Пляц Волі
Шрифт:
– А як жа! Ужо ж абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка!
Так Менск упершыню й даведаўся пра новую краіну…
Але ж даўно ўжо мудрасць народная пра мужыка ў панстве заўважыла — «Няма горшага пана, як з мужыкоў». Ачмураныя, падманутыя, пазбаўленыя «ліберальна-буржуазнай» самакрытычнасьці, «мяккацеласьці», цэлыя натоўпы ўсьведамлялі сябе геніямі й правадырамі. А як жа, калі й «кухарка сможет управлять страной»! І аднойчы на «надзвычайнай нарадзе», якая праводзілася пад старшынствам Леніна, на запытаньне «Хто ў беларусаў, зможа стварыць урад?» упэўнена ўстаў Цішка Гартны і, ня вагаючыся, абвесьціў: «Я ствару такі ўрад!» (пра гэта пакінуў пісьмовыя ўспаміны Уладзімер Дубоўка, якому ў Маскве распавёў пра гэты выпадак Алесь Чарвякоў).
Так-так — упэўненасьці й амбітнасьці не пазычаць было Гартнаму! Хоць, па-праўдзе, у самім сабе яшчэ неразабраўся, і тварыць хацелася, і жыць — за пояс уласавых ды іваноўскх запхнуць. Ён нацэліўся ўжо рэспубліку цэлую ўзначальваць, лёс яе самохаць вызначаць узяўся! Хоць і ня ведаў (ды і ці здольным быў уведаць?), што і адказнасьць, і крыж гэта — на ўсё жыцьцё. Гэта ж не на кухні, не ў баразьне… На тое ж пячатка ці не ад самога Бога патрэбна! А да ўсяго — і «галава», і талент гаспадарскі (цар Мікалай ІІ падчас перапісу ўсерасійскага так і запісаў насупраць свайго прозьвішча «Хозяин земли русской», не цар, не самадзержац, а — гаспадар!). А тут, можа, да ўсяго — і апетыт разышоўся: колькі тае рэспублікі, і тую суседзі па частках хапануць хочуць. Вунь дзе сілішча — за Масквой, за Уралам. Во дзе прастора, гэта ж не скуры ў Капылі ў тухнечы салёнай церці!
Гэта — адзін бок медаля… Пра другое ж — тое, што ў назьве дзяржавы, якую ўзначальваў Гартны, усё ж было «Беларуская Рэспубліка» — у нас на эміграцыі ня ўзгадвалі. А каб ня Гартны і не яго таварышы — можа, і наогул нават гутаркі не было б пра беларускую краіну?!.
Толькі выкарысталі Гартнага, і праз некаторы час на прыгістарычны сьметнік вывезьлі (дазволіўшы, праўда, яшчэ і ў «Савецкай Беларусі», і ў «Полымі Рэвалюцыі» парэдактарстваваць, і выдавецтвам пакіраваць, і акадэмікам пабыць).
Наковальню стальную свою Приготовил давно под удары, Из железа — смягчилось от жара - Острый меч для себя я кую,— пісаў яшчэ ў 1912 годзе Гартны (гэтыя радкі ў «Правде» друкаваў), і думаць ня думаў, што лёс свой у іх прарочыў… Ня вытрымаў «стальных» ціскоў-рэпрэсій, звар'яцеў — і ў псыхбальніцы навостранай лыжкай прабіў-перарэзаў сабе горла (усё адно як і не па неахайнасьці напісаў быў так — «Острый меч для себя я кую», не «для» ворага, а сабе, толькі ня меч (яго нават гіпербалай прароцка-вершаванай лічыць сёньня можна) каваў-гастрыў ён у апошнія хвіліны свайго жыцьця, а ўсяго толькі сталовую лыжку. Перад гэтым, праўда, тоўсты сшытак даносаў пакінуў — дзе на некалькіх старонках значыіліся адны прозьвішчы…
(З запісаў Алеся Ваяра.)
Купалаў дом
22 сакавіка адбылося паседжанне Белнацкама, якое акрэсліла ўрачыстыя мерапрыемствы па светкаванні другіх угодкаў абвяшчэння Радай БНР незалежнасці Беларусі. Купала, хоць і жартаваў часам, усё ж здаваўся крыху сумным — узлокціўся стомлена на стол і ўважліва слухаў выступоўцаў.
А праз два дні ў кабінеце Беларускай Вайсковай Камісіі чыталі рукапіс ягонага верша «Гадаўшчына-памінкі» — і разумелі, што на душы Купалавай увесь час пякло:
Не сьвята сьветлае спраўляці Сягоньня будзе наш народ, А трызну па айчыне-маці Ён справе ў гэты цяжкі год… Край разрываны ўвесь на часьці — Народ аграблены яго — Не ўбараніўся ад напасьці І ад пагібельля свайго. Лунае груганьнё ў прывольлі На ўсход, на захад, там і тут. І сочыць косьці ў чыстым полі, Дзе вые куля, вые кнут… Не «незалежнасьць» праз час гэты Сваё разводзіла сьвятло, А паднявольле без прасьветы, А рабства Беларусь гняло. Народ спраўляць памінкі будзе — Не сьвята сьветлае вясны, — За стол жалобны сядуць людзі Там, дзе крыжы, дзе курганы.Але ўсё разумеў мудры Купала — і з друкаваннем верша не спяшаўся…
…Алесь Хведаравіч доўга стаяў каля былога Юбілейнага, былога Беларускага дома і пакрочыў далей. Тратуар шырокі, роўны — не тое, што раней… Каб спешным пешаходам не перашкаджаць, пад нагамі не блэндацца — паўз будынкі трымаўся. У падземны пераход спусціўся, доўга кветкі — беларускія ж! — разглядваў, пах лавіў, як здзяцінеў усёроўна… «ГУМ» мінуў, «Паўлінку». Чытаў і чытаў надпісы на сценах, у вітрынах — і ажно хмялеў, як ад кветкавага водару ў пераходзе: па-беларуску ж надпісы!
Толькі каля будынка КДБ да саменькай шашы прыліп далей ад высокіх пабеленых калонаў… Хтось з шафёраў не вытрымаў нават і папераджальна «папібікаў» на дзеда..
Так — як і юнаком колісь — пешшу да Чырвонага касцёла і дабраўся, і — дзіва! — не стаміўся нават, сэрца толькі па-галубінаму тахкала, таму і прысеў на першую лаўку, і глядзеў на касцёл, і не бачыў, і холаду не чуў…
25 сакавіка 1920-га
З саменькай раніцы, помнілася, да яго Лістапад і абедзьве Стагановічыхі прыехалі — свята ў Менску пабачыць, яго, падкеплівалі, адведаць. Ліст са Случчыны перадалі — «на рэагаванне», — пакуль госці абвыкаліся, торапка перачытаць яго паспеў:
«Мы, ніжэй падпісаныя ўчасьнікі зьезду Случчыны, скліканага Стражай Крэсовай 21 сакавіка 1920 году, заяўляем, што:
1) На зьездзе не было прадстаўнікоў ад многіх мяйсцовасьцей Слуцкага пав., прыкладам: в. Лучнікі — болей 1000 душ; Бранавічы, Варкавічы — больш за 500 душ; Ячава — 500 душ; Жывагладавічы — каля 500 душ; Крывічы, Серагі і многа іншых лічбаю за 35 ня мелі сваіх прадстаўнікоў на зьездзе.
2) Ад многіх іншых мяйсцовасьцей Слуцкага павету прадстаўніцтва было няправільным…
3) Зьезд быў праведзены пад націскам Польскай Улады, нават была пушчана пагалоска аб арышце непакорных. Аратарам, што прамаўлялі за Незалежную Беларусь, старшыня зьезду (ён быў назначаны Стражай Крэсовай, а не выбраны зьездам) не даваў гаварыць… Нягледзячы на дамаганьні зьезду, былі забаронены выбары мандатнай камісіі, каторая б праверыла ўсе мандаты… Была неспадзеўкі прачытана рэзалюцыя аб прылучэньні Беларусі да Польшчы, абсуждаць якую было забаронена… Перад гэтай рэзалюцыяй было ўпушчана ў залю некалькі сот чалавек, каторыя ня мелі ніякіх мандатаў. Гэткім парадкам учасьнікамі зьезду было 240 чалавек, а рэзалюцыю галасавалі каля 500. Проці рэзалюцыі бадай была большасьць, але галасы не падлічваліся, і старшыня зьезду заявіў, што рэзалюцыя прынята аднагалосна.
Дзеля ўсяго вышэй сказанага мы лічым гэты зьезд неправамоцным і зварочваемся да дэмакратыі ўсяго сьвету, пратэстуючы супраць гвалту і зьдзеку над воляю Беларускага Народу.
Зянюк Янка, Катак Алесь, Басалыга Язэп, Ціт Грынюк, Алесь Шуляк, Кецко, Ажынас… (усяго 40 подпісаў)». [4]
У сярэдзіне спісу значылася і прозвішча Янкі Пашкевіча…
— Вось табе й на! Не, трэ дадому ехаць, а то далучаць грамацеі да Польшчы, і ў Слуцак хутка без пашпарту асобнага не пусцяць… — і абурана бурчэў, і пасмяяцца ўадначас спрабаваў Алесь. Хоць не да смеху рабілася. Польскія шавіністы, як бачна, часу дарма не гублялі: «дэмакратычным» шляхам — праз прафанацыю сходаў — спяшалі далучыць Случчыну да Польшчы!
4
Ліст гэты і па сёння захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.