Пляц Волі
Шрифт:
Тады дзед і дарасказваў, што гэта адзін з чырвонаармейцаў, з жалезным верхнім зубам, доўга ў яго ўглядваўся, якуюсь больку на шчацэ ціскаў, а потым, выходзячы, плюнуў — і ні з таго ні з сяго заехаў у люстэрка тронцам нагана…
Як жывога, шкада стала люстэрка. Канешне, рэч простая, і замяніць яго проста. Але ж… Але ж колькі пабачыла яно за свой век! Пабачыла і ягонага, Алесевага. Як кугакаў у люльцы каля вакна насупраць… Як хадзіць вучыўся… Як, урэшце, з гэтай печкі падаў, гузака набіваў… А дзён дзесяць у яго — дзед ізноў распавёў — яшчэ паляк глядзеўся: забег вады папіць, зірнуў заліхвацка, падміргнуў сам сабе — і вус доўгі падкруціў… «Мы яшчэ прыйдзем!» — з-за дзвярэй бухнуў.
Як і прадчуваў дзед, нагаварылі на Алеся аднавяскоўцы. І хто б мог падумаць — суседзі ягоныя, Гаўрылевічавы хлопцы… Пазайздросцілі, ці што?.. Алесь пра тое пазней даведаецца. А тае раніцы прывядзе суседзям Гаўрылевічам сваю Каштанку, «адбітую» ў паляка, — трэба ж неяк жыць хлопцам, апошняга падсвінка «апісалі». А ў яго ж, Алеся, яшчэ адзін конь застаўся…
«1 жніўня 1920 года выйшла дэкларацыя пра абвяшчэньне незалежнасьці Савецкай Беларусі.
«Імем паўстаўшых рабочых і сялян, — гаварылася ў ёй, — абвяшчаецца незалежная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі. <…> Усе законы і пастановы польскай акупацыйнай улады аб узнаўленьні прыватнай уласнасьці ў Беларусі касуюцца. <…> Усе народныя багацьці пераходзяць у рукі дзяржаўных органаў рабоча-сялянскага народу. Рабоча-сялянскія арганізацыі, імем паўстаўшых працоўных мас, абвяшчаюць Беларускую «найвышэйшую раду» і ўсе белагвардзейскія і буржуазна-памешчыцкія ўрады Беларусі скінутымі і падлеглымі суду рабоча-сялянскага народу. <…> Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі будуецца на прынцыпах бязьлітаснай дыктатуры пралетарьяту і выкарыстаньня ўсяе практык Савецкай Расіі…»
Пад гэтым дэкрэтам, сярод іншых, будзе стаяць і подпіс Усевалада Ігнатоўскага. Яшчэ ў студзені ён з Каранеўскім, Алесем і Васілём Сташэўскімі, Булатам і іншымі стварылі Беларускую камуністычную арганізацыю. Беларуская камуністычная арганізацыя адыграла значную ролю ў антыпольскім супраціве. Прызнаючы бальшавіцкую праграму, яна ўсё ж адстойвала ідэю стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы.»
(З запісаў Алеся Ваяра.)
У тую жудасную ноч з 12 на 13 кастрычніка 1920-га — ці змог Купала заснуць? Злосна гохкалі ад ветру незачыненыя аканіцы, раз'юшаны дождж лупцаваў па шыбінах, у непрапаленай хаце — сыра і холадна. А як маркотна, як балюча на душы — хто прачуе, хто перадасць?
