Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
Калі пальцы дакрануліся да гладкай, крыху вільготнай ад начной сырасці сумкі, Санька супакоіўся. Усё тут. Вось і пісталет. Цяпер толькі бясшумна выбрацца з-пад акна, а там па агародах, па глухіх закутках на балота, у лазу. Лаві тады ветру ў полі.
Страшэнны ўдар прыйшоўся якраз па галаве. У вушах зазвінелі званы, ярка ўспыхнулі і патухлі зоркі, і Санька паляцеў у чорную бездань. Ён не чуў, як, акружыўшы яго, перагаварваліся немцы:
— Партызан! Партызан!
32. Я ІДУ У ПАРТЫЗАНЫ
Я чакаю Саньку за гарадзішчам, як было і дамоўлена, пад нахіленым стогам. Чакаю гадзіну, другую, да глыбокай ночы, а яго ўсё няма. Некалькі разоў мне карцела пайсці яму насустрач, але боязна размінуцца, боязна ў цемры наткнуцца на патруля.
Пракрычалі першыя, а затым і другія пеўні, а Санькі не відаць і не чуваць. Мутарна становіцца на душы, у сэрца крадзецца трывога. Што там здарылася? Можа яго застрэлілі? Адзін раз мільганула думка і аб здрадзе. Сам пайшоў, а мяне кінуў.
Дзесьці на краі вёскі грымнуў стрэл. Трасіруючая куля працягнула агністую нітку ад зямлі да неба і згубілася сярод зорак. Забрахалі ў дварах сабакі. Можа гэта Санька там напароўся?
Раніцой па агародах я прабраўся дамоў. Мяне сустрэла бабуля са слязьмі і лямантам.
— Прападзі ты пропадай са сваёй помаччу,— загаласіла яна. — Пазбаў ты маю галовачку ад бяды. Адзін ужо даскакаўся, дапартызаніўся, дапартызанішся і ты...
Бабуля і слухаць не хоча, каб я ішоў пасвіць карову. Яна сама прыгоніць Рыжую дамоў, а мне з хаты не дасць носа высунуць. Што яна скажа тады майму бацьку, калі і мяне схопяць? Даруй, Кірыла, не ўберагла? Як яна тады ў вочы людзям будзе глядзець? Саньку, аказваецца, немцы схапілі.
Я ляпнуў дзвярыма, крыкнуў, што зараз вярнуся, і памчаўся на вуліцу. У сенцах зноў узняўся лямант. Бабуля мяне не дагоніць і думае ўзяць слязьмі.
Падыходзіць да Санькавай хаты небяспечна. На мяне падазрона касавурыцца вартавы. Хлопцаў на вуліцы не відаць, няма ў каго распытаць, дзе зараз наш Чапаеў. 3 дарослых ніхто толкам нічога не ведае: кажуць, што яго замкнулі ў школьным склепе, у былой валасной халоднай. Але да халоднай не падысці, там побач з ёй, каля палявой кухні, увесь час таўкуцца немцы.
План прыйшоў у галаву сам сабой, і, па-мойму, някепскі план. Трэба ўзяць на дарогу хлеба і бегчы хутчэй у лазу да партызана, можа, ён нас там яшчэ чакае. Далей разам з партызанам мы ідзём у атрад. Ноччу атрад нападае на немцаў, што размясціліся ў нашай вёсцы, і выручае Саньку. Галоўнае — не траціць часу.
Бабулі ў хаце няма. Глыжка сказаў, што яна пайшла да дзеда Мікалая.
— Яна кажала, — дакладвае Глыжка, — што дзед Мікалай табе пакажа. Яна кажала, што ён будзе бічча...
Што задумала бабуля, няцяжка здагадацца. Прыйдзе дзед, тады сёння не ўцячэш, не пусціць. Я адрэзаў лусту хлеба, паклаў яе за пазуху і ўжо на парозе папярэдзіў малога:
— Глядзі тут, Рыгор. Слухайся бабу. Калі бульба пад падлогу не ўлезе, закапайце ў капец.
Глыжка глядзіць на мяне і хоча заплакаць.
— А ты куды?
— Ты не плач. Я схаджу толькі ў адно месца і вярнуся. Скажы бабе, каб карову дамоў прыгнала...
Раскашлаціў напаследак непаслухмяны братаў віхор, як, ідучы на вайну, зрабіў гэта мой бацька, і падаўся на агароды. Што робіцца на душы, цяжка і сказаць: шкада кідаць старую з малым, і заставацца мне тут нельга. Санька ў небяспецы.
Да таго месца, дзе мы сустрэліся ўчора з партызанам, я дабраўся без прыгод. Хутка знайшоў і той куст, і тую купіну, але самога партызана няма. Крычу, свішчу — не адгукаецца. Абышоў навокал у надзеі, што ён можа заснуў, — ні жывой душы. Толькі на сухой грыўцы пад развесістай вербалозінай знайшоў абярэмак прымятага сена ды побач з ім маленькі акурак са старой пажаўцелай газеты. Пайшоў. Не дачакаўся. Падмануў. У роспачы я заплакаў.
Гэта былі горкія слёзы крыўды. Пры чужых людзях я іх глытаў, стараўся не паказацца слабым. Глытаў, калі памерла маці, калі ўпершыню пабіў Няўмыка. Потым крыху аббіўся, зачарсцвела душа, акамянела сэрца. Калі крыўдзяць чужыя людзі, яно не так балюча. А тут свой. Не паверыў. Кінуў у той час, калі асабліва патрэбна яго дапамога, калі мы апынуліся ў бядзе.
Магчыма, яго можна яшчэ дагнаць. Ён пайшоў, напэўна, у бок лесу, трэба толькі не траціць ні хвіліны. Мне здалося, што я нават яго ўбачыў. Нейкі чалавек паказаўся на далёкім узгорку і знік у лагчыне за стагамі сена.
Купіны, пакрытыя мяккім зялёным мохам і асакой, зыбаюцца пад нагамі, угразаюць у рудую твань. 3 патрывожанага тарфянога дна вакол іх падымаюцца шыпучыя бурбалкі. Балота шырокае, з кіламетр. Калісьці да вайны ў яго густых буйных асоках вадзілася процьма ўсялякіх птушак. Не раз мы хадзілі сюды па вясне збіраць яйкі дзікіх качак. Так што і зараз мне прабірацца па зыбкай, заросшай зверху травяным кажухом багне не ў навіну. Іншы раз, праўда, ногі саслізгваюць з купіны і правальваюцца па калена ў гразь. Там, спадыспаду, зямля цвёрдая, як ток, і халодная, быццам лёд.
Так-сяк я выбраўся на сухую грыву, абмыўся крыху ў травяністай калдобіне, павесялеў. Па дарозе ўзнік новы план: не даганю таго хлопца, пайду ў лес сам. Адна толькі перашкода — рака. Ды можа як-небудзь перабяруся. Знайду бервяно і пераплыву.
Як складуцца абставіны ў лесе, пакуль што цяжка сабе ўявіць. Але ў хлапечым сэрцы багата надзей. Зразумела, мне сустрэнуцца партізаны. I вось ужо ўяўленне малюе перад вачыма грозныя і радасныя падзеі самай бліжэйшай будучыні. Мы ідзём нячутна, як цені. Я — наперадзе, паказваю дарогу, за мной — камандзір атрада, за камандзірам — ліхія хлопцы з аўтаматамі, вінтоўкамі і гранатамі. На дварэ ноч, спяць сабе Няўмыка, Ахонька і ўся іх хеўра, спіць таўсташыі Санькаў фашыст, толькі ходзяць пад вокнамі вартавыя. Яны і не здагадваюцца, што іх чакае праз некалькі мінут.
I вось я даю сігнал узмахам рукі. Партызаны па камандзірскаму загаду рассыпаюцца па вуліцы, бягуць уздоўж платоў. I раптам — тра-та-та-та. Гэта стракоча наш кулямёт. Я ляжу побач з кулямётчыкам і падаю стужку з патронамі.
— Ці-у, ці-у,— спяваюць кулі. Кулямёт змоўк.
— Дзядзька, што з вамі, вы забіты?—падскакваю я.
— Не, — адказвае партызанскі кулямётчык словамі з песні, — я забіт не забіт, а цяжка ранены...
А немцы ўсё бліжэй і бліжэй. Яны думаюць, што іхняе ўзяло, весела гергечуць, але таго не ведаюць, што за кулямётам я.
— Тра-та-та-та. А, што? Не падабаецца, гады паўзучыя?
I вось я імчуся на добрым, баявым кані. Адкуль узяўся конь, пакуль што невядома. Ды гэта не так ужо і важна. Гараць хаты паліцэйскіх, а ўсе астатнія полымя не кранае. Людзі радасна сустракаюць вызваліцеляў.
— Глядзі ты?— здзіўляюцца яны.- Ды гэта ж Сырцоў Іван.
— Які?
— Ды Кірылаў большы хлопец!
— Вось і вазьмі яго за руб дваццаць. Яшчэ ўчора карову пасвіў, а сёння на табе, камандзір. Ці не галоўны ён у іх?