Пляц Волі
Шрифт:
Прызнаючы безпаваротна, што Беларусь павінна быць Вольнай і Незалежнай Народнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах Часовы Беларускі Камітэт Случчыны выносіць катэгарычную пастанову, каб у місіі, якая будзе весьці міравыя перагаворы паміж Польшчай і Маскоўшынай ці кім іньшым, дзе будуць закратацца інтарэсы Беларусі, павінна быць прэдстаўніцтва ад беларусаў з правам пастаноўчага голасу».
Старшыня камітэту Павел Жаўрыд распісваўся на іх нервова, размашыста, а пячатку — з выявай «Пагоні», абрамаванай вянком з дубовых галінак — ставіў акуратна, націскаючы роўна і няспешка…
Не тыя пілсудчыкі былі ўжо, якім дзед летась праз вакно дзівіўся: натомленыя, змораныя, скупыя. Антанта дапамогу зменшыла, і варшаўская машына пачынала буксаваць. Штодзень раслі цэны, «лягчэла» польская марка.
Як падмянілі ў гэты час Гаруна — спахмурнеў, агеньчыкі ў глыбокіх вачах прытухлі: «Ведаў, што не да скону палякі, але ж каб так хутка здацца… Мы ж яшчэ толькі-толькі ў сілу ўбіраемся! І куды зараз, калі нат такая сіла здаецца? Не самагубствам жа займацца?!.»
(Можа таму часткі беларускіх злучэнняў — з найбольш маладзейшых — заместа вайсковых штудыяў на курсы беларусазнаўства і пачалі накіроўвацца?)
А праз колькі дзён і зусім знямог Гарун, аслабеў, не пускаў да свайго ложка амаль нікога…
Цяжка ў Менску чэрвень 1920-га заканчваўся, а ліпень яшчэ цяжэй пачынаўся: нервовасць, няпэўнасць. Горад з двух бакоў гарэць пачаў — і рады ніхто даць не мог. Кожную раніцу — рабункі, пагромы. Вакзал бежанцамі перапоўнены, жаўнерамі, падводамі, усе з клункамі, лаянкай…
Ці не тады і неўзлюбіў Алесь вакзалы? Неўзлюбіў — сказаць проста, але ж нічога не выказаць. Натоўп агалдзелы ў дрыжыкі яго кідаў, нерваваў, люціў нават…
…Адзін конь, пэўна, нікуды тады не спяшыў, ступаў марудна, лянотна, і шпітальскі фурман моўчкі сцябаў яго па ўпалых баках сцёртай ляйчынай. У вочы забягалі маладыя ліпы ў ранняй мядовай квецені…
– А мо лепш засталіся б? — ціха мовіў Алесь, і пакрыўдзіць Гаруна словамі гэтымі асцерагаўся, і расстанне ўявіць баяўся.
– Цяперака, як застануся, бальшавіцкае кулі пэўна ўжо не міну… А жыць, браце, хачу яшчэ, дужа хачу…
Праважатыя — Купала, Лёсік, Бядуля, хлопцы з БВК — ужо на пероне чакалі.
– Нічога, ён моцны, пераможа, — як сам сябе пераконваў Лёсік.
– Толькі ж колькі людцоў хваробы першымі адолелі. — Гэта Бядуля прашаптаў. А Купала маўчаў, нават наўкол не глядзеў — усё пад ногі…
Падпоўз цягнік. Моцна лаяўся стары жаўнер, пасажыраў ад вокнаў — каб не лезлі — адпрэчваў. Гаруна ўціснулі ў таварняк-«чамаданік» — так празвалі драўляныя прамавугольныя вагоны зялёнага колеру, абшытыя па вуглах жалезам. Трое хлопцаў з беларускага звязу, на каго паспелі аформіць дакумэнты, выбраліся праводзіць Гаруна далей. Сярод іх — сябры БВК Францішак Кушаль і Антон Аўсянік. Думалі, аспакоіцца Гарун, падлечыцца…
Бальшыня ж і пасля абвяшчэння эвакуацыі перакананаю была ў тым, што бальшавікоў хутка спыняць — дзесь на Нёмане, а таму далёка ад'язджаць тады не збіраліся. На пасяджэнні БВК важнейшыя дакумэнты паміж сабою падзялілі, каб вывозіць прасцей было, — і думалі дзе-колечы ў Заходняй Беларусі затрымацца. Супыніліся ў Ваўкавыску. Гарун там, як узгадвалі, акрыяўшы крыху, на крываўку-дызентэрыю захварэў. Багатая садавіна ўрадзіла. Ад вішняў галіны ламаліся. Сяляне ягады вазамі на рынак вазілі. Праз гэтыя вішні і ўшчаў жывот балець — ад смагі колькі разоў вады сцюдзёнай папіў і зусім аслабеў Гарун. Аўсянік лекара з вайсковае камендатуры прывёў — той і параіў перадаць Гаруна дзяжурнаму санітарнага цягніка. Пад рукі з хаты выводзілі, сам ужо й ісці не мог…
А тады ж, у Менску, пра развітанне доўгае і не думалася, толькі ж чаму так горка ўсім было — як саміх па свеце развозіць збіраліся?..
Не пайшоў пасля назад з усімі разам Алесь. Доўга ўслед цягніку глядзеў, а потым рэльсы перацыбаў і на другі бок вакзала перабраўся, пасунуўся да тупікоў.
Тама вайсковы састаў грузілі: гарматы, скрыні, палявыя кухні. У апошні вагон цыбаты жаўнер з рэдкімі вусамі сіліўся кабылку ўцягнуць — па ўсім не вайсковую, тонканогую, падцягнутую, вогненна-каштанавую. Тая наравілася, упарцілася, не хацела нават на дошкі мастка ступаць, а жаўнер люціўся. Джыгне канцом аброці па пысе — і зноў у вагон цягне. Кабыліца ж яшчэ больш упарціцца, адступае. Жаўнер вылаяўся, сплюнуў, аброць за жалезную засову зачапіў… і кулаком па храпе лашаку раз, другі, трэці… Кабыліца адразу ж наўздыбкі, ды кароткая аброць не дала — як струна напялася, толькі засова гухнула.
— Што ж ты робіш?! А каб самога вось так… па храпе!? — не стрымаўся Алесь, да жаўнера кінуўся, паміж ім і кабыліцай стаў, сам наструніўся, кулакі сціснуў. Жаўнер адразу ж скінуў з пляча карабін-драгунку, вачыма цёмнымі апёк… І прыкладам кабыліцы па галаве тыцнуў.
А Алеся нібы ўзвірыла што — перахапіў вінтоўку і нагой у часночыны зубоў пад рэдкімі вусікамі!.. Жаўнер у вагон уляцеў і бразнуўся аб яго драўляную сценку, толькі абцасамі бліснуў…
Алесь тады повад з засовы зняў, падняў драгунку, скочыў на кабыліцу — і за вагоны, за тупікі, закрытыя дзікім вішняком! Толькі праз хвіліну ўсполашныя стрэлы далёка за спіной ледзь пачуў…
Ён кепска ведаў менскія ўскраіны, і стараўся кіраваць на поўдзень — на Слуцак — па сонцу (яно, па-летняму недасяжнае, то застывала над дробнымі гарадскімі садамі, то, вынырнуўшы з іх, мякка плыло ўслед). На слуцкую дарогу, спяшаючы, так і не выбраўся, — дый да лепшага — ці мала хто пераняць на ёй мог? Імчаў прылескамі, лугамі, даваў нядоўгі спачын Каштанцы (паспеў назваць ужо), — і зноў у дарогу. А калі сонца ўжо крыху стамляцца пачало, на адвячорак павярнула, калі ледзь у балота не ўблэнтаўся, — зразумеў, што яшчэ крыху, і заблудзіць. Раней вёскі здалёк абмінаў, а цяпер распытаць пра дарогу вырашыў. Балазе й хутарок адразу з лесу вынырнуў… Так і ёсць, схібіў, круга лішняга даў, але добра што хоць чуў пра гэтыя мясціны: паехаў да Валяр'янаў (толькі вінтоўку — бачыў, як падазрона мужык на яе касіўся — у пінжак укруціў і зноў да сядла прывязаў), там — напрамкі на Покаршава, на Слуцкі тракт і меркаваў выбрацца…
Толькі тады асэнсоўваць пачаў, што ж адбылося. Праз дзень-два ён і так дамоў ехаць збіраўся… Гаруна правялі. Рак-Міхайлоўскі казаў, што да Гародні паедзе… Вось толькі што з кабыліцай рабіць? Не свая ж! А палякі ж — думаў — нават калі і надумаюць шукаць, то не да гэтага ім будзе — вунь як спешка ад'язджаюць!
Зноў адпачыць вырашыў. Збочыў у алешнік, Каштанку — згаладалася ўжо — папасвіцца пусціў, а сам ссунуўся пад старую алешыну — стомлены, разбіты (адвык такі ад язды верхам). І нібыта і не ад палякаў уцякаў ён — а ад думак сваіх змрочных.
«Што далей?» «І як здарылася, што вось так, як злодзей апошні, уцякаю?» «Чым зграшылі так беларусы, за што лёс карае іх так жорстка ліхалеццем гэтым?» «І далей — што?..»
Пінжак (драгунку раскруціў, хацеў было выкінуць, ды ўсё ж побач паклаў) пад галаву скамгакаў, прыдрамаць думаў — ды дзе там! А тут яшчэ пад вухам шаргатнула — і ўзгадаў, што, пры развітанні з Гаруном Купала свежы, толькі з друкарні, нумар «Руні» падарыў: «Чытнеш, Алесю, калі, можа, сумна стане…» Ускочыў, прысароміў самога сябе: «Падарунак з рук Купалавых, а во як ён у кішэні яго прыкамячыў».