Гары Потэр і Філасофскі Камень
Шрифт:
– А між іншым, для Гары матулька прыстаралася, - заявіў Фрэд, узяўшы ў рукі швэдар Гары, - вось што значыць чужое дзіця.
- А ты свой чаму не апранаеш, Рон? Ну-ка, давай, ён цёплы і прыемны, - закамандаваў Джордж.
– Цярпець не магу барвовы, - застагнаў Рон нерашуча, нацягваючы каўнер на галаву.
– На тваім няма літары, - разглядаў Джордж швэдар малодшага брата, - Мабыць, маці ўпэўненая, што ты ніколі не забываеш свайго імя. Ёй неўздагад, што і мы не дурні - сапраўды ведаем, хто з нас Дрэд, а хто - Фордж.
– Што за шум?
– У дзверы прасунулася галава Персі Уізлі, з выразам крайняга неўхвалення на твары. Мяркуючы па ўсім, ён таксама ўжо часткова праглядзеў свае падарункі, ва ўсялякім разе, праз руку ў яго быў перакінуты швэдар, неадкладна заўважаны Фрэдам.
– "С"! Значыць - "стараста"! Давай, апранай, Персі, мы свае ўжо апранулі, і нават Гары.
– Я - не - жадаю… - задушана сіпеў Персі, пакуль двайняты сілай прапіхвалі яго галаву ў каўнер. У выніку гэтай працэдуры акуляры ў старасты з'ехалі набок.
– Усё адно ты сёння сядзіш з намі, - сказаў Джордж.
– Каляды - сямейнае свята.
Двайняты пакінулі спальню, валакучы Персі за рукі-за ногі ўніз галавой.
За ўсё жыццё ў Гары яшчэ не было такога раскошнага каляднага абеду. Сотні румяных смажаных індычак; горы смажанай і варанай бульбы; вялізныя талеркі маленькіх танюткіх сасісак; горы зялёнага гарошку з алеем; караваны срэбных соўснікаў з густой, духмянай падліўкай і журавінным соўсам - а таксама мноства чароўных крэкераў, расстаўленых па ўсім стале праз кожныя пару-тройку футаў. Гэты фантастычна прыгожы стол не ішоў ані ў якое параўнанне з тым, што звычайна робяць на Каляды маглы. Успомніць толькі жаласныя патугі Дурслі - яны ўпрыгожвалі калядныя стравы выродлівымі пластмасавымі цацкамі і ўбогімі папяровымі парасонікамі. Гары з Фрэдам на дваіх разламалі чароўны крэкер, і той не проста хруснуў - падарваўся з гарматным грукатам, накрыўшы хлопцаў клубамі блакітнага дыму, а знутры выскачыла контрадміральская фуражка і некалькіх жывых белых мышак. За Высокім Сталом сядзеў Дамблдор, які змяніў востраканцовы чароўны галаўны ўбор на саламяную рознакаляровую шапку, ён весела кудахтаў над анекдотам, які яму толькі што распавёў прафесар Флітвік.
За індычкай рушыў услед калядны пудынг, паліты палаючым пуншам. Персі ледзь не зламаў зуб аб запечаны ў яго кавалак срэбны сікль. Гары з цікаўнасцю назіраў за Хагрыдам. Той патрабаваў яшчэ і яшчэ віна і ўсё больш барвавеў тварам. Скончылася тым, што ён пацалаваў прафесара МакГонагал у шчаку, а тая, да вялікага здзіўлення Гары, счырванела і захіхікала, бы дзяўчо, і шапка яе пры гэтым з'ехала набок.
Калі Гары нарэшце ўстаў з-за стала, ён быў нагружаны ўсякімі цікавымі штучкамі з крэкераў, уключаючы пакунак паветраных шарыкаў, якія, згодна сцвярджэнням вытворцаў, ніколі не лопаюцца, набор для самастойнай гадоўлі бародавак і свае ўласныя новенькія чароўныя шахматы. Белыя мышкі зніклі, і ў Гары з'явілася прыкрае падазрэнне, што яны паслужаць каляднай вячэрай для місіс Норыс.
Гары разам з усімі братамі Уізлі правёў другую палову дня ў двары, з захапленнем кідаючыся снежкамі. Потым, змерзлыя, змоклыя і задыханыя, яны ўваліліся ў агульную гасціную "Грыфіндора" і паселі ў крэслы перад камінам, дзе Гары з Ронам абнавілі шахматны набор, прычым Гары з трэскам прайграў. Ён, праўда, быў упэўнены, што прайграў бы не так ганебна, калі б Персі не гэтак старанна падказваў яму, як хадзіць.
За вячэрай, якая складалася з сэндвічаў з індычкай, здобных куханоў, труфеляў і каляднага пірага, усе зноўку аб'еліся і да самога адыходу да сну не маглі ўжо нічым заняцца, а толькі валяліся ў крэслах і гультаявата назіралі, як Персі ганяецца за Фрэдам і Джорджам па ўсёй Грыфіндорской вежы - у двайнят хапіла энергіі сцягнуць у брата значок "стараста".
Для Гары гэта быў самы лепшы калядны дзень за ўсё жыццё, усё ж нешта не пераставала падспудна грызці яго. Але падумаць аб гэтым як след не было часу датуль, пакуль ён не забраўся ўвечар у ложак. Такім чынам: плашч-нябачнік і хто ж яго даслаў.
Рон, наеўшыся індычкі з пірагом і не маючы за душой ніякіх думак, якія б яго турбавалі, заснуў адразу, ледзь толькі лёг. А Гары звесіўся са свайго ложка і выцягнуў з-пад яго плашч-нябачнік.
Гэта належала яго бацьку… бацьку… Ён лёгка перабіраў матэрыял у руках, і той струменіўся між пальцамі, мякчэй за шоўк, лягчэй паветра. “Выкарыстай яго з розумам”, было сказана ў занатоўцы.
Трэба памераць, зараз жа. Ён выслізнуў з ложка і закруціўся ў плашч. Зірнуўшы на ўласныя ногі, ён убачыў толькі цені ды месячнае святло. Вельмі дзіўнае адчуванне.
Выкарыстай яго з розумам.
Раптам Гары адчуў прыліў незвычайнай бадзёрасці. З гэтым плашчом перад ім адчынены ўвесь "Хогвартс". Хвалі нецярплівай узрушанасці прабягалі па целе, пакуль ён вагаючыся стаяў у маўклівай цемры спальні. У гэтым плашчы можна прайсці куды заўгодна, і ніякі Філч нічога не западозрыць.
Рон замармытаў у сне. Абудзіць яго? Нешта ўтрымала Гары - плашч яго бацькі - гэтым разам ён адчуў крэўную сувязь - упершыню - і яму захацелася застацца з плашчом сам-насам.
Гары паціху выбраўся са спальні, уніз па лесвіцы, праз гасціную, і ўскараскаўся ў адтуліну за партрэтам.
– Хто тут?
– каркнула Тоўстая Цётка спрасонку. Гары нічога не адказаў. Ён пашыбаваў па калідоры.
Куды жа накіравацца? Ён спыніўся, ягонае сэрца шалёна калацілася, і стаў думаць. І раптам да яго дайшло - Зачынены Аддзел бібліятэкі! Ён зможа чытаць колькі пажадпе, столькі, колькі спатрэбіцца, каб адшукаць інфармацыю пра Нікаласа Фламеля. І Гары зрушыўся ў шлях, аберуч прытрымліваючы плашч, каб той не расхінуўся.
У бібліятэцы стаяла непраглядная цемрадзь і наогул было вельмі змрочна і жудасна. Гары запаліў лямпу, каб ведаць, куды ісці і не натыкнуцца на паліцы. Падавалася, што лямпа сама плыве ў паветры. Гары хоць і ведаў, што гэта ён нясе лямпу і адчуваў яе ў сваёй руцэ, ды ўсё адно ад гэтага відовішча нават у яго па спіне паўзлі мурашкі.
Зачынены Аддзел размяшчаўся ў задняй частцы бібліятэкі справа. Акуратна пераступіўшы заграджэнне, што аддзяляла забароненыя кнігі ад усіх астатніх, Гары прыўзняў лямпу вышэй і стаў чытаць загалоўкі.
Загалоўкі сказалі яму не занадта шмат. Аблупленыя, абгарэўшыя залатыя літары на карэньчыках утваралі словы на мовах, аб якіх Гары ніколі не чуў. У некаторых кніг загалоўка не было зусім. На вокладцы адной кнігі цямнела пляма, якая падазрона нагадвала кроў. Можа быць, яму здавалася, а можа быць, і не, але толькі ён выразна чуў ціхі шапаток, які даносіўся ад кніжных стэлажоў, як быццам тутэйшыя насельнікі адчулі, што хтосьці старонні, хтосьці, каму не варта тут знаходзіцца, уварваўся ў іх жыллё.
Аднак, трэба з чагосьці пачаць. Асцярожна паставіўшы лямпу на пол, Гары абвёў поглядам ніжнюю паліцу ў пошуках якой-небудзь кніжкі з цікавай вокладкай. Яго ўвагу прыцягнуў вялікі чорны з срэбрам фаліянт. Не без цяжкасці - кніга была вельмі вялікай - Гары выцягнуў яе з паліцы, і, паклаўшы яе на калені, разгарнуў.
Пранізлівы лямант, ад якога кроў застыла ў жылах, прарэзаў урачыстую цішыню бібліятэкі - кніга закрычала! Гары паспешна загарнуў яе, але лямант не змаўкаў, ён разносіўся ва ўсе бакі на адной бесперапыннай, высокай ноце. Гары ніякавата адступіў назад і перакуліў лямпу, якая адразу жа згасла. Хлопчык запанікаваў, і тут у давяршэнне ўсіх бед з калідора пачуў чыесці імклівыя крокі. Гары хутчэй запхнуў крыклівую кнігу на месца і панёсся да выхада. Ён абмінуў Філча ў праходзе; бясколерныя, дзікія вочы паглядзелі прама скрозь яго. Гары прашмыгнуў пад выцягнутай у бок рукой і бясшумна заслізгаў прэчкі па калідоры, але ляманты патурбаванага фаліянта яшчэ доўга звінелі ў яго ў вушах.