ЖАНРЫ

Гары Потэр і Філасофскі Камень

Дж. К. Роўлінг

Шрифт:

Герміёна так і падскокнула. Даўно яна не была так узбуджаная, мабыць, з тых часоў, як ім выдалі сшыткі з адзнакамі за самую першую хатнюю працу.

– Чакайце тут!
– выгукнула яна і панеслася ў спальню. Гары з Ронам хапіла часу толькі на тое, каб абмяняцца заінтрыгаванымі поглядамі, а Герміёна ўжо прыляцела назад з вялізнай старажытнай кнігай у руках.

– Ніколі б не падумала, што тут таксама трэба шукаць!
– узбуджана шаптала яна.
– Я узяла гэта ў бібліятэцы даўным-даўно, так, лёгкае чытанне перад сном.

– Лёгкае?
– усумніўся Рон. Герміёна цыкнула на яго, каб ён паводзіў сябе ціха, пакуль яна не знойдзе тое, што трэба, і, мармычучы пра сябе, пачала са страшнай хуткасцю гартаць старонкі.

У рэшце рэшт яна адшукала патрэбнае месца.

– Я так і ведала! Я так і ведала!

– Казаць можна або яшчэ не?
– спытаў Рон атрутна. Герміёна не звярнула на яго ніякай увагі.

– Нікалас Фламель, - прачытала яна ўрачыста, - з'яўляецца адзіным вядомым на сённяшні дзень стваральнікам філасофскага камня!

Але гэта не стварыла эфекта, на які разлічвала дзяўчынка.

– Чаго?
– хорам спыталі Гары і Рон.

– Ды няўжо вы не ведаеце? Слухайце - не, лепш самі прачытайце, вось тут.

Герміёна падштурхнула кніжку бліжэй, і Гары з Роном прачыталі наступнае:

Сярэднявечныя даследаванні ў вобласці алхіміі ўяўлялі сабою спробы стварыць так званы філасофскі камень, легендарнае рэчыва дзіўнай чароўнай сілы. Лічылася, што камень здольны ператварыць любы метал у чыстае золата. Таксама з яго дапамогай можна было вырабляць Эліксір Жыцця, напой, які дарыў неўміручасць таму, хто яго вып'е.

На працягу шматлікіх стагоддзяў неаднаразова з'яўляліся паведамленні аб стварэнні філасофскага камня, аднак, адзіны рэальна наяўны камень належыць містэру Нікаласу Фламелю, знакамітаму алхіміку і прыхільніку оперы. Містэр Фламель, які летась адзначыў свой шэсцьсот шэсцьдзесят пяты дзень нараджэння, вядзе самотнае жыццё ў Дэвоне разам са сваёй шэсцьсотпяцідзесяцівасьмігадовай жонкай Перанэлай.

– Разумееце?
– усклікнула Герміёна, з цяжкасцю дачакаўшыся, калі Гары і Рон нарэшце скончаць чытаць.
– Сабака ахоўвае філасофскі камень Фламеля! Няма сумненняў - Фламель папрасіў Дамблдора схаваць камень, бо яны сябры! Фламель ведаў, што за каменем хтосьці палюе, вось і вырашыў забраць яго з "Грынгатса"!

– Камень, які робіць золата і не дае памерці, - сказаў Гары.
– нядзіўна, што Снэйп жадае яго займець. Хто заўгодна б захацеў.

– Тым больш нядзіўна, што мы не знайшлі Фламеля ў "Найважных вынаходніцтвах сучаснай магіі", - уставіў Рон. – Які ж ён сучасны, калі яму шэсцьсот шэсцьдзесят пяць, праўда?

Наступнай раніцай на абароне ад сіл зла, перапісваючы з дошкі спосабы лячэння ад укусаў пярэваратняў, Гары з Ронам усё яшчэ абмяркоўвалі, што б яны сталі рабіць з філасофскім каменем, калі б ён у іх быў. І, пакуль Рон не сказаў, што ён бы набыў уласную квідытчную каманду, Гары не ўспамінаў ні пра Снэйпа, ні пра матч.

– Ведаеце, я буду гуляць, - рашуча паведаміў ён Рону і Герміёне, - калі я не выйду на поле, Слізэрынцы падумаюць, што я збаяўся, спалохаўся Снэйпа. Я ім пакажу!… Калі мы выйграем, дык хаця б з іх твараў знікнуць гэтыя гнюсныя усмешачкі!

– Так, вядома, але калі толькі не давядзецца пасля матчу сашкрабаць з поля, - сказала Герміёна.

***

Матч набліжаўся, і Гары нерваваўся ўсё больш, што б ён там ні казаў сваім сябрам. Астатнія чальцы каманды таксама вельмі турбаваліся. Вядома, думка аб перамозе над "Слізэрынам" у чэмпіянаце школы ўсіх прыводзіла ў захапленне, бо ўжо сем гадоў гэта нікому не атрымоўвалася, але вось ці атрымаецца, з такім прадузятым суддзёй?

Акрамя таго, у Гары стварылася ўражанне - хоць упэўненасці, вядома, не было - што Снэйп паўсюль ходзіць за ім. Спадзяецца заспець знянацку? Урокі зеллеварэння ператварыліся ў штотыднёвыя пакуты, да таго жорсткі быў з Гары Снэйп. Можа быць, здагадаўся, што яны даведаліся пра філасофскі камень? Незразумела, праўда, якім чынам... Часам Гары з жахам думаў, што Снэйп умее чытаць думкі.

Калі на наступны дзень сябры жадалі Гары поспеху перад дзвярамі распранальні, ён адчуваў, што яны разважаюць пра сябе, ці давядзецца яшчэ ўбачыць яго жывым - і гэта зусім не супакойвала. Наўрадці Гары пачуў хоць слова з той балбатні, якой частаваў яго Вуд, пакуль ён апранаўся ў форму і агледжваў у руках свой знакаміты "Німбус 2000".

Тым часам, Рон з Герміёнай знайшлі сабе на трыбуне месца побач з Нэвілам, які ніяк не мог зразумець, чаго гэта яны такія хмурныя і ўстрывожаныя і навошта гэта яны прынеслі з сабою на матч чароўныя палачкі. Гары аб гэтым не ведаў, але Рон і Герміёна даўно ўжо таемна практыкаваліся ў накладанні Кайданнага Праклёну. Ідэю, па сутнасці, падаў Малфой, калі наклаў гэты праклён на Нэвіла, але зараз хлопцы рыхтаваліся ўжыць яго ў дачыненні да Снэйпа, калі той выявіць хоць найменшы намер прычыніць шкоду Гары.

– Не забудзь - Лакамотар Морціс, - мармытала Герміёна ў вуха Рону, пакуль той хаваў чароўную палачку ў рукаў.

– Я памятаю, - раздражнёна адгыркнуўся Рон.
– Не нудзі.

 У гэты час у распранальні Вуд адвёў Гары ўбок.

– Не жадаю аказваць на цябе ціск, Потэр, але ніколі яшчэ не было так важна схапіць Сніч як мага хутчэй. Трэба скончыць гульню раней, чым Снэйп паспее занадта моцна подсудзіць "Хафлпафу".

– Уся школа сабралася!
– загарлапаніў Фрэд Уізлі, саўгануўшы галаву ў дзверы.
– Нават, перапрошваю, Дамблдор падваліў!

Сэрца ў грудзях ў Гары выканала сальта-мартале.

– Дамблдор?
– перапытаў ён, кінуўшыся да дзвярэй, каб пераканацца. Фрэд не ашукваў. Срэбную бараду немагчыма было не заўважыць.

Гары ледзь было не засмяяўся, такую палёгку адчуў. Зараз ён у бяспецы. Не можа быць і гаворкі аб тым, каб Снэйп паспрабаваў напасці на яго ў прысутнасці Дамблдора.

Магчыма, менавіта таму ў Снэйпа быў такі злы выраз твару, калі каманды выходзілі на поле - гэта не схавалася і ад вачэй Рона.

– Ніколі не бачыў Снэйпа такім страшным, - шапнуў ён Герміёне.
– Глядзі - узлятаюць. Ой!

Хтосьці стукнуў Рона па патыліцы. Гэта быў Малфой.

– Ах, выбачай, Уізлі, я цябе не заўважыў.

Малфой зарагатаў, а потым звярнуўся да сваіх сябрукоў Крэба і Гойла:

– Цікава, як доўга гэтым разам Потэр збіраецца пратрымацца на мятле? Паспрачаемся? А ты, Уізлі, жадаеш пары?

Рон не адказаў; Снэйп толькі што даў хафлпафцам права на пенальці з-за таго, што Джордж Уізлі патрапіў у яго Нападалай. Герміёна, прыжмурыўшыся, неймаверным чынам скрыжыўшы пальцы і трымаючы рукі на каленях, пільна сачыла за Гары, які каршаком кружыў над гульцамі і выглядаў Сніч.

Поделиться с друзьями: