Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

— А ведаеш, хто старшынёй з'езду гэтага прызначаным быў? — Лістапад яшчэ штось «прыхаваў» для яго.

— Ну?..

— Абрамовіч наш вядомы…

Пакуль паснедалі, пагаварылі — якраз на святочнае набажэнства, што ў касцёлах а 12-й пачыналася, спяшыць трэ было (у менскіх цэрквах на гадзіну пазней пачыналася). Ну і канешне ж, яны, слуцакі, Чырвоны касцёл выбралі, а як жа — гэта ж случак Вайніловіч збудаваў яго на собскія грошы! Загадкавая, міфічная нават асоба… І начуты пра яе Алесь ужо болей быў, чымся ягоныя госці, таму — не без годнасці — што ведаў, тое і расказаў па дарозе…

Хоць нарадзіўся Эдвард Вайніловіч у дзедавым (па маці) маёнтку Сляпянка пад Менскам, дзяцінства й часткова юнацтва ў слуцкіх Савічах праводзіў. Савічамі ж яшчэ ў XVI стагоддзі слуцкія князі Алелькавічы валодалі, потым у заставу (заклад) шляхціцу Цяльшэўскаму — за грошы — перайшлі. Князь грошай не аддаў, і маёнтак княгіні Соф'і Слуцкай стаўся ўласнасцю Ганны Цяльшэўскай. Апошняя трох мужоў змяніла, адзін з іх — Вайніловіч. У запавеце Цяльшэўская і перадала Савічы дзецям ад яго. (Гісторыю гэту Алесю Ігнатоўскі пераказаў.)

У доме Вайніловічаў гучалі польская й беларуская мовы. У Слуцкай — іхняй! — гімназіі вучыўся. У 1863 годзе маці яго ў паўстанцы выпраўляла, выпадковасць толькі й стрымала. Затым — Тэхналагічны інстьпут у Піцеры, за мяжой працаваў… А ў 1905 годзе амаль 300 тысячаў рублёў на пабудову касцёла ў Менску выдаткаваў — у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. Афіцыйна касцёл і менаваўся — Сымона і Алены. Высокія пасады займаў Вайніловіч, сам Сталыпін яму пасаду віцэ-міністра земляробства прапаноўваў!

Але ўрэшце вось і ён — чырвоны прыгажун, з прыручанай готыкай, нібы палац — і велічны, і сцеплены, свойскі. Людзьмі ўзрушанымі запоўнены, напалову школьнікамі, дзецьмі з прытулкаў — са значкамі бела-чырвона-белага колеру.

Ксёндз прафесар Абрантовіч гаварыў урачыстае казанне, усіх сыноў і дачок краю ўсе свае сілы аддаць дзеля лепшай будучыні маці-Беларусі натхняў. Затым і набажэнства адбылося. Напрыканцы — ужо на вуліцы, каля касцёлу — хор Тэраўскага прыгожа спяваў…

Бачачы, як Лістапад надта ўжо за старэйшай Стаганавічанкай улягае: то шэпча штось на вушка, то да ліпы прытуліць — і ў вочы зазірае-любуецца, Алесь не стрымаўся быў, Людзе перадаў:

–  Што гэта яны, як галубы навесну?..

Тая ўсміхнулася загадкава, брывамі павяла, вусны змуліла хітравата, — ды ўсё ж не стрымалася, сакрэт сёстрын шэптам выказала:

–  А яны пабрацца вырашылі… Вяселле пасля Вялікадня будзе.

Вось табе й на! Усё складанае іншымі, вось, проста вырашаецца…

А ў пяць вечара яны ў Беларускі дом прыйшлі, на ўрачысты сход Нацыянальнага камітэту (і Вайсковая камісія, і розныя беларускія арганізацыі запрашаліся, — Юрка Лістапад і Стаганавічанкі «Папараць-Кветку» прадстаўлялі).

–  Вой, Алесь, дык гэта ж сам Купала! — не стрывала Людка, пад бок штурхнула. — Каб жа знала, што вось так, ледзь не ў вочы… (Дзядзька Янка па прыступках на другі паверх падымаўся, а яны — побач, на калідоры першага стаялі.) Я б кніжку ўзяла, надпісаць папрасіла б…

–  Дык я зараз! — І Алесь крутнуўся ў свой кабінецік, апошні Купалаў зборнік адшукаў, Людцы прынёс. — Хадзем, будзе табе надпіс…

У зале паседжанняў людзей ужо сабралася поўна, але Купалы там не было. Ды Алесь здагадваўся, дзе адшукаць яго — у Лёсіка, дзе ж яшчэ… Юрку й Марыю пакінулі «пільнаваць» месцы, самі ж перайшлі ў другі вугал Дому.

Дзверы з шыльдаю «Рэдакцыя газэты «БЕЛАРУСЬ»» былі прачынены напалову — і якраз за першым сталом сядзеў Купала.

–  Ну, прасі йдзі. — Алесь сабраўся чакаць. Ды Людка ажно войкнула:

–  Ты што, сорамна ж неяк…

–  Эх, а яшчэ ў эсэры запісалася! — бухнуў са смяшынкай і адразу адчуў недарэчны свой жарт. — Хадзем… — каб толькі паправіцца шапнуў і ў дзверы пастукаў…

–  Што ж грукаеш, як не свой? — Гэта Лёсік, гаспадар пакоя, адказаў першым. За Алесем і Людка нясмела ўпіхнулася, «Дабрыдзень» выціснула…

–  І адкуль жа Алесь такіх прыгажуняў прыводзіць? — спытаў Купала, мякка азірнуў абодвух, калі пра мітрэнгу іх выслухаў.

–  Вядома адкуль — са Слуцку! — цепануў галавою Алесь, засвяціўся.

–  А ці не з тога залеску, дзе і «Папараць-Кветка» ваша цвіце?

–  З яго самага…

–  Знаеце што, харошыя мае, я вам адну на дваіх падпішу, — і асадку з пяром срэбным паволі выняў з кішэні, да старонкі прыціснуў — а сам са шчырай хітрынкаю, бровы звёўшы, на іх зірнуў, усміхнуўся. — Бачу, не супраць… — Спытаў, як паненку зваць, старанна вывеў на тры радкі надпіс: «Даражэнькім маім кветцы-паненцы Людмілцы й квету-панічу Алесю — каб шлях ваш у сонечных пялёстках быў!», — дату падставіў — «25-га сьвятога сакавіка 1920 г.»

Разам і на сход урачысты пайшлі. Адкрыў яго старшыня ЧБНК Кузьма Цярэшчанка. Пасля прамовы Устаўную Грамату прачытаў — і ўсе стоячы яе слухалі! Прафесар Вацлаў Іваноўскі пераказаў коратка гісторыю беларускага руху з 90-х веку мінулага да апошніх гадоў. Аркадзь Смоліч — пра беларускую чыннасць за ўвесь час доўгай вайны. Сымон Рак-Міхайлоўскі знаёміў з працай Беларускай Вайсковай Камісіі. Апошнім Кузьма Цярэшчанка ўзнёслымі словамі закончыў — аб тым, што расце рух беларускі з кожнай гадзінаю — і ўпэўнена будуецца з году ў год беларускае жыццё.

А 8-й вечара п'есу ў тэатры ставілі. Толькі ён з Людкай не пайшлі на яе, стаміліся сходамі, - адных Юрку й Марыю выправілі. Дамовіліся сустрэцца на кватэры Алеся — начаваць (ключ дзе ляжыць, Алесь яшчэ ўранку паказаў).

І нырнулі яны тады ў ціхі і зманлівы, цёплы й таемны, чаканы і запознены адвячорак, і начы часціну прыхапілі… Паўз Свіслач гулялі, абняўшыся, апякаліся пацалункамі, сузор'і пералічвалі, жаданні на знічкі загадвалі. Хоць ці збудуцца, ці адкрыюцца лятункі-мары тыя — і думаць не адважваліся…

Сумна гасцей праводзіць было, як не ўпрошваў — на другі дзень не змаглі застацца. Праз месяц сустрэцца толькі змогуць — настаўніцкія курсы ў Слуцку арганізоўваць будуць.

І, абдымаючыся-развітваючыся, каб і ўсе пачулі, ён мовіў да Люды:

–  А першай справай да бацькоў сваіх чакай.

–  Ого! — Юрка адразу ўсё скеміў, Марыю ўшчыкнуў. — Глядзіце ж нас толькі не абганіце!..

* * *

У Слуцак ён ехаў на ўжо знаёмым аўтамабілі — разам з Янкам Станкевічам, якога Цэнтральная беларуская школьная рада прызначыла кіраўніком курсаў беларусазнаўства (а ён, Алесь, інструктарам станавіўся). За рулём Домскі сядзеў, цыгаркай пыхкаў. Недзе на паўдарозе дождж нагнаў, гарэзны, па-вясноваму цёплы. Давялося спешка «капюшон настаўляць», як жартаваў Станкевіч — брызентавы верх да пярэдняга шкла нацягваць. Пакуль праваждаліся — і дажджу не стала…

Поделиться с друзьями: