Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

–  Дык, кажуць, слуцакі мяне просяць… — хітравата агледзеў — ужо як селі за стол — гасцей «бацька»-генерал, маладжавы, невялікага росту, чарнява-попельныя валасы ажно ільсніліся ад нядаўняй укладкі (вадой, пэўна, змочаныя). Ап'янелым Алесю чамусь здаўся, хоць усе толькі ледзь прыгубілі з налітага.

–  Пан генерал, — Астроўскі адклаў відэлец, нагу на нагу закінуў, Балаховічу ў вочы ўпіўся: — Дазволь напачатку агулам пра ўсё… Наша Случчына, як далёка вядома, — жытніца ўсяе губерніі Менскай, цяпер паралізавана. Чырвоная армія адступіла, польская ўвайшла… А тут гэтая дамова ад 12 кастрычніка… Слуцак наш абязлюдзеў, няпэўнасць адна… Рассекчы ўсе праблемы ймкнецца Нацкамітэт Случчыны. Ды, самі разумееце, у ізаляцыі з'арыентавацца цяжка. Таму… — Астроўскі азірнуўся на Юрку і Алеся, крыху зніякавеў — ці не гаворыць лішняга, і працягнуў відавочна «закругляючыся»: — …таму і выправілі нашага старшыню Нацкама ў Вільню і Варшаву па інфармацыю, а нас вось — балазе якраз палкоўніка Паўлоўскага стрэлі (і кашлянуў, убачыўшы, як бровы Балаховіча ўзняліся — пэўна ж, ужо ведаў пра «геройства» свайго пасланца)… Нас, значыць, да вас на перамовы адкамандзіравалі…

–  Так-так, — Балаховіч ускочыў і зноў сеў. — Так…

–  Нацкамітэт, — казаў Астроўскі, - адчувае, прызнаемся, ціск паланафілаў і антыбальшавікоў. Многія гатовы нават узначаліць збройную абарону Случчыны і спасылаюцца на неафіцыйныя запэўніванні польскіх уладаў пра дапамогу зброяй… Нацкамітэт рыхтуе дэкларацыі…

–  Польскае камандаванне абяцае застацца на Случчыне пакуль не арганізуецца там свая нацыянальная ўлада, — дадаў Лістапад і зірнуў на Астроўскага. Той выцягнуў з кішэні газэту і разгарнуў: — Вось тут… — пастукаў даланёй па калонках тэксту, — надрукавана Рыжская дамова… Згодна з першым пунктам яе абодва бакі прызналі прынцып самавызначэння і незалежнасці Украіны і Беларусі. Адстаяць яго — вось наша галоўная мэта.

Балаховіч зноў устаў, уздыхнуў:

–  А вы часам не былі настаўнікам? — і карычнева-шэрыя зрэнкі яго бліснулі.

–  Да апошняга часу быў дырэктарам Слуцкай гімназіі… - Астроўскі здзівіўся нечаканаму пытанню.

–  Я ж бачу… Бы лекцыю чытаеце… Ну добра, добра. Канешне, беларусы павінны кіраваць у сваім доме. І каб сталася так, маё войска не шкадуе ні сілаў, ні крыві… Хутка мы рушым уверх па Прыпяці. На Мазыр і Тураў. Калі слуцакі падтрымліваюць мяне — разам біцца будзем. Нашым і Слуцак стане. А там, — Балаховіч адышоў да акна, прыгладзіў даланёй і без таго добрапрычасаныя валасы, — а там і да Менску недалёка! Зрэшты, якія вашыя сілы?

–  Арганізавана ўзброеная міліцыя… Яе ўзначаліў штабс-капітан Мацэля. Да слова, ён і данёс першым інфармацыю пра вашу армію. Сам генерал, казаў, беларус, і дамагаецца зямлі і волі беларусам…

–  Правільна казаў. — Балаховіч зноў сядзеў насупраць гасцей і піў малако.

–  Па некаторых валасцях пачалі ўжо фармаваць вайсковыя атрады. А хутка збярэцца з'езд Случчыны, і калі вы падтрымліваеце незалежніцкія памкненні нашага павету, які фактычна апынуўся ў ізаляцыі, мы дэлегаваны запрасіць на гэты з'езд і вашых прадстаўнікоў.

–  Згода! Там і згарманізуем нашы дзеянні… - Балаховіч хацеў яшчэ штось сказаць, ды дзверы — шырокія, вясковыя — расчыніліся, у пакой зайшоў рослы мужчына ў цывільным.

–  Станіслаў Нікадзімыч, са мной да вас ангельская місія! Толькі-толькі прыехалі, - выпаліў хутка і агледзеў гасцей.

–  Добра, — Балаховіч устаў, за ім — і ўсе астатнія. — Знаёмцеся: Павел Аляксюк (і паказаў на зайшлу), старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве… А гэта госці са Слуцку…

Вось дзе пабачыў Алексюка Алесь! Чуў многа пра яго яшчэ ў Менску, ад Гаруна. Сам з Гародні. Закончыў нават у Пецярбурзе юрыдычны факультэт. Актыўна ўдзельнічаў у пецярбургскім беларускім студэнцкім руху. У былым — карэспандэнт «Нашай Нівы». Адзін з актывістаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Уваходзіў у склад народнага сакратарыяту БНР. А калі 22 кастрычніка 1919-га Пілсудскі сваім дэкрэтам дазволіў арганізаваць беларускае нацыянальнае войска і стварыць Беларускую Вайсковую Камісію, стаў Аляксюк яе старшынёй. У снежні БВК перабралася з Вільні ў Менск, дзе заняла цэлы гатэль «Гарні». Заступнікам Алексюка тады Гаруна — як той не адмаўляўся, скардзячыся на здароўе — абралі. А межы БВК Алексюку ўраз малымі падаліся — выехаў у Варшаву «палітыку рабіць». І ўсю працу Камісіі вымушаны быў Гарун на свае плечы ўзваліць і нервы не шкадаваць (вербунковых агентаў БВК часта арыштоўвалі ў паветах, ахвотнікаў запісацца ў сваё войска палякі, здаралася, не прапускалі ў Менск). Таму калі аднойчы напачатку лета Аляксюк з'явіўся ў Менску, БВК на сваім паседжанні яму выказала недавер. Хоць і няпроста было (ён жа самім Пілсудскім прызначаны), на ягонае месца Францішка Умястоўскага ўзаконілі (адзін з былых рэдактароў першай беларускай газэты «Наша Доля»), а той, хоць і згоду даў, не прыехаў у Менск. І давялося далей у БВК старшыняваць Алесю Гаруну… Яшчэ казалі, што напартачыў Аляксюк, патраціў давераныя яму грошы БВК і змушаны быў выйсці з яе.

Словам, не лепшыя згадкі хадзілі пра Алексюка ў Менску…

–  Што ж, завіце місію… — і зноў Балаховіч бліснуў вачыма. А Астроўскі, Алесь і Лістапад зразумелі, што ім трэба вызваляць генеральскія «апартаменты», хоць яшчэ амаль нічога не ўкусілі з пачастунку.

–  Панове, вы ж не збягайце! Вечарам прашу ўсіх да сябе…

У сенцах сустрэлі «місію» — капітана авіяцыі Сіднэя Рэйлі і карэспандэнта газэты «Таймс» Поля Дзьюкса.

–  Извините, господа, сами поннмаете — военное время… Так пока жить приходится… — выстрэньчваў перад імі Аляксюк…

Вечарам да генеральскага стала прыставілі яшчэ адзін, неразборліва закідалі ежай. І ў кампаніі паболела: побач з Алексюком сядзеў капітан Антон Самусевіч, «бацькаў» любімец.

–  …Я ж ім кажу… Нават калі адмовіцеся ад дапамогі мне, не прызнаеце, як палякі хацелі… і без вас адлуп бальшавікам дам! Ангельцы і вочы выкацілі: не-не, і зброя, і амуніцыя ў выпадку згоды будзе… Хм, у выпадку згоды… — Балаховіч скрывіўся, ад яго добра патыхала выпітым.

–  Замежнікі гэтыя чортавы ніколі так вось, як слуцакі, скажам, не прыйдуць і не скажуць «Давай ваяваць разам!» Усё ў іх пасля згоды…

–  Мы, пан генерал, крыху не дагаварылі. Ды і так адразу ж… Мы ж не паўнамоцны дамаўляцца… Каб не палкоўнік Паўлоўскі… - Астроўскаму цяжка даваліся словы.

–  Вось-вось! І свае адступ даюць… — Балаховіч усміхнуўся. А потым застыў: — Пра Паўлоўскага мне — не згадваць! Нюньцяя гэтага я выганю!
–  І наліў усім. — Давай за нашу волю!

Выпілі. І Алесь адчуў разняволенасць.

–  Цяпер, пан генерал, у нас, можна сказаць, неафіцыйная сустрэча… — ён смела зірнуў на Балаховіча. — І карціць, адкінуўшы дыпламатыю, выказаць і тое, што… на сэрцы. — Алесь заўважыў, як генерал зморшчыўся, ажно закусваць перастаў, і — пакуль сам не астыў — апаліў: — Ваша з Савінкавым ідэя стварэння саюза народаў — гэта ж спроба аднаўлення «единой и неделимой» Расеі. Гэта і непакоіць усіх, хто за вольную Беларусь, — за якую, зрэшты, мы і выпілі зараз… — Алесь скончыў, падумаўшы яшчэ: «Як не ўспрыме гэта «бацька», але добра, што высмеліў выказаць перад ім гэта…»

А Балаховіч задумна ўстаў, абышоў вакол сталоў — і да Алеся. Рукі на плечы яму паклаў, трасянуў злёгку — і ўсміхнуўся, ажно вусны ўздрыгануліся:

–  А малайцом! Маўчаў-маўчаў — ды і ляснуў… Люблю такое — прама ў вочы! А то разводзяць тут дыплама-атыю… — Балаховіч зноў наліў усім — і да Алеся: — Твой тост!

–  За доўгае жыццё незалежнай Беларусі, каб заціхлі хутчэй гарматы і толькі песні нашы гучалі…

Выпілі.

–  Ну вось, хоць адзін лірыкі дадаў! — абазваўся капітан Самусевіч.

–  А ён жа і ёсць найперш лірык — паэт ён наш, — Астроўскі быў задаволены сваім колішнім гімназістам.

Балаховіч не прыкусваў, і яго адолела хмельная шчырасць:

–  Добра гэта… Ото ж як добра! А мне, думаеце, шалёнства гэтае да сэрца? Ха! Ды не веру я ні Савінкаву, ні Рэйлю… У адно веру, — голас генерала загучаў цвёрда, упэўнена, — успыхне падчас майго наступу на Беларусі паўстанне! Не можа спаць народ! Мы створым сваю беларускую дзяржаву. Літву цэнтральную і ўсходнюю аб'яднаем… А там — жыве Вялікае княства вольнае! — Балаховіч падчапіў агурок, але, не адкусіўшы, адклаў. — Думаеце, сілы няма ў мяне? Ха! Тры пяхотныя дывізіі [8] , сялянская брыгада пяхоты Іскры Лахвіцкага, Мадацьянаўскі кавалерыйскі туземны полк, полк данскіх казакоў палкоўніка Духапельнікава… Мала?! Мая асабістая сотня! Дзве батарэі! Бронецягнік!
– і, адкінуўшы відэлец, вымавіў цяжка, шэптам: — Авіяэскадрылля… — потым, памаўчаўшы, цмокнуў: — Вось каб да ўсяго дзве дывізіі кавалерыі… - І нечакана бухнуў: — Капітан Самусевіч! Прызначаю цябе адказным за яе стварэнне… Заместа палкоўніка Паўлоўскага!

8

 У першую дывізію - «дывізію смерці» - пад камандаваннем Мацвеева, якую складалі салдаты і афіцэры, што прыйшлі з Балаховічам з Эстоніі, уваходзілі чатыры палкі, дывізіён коннай артылерыі ды інжынерны батальён. Другая дывізія налічвала пяць тысячаў жаўнераў Менскага, Віцебскага, Георгіеўскага і Смаленскага палкоў, дзвюх батарэй ды інжынернай роты. Узначальваў яе палкоўнік Мікоша, шэраговы склад быў сфармаваны з беларусаў і былых савецкіх ваеннапалонных. Трэцяя дывізія генерала Яраслаўцава колькасцю ў 2200 жаўнераў была сфармавана пад Кобрынам таксама з савецкіх ваеннапалонных і ўзмоцнена дывізіёнам артылерыі. Яе чатыры палкі мелі найбольш «сумніцельную ідэалогію» і вызначаліся ў яўрэйскіх пагромах і рабунках мірных жыхароў.

Не падлічыў тым вечарам уласных сілаў генерал, выпіў крышку лішняга, захмялеў… Пра подзвігі свае доўга расказваў: як браў Юдзеніча, а потым, збіўшыся, пра смерць дзядзькі свайго ў 1905-ым… Стрыечныя дзядзькавы браты належалі да рэвалюцыйнай партыі. І аднойчы — вобыск на іхняй кватэры ў Рызе… Нічога не знайшоўшы, расійскі афіцэр пачаў збіваць іх, патрабуючы паказанняў. А Ян, старэйшы брат, пісталет выхапіў — і прыстрэліў крыўдзіцеля. Схапілі праз колькі дзён усіх, да вісельні прысудзілі. Дзядзька Людвік — бедны шляхціч (як і Балаховічаў бацька, які кухарам працаваў) — на апошняе спатканне з сынамі напрасіўся. Пацалаваў абодвух і, крыкнуўшы варце «Маё жыццё за іхняе бярыце!» — упаў мёртвым… А братоў тады на катаргу ў Сыбір звезлі. І яшчэ расказаў, як тры гады адзін графскай гаспадаркай кіраваў — граф Плятэр (у яго Балаховіч за ўпраўляючага быў) збег падчас першай рэвалюцыі за мяжу. А напрыканцы на Алеся ўзырыўся, галавой пахітаў:

Поделиться с друзьями: