Пляц Волі
Шрифт:
– Прабачце… Падкажыце, як на… прашпект… Скарыны (ледзьве вымавіў, не верачы ўсё яшчэ, што ўрэшце галоўная вуліца Менска займела імя беларускага першадрукара [3] ) выкільгікаць?
– Скарыны? — кабета нібыта ад нейкага сну свайго адпрэчвалася. — А вось так прама і йдзіце…
І ён пакрочыў «прама», не здзівіўся нават, што яму па-беларуску адказалі. На нейкай вулцы раптам расступіліся дамы — пастарэлыя, хоць і дагледжаныя, наноў нядаўна пафарбаваныя. Смялей загудзелі машыны, два тралейбусы прашаргацелі адзін за адным — і ён здагадаўся, што йшоў правільна, там «цэнтар». А супыніўся перад светлафорам — і застыў, уражаны, агаломшаны… Праз дарогу, на той бок праспекту, стаяў, як і семдзесят гадоў таму, будынак тэатра, адно фасад крыху перароблены — стаяў, як зубр аціхлы. Ён раптам перастаў заўважаць усе іншыя будынкі, «чужыя», узведзеныя пасля яго; колькі разоў запрашаў зялёным агеньчыкам светлафор… Божа мой, гэта ж тут Першы Ўсебеларускі кангрэс адбыўся, і гэта ж сюды паслухаць Меражкоўскага ў 1920-м ён з Алесем Гаруном прыходзілі! І вось — застаўся! Збярогся — і цяпер ужо і пра Купалу памяць цепліць («Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы»), і слова беларускае…
3
Да гэтага галоўная вуліца Менска - Захараўская - звалася вуліцай Міцкевіча, Савецкай, Хаўптштрасэ, праспектамі Сталіна і Леніна.
Урэшце перайшоў праспект — ледзь, праўда, паспеў, праваруч нейкае аўто з прыцемненым шклом прытармазіла — амаль у паўкроку. Зноў на чыста вымеценым тратуары пастаяў, навокал паўзіраўся — астатняе незнаёмае ўсё, чужое. Хіба яшчэ тую горку памятаў — праспект, здавалася, ныраў-бег уніз да Свіслачы. Там колісь гарадскі сад быў, і Юбілейны дом — Беларускі дом — на горцы ганарліва стаяў…
Пайшоў сцярожка, павольна. Мароз падціскаць пачаў — адвык ён ад холаду восеньскага! Вось і шчокі ўзгарэліся, і рукі стыць пачалі (чамаданік з рукі ў руку перакідваў — і пачарзе далоні ў кішэнях плашча грэў). Пальчатак адтуль не захапіў… Адтуль — і здзівіўся, што пра краіну, дзе большую частку жыцця свайго правёў, праз колькі беларускіх гадзінаў нечакана і неўсвядомлена замяняць гэтымі «там», «адтуль» пачаў…
Вецер пялёсткі сняжынак нагнаў, заказыталі гарэзліва твар. І тады зноў як агнём. апякло (сненнем ці казкай мройнай усё гэта лічыць нават у хвілю тую спрабаваў) — Беларускі дом! Вось ён!! Стаіць, купалкі свае два высока ўздымае!!! Толькі шыльду новую займеў — Дом мастацтваў. Някепскую. Можа і слушна Беларусь — гэта мастацтва… А вунь і вакно на другім паверсе — ягонага кабінета… Хтось мільгнуў у ім… Ён жа заўсёды першым дзверы адмыкаў, не павінна яшчэ там нікога быць… То чаго ж ён ня йдзе, лайдакуе?..
І што гэта з вачыма сталася: і дамы з праспекта зніклі, і светлафораў не відно, і машын?.. Із душы — як семдзесят гадоў спала… А там, унізе, за голым паркам, каля Свіслачы цёмнай і сцішанай — Купалаў домік..
Ён рушыў напрасткі, як і хадзіў часта — паўз рэчку, і нават бетон, што ваду сціскаў, знаёмым здаваўся…
Пад абед 20 сакавіка 1920 года Янка Купала выпісаўся з земскай бальніцы. У адведкі шмат тады пайшло: Гарун, Бядуля, Ігнатоўскі, Лёсік, Цярэшчанка, Рак-Міхайлоўскі, яшчэ некалькіх запамятаваў… і ён, Алесь. Сустрэла Купаліха, заўсміхалася, — значыць, добра ўсё, на папраўку ідзе гаспадар. А ён — больш таго! — за сталом сядзеў, пісаў. Шчокі схудзелыя, цені пад вачыма, а зрэнкі — ажно свецяцца…
— Ажыў, браткі, ажыў! І крэмзаць пачаў, - прызнаваўся Купала за гарбатай. Але пра сябе амаль не расказваў (хіба толькі пра тое, што паэмы частку, у палаце складзеную, запісаў), больш распытваў пра менскія навіны. І нельга было не заўважыць, як і весялосць ягоная знікла, і агеньчыкі ў вачах затуманіліся.
Слабым усё ж, бачыў Алесь, быў яшчэ Купала, не паправіўся напоўніцу. Хоць нашмат горш на пачатку года пачуваўся. Тады, 2 студзеня, Алесь карэктуру з «Беларусі» яму дадому прыносіў (Лёсік папрасіў — сам з газэтай дужа пільна заняты быў). Вось і тады Купала весяліўся, жартаваў. Уладзіслава Францаўна пірагом частавала… А праз тыдзень, 9-га, Купала ў бальніцу лёг. На аперацыю…
Пасядзелі ў Купалы нядоўга, адпачываць пакінулі, напрыканцы толькі на паседжанне Белнацкама запрасілі — 22 сакавіка.
А як выйшаў Алесь з Купалавага дому, карэктура колішняя і ўзгадалася — артыкула «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год». Па дарозе Алесь і прачытаў яго, і цяпер роўныя абзацы ўваччу з'яўляліся:
«Калі немцы, пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі, занялі большую часьць нашай тэрыторыі, кучка бальшавіцкіх камісараў, гаспадарыўшая раней у Менску, уцякла ў Смаленск. ...неяк дагаварыліся і стварылі часовы ўрад «Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Старшынёй урада быў назначаны Жылуновіч (Ц. Гартны), а рэшта «портфелей» былі падзелены паміж Дылам, Мясніковым, Шантырам, Яркіным ды інш. Гэты ўрад прыехаў у Менск, і 1 студзеня 1919-га была абвешчана «Незалежная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» ў федэратыўнай сувязі з Маскоўшчынай. Адначасна стары беларускі ўрад «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі і Рада Міністраў БНР» былі абвешчаны без абароны закону.»
«Бальшавікі займаюць Вільню, касуюць «незалежную беларускую і г. д. рэспубліку», а сваіх бальшавіцкіх беларускіх «нацыяналістаў» — Шантыра, Дылу, Фальскага (Жылуновіч паспеў к таму часу ўцячы) — садзяць у вастрог, ствараюць ужо Літоўска-Беларускую савецкую і г. д. рэспубліку…»
«Палякі занялі Вільню, пасунуліся да Маладзечна і пагражалі Менску… І «чразвычайка» сваю працу «павялічыла». Праца гэта менчанам добра вядома. Курганы сотняў расстраляных аб гэтым і цяпер сьведчаць.»
Так, яны, «папараць-кветкаўцы», разышліся з Шантырам. Але адзін Бог яму суддзя — рабіў гэты рамантык-апантанец усё шчыра. Урэшце, і знішчылі яго за беларускую справу ці не самым першым… А вось Цішка Гартны…
«Гартны-Жылуновіч… Гэта была ўнікальная фігура. Чалавек з беднай сялянскай сямьі (бацька асушаў балоты на Палесьсі, маці хадзіла да капыльскіх багацеяў на падзёнку), малаграматны гарбар (зіму слухаў «дарэктара», праседзеў у двухкляснай вучэльні), але вялікімі амбіцыямі абдзеленым ня быў. Накрэмзаў колькі вершыкаў — сьпярша на «нібыта» рускай мове — і вырашыў падацца да самога Льва Мікалаевіча Талстога (пра жыцьцё пагаварыць і «стыхы» свае паказаць). У Тульскую губерню, праўда, не дапяў, затое апынуўся ў Кіеве — і ў найбольш прэстыжную тамтэйшую газэту «Киевские новости» творы свае панёс, а па дарозе яшчэ раз прыкідваў, колькі ж гэта заплоцяць яму (калі верыць абвестцы, за радок ажно 10 капеек давалі, а ў яго ж радкоў гэтых — цэлы сшытак!). Ды «ад варот паварот» далі яму ня толькі ў «Киевских новостях», але і ў іншых кіеўскіх газэтах. А потым на вочы патрапіла «Наша Ніва» (прыяцель браў яе ў доктара Клейнбарта). Вось тады і перастроіцца Дзьмітрый-Цішка пад новы лад, і па-беларуску запіша. На верш «Хто мы» рэдакцыя дашле ўхвальны водгук, толькі з публкацыяй — не сьпяшацьме. Але ягоныя допісы-карэспандэнцыі будзе зьмяшчаць спраўна (у гэтым я пераконваўся, калі перачытваў падшыўкі «Нашай Нівы»). Адна бяда — ганарару не плаціла… І падасца рабочы геній у Вільню, на працу ў «Нашу Ніву» прасіцца. На ноч «атабарыцца» прапануюць яму на крывой канапе ў пярэдняй, а вось працы — не дадуць. І зноў крыўда яго адолее: «Як так?! Ня любяць, пабойваюцца рабочых» (гэта пра Ўласава й іншых)… Тое, што «па вазе» сваёй не згадзіўся, таленце і кругаглядзе — ня думаў і ня мог думаць Гартны, хоць сам жа Багушэвіча з Сыракомлем блытаў, пісаў аднаго разу ў лісьце: «…калі забудзеце сваю мову, — сказаў намі яшчэ вялікі пясьняр беларускі Кандратовіч, — то памрэце», — чуў звон, а што ён з Багушэвічавай «Дудкі беларускай» — хіба ж запомніш… А Ўласаў жа шчыра яму тады ў настаўніцкую сэмінарыю паступіць раіў!
Гнеўную злосьць Гартны і на Іваноўскага затоіць… Даведаўшыся, што адзін рабочы-беларус шукае працу, той прапанаваў яму службу ў сваім маёнтку. Завёз да сябе ў Лідзкі павет і — бачыце! — не ў свае палацы хлопца адвёў, а ў хатку, дзе бедныя жылі… Парабкам, не раўнуючы, зрабіць захацеў… Сам жа з дзяўчатамі раяль слухаў… Зьбег Гартны праз колькі гадзін, Іваноўскага кленучы.
Ня даў лёс яму гонару-вядомасьці Дзямьяна Беднага, хоць у 1912 - 1913 гадах у бальшавіцкай «Правде» вершы друкаваў — пад псэўданімам Давыд Скорбящий, і «Д. Жылуновыч» падпісаўся. Затое ж стаў такі «першым» на Беларусі — з лютага 1918-га сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, і рэдактарства ўсё ж дамогся — савецкай «Дзяньніцы», а затым быў — хоць і некалькі месяцаў, да ператасоўкі ЛітБелССР, — старшынёй Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада БССР. Бальшавіцкую «любоў» Цішка Гартны адчуў на сабе — яшчэ ў сьнежні 1917-га, калі на Ўсебеларускім кангрэсе быў арыштаваны «ўпаўнаважаным» Крывашэіным з памагатымі — арыштаваны разам з усімі сябрамі прэзыдыума (а ордэр на незаконны арышт таварыш Карл Ландэр падпісаў). І часу для одуму было яшчэ ўдосталь: змог жа Фабян Шантыр, у апошні час старшыня бальшавіцкага Заходняга адзьдзела Белнацкама, ва ўсім разабрацца — вярнуўся ў Слуцак і ня толькі «Папараць-Кветку» арганізаваць дапамог, але й лепшую сваю лекцыю асобнай брашурай выдаў — адна яе назва шмат пра што гаварыла «Патрэбнасьць нацыянальнага жыцьця для беларусаў і самаазначэньня народу»…
30 сьнежня 1918 года ў Смаленску адкрылася VI Паўночна-Заходняя абласная (!) канфэрэнцыя РКП(б). З прапановы Аляксандра Мясьнікова яе й перайменавалі ў І з'езд КП(б) Беларусі. Там і стварылі БССР. Старшыня Гартны ў свой урад землякоў слуцка-капыльскіх і падзьбірваў. Камісарам па нацыянальных справах прасіў стаць Шантыра, камісарам працы — Язэпа Дылу. Апошні й дапамагаў свайму патрону казкі-легенды дастворваць — у друку («Шлях амаль у сотню год») узгадваў, напрыклад, як напрыканцы 1918-га з Гартным наведалі Янку Купалу (які на той час жыў у Смаленску і служыў упаўнаважаным Саюза гарадоў, нарыхтоўваў у вакольных вёсках прадукты для фронту і шпіталяў). Што доўга блукалі па цёмных вулках (і электрычных лямпачак не было, і налёту нямецкіх аэрапланаў 6сяліся) — праўда. Як і тое, што Уладзіслава Францаўна засмажыла яешню і сялянскую каўбасу з кменам, і самаробны сыр на стол паставіла. А вось пра тое, што Купала і Купаліха «вельмі ўзрадаваліся вестцы пра ўтварэньне БССР» — хлусьня дутая. І не сказаў тады Купала: «Калі б я раней ведаў, што так хораша вырашыцца наша нацыянальнае пытаньне — ужо даўно б звольніўся з гэтай непадыходзямай, для мяне службы й пераехаў бы ў Менск» — і пасьля «весткі» ж працаваць у Смаленску Купала застаўся. Як не зманьваў яго на свой бок Гартны… І тост за Савецкую Беларусь ня браў тады, — як «прыпамінаў» Язэп Дыла — пра візіт іхні Купала затым Лёсіку й Гаруну падрабязна расказваў. А яшчэ Дыла і пра тое пісаў («Беларускія драматургічныя гурткі на Случчыне»), як пад Саветамі «папараць-кветкаўцы» «раптам адчулі» (!), што завершылі сваю ролю — і бальшавікі распусьцілі іх (вось як проста — не пазьнішчалі, а «распусьцлі»).
І не ўгаварылі такі Гартны з Дылам Купалу папоўніць сваю «двоіцу» — адны праз колькі дзён у Менск прыехалі! Па дарозе з вакзала зайшлі ў прыватную рэстарацыю, па дзве порцыі кожнаму замовлі. А затым і нямецкага мёду-эрзацу паспытаць захацелі. Гаспадар неахвотна, насьцярожана яго прынёс (задорага ж дастаўся!).
– Баецёся, што новая ўлада адбярэ ад вас гэты мёд? — пажартаваў сур 'ёзна Гартны.
– А хіба будзе нейкая новая ўлада? — не зразумеў гаспадар.