Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
– Вы вырашылi, а як след не падумалi. Што ў нас на свеце засталося? Нiчога, толькi мы самi. Толькi сям'я i засталася, больш нiчога. Ледзь з месца зрушылi, i дзед лёг у зямлю. А цяпер вось вы самi сям'ю разбiваеце.
Том усклiкнуў:
– Мы ж вас дагонiм, ма! Мы тут нядоўга затрымаемся.
Мацi павяла рычагом ад дамкрата.
– Дапусцiм, мы зробiм прывал, а вы мiма праедзеце, што тады? Дапусцiм, прыехаўшы туды, мы не знойдзем, дзе вам вестку пакiнуць, дык адкуль вы будзеце ведаць, дзе нас шукаць?
– Памаўчаўшы, мацi дадала: - Горкая нас чакае дарога. Бабка зусiм хворая. Ляжыць там наверсе, на грузавiку, чаго добрага, за дзедам пойдзе. Сiлы яе пакiдаюць. Доўгая, горкая нас чакае дарога.
Умяшаўся дзядзька Джон:
– Але ж там можна грошай зарабiць. Паспелi б крыху нават i сабраць, пакуль астатнiя пад'едуць.
Позiркi ўсiх зноў скiравалiся на мацi. Цяпер яна была галоўная. Стырно ўлады перайшло да яе.
– Адны тыя грошы, што мы заробiм, нам мала шчасця прынясуць. Самае дарагое, што ў нас ёсць, гэта сям'я. Калi ваўкi нападаюць на статак, каровы трымаюцца кучкай, цiснуцца адна да адной. Мне нiчога не страшна, пакуль мы ўсе разам, - усе, хто жывы яшчэ, i разбiваць сям'ю я не дазволю. З намi Ўiлсан, з намi прапаведнiк. Калi яны захочуць ехаць, што я iм скажу? Але калi дзецi мае пачнуць адбiвацца ад сям'i, дык мяне не ўтрымаеш, пушчу ў ход вось гэту жалезiну.
– У голасе яе гучалi жорсткасць i рашучасць.
Том супакойлiва сказаў:
– Тут нам, ма, усiм нельга заставацца. Вады няма. I нават ценю мала. А бабку ж трэба ў цянi пакласцi.
– Ну што ж, добра, - сказала мацi, - паедзем далей. Спынiмся там, дзе будзе цень i вада. Грузавiк вернецца i павязе цябе ў горад. Купiш там тое, што трэба, i на грузавiку прыедзеш назад. Не тупаць жа пеша ў такую спёку. I наогул аднаго цябе я не адпушчу - раптам арыштуюць, а заступiцца не будзе каму.
Том падцiснуў губы i гучна цмокнуў. Бездапаможна развёў рукамi i ляпнуў сябе па бёдрах.
– Та, - сказаў ён, - калi б ты падхапiў яе з аднаго боку, а я з другога, а астатнiя навалiлся б на яе ўсёй кучай ды яшчэ бабка скочыла б на яе зверху, тады мы, можа, i справiлiся б з ёю, перш чым яна ўлажыла б гэтай жалязякай, ну там двух цi трох з нас, не больш. Але ж табе, зразумела, не хочацца дзiрку ў галаве атрымаць, а мама, глянь, як кiпiць. Ого, на што здольны адзiн, але рашучы чалавек - цэлы натоўп раскiдае. Перамога за табой, ма. Толькi штучку гэтую кiнь, пакуль каго-небудзь не пакалечыла.
Мацi са здзiўленнем глянула на жалезны рычаг у руцэ, пальцы яе ўздрыгнулi, i яна кiнула сваю зброю на зямлю. Том з падкрэсленай асцярогай падняў рычаг ад дамкрата i паклаў на ранейшае месца.
– Ты, тата, выпусцi пару, ты, Эл, саджай усiх на грузавiк, знайдзi месца для прывалу, дапамажы i вяртайся сюды. А мы з прапаведнiкам знiмем паддон. Пабачым, як работа пойдзе, можа, яшчэ дацямна зганяем у Санта-Росу i дастанем там шатунны падшыпнiк. Магчыма, i ўдасца - яшчэ ж субота. Толькi давай не марудзь, каб нам паспець. Прынясi з грузавiка развадны ключ i пласкагубцы. Том прасунуў руку пад нiз машыны i памацаў замаслены паддон.
– I яшчэ дай мне сюды бляшанку якую цi вядро - я масла спушчу. Яго трэба берагчы.
– Эл прынёс вядро, Том падставiў яго пад машыну i пласкагубцамi аслабiў каўпачок. Пакуль ён адкручваў яго пальцамi, чорнае масла залiвала яму руку, а потым бясшумным струменем хлынула ў вядро. Да таго часу, як налiлася палова вядра, Эл паспеў ужо ўсiх пасадзiць на грузавiк. Запэцканы маслам Томаў твар вызiрнуў мiж двух колаў легкавой машыны.
– Хутчэй вяртайся!
– крыкнуў Том i пачаў адкручваць балты паддона. Грузавiк тым часам асцярожна пераехаў неглыбокi кювет i пайшоў па шашы. Балты Том адкручваў па чарзе толькi на адзiн абарот, каб не папсаваць пракладкi. Прапаведнiк апусцiўся каля колаў на каленi.
– А мне што рабiць?
– Пакуль што нiчога. Сцячэ масла, я выкручу балты, i ты паможаш мне апусцiць паддон.
– Том зусiм запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом i выкручваючы iх пальцамi. Бакавыя балты ён адкруцiў не да канца, каб паддон не звалiўся.
– Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, - зазначыў Том i запытаўся: - Што гэта ты, Кейсi, апошнiя днi такi маўклiвы стаў? Чаму? Калi мы з табой першы раз стрэлiся, ты ледзь не кожныя паўгадзiны прамовы гаварыў. А за гэтыя два днi i дзесяцi слоў не вымавiў. Што з табой - занудзiўся?
Кейсi ляжаў на жываце, зазiраючы пад машыну. Зарослы рэдкай шчэццю падбародак апiраўся на тыльны бок рукi. Капялюш ссунуўся на патылiцу, прыкрыўшы ззаду шыю.
– Я на ўсё жыццё нагаварыўся, як быў прапаведнiкам, - сказаў ён.
– Ну так, але ж часам ты слушна гаварыў.
– Я ўвесь растрывожаны, - сказаў Кейсi.
– Калi быў прапаведнiкам, я надта не задумваўся, а цяпер вось дайшло: здорава распуснiчаў я тады. А цяпер, раз я не буду больш прапаведаваць, мне трэба ажанiцца. Ведаеш, Томi, вельмi ўжо кроў зайграла.
– У мяне таксама, - сказаў Том.
– У той дзень, як я выйшаў з Макалестара, я проста дымiўся. Падчапiў нейкую дзеўку, шлюху. Што потым было, табе не скажу. Гэтага я нiкому сказаць не магу.
Кейсi засмяяўся:
– Што было потым, я ведаю. Неяк раз я адышоў у пустыню папасцiцца, а калi выйшаў, са мной тое самае было.
– Чорт ведае што!
– сказаў Том.
– Грошай я не патрацiў нi цэнта, але дзеўцы той здорава дасталося. Вiдаць, падумала, я чокнуты. Трэба было, безумоўна, заплацiць. Толькi ў мяне за душой нiчога не было, акрамя пяцi зялёненькiх. Яна сказала, што грошай ёй не трэба. Ну, залазь сюды, трымай. Зараз я яго выслабаню. Ты адкруцi вось гэты болт, а я той, што з майго боку, тады пойдзе лёгка. Асцеражней з пракладкай. Цяпер увесь цалкам i выйдзе. Стары "додж" - усяго чатыры цылiндры. Ужо раз неяк такi разбiраў. Карэнныя падшыпнiкi вялiзныя, як мускатныя дынi. Ну апускай... мацней трымай. Прасунь руку, там пракладка задзёрлася... лягчэй. Ну вось!
– Замаслены паддон ляжаў мiж iмi на зямлi, i ў карытцах яго яшчэ заставалася крыху масла. Том выняў з аднаго карытца кавалак бабiту.
– Вось, - сказаў ён i пакруцiў абломак пальцамi.
– Вал стаiць каленам угору. Там, ззаду, у машыне завадная ручка, вазьмi яе. Пакруцi, пакуль я не крыкну.
Кейсi падняўся, знайшоў завадную ручку i прыладзiў да матора.
– Ну, можна?
– Давай крутнi... цiшэй... яшчэ трохi... яшчэ крышачку, ага, вось... Хопiць.
Кейсi апусцiўся на каленi i зазiрнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнiкам па каленчатым вале.
– Так яно i ёсць.
– А чаму, па-твойму, гэта здарылася?
– пацiкавiўся Кейсi.
– Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спiдометры шэсцьдзесят тысяч мiль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят - колькi разоў лiчбы назад пераводзiлi, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў - можа, хто з маслам недагледзеў цi яго проста не хапiла.
– Том выцягнуў шплiнты i захапiў ключом адзiн з балтоў, што трымалi падшыпнiк. Рэзка павярнуў ключ, i ён сарваўся з галоўкi балта. На тыльным баку рукi з'явiўся доўгi i глыбокi парэз. Том глянуў на ранку - з яе выступiла кроў i, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.
– Дрэнь справа, - сказаў Кейсi.
– Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.
– А, дробязь! Яшчэ нiколi не бывала, каб я разок не паранiўся, калi з машынай важдаюся. Цяпер ужо больш няма чаго баяцца.
– Том зноў прыладзiў ключ.
– Шкада, тарцовага няма, - сказаў ён i, пастукваючы асновай далонi па дзяржаннi ключа, адзiн за адным аслабiў усе балты на падшыпнiку, выцягнуў iх i паклаў у паддон разам са шплiнтамi i балтамi ад паддона. Зняў шатун з поршнем i таксама паклаў у паддон.
– Ну, дзякуй богу!
– Том вылез з-пад машыны, абцёр руку аб мешкавiну i агледзеў рану.
– Свiшча, сволач!
– сказаў ён.
– Зараз спынiм.
– Ён памачыўся, згроб з зямлi жменю мокрага пяску i прыклаў да раны. Неўзабаве кроў спынiлася.
– Лепшага сродку спынiць кроў няма, - сказаў Том.
– Павуцiнне таксама памагае, - зазначыў Кейсi.
– Правiльна, але павуцiння не заўсёды дастанеш, а мачу - калi заўгодна. Том сеў на падножку i пачаў разглядаць расплаўлены падшыпнiк.
– Цяпер каб знайсцi дзе "додж" дваццаць пятага года. Знiмем з яго шатун з пракладкамi i, можа, наладзiм. А Эл, пэўна, заехаў чорт ведае куды.
Цень ад рэкламнага шчыта выцягнуўся цяпер футаў на шэсцьдзесят. Ужо было далёка за поўдзень. Кейсi таксама сеў на падножку i паглядзеў на захад.
– Хутка мы апынемся сярод высокiх гор, - прамовiў ён i змоўк. Потым паклiкаў: