Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пляц Волі

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

–  Піць болей забараняю! А вось вы… чэсна мне скажыце… — гэта ўжо да Алеся і Юркі, - калі б мяне паланілі, ці вызвалілі б, як гэтага Паўлоўскага? — І, рукой матнуўшы, змоўк. Потым, калі развітвацца ўсе пачалі, ўладна, марудна вымавіў: - Хачу, каб хлопцы сёння ў маёй хаце спалі.

Ды ледзь не ўсю ноч яны і вачэй не звялі. Балаховіч ацверазеў раптам, ашаломіў: - І я ж вершы пішу! — і запеўна-манатонна прачытаў некалькі радкоў, а тады: - Знаеце, хлопцы… Заставайцеся ў маім войску! Я вам пасады добрыя падшукаю. А?..

Яны ж адразу і сказаць нічога не здолелі. Першым Алесь выціснуць штось паспрабаваў — і, як падумаў, зусім не да месца:

–  Пан генерал, вяселле ў мяне вось-вось… Крыху пазней можа…

–  А што вяселле! Ты не бачыў, якія ў нас вяселлі робяцца! Хоць, — Балаховіч крутнуўся, лёг на канапе — прыемна абазвалася скураная аббіўка (хлопцам жа прынеслі сяннікі), — Вялікая гэта справа — жаніцьба… Я ж сам трох жонак меў. Так-так! У 1905-м з дачкою аднаго доктара пабраўся. За сем гадоў дачку і двух сыноў нажыў. Затым з баранэсай Гертай фон Герхард, — імя гэтае з іроніяй вымавіў, - і яшчэ дзвюх дачок займеў. Малымі такімі пацешнымі былі! Трэцяя жонка яшчэ дзвюмя адарыла. Так што, браце, ёсць у каго павучыцца, — і зноў крутнуўся на канапе.

І тады хлопцы зусім высмеліліся. Штось яшчэ жыццёвае генералу распавялі, пасля чаго Юрка і агаломшыў:

–  А што ў вас з бальшавікамі было? Рознае, ведаеце, плятуць…

–  Ты пра Троцкага мо? — наструніўся Балаховіч, далоні пад галаву падклаў, памаўчаўшы, выдыхнуў: — Бальшавікі! Мужа сястры маёй Паўліны — у Свянцянах жыла — замардавалі! Рудзінскі, муж другой сястры, Веранікі, ад тыфусу памёр — у іхнім палоне. І Людвічынага ў Тыфлісе — ён грузінскім афіцэрам быў — расстралялі разам з сынам адзіным… І Стэфанідзінага першага мужа, аўстрыйца, у Бутырцы забілі… Брат мой Мячыслаў і я помсцім. Помсцім! Ён на Далёкім Усходзе антыбальшавіцкія атрады ўзначальвае… — Балаховіч узняўся, да стала сеў, наліў сабе поўную чарку сівухі. Адным глыкам асушыў. — А маці!.. — валасы ўзварушыў, закрыў далонню вочы. Працягваў ледзь чутна шэптам: — Маці на допыце ў ЧК летась памерла… На яе вачах чэкісты зяця катавалі….
– І ўзарваўся: — А поскудзі мне Троцкім тыцкаюць! Па адмысловым дазволе старшыні рэўваенсавета Бранштэйна-Троцкага, я свой полк фарміраваў. Свой! І ніводнага, ніводнага партработніка ў яго не дапусціў! А 7 лістапада з палком да белых перайшоў! Помсціў і буду помсціць! — лёг на канапу, да сценкі адвярнуўся — і ні слова больш, здалося, закрыўдаваў нават на гасцей сваіх: бач ты, прыняў лепш, чымся ангельцаў, а яны душу вярэдзяць! Хоць, канечне, змаўчаў генерал пра тое, як некалькі антысавецкіх сялянскіх бунтаў шаблямі ўціхамірыў…

«Хто яго ведае? Можа, і напраўду баліць душа яму за Беларусь? — падумалася Алесю. — Вось жа й з Езавітавым змог год таму паразумецца…»

А Кастуся Езавітава Алесь паважаў моцна — і як вайскоўца, і як паэта, і — урэшце — беларуса ўзорнага. Пры ягонай апецы хутка сфармаваўся Гарадзенскі беларускі полк, і камендатура беларуская з батальёнам жаўнераў, і кавалерыйская частка. Напрыканцы 1919 года з ініцыятывы Езавітава ў Коўне фармаваць сталі конніцу й артылерыйскі аддзел. Бачыць Езавітава, праўда, Алесю не выпадала пакуль, акром хіба толькі на фотаздымку. Але й цяпер усплывалі на памяць яго мяккі твар, матыльком змуленыя далікатныя вусны… А вось верх твару — нос, вочы, лоб — грозным падаўся… Светлыя ўроскід бровы, коратка й строга падстрыжаны… Канечне ж, у форме вайсковай, беларускай: круглая «канфедэратка» з белым паскам паверсе, з чэшкай «Пагоні», шынелька тонкага крою, на сходах каўняра — зіхоткія металёвыя трохкутнікі… Цвёрда падперазаны папругай…

І не толькі свае, але й замежныя лідэры верылі Езавітаву і імкнуліся весці справу з ім.

Тады ж да Езавітава і Булак-Балаховіч прымкнуў. Дачуўся, што палкоўнік ачольваў вайскова-дыпламатычную місію БНР у Латвіі і Эстоніі — і заяву перадаў.

Балаховічу даручаць невялікі ўчастак фронту. А тут — раскол Рады БНР, 2 лютага 1920-га Эстонія заключае мір з Савецкай Расіяй і мусіць распусціць усе антысавецкія фарміраванні, сярод іх — і атрад Балаховіча. Грошай не было, і тады «бацька» вырашае ехаць на Беларусь і ўжо там прыняць рашэнне… У Брэсце балахоўцы былі перафарміраваны ў аператыўную дывізію Палескай групы польскіх войскаў. А затым пачаліся і гульні з Савінкавым…

Толькі пад раніцу і прыснулі ўсе на нейкую гадзіну… А там да генерала пастукаў ад'ютант, і госці мусілі ўставаць.

На вуліцы — хмурна, слотна. Каля студні сустрэлі Сцяпана Гаўрылевіча. Кепска таму з учарашняга, азызлы ўвесь, пакамечаны пасля п'янкі.

–  Вось жытка яка… Бач, дзе стрэліся, — і вочы ўсё адводзіў.

Зарана і назад выбірацца сталі. Балаховіч — зноў паважны, упэўнены. З Астроўскім аб нечым дагаворвалі (Алесь з Юркам не чулі іх, з коньмі каля варот стаялі). І тут Сцяпан прыцопаў, носам шморгнуў, крактануў:

–  Ты, гэта… матцы перадай, што ў мяне ўсё добра. Хай не турбуецца… — І пайшоў, не развітаўшыся.

А за Кажан-Гарадок выехалі — дождж лінуў, нудны, халодны. Курцік Алесеў, перашыты яшчэ ў Менску з купленага на кірмашы афіцэрскага шынэлька, доўга вільгаці супраціўляўся, ды ўсё ж — дзесьці на паўдарозе — прамакаць пачаў. Здавалася, што нават праз скуру стыча восеньская прабіралася. Заехаць бы ў хату якую пагрэцца, ды вырашылі нідзе не супыняцца па дарозе… Балазе, дождж усё ж перарваўся. А далягляд хмарамі яшчэ больш зацягнула, бруднавата-шэры туман на ўзлескі ўспоўз. Як толькі не зблудзілі?..

А пасля на тыдзень скарыла Алеся хвароба. Вылежваўся дома, газэты з горада — ад «папараць-кветкаўцаў» — бацьку прыносіць прасіў.

«Беларускае слова» цалкам прачытваў. Ды і як не прачытваць — хоць бы той дзевятнаццаты нумар за 26 кастрычніка:

«…Мы з вялікай ахвотай падтрымаем Балаховіча, калі ён будзе стаяць за лозунгі незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі і разам з беларускім урадам будуць будаваць дзяржаву».

Артыкул крыптонімам «К. Ц». падпісаны быў, вось «К. Ц.» (Кузьма Цярэшчанка, пра гэта Алесь яшчэ з Менску знаў) слушна адзначаў у ім, што пасля таго, як Балаховіч звязаў сваё імя з Савінкавым і «іншымі непрымальнымі асобамі», ён страціў увесь давер да сябе. Непрымальнай лічыў Цярэшчанка і ягоную палітычную згоду на федэрацыю Беларусі з Польшчай.

А праз колькі нумароў тая ж газэта змясціла копіі дасланых Балаховічам і Савінкавым тэлеграмаў Пілсудскаму і Врангелю — з паведамленнем, што «Расійская Добраахвотніцкая Армія, якая вядзе барацьбу з бальшавікамі за вольнасьць усіх народаў і мір усяго сьвету, прайшла польскую дэмаркацыйную лінію й ідзе наперад вызваляць незалежную Беларусь», а таксама надрукавала тэлеграму Алексюка (cябры «Беларускага Палітычнага Камітэта») з віншаваннем да Балаховіча.

Зашчымела тады Алесю, помніцца, пад сэрцам. Гарун згадаўся, хворы, нямоглы, твар састарэлы, вочы стомленыя, выцвілыя нават… А тут газэта загалоўкам упівалася — «Ген. Балаховіч пачаў вайну за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі». Скамячыў яе, на падлогу шпурнуў… У акне — хмары адна на адну налазяць, дождж па шыбах сячэ…

А газэты як згаварыліся. І ў свежым нумары «Беларускага слова» — вось, калі ласка, — «Балаховіч і Беларусь», на паўстаронкі. Ды, трэба сказаць, слушна ўсё ў артыкуле тым было: і пра многія ўчынкі легендарнага ўжо генерала, і пра паходжанне ягонае беларускае, і пра арганізатарскія здольнасці «дэмакрата ў душы, які й паплечнікаў сабе падбіраў падобных».

«Ды чаму ўсё ж Балаховіч ідзе з Беларускім Палітычным Камітэтам, а не з беларускім урадам БНР з Ластоўскім на чале?» — правільна дзівіўся аўтар.

Быў момант — і пра гэта ведаў Алесь, — калі Балаховіч прапанаваў сваю дапамогу ўраду Ластоўскага — яшчэ летась, пасля разгрому Юдзеніча. Так і не дамовіліся — а ўжо з лета гэтага года адносіны Ластоўскага да Балаховіча сталі выразна адмоўнымі…

І цяпер вось — хоць афіцыйныя паведамленні беларускага ўрада сталі гаварыць аб тым, што нацыянальныя арганізацыі не нясуць адказнасці за акцыі Балаховіча, які зсябраваўся з Савінкавым (не кожны свядомы беларус пагодзіцца на вырашэнне лёсу Беларусі «Российским Учредительным Собранием»), — некаторыя хацелі зрабіць з Балаховіча нацыянальнага героя, збаўцу ад камуна-бальшавізму, змагара за БНР.

Поделиться с друзьями: