Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Бацька з годнасцю адказаў:
– Будзем рабiць тое, што нам прапануюць. У iх там работы шмат.
Чалавек у лахманах цiхенька рагатнуў. Том з раздражненнем павярнуўся да яго.
– А што тут такога смешнага?
Абадранец сцяў губы i панура ўтаропiўся на маснiцы ганка.
– Вы, няйначай, у Калiфорнiю едзеце?
– Я табе сам гэта сказаў, - адказаў бацька.
– Падумаеш, якi здагадлiвы знайшоўся!
Абадранец паволi прагаварыў:
– А я... я вяртаюся адтуль. Пабыў ужо там.
Твары людзей iмгненна павярнулiся да яго. Усе напружана чакалi. Лiхтар на ганку перастаў шыпець i цiха пыхкнуў. Гаспадар апусцiў пярэднiя ножкi крэсла на падлогу, падняўся, падпампаваў лiхтар, i той зноў гучна i тонка зашыпеў. Гаспадар вярнуўся на месца, але ўжо не адкiнуўся да сцяны. Чалавек у лахманах абвёў позiркам твары людзей.
– Еду назад памiраць галоднай смерцю. Лепш ужо адразу з голаду памерцi.
Бацька сказаў:
– Што ты вярзеш? У мяне вось рэкламны лiсток ёсць - там пра добрыя заробкi пiшацца, а надоечы я i ў газеце чытаў: iм зборшчыкi фруктаў патрэбныя.
Абадранец павярнуўся да бацькi:
– А ў цябе ёсць куды вярнуцца?
– Няма. Нас сагналi з зямлi. Прайшлiся трактарамi аж да самага дома.
– Назад, значыць, не павернеш?
– Вядома, не.
– Тады не буду цябе расстройваць.
– А ты мяне i не расстроiш. У мяне лiсток ёсць, там сказана, што людзi патрэбны. Дарэмна ж не будуць пiсаць такiя лiсткi. Яны вялiкiх грошай каштуюць. Iх не друкавалi б, каб не было патрэбы ў людзях.
– Не буду цябе расстройваць.
Бацька сярдзiта сказаў:
– Дурасць нейкую ляпнуў, а адрачыся не хочаш. У лiстку ж ясна напiсана: людзi патрэбныя. А ты на смех мяне падымаеш, кажаш: не, не патрэбныя. Хто ж з нас iлжэ?
Абадранец паглядзеў у сярдзiтыя вочы бацькi, i позiрк яго пахмурнеў.
– У лiстку ўсё правiльна, - сказаў ён.
– Людзi патрэбныя.
– Якога ж ты чорта бударажыш нас сваiм смехам?
– Бо вы не ведаеце, якiя iм людзi патрэбныя.
– Куды ты хiлiш?
Сабраўшыся з духам, абадранец сказаў:
– Слухай, колькi iм там чалавек трэба?
– Восемсот напiсана, а гэта ж толькi ў адным маленькiм месцы.
– Аранжавы такi лiсток?
– Аранжавы.
– Там i прозвiшча стаiць... такi i такi агент па найме?
Бацька палез у кiшэню i выцягнуў з яе складзены папалам лiсток.
– Правiльна. Адкуль ты ведаеш?
– Паслухай, - сказаў абадранец, - усё гэта лухта. Яму трэба восемсот рабочых. Ён бярэ i друкуе пяць тысяч лiсткоў, i яны трапляюць на вочы, можа, дваццацi тысячам чалавек. Тысячы дзве-тры з iх зрываюцца з месца - тыя, у каго розум памутнеў ад гора.
– Дык гэта ж нейкая бязглуздзiца!
– усклiкнуў бацька.
– А ты спярша стрэнься з чалавекам, якi выпускае такiя лiсткi. З iм самiм альбо з тым, хто на яго працуе. Пажывi ў лагеры ля прыдарожнай канавы разам з паўсотняй такiх самых сем'яў, як твая. Чалавек гэты зазiрне ў тваю палатку, гляне, цi засталося ў цябе што ў рот пакласцi, i, калi ўбачыць, што пуста, запытае: "Хочаш работу атрымаць?" Ты ўзрадуешся: "Вядома, хачу, мiстэр. Вялiкi вам дзякуй за такую прапанову". А ён скажа: "Я вазьму цябе". Ты запытаеш: "Калi выходзiць?" Ён табе ўсё расталкуе - i куды прыходзiць, i а якой гадзiне - i далей пойдзе. Яму, можа, усяго дзве сотнi рабочых патрэбныя, а ён пагаворыць з пяццю сотнямi, а тыя яшчэ i iншым раскажуць, i, калi ты прыйдзеш, куды табе сказана, там iх ужо тысяча. Тады чалавек гэты абвесцiць: "Я плачу дваццаць цэнтаў у гадзiну". Каля паловы з тых, што прыйшлi, назад пойдзе, але чалавек пяцьсот застанецца - яны так згаладалiся, што гатовыя i за сухi праснак працаваць. У агента гэтага кантракт на збор персiкаў альбо на збор бавоўны. Цяпер дайшло? Чым больш набяжыць народу i чым людзi галаднейшыя, тым менш ён плацiць будзе. А калi яму трапляюцца шматсямейныя, з дзецьмi малымi... дык... Ах, чорт! Я ж казаў, што не буду расстройваць цябе.
Людзi пазiралi на чалавека ў лахманах халоднымi вачамi, ацэньваючы кожнае яго слова. Ён сумеўся.
– Сказаў, што не буду расстройваць, але ж вось не стрымаўся. Ты ўсё роўна паедзеш. Назад не павернеш.
На ганку запанавала цiшыня. А лiхтар шыпеў, i вакол яго вяночкам кружылiся начныя матылi. Чалавек у лахманах усхвалявана загаварыў:
– Я параю табе, што рабiць; калi такi вось агент пачне на працу зазываць. Слухай! Ты спытайся ў яго, колькi ён плацiць будзе. Скажы яму, няхай на паперцы табе напiша. Папрасi, няхай напiша. Я ўсiм вам кажу: вас абдураць, калi вы гэтага не зробiце.
Гаспадар, седзячы на крэсле, падаўся наперад, каб лепш разгледзець гэтага абадранага, бруднага чалавека. Ён пачухаў зарослыя сiвымi валасамi грудзi i халодным тонам запытаўся:
– А ты часам не з бунтаўшчыкоў гэтых? Не з рабочых-падбухторшчыкаў?
Чалавек у лахманах выгукнуў:
– Не, бог сведка!
– Iх шмат развялося цяпер, - сказаў гаспадар.
– Швэндаюцца тут, людзей баламуцяць. Народ з толку збiваюць. У злосць уводзяць. Iх шмат бадзяецца тут. Але хутка мы прыбяром iх да рук, усiх баламутаў гэтых. Прагонiм з краiны. Хочаш працаваць - цудоўна. Не хочаш - чорт з табой. Падбухторваць мы не дазволiм.
Чалавек у лахманах выпрастаўся.
– Я хацеў перасцерагчы вас, людзi, - сказаў ён.
– Цэлы год прайшоў, пакуль я разабраўся ва ўсiм гэтым. Спачатку двух дзяцей пахаваў i жонку, i толькi тады зразумеў. Але вам не ўтлумачыш, я ведаю. Мне таксама не ўтлумачылi ў свой час. Хiба ж раскажаш пра тое, як малыя ляжаць у палатцы з успушанымi жыватамi, а самi - скура ды косцi, дрыжаць i скавычуць, як шчанюкi, а я бегаю, работы шукаю... не за плату, не за грошы!
– выкрыкнуў ён.
– Госпадзi, хоць за кубак мукi i лыжку здору! А потым прыходзiць следчы. Смерць дзяцей настала ад сардэчнай недастатковасцi, кажа. Так i запiсаў. Iх калацiла, а жываты надзьмутыя, як пузыры парасячыя.
Навокал яго ўсе маўчалi, трохi раскрыўшы раты. Амаль стаiўшы дыханне, пазiралi на чалавека ў лахманах.
Ён абвёў позiркам кола твараў, павярнуўся i шпарка пайшоў прэч, у цемру. Яна праглынула яго, але доўга яшчэ чулася шарканне крокаў, шоргат ног па дарозе. Па шашы прамчалася легкавая машына, i фары яе на мiг вырвалi з цемры постаць чалавека: ён iшоў, валакучы ногi, нiзка апусцiўшы галаву, засунуўшы рукi ў кiшэнi чорнага пiнжака.
Людзi каля ганка неспакойна заварушылiся. Нехта прамовiў:
– Ну што ж, час ужо познi. Трэба спаць класцiся.
Гаспадар сказаў:
– Лайдак нейкi. Цяпер па дарогах шмат такiх бадзяецца.
– I змоўк. Адкiнуўся разам з крэслам да сцяны, пачухаў шыю пад падбародкам.
Том сказаў:
– Зайду на хвiлiнку да мацi, а тады крыху далей ад'едзем.
Джоўды пайшлi ад ганка.Бацька сказаў:
– А што, калi ён праўду казаў?
Яму адказаў прапаведнiк:
– Вядома, праўду. Сваю праўду. Ён нiчога не выдумляў.
– А мы як?
– запытаўся Том.
– Для нас гэта таксама праўда?