Калі ён дазнаўся аб падпісанні дамовы «пра перамір'е і прэлімінарных (папярэдніх) варунках міру», паводле якога Расія адмовілася на карысць Польшчы ад Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, па-праўдзе — не паверыў у пачутае… Так нахабна гандляваць лёсамі краінаў, народаў, якім столькі абяцала!? Штосьці страшнае ён прадчуваў яшчэ ў ліпені — калі прыпыніўся выхад «Руні», калі бальшавікі выціснулі палякаў з Менску, а праз колькі тыдняў склаўся Ваенрэўком БССР на чале з Алесем Чарвяковым. Пра «ЛітБелію» ўжо не ўзгадвалася — літоўскі народ стварыў ужо сваю асобную дэмакратычную рэспубліку… На Беларусі ж толькі пачынала разыгрывацца трагедыя. Яшчэ 12 ліпеня ангельскі міністр замежных справаў Керзан прапанаваў ваюючым бакам размежаванне па лініі Горадня - Ялаўка - Няміраў - Брэст. Вось тады і бліснула яму першае прадчуванне блізкай навальніцы…
Ішоў злосны контрнаступ польскіх войскаў — яны зноў былі пад Полацкам, Менскам, Слуцкам. А на паўднёвым фронце бальшавікоў ціснула Белая армія. Таму Ленін і захацеў перадыху, а разменнай манетай сваёй гульні зрабіў Беларусь… У верасні ў Рызе пачаліся перамовы — паміж савецкай расійска-ўкраінскай і польскай дэлегацыямі. Кіраўнік савецкага боку Іофэ не дапусціў да працы Чарвякова — ад беларусаў, сказаўшы яму, што перадасць Польшчы, калі спатрэбіцца, усю тагачасную БССР (у межах былой Менскай губерніі). Ды палякі (Домскі і Грабскі), каб не мець у сябе клопатаў з «беларускім пытаннем», ад Меншчыны адмовіліся. 12 кастрычніка была падпісана «мірная» дамова: польскім войскам дазвалялася яшчэ наступаць шэсць дзён. Першым пунктам прызнавалася незалежнасць Украіны і Беларусі. Але ж якой Украіны? Якой Беларусі?! Савецкіх, па-жывому разрэзаных! Палякі пагадзіліся адвесці войскі з некаторых тэрыторыяў, што занялі падчас восеньскага контрнаступу. І мяжа падзелу Беларусі прайшла адразу на захад ад Менска, па Дрысе на поўначы і на поўдні — Тураў. За абвешчанай ССРБ заставалася ўсяго шэсць (!) паветаў: Менскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі. Рэшту краіны падзялілі Польшча й Расія…
Зрэшты, штось падламалася ў Купалу і пасля смерці Гаруна — як у мройным сне ўсё часцей узгадваліся словы гэтага мудрага гаротніка, які пра Леніна адкрыта выкрывальнае пачаў гаварыць першым. Ад яго даведаўся пра бальшавіцкія хітрыкі яшчэ «міру» Брэст-Літоўскага, калі Ленін згадзіўся з патрабаваннем Нямеччыны добраахвотна выдаць чэшскія часці. Да заключэння Брэсцкага міру чэхі кватаравалі на Украіне. Ратуючыся ад нямецкай акупацыі, іхнія эшалоны адыходзілі і расцягнуліся па чыгунцы ад Пензы да Уладзівастока. Па дагавораным з кіраўніцтвам Антанты плане яны павінны былі пагрузіцца на караблі і адплыць у Францыю. І як гром — загад з Масквы аб раззбраенні і затрымцы эшалонаў. Матывіроўка: Уладзівасток заняты японцамі, і тыя могуць перашкодзіць адплыццю чэхаў… Але ж ці пад сілу было малаколькасным такійскім падраздзяленням тузацца з моцным корпусам рэгулярнага абстралянага войска, якое намагалася адно патрапіць на радзіму?
Здаць зброю чэхі адмовіліся. Пачаўся мяцеж. 25 мая 1918-га эшалоны Гайды ў Сыбіры выступілі супраць бальшавікоў. На другі дзень брыгада Вайцахоўскага заняла Чалябінск. Эшалоны Чэчкі выбілі бальшавікоў з Пензы і Саратава і пайшлі на ўсход. 7 чэрвеня Вайцахоўскаму скарыўся Омск, 8-га Чэчку здалася Самара. Паўстанцы аб'ядналіся і пачалі адыходзіць да Уладзівастока, пасля чаго і быў утвораны ўсходні фронт, задача якога напачатку заключалася адно толькі ў супрацьдзеянні чэхам, міжволі ўцягнутым у грамадзянскую вайну ў Расіі. А не хацелі б яе бальшавікі, не перастрахоўваліся б перад немцамі — ім проста не трэба было б пярэчыць адыходу чэхаў…
Каб немцы сталі больш згаворлівымі, не пашкадавалі Ленін з Троцкім, як распавядаў Гарун, і вагонаў золата [7] , як не пашкадавалі палякам Беларусі…
Па-ранейшаму за вокнамі ліў дождж, вецер гнуў дрэвы і ляскаў аканіцамі, аціхаў на момант — і налятаў з большай моцаю. І Купала не ўтрымаўся, накінуў плашч і выйшаў на двор. Хацеў закрыць аканіцы, але, забыўшы на іх, голымі ліпавымі прысадамі спусціўся да рэчкі.
Вецер тут лютаваў яшчэ больш. Гнуў да долу кустоўе крушынніку, рваў з карэннем перасохлыя купкі крапівы і бадылля, шпурляў іх у ваду, свістаў пад цяжкімі хмарамі. Але Свіслач… Свіслач, пакрытая рабаціннем ад дажджу, Свіслач, сціснутая навалай цемры, Свіслач, выстуджаная начным сіверам, — заставалася спакойнай, ціхай, толькі каля берагоў пужліва разбягаліся мітуслівыя хвалі — і знікалі ў няскошанай летам берагавой траве.
7
Праз 80 гадоў гэта пацвердзяць адшуканыя тэлеграмы і банкаўскія дакумэнты. 27 жніўня 1918 года ў Берліне як сакрэтны дадатак да Брэст-Літоўскага міру быў падпісаны «Дадатковы фінансавы пратакол», па якім бальшавікі куплялі ваенны нейтралітэт Нямеччыны за 250 тон (!) золата і пастаўкі сгратэгічнай сыравіны. У верасні-кастрычніку 1918-га 93 тоны 542 кілаграмы золата на 120 мільёнаў залатых «царскіх» рублёў (322 мільёны залатых франкаў) у двух эшалонах Леніным і Троцкім былі накіраваны ў Берлін, у лістападзе золата здалі на захаванне ў сутарэнні Французскага банка, папярэдне адправіўшы міністру фінансаў Францыі Л. Клотцу і маршалу Фошу шыфраваную тэлеграму пад № 43:
«...Нямецкія прадстаўнікі прапануюць перадаць французскаму кіраўніцтву на рахунак саюзнікаў сум ў памеры 322 млн. (залатых франкаў), якую склалі два ўзносы Расіі, прадугледжаныя Брэст-Літоўскім дагаворам... Золата будзе пастаўлена вагонамі ў Францыю чыгункай Майнц-Саарбрукэн...»
Нечаканы спакой перадаўся тады і Купалу. Яшчэ з гадзіну блукаў мокрымі прысадамі, узіраўся ў кволыя агні па той бок рэчкі, пакуль — так і не закрыўшы аканіц — не вярнуўся, мокры і стомлены, дамоў, - але ўсё ж ці заснуў ён гэтай ноччу?
Раніцай Алеся разбудзіў Юрка Лістапад:
— Збірайся, браце! Годзе вылежвацца. У дарогу рушым…
Учарашняе паседжанне Нацыянальнага камітэта Случчыны вырашыла разаслаць па павеце інструктараў, каб склікаць валасныя сходы, абраць органы мясцовага самакіравання і дэлегатаў на з'езд Случчыны. Лістапад накіроўваўся (па сваёй просьбе) «у звязцы» з Алесем. Мясцовасці патрапілі не самыя далёкія: Падзера, Прошчыцы, Вясея.
Выправіліся пешкі. Доўга маўчалі, сяды-тады словам перакідваліся. А як Случ перайшлі, заўважылі, што хтось за імі следам цікуе. Пройдзе — стане, падбяжыць — і спыніцца. Што ж, вырашылі пачакаць. Толькі і незнаёмец, як укопаны, сцішыўся. Не вытрымалі, пайшлі насустрач — той адразу адступаць паціху пачаў, а потым перастаў, - галаву набок нахіліў, усміхаецца. А зблізку і пазналі абодва ў ім Міцю Жалязовіча-Бубу, каваля былога…
Са Слуцка Міця (калі адлупцаваў двух жандараў) падаўся ў родныя Прошчыцы. Толькі ў вёску не пайшоў, а ў лесе пачынак сабе змастаколіў. Даўней мясціны тыя на ўсю губерню знакамітымі былі — лячэбнай крыніцай, што каля вёскі бруіла. Мясціну тую прошчай звалі (ці ж не ад яе і вёску Прошчыцамі менавалі?), каплічку драўляную каля крыніцы збудавалі, крыж паставілі. Толькі з часам перасохла крыніца, і перасталі людзі на месца тое прыходзіць. А Міця збуцвелую капліцу перасыпаў, побач будан сабе паставіў, нават зямлянку выкапаў — і да маразоў жа рыхтаваўся… А па начах, бывала, у кузню сваю наведваўся. Пасядзіць у цямрэчы, чым-небудзь па накавальні паляпае — і зноў у будан.
Так і пражыў колькі месяцаў. А пасля бальшавікоў сустрэў, і спадабаліся яны яму, курыць навучылі, кармілі з кухні сваёй. І стаў Міцька ў іх за праважатага, балазе добра край свой знаў. Галыдзьба ў войску была, голад, таму і даводзілася з дэкрэтамі да люду вясковага звяртацца, з «продразвёрсткай» ездзіць. І Міця ездзіў з упаўнаважанымі — дарогу паказваў. Пакуль сутычка нараўне з той, кірмашовай, не адбылася. Рэквізавалі ў аднаго хутараніна мех пшаніцы, а той вазьмі дый слова гнеўнае бухні! Тады два «продразвёрснікі» са злосці і цялушку ягоную з хлява вывелі, да калёс прывязалі. А гаспадар на іх кінуўся, крычаць пачаў, за што кухталя і атрымаў. Вобзем бразнуўся, галавой хітнуў — і зноў да крыўдзіцеляў. Тут з хаты і жонка выбегла, ляманту нарабіла. Селянін ляйчыну з рагоў цялушкі скідаць стаў — і другі раз прыкладам ужо ў твар атрымаў, і падняцца не здолеў. А жанчына як рэзаная загаласіла. Міргаў-міргаў на тое Міцька і не стрымаўся: