Пляц Волі
Шрифт:
«…Як толькі стала зразумела, што магчымы мір з Польшчай, УЦЦК 23 верасьня зьвярнуўся з прапановай да Польшчы адкінуць пытаньні аб самавызначэньні народаў . Мы прапанавалі Польшчы тэрытарыяльнае прырашчэньне ўзамен адказу Польшчы ад палітыкі стварэньня буфера дзяржаў быццам бы самастойных… Асноўная праца па выпрацоўцы зьдзелкі паміж абодвума бакамі праходзіла на нарадах старшынь…»
Пілсудзкі ж, даведаўшыся пра гандаль Беларусьсю — як сам ураджэнец гэтай зямлі, які не супраць быў бачыць Беларусь і Украіну раўнапраўнымі фэдэрацыямі ў складзе Рэчы Паспалітай — паступіў годна (некаторыя, праўда, думаюць, што хітра): паслаў на перамовы князя Сапегу, «каб разагнаў усю кампанію». Але ўжо было позна. Польская дэлегацыя, дазнаўшыся пра місыю Сапегі, тэрмінова падпісала перамір'е…
Пілсудскага тое ўзлавала. Зрабіўшы стаўку на Булак-Балаховіча і яшчэ аднаго генерала-беларуса Лукіяна Жэлігоўскага, ён, пэўна, дамогся паўстаньня на Віленшчыне. З падтрымкі жаўнераў беларуска-літоўскай дывізіі Жэлігоўскі 9 кастрычніка заняў Вільню (Віленскі край па ліпеньскай дамове 1920 года бальшавікі перадалі Літве) і абвясціў яе сталіцай Сярэдняй Літвы…
У распрацоўцы плана Пілсудзкага бралі ўдзел і Вацлаў Іваноўскі ды Браніслаў Тарашкевіч, якія рсзьлічвалі на абвяшчэньне Жэлігоўскім незалежнасьці заходняй Беларусі і стварэньне ўраду з іхнім удзелам. (Іваноўскі падтрымліваў з Пілсудзкім даўнія стасункі. Яшчэ з 90-х гадоў з Пілсудзкім супрацоўнічаў яго старэйшы брат Юры, сябра Польскай партыі сацыялістычнай. Вацлаў Іваноўскі кансьпіратыўна дамовіўся з Пілсудзкім аб фінансаваньні палякамі беларускага пэдагагічнага інстытута ў Менску і беларускіх народных школ, за што ад імя Найвышэйшай Рады Антона Луцкевіча падпісаў дэкларацыю аб тым, што БНР будзе «апірацца» на Польшчу). Ды свае планы Пілсудзкі зьмяніў: заместа Заходняй Беларусі паўстала Сярэдняя Літва а ў склад яе кіраўніцтва ўвайшоў з беларусаў толькі адзін Іваноўскі (адказным за харчаваньне). Тарашкевічу ж далі пасаду начальніка адзьдзела беларускіх школ у дэпартаменце асьветы (за кароткі прамежак часу ён пасьпеў з'арганізаваць каля 200 беларускіх народных школ і настаўніцкую сэмінарыю пад кіраўніцтвам Рак-Міхайлоўскага які з Менску пераехаў у Вільню).
Падпісаная 12 кастрычніка прэлімінарная дамова патрабавала інтэрніраваньня ўсіх антысавецкіх вайсковых фарміраваньняў, што знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы, — найперш войскаў Булак-Балаховіча, Пятлюры і Пярыкіна. З прапановы Пілсудзкага яшчэ ў жніўні 1920-га была заключана дамова паміж Булак-Балаховічам і старшынёй Рускага палітычнага камітэта Барысам Савінкавым аб фарміраваньні збройных атрадаў дзеля сумеснай барадзьбы супраць Чырвонай арміі. Напрыканцы верасьня паўстанцкія атрады былі аб'яднаны ў «Рускую добраахвотніцкую армію» агульнай колькасьцю ў 20 тысячау чалавек. Па дамоўленасьці паміж Савінкавым, Булак-Балаховічам і польскім генштабам на сумесна вызваленай тэрыторыі мелася стварыць буржуазна-дэмакратычную рэспубліку на чале з Савінкавым — Саюз народау (фэдэрацый). Гэтую акцыю падтрымлівалі Англія і Францыя, якія з недаверам ставіліся да фэдэралісцкай «рэч-паспаліцкай» канцэпцыі Пілсудзкага.
