Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
У адной з дошак, якраз супраць печы, быў калісьці невялікі смаляны сучок. Санька неяк раней прабіў у сучку дзірку, накрышыў у яе серкі з запалак, заткнуў зверху цвіком і агрэў як мае быць абухом. Хацеў, каб пеканула. А яно не пеканула. Сучок разам з цвіком выскачыў у пярэднюю хату, і атрымалася добрая, гладкая, круглая адтуліна. Праз яе відаць усё на свеце.
Спачатку за перагародкай нічога цікавага не было. Здаравенны афіцэр з шырокай чырвонай патыліцай, якая складваецца над каўняром гармонікам, разглядае карту. Другі сухі, як кіёк, перавязаны раменнем, стаіць побач і робіць выгляд, што яго карта таксама цікавіць. Спачатку яны мірна паміж сабой гергеталі, затым таўсташыяму штосьці не спадабалася, і ён закрычаў, пырскаючы слінай. Чым далей, тым больш яго разбірала. Нарэшце ён грымнуў па стале кулаком, і сухі немец выскачыў за дзверы чырвоны, быццам печаны рак.
«Ух і злосны ж», — падумаў Санька. У яго ўжо здранцвелі ногі і самлела спіна. Сядзець, сагнуўшыся ў крук, вельмі нязручна.
Па падлозе прагрукаталі салдацкія боты, гэта немец панёс белы эмаліраваны тазік і ручнік. Начальнік, зняўшы з сябе мундзір, таксама пайшоў на двор — будзе мыцца.
На стале побач з тоўстай скураной сумкай паблісквае чорнай, халоднай сталлю пісталет. У Санькі ёкнула сэрца. Вось яна, зброя.
— Узяць, узяць, узяць, — застукала кроў у вісках.
— А калі зловяць? — на нейкі момант завагаўся Санька. Але без зброі ў партызаны не бяруць.
Гэта адбылося на працягу адной хвіліны. Санька хуценька выскачыў з-за мяшка з просам, на пальцах падбег да дзвярэй і ўзяўся за ручку. З-за коміна саскочыў кот, якога маці прынесла замест павешанага радыстам Паулем. Саскочыў, быццам кованы конь. Санька аж уздрыгнуў.
Ніхто ніколі но чуў, каб дзверы ў гэтай хаце рыпелі. А тут, калі трэба прашмыгнуць ціха, яны рыкнулі старымі, нямазанымі варотамі. Аж у грудзях пахаладзела.
Тры хуткія крокі, і пісталет у руках. Куды яго? 3 пісталетам на вачах у немцаў не выскачыш. Ён адцягнуў кішэню так, што штаны трэба трымаць рукамі. Загнаным зверам Санька аглянуўся на дзверы, на вокны. У двары маячыць каска і штык. Акно на вуліцу прыадчынена. За вокнамі дашчаны плот, яблыня і густы, высокі бульбоўнік.
— Шух-х! — зашамацеў бульбоўнік, і пісталет знік пад пажаўцелым ужо лісцем.
Санька глянуў на дзверы.
— Шух-х! — паляцела наўздагон за пісталетам і палявая афіцэрская сумка.
У сенцах Санька схаваўся за ступу і прыціх. Сэрца калоціцца, нібы злоўлены верабей. Нават у пот кінула. Нават дыхаць перастаў. А немец фыркае на двары маржом.
«Чыстаплюй!» — са злосцю падумаў Санька.
Глянцавыя, хромавыя боты прагрукаталі за два крокі ад Санькі. Таўсташыі фашыст, асвяжыўшыся, быў у добрым настроі. Ён на хаду выціраў свае гладкія ружовыя шчокі і напяваў вясёлую песеньку.
Як толькі ляпнулі дзверы, Санька выскачыў з-за ступы, але на парозе сутыкнуўся з салдатам і выбіў у яго з рук эмаліраваны тазік. Немец вылаяўся і паддаў нашаму камандзіру кованым ботам. Той куляй зляцеў з ганка і расцягнуўся пад самымі нагамі вартавога, які заржаў так, быццам яго казыталі пад пахамі. У сваю чаргу ён даў Саньку дабаўкі і закрычаў услед:
— Русь, русь!
У нашым двары Санька ніяк не мог аддыхацца.
— Пойдзем, калі добра сцямнее, — сказаў ён мне. — Трэба забраць пісталет і сумку.
Зразумела, што ні мой сябра, ні я нікому і не заікнуліся пра тое, хто нас чакае ў лазе на балоце і куды мы збіраемся. У такіх выпадках лепш трымаць язык за зубамі.
31. ЗАСАДА
Дагарае за полем чырвонае неба. Хмары пакрыліся шэрым прысакам, клубяцца крывавымі цяжкімі клубамі. Па дзядоўніку пацягнула халоднай сырасцю, трава стала вільготная, і Санька праз паўгадзіны адубеў так, што дрыжыць кожная жылка і зуб на зуб не трапляе. Але ісці па пісталет і сумку яшчэ рана: з двара даносіцца нямецкая гаворка, бразгаюць вёдры каля палявой кухні, а дзесьці на краі вёскі працяжна, з надрывам вые сабака. Сабака вые — будзе няшчасце: пажар або нябожчык.
З-за хмары выглянуў шчарбаты месяц, нібы павіс на галіне школьнай таполі, асвяціў сады, стрэхі халодным, скупым святлом. Доўгія чорныя цені дрэў перасеклі дарогу. Над вёскай плыве цішыня.
Стала яшчэ халадней, калі ад раўчака пацягнула туманам. Рэдкімі кудзелькамі ён разаслаўся спачатку па лагчынах, а потым завалок крапіву, ахутаў агарод, толькі слупы агароджы выглядаюць з-пад белай коўдры, быццам гуляюць у жмуркі.
Санька павёў вухам, агледзеўся і пайшоў. Ён ішоў асцярожна, нячутна, як здань. Наперадзе нехта нерухома стаіць і прыслухоўваецца да начной цішыні. Стаіць і прыслухоўваецца і Санька. Цьфу ты, хвароба, ды гэта ж куст бэзу, які сам ён уласнымі рукамі пасадзіў сёлетняй вясной на мяжы пад самым плотам.
Месяц крыху павісеў на дрэве і зноў схаваўся за хмару. Цяпер хоць вока выкалі. Трэба прывыкнуць да цемры, бо нічога не відаць.
— Хальт! — гакнула, як вінтовачны стрэл, дзесьці каля палявой кухні. Гэта далека, можна асабліва не турбавацца, тым больш, што праз мінуту ўсё сціхла. Напэўна, самі немцы цягаюцца або прыйшла змена.
Па мяжы паміж бульбай і буракамі, паміж сцябламі кукурузы паўзці нязручна і цяжка. Хутка не разгонішся, бо сцяблы гарбузоў, якія садзяць дзеля семак, перапляліся, нібы вяроўкі, чапляюцца за ногі і рукі, цягнуцца следам, шамацяць. Бульба таксама пераблыталася, пакруцілася, быццам па ёй усё лета качаліся чэрці. А тут яшчэ маці, полючы грады, панакідала ў межы асоту. За лета ён высах, і калючыя іголкі лезуць у далоні, локці і калені. Колькі разоў загадвала яна Саньку, каб павыкідваў гэтае смецце на вуліцу. Дык ён не паслухаўся, паленаваўся, цяпер жа самому і горш.
Невядома, як нага зачапілася за кукурузіну, і тая не зашамацела, а загрымела сухім лісцем, як грыміць жалезны дах, калі на яго кінеш цагліну. А калі лёгкі начны вецер, заблудзіўшыся ў тумане, таксама трапіў на грады і пачаў скубці сухое лісце, здалося, што хтосьці сюды бяжыць. Тут Санька зусім уліп у сырую зямлю. Але неўзабаве вецер выскачыў на поплаў і знік у глухой начы.
Вось і казіны хляўчук. З-за вугла відаць, як топчацца на двары вартавы. У яго на поясе бразгае нейкая жалязячка. Некалькі цяжкіх крокаў у адзін бок — цішыня, некалькі ў другі — зноў цішыня. Немец прыслухоўваецца. Усё, здаецца, спакойна. Відаць, яны не хапіліся пісталета і сумкі, не заўважылі прапажы.
Санька асцярожна, нячутна прашмыгнуў уздоўж глухой сцяны хаты, залёг у крапіве за вуглом. Крапіва балюча апякла шчаку і рукі, але ён на гэта не звярнуў увагі. Як на тое ліха, зноў выглянуў з-за хмары месяц. Ён заблішчаў у шыбах, асвяціў плот і над плотам нямецкую каску. Каска не варушыцца, — здаецца, што яна павешана на слуп. Не варушыцца і Санька, хоць яму няёмка ляжаць, у бок упірае нейкае ламачча.
Калі нельга, тады асабліва хочацца чхнуць і чхнуць так, каб па сялу пракацілася рэха. Поўзаючы па агародзе, Санька набраў поўны нос пылу, і зараз там так свярбіць, што няма ратунку. Ён заціснуў нос пальцамі, сцяў зубы, закрыў далонню рот і чхнуў, чхнуў ціха, прыглушана, толькі ў вушах нешта хруснула.
Каска нічога не пачула. Пакуль Санька ўтаймоўваў свой нос, яна знікла ў двары, за шуламі, на якіх калісьці віселі вароты. Цяпер можна прабірацца далей.
Ён паўзе асцярожна, спрытна і нячутна, як вуж. Ён чуе, як стукае ўласнае сэрца, стукае гучна і трывожна.
Вось і тое акно. Тут, пад акном, павінны ляжаць сумка і пісталет. Санькавы рукі абмацваюць сырую зямлю і нічога не знаходзяць.
Э-э, чорт, зноў цягнецца вартавы. Цяпер ён спыняецца каля самай агароджы. Чуваць нават, як немец уздыхае. Мабыць, успомніў сваю далёкую Германію. А можа, проста надакучыла стаяць пад вокнамі, калі начальства соладка спіць пад цёплай коўдрай.