— Сёння маё імя Віктар Андрэевіч, — паведаміў ён з таямнічай усмешкай. — Віктар Андрэевіч Ледзянёў…