Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
У школе ўсё было перавернута дагары нагамі. Новый парты, за якімі нам не давялося пасядзець і аднаго ўрока, выкінуты з класаў у калідор. Частку іх ужо хтосьці пасек, паламаў. У класы немцы, як і ў нашу хату, нацягалі саломы. Усюды валяюцца пустыя пачкі ад нямецкіх цыгарэт, шматкі газет, бляшанкі з-пад кансерваў — розныя патрэбныя нам рэчы.
Я ўзяў сабе два цыгарэтныя пачкі з прыгожымі малюнкамі, Санька знайшоў яшчэ зусім новае лязо ад брытвы, а Міцьку пашанцавала больш за ўсіх. Ён выкапаў у саломе бляшанку з-пад гуталіну. Бляшанка была незвычайная. Збоку яе прымацавана бліскучая круцёлка. Павернеш круцёлку, і вечка адчыняецца само. Міцька сказаў, што ў гэтую бляшанку ён будзе што-небудзь класці і насіць у кішэні. Мы вельмі зайздросцілі яму і шкадавалі, што немцы забылі толькі адну такую добрую рэч.
У бібліятэцы на падлозе валяюцца кніжкі. Многія з іх падраныя, запэцканыя бруднымі ботамі. Апрача немцаў тут пахадзіў і Няўмыка. Гэта ён іх павыкідаў з шафаў. Паглядзела б на ўсё гэта наша Антаніна Аляксандраўна, якая нярэдка сварылася на нас толькі за тое, што крыху замусоліш старонку пальцам!
У Санькі аж вочы заблішчалі ад сквапнасці.
— Давай дамоў занясём, — прапанаваў ён.
Ды не так проста занесці. Кніжак навалена пад самый падаконнікі. Мы выбіраем, на наш погляд, толькі самыя цікавыя: пра пагранічніка Карацупу, пра Гарыбальдзі — італьянскага змагара за свабоду, пра конніка без галавы, пра дзеда Талаша, пра Цімура і яго каманду, пра Хаджу Насрэдзіна.
Амаль да вечара мы носім кніжкі дахаты, дзесятай дарогай аббягаючы немцаў.
Я нанасіў кніжак поўную дзежку, якая цяпер усё роўна будзе пуставаць, бо агуркі і капусту вытапталі біцюгі. У Санькі на гарышчы атрымаўся цэлы штабель. Міцька напакаваў дзве скрынкі з-пад яблык. Мы не ўкралі кніжкі. Прыйдуць нашы — аддадзім у школу. А пакуль што, калі будзе час, пачытаем.
12. ШУКАЕМ САБЕ ХВАРОБЫ
Паўлік Здор, сын камандзіра апалчэнцаў, жыве на другім канцы вёскі. Ён старэйшы за нас з Санькам гады на два, перад вайной скончыў пяць класаў. Паўлік дужы, каржакаваты, хутчэй за ўсіх бегаў, далей за ўсіх ныраў. Хлапчукі з яго вуліцы хадзілі за ім гужам.
А мы з Паўлікам не сябравалі. Дакладней кажучы, ён не хацеў звязвацца з такой драбязой, як мы. Іншы раз у школе на перапынках, калі з нас хто-небудзь трапляўся яму пад руку, Паўлік даваў пстрычку ў нос ці ў лоб — гэтым нашы адносіны і абмяжоўваліся. А зараз у нас толькі і размовы пра Паўліка. Мы нават ідзём яго праведаць. Паўліку мінай адарвала ногі. Яго насілі чэрці ў полі, ён сам шукаў сабе хваробы, а такім шустрым, як мы, на думку маёй бабулі, і галовы пазносіць.
— Не прыходзь тады, бязбатчынец, і дамоў,— часта папярэджвае яна мяне.
Мы крочым па вуліцы і мяркуем, што давядзецца, мабыць, цяпер Паўліку ездзіць на трохколавай «лісапеце», як ездзіць кавалёў бацька, дзед Цімох. Але кавалёваму бацьку яшчэ добра, у яго ёсць жалезныя ногі. Сын выкаваў. Гэтыя ногі нас вельмі здзіўлялі. Заўсёды, калі стары прыязджаў у сельмаг купіць тытуню, мы з цікаўнасцю разглядалі і яго «лісапету», і яго ногі, падобныя на качэргі. Ён тупаў імі да прылаўка, грукаючы аб падлогу, а ступні на шрубах згіналіся і разгіналіся, як сапраўдныя. У некаторым сэнсе яны былі і лепшыя за сапраўдныя: стары каваль хадзіў босы ў самую моцную сцюжу. Жалеза, настыўшае на марозе, у цяпле толькі пакрывалася інеем — і ўсё.
А хто выкуе такія ногі Паўліку? Бацька яго, відаць, не ўмее. Мог бы зрабіць той жа каваль, дзядзька Пятро, ды ён, напэўна, дорага возьме, і больш таго, каваля зараз няма дома: ён на вайне.
У Здораў двор нас не пусцілі. Мы пастаялі крыху пад варотамі, паглядзелі ў шчыліну, як фельчар Цімафей Іванавіч адмывае на ганку рукі ад крыві, паслухалі, як галосіць у хаце Паўлікава маці, і пайшлі. Мы найшлі за вёску, на калгаснае поле, дзо нядаўна грукатаў бой. Там, кажуць, валяецца процьма ўсялякага дабра, можна нават гармату ўзяць, абы захацеў. Міцька хваліўся, што ён знайшоў сапраўдны камандзірскі компас. 3 тым компасам залезь куды хочаш, у які хочаш густы дзядоўнік ці ў лазу на лузе, усё роўна будзеш ведаць, дзе поўнач, дзе поўдзень, дзе ўсход і дзе захад: стрэлка паказвае. Нам бы такі компас з Санькам, ніза-што ў партызанах не заблудзіліся б. Чаго толькі Міцьку мы за яго не давалі — і тры гільзы, і раменны трэнчык, і нават ракету зусім яшчэ цэлую,— не хоча мяняцца і ўсё тут.
— Можа, ён мне і самому спатрэбіцца,— стаіць Міцька на сваім.
А то, кажуць, Коля Бурэц, той самы, у якога бацька быў матросам, прывалок дамоў вінтоўку з усімі прычындаламі — штыком і затворам. Толькі сам Бурэц нікому ў гэтым не прызнаецца, баіцца, каб маці не дазналася: вушы абарве.
Мы ідзём па вузкай сцяжынцы ўздоўж дарогі, абіваем босымі нагамі пыл з шырокага лісця і дзябёлых, ужо сухіх сцяблін трыпутніку, ідзём і марым: вось бы нам знайсці па нагану ды патронаў да іх па кішэні або гранат штук па дзесяць.
— Вінтоўкі таксама возьмем, калі што,— згаджаюся я на ўсякі выпадак.
— Можна і кулямёт прыцягнуць,— разважае Санька.
Абапал дарогі стаіць пераспелае жыта, схіліў дадолу каласы сухі, як порах, ячмень. Дакраніся да яго, і зерне дажджом пасыплецца на зямлю. Там, дзе да прыходу немцаў пачалі жаць, стаяць снапы, складзеныя ў бабкі, і копы. Шмат бабак навалена, раскідана. Каля самай дарогі два папялішчы. Тут былі сцірты хлеба. Яны згарэлі пасля таго, як прыйшлі фашысты. Мы думаем, што без партызанаў тут не абышлося. А можа апалчэнцы спалілі, каб не застаўся хлеб ворагу.
Поле скрэмзана ўдоўж і ўпоперак танкамі, перакапана акопамі. Мы ходзім па акопах, шукаем наганаў. Думалася, што іх тут будзе валяцца колькі хочаш, але так толькі думалася. У вялізным, круглым акопе знайшлі адны гільзы ад снарадаў ды пустыя скрынкі. Відаць, тут стаяла гармата. Наперадзе акопа зямля высмалена, черная ад сажы, а навокал ямка на ямцы — поле ўзарана выбухамі. Люты быў бой.
Далей у жыце знайшлі процівагаз. Паглядзелі — цэлы. Вырашылі ўзяць. Можна многа рагатак зрабіць. Затым трапілася чырвонаармейская каска і маленькая пехацінская рыдлёўка. Каску мы памералі. Спачатку Санька, а потым я. Яна была вялікая, закрывала вочы. Затое рыдлёўка самы раз, па нашай сіле. Забралі яе з сабой.
— Сюды! Сюды! — раптам закрычаў Санька. Я думаў, што там ужо немаведама што, аж нічога асаблівага. На дне неглыбокай ямкі, відаць, варонкі ад снарада, крыху прыстасаванай пад акоп, як насыпана пустых стрэляных гільзаў. Былі яны і проста так, і ў кулямёт-ных стужках. Перакапалі, перагледзелі ўсе да адной — няма цэлых. Відаць, кулямётчык адбіваўся да апошняга патрона. Тут жа, у ячмяні, мы знайшлі брудныя, акры-ваўленыя бінты і прастрэленую наскрозь біклажку. Жы-вы ён застаўся ці не?
Лазячы па акопах, мы вымазаліся ў гліну, як чэрці, Санька да ўсяго яшчэ залез і ў нейкі мазут, а потым чорнай рукой выцер пот з ілба. Цяпер ён, як дзядзька Пятро, калі той вечарам ідзе дамоў з калгаснай кузні. Ды ўсё гэта дробязь у параўнанні з тым, што мы не знайшлі яшчэ ніводнага нагана.
Мы ляжым на чыстым пясочку каля акопа і адпачываем. Гаварыць нічога не хочацца. Санька калупае пальцам зямлю, а я проста гляджу на неба. Па небе плывуць белыя, мяккія воблакі, часта махаючы крыльцамі, амаль вісіць на адным месцы і звініць, заліваецца жаўрук. Яму ўсё роўна, зжата ці не зжата поле, знайшлі мы з Санькам наганы ці не, ёсць вайна ці няма. Усё звініць і звініць, як і ўчора, і пазаўчора, і год, і сто год назад.
Цвыркаюць у ячмяні конікі, пераліваецца хвалямі гарачае паветра. Я гляджу на неба і думаю пра свайго бацьку. Дзе ён, у якім жыце адбіваецца ад ворагаў? Думаю пра дзядзьку Назара. Дзе ён зараз лятае на сваім «ястрабку»?