Булак-Балаховіч, Пятлюра й Пярмыкін вырашылі весьці самастойную барадзьбу. 12 кастрычніка быў выпрацаваны сумесны плян ваенных дзеяньняў: Булак-Балаховіч павінен прарваць мяжу Оўруч - Мазыр - Жлобін ды ісьці на Бабруйск; Пярмыкін з Пятлюрай удараць на поўдні, каб пазьней злучыцца з генералам Врангелем.»
(З запісаў Алеся Ваяра)
Армія Булак-Балаховіча, штодня папаўняючыся рускімі белагвардзейцамі, ваеннапалоннымі чырвонаармейцамі, «зялёнымі», дызертырамі і — большасцю — мясцовымі сялянамі-беларусамі, збіралася ў нейтральнай зоне ў раёне Століна - Турава, штаб месціўся ў Кажан-Гарадку.
Туды і накіраваліся слуцкія пасланцы — Радаслаў Астроўскі, Юрка Лістапад, Алесь і «вызвалены» апошнімі палкоўнік Паўлоўскі (ягоны ад'ютант працягваў дзейнічаць на Случчыне), — паспрабаваць паразумецца.
Конна ехалі амаль паўдня. Натаміліся страшэнна. Калі дарога ўвяла ў лагчынку (вясной, па ўсім відно, тут збіралася вада, і мясціна ператварылася ва ўзбалотак), з кустоў алешніку раптам выкрыкнулі:
– Гэй! Фтаяць! Кім будзяце?!
У Алеся ёкнула пад сэрцам, нібы кіпенем плюхнулі ў грудзі… Хацеў жа вінтоўку ўзяць, усё б смялей пачуваўся, — ды Астроўскі забараніў.
А Паўлоўскі, прыўзняўшыся з сядла, спешна агледзеў парыжэлы алешнік, нібы выбіраючы, якому кусту адказаць, і гучна выпаліў:
– Шлындзікаў, тваю макаўку! Цябе як абзывацца вучылі?!
Пасля хвілі маўчання з алешніку выкаціўся цыбаты дзяцюк у доўгім шынялю, з шабляй на белай папрузе, і — бегма ў лагчынку. Выспружыніўся перад палкоўнікам, залепятаў:
– На зафтаве ніякіх паруфэнняў! Вы… гэта… прабачце, вафа благародзь… Не прызнаў, - і ўсміхнуўся бяззубым ротам.
– Добра-добра… Марш назад! — Паўлоўскі падпаліў папяросу, глыбока зацягнуўся, і чацвёрка рушыла далей.
Кажан-Гарадок, невялікае мястэчка, сустрэў ціха. Толькі зрэдку з ваколіцаў далятала ўтомнае сабачае перабрэхванне. Вулка, якой ехалі, была густа засыпана апалым лісцем, пераважна кляновым і вязавым. Нізкія драўляныя хаткі цесна ляпіліся адна да адной — як лодкі на невялікім прычале-ўзбярэжку жоўта-рудога лісцёвага возера…
Штаб-кватэра генерала Булак-Балаховіча месцілася ў такой жа драўлянай хаціне (толькі на дзве паловы). Шыхт вербаў аддзяляў двор ад невялікай бруднай сажалкі, за якой — праз метраў дзвесце — ліпнуў рэдкі ў сваёй восеньскай тузе лясок.
Пасланцы, прывязаўшы коней, расселіся на доўгай лаве пад вербамі. Паўлоўскі пайшоў у хату — з дакладам.
Вярнуўся хвілін праз дзесяць, бадзёры, нібыта й не было гэтага доўгага, амаль без перадыху, пераезду.
– Генерал вас прыме. Разам і падсілкуемся. Вас паклічуць. — Паўлоўскі пачухаў паголены раніцай падбародак, падміргнуў случакам і зноў падаўся ў хату.
Клікаць іх прыбег хлопец у грубым даматканым курціку, у заношанай зімовай шапцы.
– Бацька чакае… — і няўмела прыціснуў абшарпаны прыклад вінтоўкі да нагі. — Хадземце.
Не ўстаў, а ўскочыў — першым — Алесь: - Сцёпа!.. Ці ты?! — і ажно рот раскрыў.
А Сцёпа — старэйшышы Гаўрылевічаў — сполашна ўздрыгануўся, у вочы Алесю зазірнуў, Астроўскага й Лістапада падазрона агледзеў: - Я, як бачыш…
…Да пары да часу ціхмяна сядзелі Гаўрылевічы пры маці. З'абозілі палякі ў іх кабана, праўда, пазней маркі ўзамен выдалі — за што на рынку зерня прыкупілі.
«Мона жыць, — шамкала старая Гаўрылевічыха. — Што той парсюк… Вунь пярэсты з жыватом пакутаваў, апруцянеў — і ніхто й капейчыны не даў. А так — па-людзку… Бяды тае, што сабе гадавалі…»
А бальшавікі не праз паўмесяца і першацёлку іхнюю да воза прычапілі. І дулю з макам наўзамен… Паперчыну выпісалі, а з яе адной карысці, што за хлеў схадзіць… А да ўсяго і саміх братоў вербаваць у чырвонае войска пачалі. Загад, маўляў, такі… Гаўрылевічыха толькі малодшага і здолела адбараніць: хваравіты, ды і за маці старой догляд жа патрэбен. А вось Сцяпана браць мусілі. Тады толькі й клюнула яго бяда-гора. Склаў торбу — і збег ноччу з хаты. Кабыліцу, Алесем падораную, не забыў… Лес вялікі, і пад кустом да зімы цёпла, гэта ж не кулі ў лоб чакаць… Да ўсяго послух пайшоў, што палякі зноў чырвоных гоняць. А там — і закруцілася, і павяло: з «лесавікамі» стрэўся, жыткі вольна-хмельнай глытнуў — і да смаку прыйшлася, як у пельку ўсмактала. А чаму і не: гэта ж не гной кідаць і не нэндзы маткі старой выслухоўваць, з братам таўчыся. Захацелася чаго — толькі затворам лясні… І пітва, і харчу, а далей — і дзевак гвалтам паспрабаваў. А напрыканцы лета абклалі іхнюю хеўру, што ледзь не да Белавежы дайшла — і бальшавікі, і мужчыны, што ў міліцыю сабраліся. Разбягацца мусілі. І вось, урэшце, Сцёпа да Булак-Балаховіча прыбіўся, выслужваўся, пры штабе быў — што прынесці, знайсці, падаць…
Другая палова хаты, куды ўвайшлі, была чыста вымецена. На нізкіх падаконніках вазоны стаялі, вышытыя чырвоным па беламу невялікія фіранкі скразняком на вуліцу выпіхнула — адно акно аткрытым было. Каля печы — аграменная канапа, абцягнутая чорнай скурай — «бацька» ледзь не з-пад Брэста вёз яе за сабой. На канапе скамечаная мапа. Пасярод пакоя — стол просты, ахінуты няроўна абрусам. Хлеб, вараная бульба, сала, кілбаса, цыбуліны, гляк малака, бутэлька трохкутная скраю, чаркі. Пад абразамі — зброя згрувашчана…