Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гары Потэр і Філасофскі Камень

Дж. К. Роўлінг

Шрифт:

– Не забудзьце выканаць той зграбны паварот запясця, які мы з вамі рэпетавалі!
– прарыпеў прафесар Флітвік са свайго стосу кніг.
– Рэзка размахніцеся і лёгка секаніце, запомнілі? Размахнутцца і секануць. Акрамя таго, вельмі важна прамаўляць чароўныя словы правільна - не забывайце пра ведзьмака Баруфіа, які сказаў "у" замест "н" і апынуўся ў быка на рогах.

Як высвятлілася, задача была вельмі складанай. Гары з Шэймасам рэзка размахваліся і злёгеньку хвасталі, але пёрка, якое ім належыла запусціць у неба, нерухома ляжала на стале. Шэймас ад нецярпення тыкнуў у пёрка чароўнай палачкай, яно загарэлася, і Гары давялося тушыць пажар уласнай шапкай.

Рон за суседнім сталом таксама не дамогся адмысловых поспехаў.

– Вінгардзіўм Левіоза!
– адчайна выкрыкваў ён, як млын размахваючы доўгімі рукамі.

– Ты няправільна прамаўляеш, - лаялася Герміёна.
– Трэба казаць "Він-гар-ды-юм Ле-ві-о-за", "гар" павінна быць доўгім, а “ю” – болей мяккім.

– Сама і скажы, калі такая разумная, - злаваўся Рон.

Герміёна падкасала доўгія рукавы сукенкі, ліха ўхмахнула палачкай і сказала:

– Вінгардыюм Левіоза!

Пёрка ўзнялося над сталом і затрымцела ў паветры футах у чатырох над галовамі ў дзяцей.

– Выдатна!
– узрадаваўся прафесар Флітвік і запляскаў у ладкі.
– Усё паглядзелі на міс Грэйнджэр, у яе атрымалася!

Да канца ўроку Рон быў у кепскім настроі.

– Не дзіўна, што яе ўсё трываць не могуць, - сказаў ён Гары, калі яны ўдвух прабіраліся па перапоўненым калідоры, - гэта не дзяўчынка, а жах нейкі, папраўдзе.

Хтосьці на хаду ўрэзаўся ў Гары, і гэта была Герміёна. Выпадкова зірнуўшы ёй у твар, Гары са здзіўленнем убачыў, што яна ўся ў слёзах.

– Пэўна, яна пачула твае словы.

– Ну і што?
– з выклікам кінуў Рон, але выгляд у яго тым не менш зрабіўся збянтэжаны, - не магла ж яна не зазначыць, што ў яе няма сяброў.

Герміёна не прыйшла на наступны ўрок і не з'яўлялася ўсю другую палову дня. На шляху ў Вялікую Залу на святкаванне Хэлоўіна Рон з Гары пачулі, як Парваці Паціл узбуджана распавядае сваёй сяброўцы Лавандзе, што Герміёна плача ў туалеце і просіць, каб яе пакінулі ў спакоі. Рон збянтэжыўся яшчэ больш, але праз хвіліну яны ўжо ўвайшлі ў Вялікую Залу, святочнае ўбранне якой прымусіла тут жа забыцца на Герміёну.

Тысячы жывых кажаноў пляскалі крылцамі пад столлю і па сценах, утвараючы гірлянды, у той час, як яшчэ тысячы нізкімі аблокамі віселі над сталамі, ад чаго полымя свечак у гарбузах трапятала і напаўняла залу таямнічым святлом. Казачныя стравы з'явіліся на залатых талерках нечакана, гэтак жа, як гэта было на вячэры ў гонар пачатку навучальнага года.

Гары як раз набіваў рот печанай бульбай, калі ў залу ўварваўся прафесар Квірэл з перакошаным ад жаху тварам, і цюрбанам ссунутым набок. Ён падбег да крэсла прафесара Дамблдора, знясілена прываліўся да стала і з цяжкасцю прахрыпеў:

– Троль - у падзямеллі!!!

І споўз на пол у глыбокай непрытомнасці.

Пачалася паніка. Каб дамагчыся цішыні, запатрабавалася некалькі вялікіх пунсовых феерверкаў, выпушчаных чароўнай палачкай прафесара Дамблдора.

– Старасты!
– прабразгаў ён.
– Развядзіце навучэнцаў вашых каледжаў па спальнях! Неадкладна!

Персі апынуўся ў сваёй стыхіі.

– За мной! Першаклашкі, трымаецеся разам! Слухайцеся мяне, і ніякі троль нам не страшны! Так. Усе за мной і не адставайце! Гэй, прапусціце першакласнікаў! Прапусціце, я стараста!

– Як троль прабраўся ў школу?
– спытаў Гары, калі яны ўзбіраліся па лесвіцы.

– Адкуль я ведаю! Наогул тролі жудасна тупыя, прынамсі, так лічыцца. Можа, яго Піўз упусціў, з нагоды свята?

Паблізу іх у самых розных напрамках, спяшаючыся, прабягалі зграйкі школьнікаў. Калі яны праходзілі скрозь групу разгубленых хафлпафцаў, Гары раптам схапіў Рона за руку:

– Слухай, я раптам успомніў - Герміёна.

– Што Герміёна?

– Яна не ведае пра троля.

Рон прыкусіў губу.

– А, была не была!
– вырашыўся ён.
– Але лепш, калі Персі нас не прыкмеціць.

Па-качынаму нырнуўшы, яны схаваліся ў натоўпе хафлпафцаў, што ішлі ў процілеглым напрамку, праслізнулі па вольным боку калідора і панесліся да дзявоцкага пакою. Ледзь завярнуўшы за кут, яны пачулі за сабою паспешлівыя крокі.

– Персі!
– страшным шэптам вымавіў Рон, зацягваючы Гары за спіну масіўнага каменнага грыфона.

Аднак, асцярожна вызірнуўшы адтуль, яны ўбачылі зусім не Персі, а Снэйпа. Прафесар прайшоў па калідоры і знік з поля зроку.

– Што гэта ён тут робіць?
– бязгучна ўразіўся Гары.
– Чаму не ідзе ў падзямелле, як усе астатнія настаўнікі?

– Спытай што-небудзь лягчэй.

Ціха, наколькі можна, яны пракраліся па калідоры ўслед за сціхаючымі крокамі Снэйпа.

– Ён ідзе на трэці паверх, - сказаў Гары, але Рон у гэты час дакрануўся да яго рукі:

– Адчуваеш пах?

Гары ўдыхнуў і адчуў гідкі смурод, такі маглі б выдаваць брудныя шкарпэткі ў даўно не дагледжваемай грамадскай прыбіральні.

І тут яны пачулі нізкі рык і цяжкую хаду гіганцкіх ног. Страціўшы голас, Рон паказаў пальцам - злева, з далёкага канца калідора, на іх насоўвалася штосьці неверагоднае. Хлопчыкі ўціснуліся ў сценку і пашыранымі ад жаху вачамі сачылі, як гэта штосьці вымалёўваецца ў пляме месяцовага святла.

Гэта было жахлівае відовішча. Троль, дванаццаці футаў ростам, апрануту ў нейкую скуру агіднага гранітна-шэрага колеру. У яго былі кароткія, тоўстыя лапы і плоскія ступні. Пах ад яго зыходзіў неймаверны. У руцэ ён нёс вялізную драўляную дубіну, якая валачылася ззаду па зямлі, з-за таго, што рукі ў троля былі жудасна доўгія.

Троль спыніўся ў дзвярах нейкага пакоя і зазірнуў туды. Ён павёў доўгімі вушамі, відавочна напружваючы ў роздумах свой малюсенькі мозг, а потым павольна пераваліўся праз парог.

– Ключ у замку, - прамармытаў Гары, - мы можам яго замкнуць.

– Добрая думка, - нярвова пахваліў Рон.

Яны пракраліся да адчыненых дзвярэй, з перасохлымі ад страху ротамі, молячыся, каб троль не замануўся ў гэты час выйсці. Потым, адным доўгім скачком, Гары здолеў схапіць ключ, зачыніць дзверы і замкнуць іх.

– Ёсць!

Яны кінуліся назад па калідоры, але не паспелі дабегчы да кута, як пачулі гук, ад якога ў іх ледзь не спынілася сэрца - пранізлівы лямант жаху - і гэты лямант зыходзіў з толькі што зачыненага пакоя.

Поделиться с друзьями: