Пляц Волі
Шрифт:
Але ж адыёзных фігураў Савінкава ды Алексюка не схаваеш! І сувязі ў іх былі не выпадковыя. Апошні — сам жа на свае вочы бачыў! — ужо «місіі» ангельскія да генерала водзіць!
На газэтны подпіс зірнуў — і зноў неспадзеўка! «Сымон Р. М.» Так Рак-Міхайлоўскі падпісваўся! Не знік Сымон Аляксандравіч, першы менскі «куратар» ягоны. Толькі дзе ён зараз? Казаў, што з Менску разам з сям'ёю з'едзе… (Не ведаў, не мог тады яшчэ ведаць, што Рак-Міхайлоўскі, добры дзядзька Сымон — заўсёды акуратны, чыста выгалены, прычасаны заўсёды роўненька, увесь час у кашулі накрухмаленай, белай, гальштукі мяняць любіў — гэты дзядзька з Максімаўкі (пад Радашковічамі), добры, як выявілася, знаёмец Астроўскага, пераедзе спачатку ў Ваўкавыск, затым перабярэцца ў Гародню. У той кароткі адрэзак савецкай улады папрацуе школьным інструктарам народнай адукацыі, арганізоўвацьме школы ў Гарадзенскім павеце. А калі Гародню зноў адваююць палякі, стане сакратаром вось гэтай газэты «Беларускае слова», якая ўжо тройчы канфіскоўвалася палякамі. Выехаць у Вільню адразу не зможа — моцна пахварэюць на дызентэрыю дзеці. А праз некаторы час адродзіць Рак-Міхайлоўскі з Тарашкевічам у Вільні Беларускі нацыянальны камітэт і Таварыства беларускай школы ды, па прапанове таго ж Тарашкевіча, арганізуе ў Барунах, што на Ашмяншчыне, Беларускую настаўніцкую семінарыю і стане яе дырэктарам — так збудзецца ягоная даўняя мара самому навучыць хоць колькі беларусаў…)
У тым жа нумары «Беларускага слова» хтось бараніў Балаховіча, адводзячы абвінавачванні ў габрэйскіх пагромах. Вось так: і баяліся мяцежнага генерала, і спадзеўкі свае на яго ўскладвалі, і адмяжоўваліся, і фліртавалі з ім. А некаторыя нават верылі, што ў гэтае ліхалецце толькі апантаны «бацька» і можа выратаваць народ.
І Алесь зноў прыгадаў Гаруна — ужо моцнага, жвавага, у заліхвацкім напаўвайсковым фрэнчыку… І сорамна зрабілася — за абыякавасць сваю, нерашучасць, слабасць нават. Чаму нічога ў вочы тады Алексюку не выказаў? Чаму пра Гаруна ў хаце той не ўзгадаў?! Аляксюк жа да ўсяго ў першым нумары Гаруновага «Беларускага Шляху» рэдактарам-выдаўцом значыўся, і сябраваў напачатку нават… А цяпер грашавіты Савінкаў з расейска-імперскімі дурыкамі бліжэйшым стаў?!.
А тут яшчэ гэты бясконцы дождж, шэрань, хмурнасць у шыбе…
У Чырвоным касцёле зазванілі, і Алесь Хведаравіч знячэўку нават напалохаўся. Неўразумела навокал — як пасля сну — агледзеўся. Ні хмарнасці, ні надакучлівага ўсыпляльнага дажджу…
Касцёльныя крыжы пастарэлае і стомленае за лета сонца чысціць - нават вочы прымружыў ад нечаканай зіхатлівасці.
Доўга ўзіраўся на спешкія машыны, на людзей, што выходзілі з тралейбуса (побач быў прыпынак). З падземнага пераходу выпырхнула чародка хлапчукоў, застракаталі па-руску, — толькі нязвыклыя ўжо мацюкі па вушах разанулі.
— Ни стыда ни совести! А вот в наше время… - завохкала побач бабуля з даверху напакаваным цэлафанавым кулем, узросту, пэўна, ягонага ж.
Ён зайшоў у касцёл, памаліўся — за бацькоў, дзеда, знаёмых сваіх. Золатам пераліваліся ў мігценнях свечак іконы. На рамцы аднаго абраза - пярэвітак пазалочаных дубовых лісцікаў, драўляныя жалуды ў золаце… Мяккія светацені па абразе прабеглі — і нібыта ажылі жалуды, дубовыя лісты ўзварухнуліся… І ўзгадалася, што такія рамкі-аклады рабіў слуцкі іканапісец Вярхоўскі. Яшчэ гімназістам ведала яго Ева Манюшка, у дзявоцтве Вайніловіч, — і калі праўнук ейны Эдвард Вайніловіч храм у Менску ўзводзіць рашыўся, на Вярхоўскага, на той час ужо вядомага іканапісца і паказала..
Доўгі час, пакуль не ўсчалася вайна, Вярхоўскі і жыў у Слуцку ў доме Вайніловіча. Туды аднаго разу і завіталі да старца Ігнатоўскі з Алесем. Сівы, як лунь, але йшчэ ўвішны, Вярхоўскі ўзрадаваўся, што некаму ў такі час цікава пра мінулае пачуць. Калі расказваў, бараду ўсёчасна тузаў, а задумваўся, прыпамінаючы што-кольвек — на высокім ілбе, над пераноссем, уверх глыбокая маршчына-баразёнка ўздымалася…
– У гімназію я паступіў у 1836 року. Вакацыі ўсе разам з таварышам гімназічным Корсакам Эдмундам праводзіў у Міцэвічах, неўздалёк ад Старобіна слуцкага. Бабця Эдмунда там жыла — Ева Манюшка з Вайніловічаў. Там, у Міцэвічах, я йшчэ са Станіславам Манюшкам пазнаўся, слынным маэстрам. На той час ён яшчэ проста Стасем быў, музыкай не займаўся, усё камедыі пісаў, якія разам і йгралі. — Вярховіч гаварыў павольна, але без вялікіх пярэрваў. І голас роўны, мяккі. У ім прабіваўся лёгкі польскі акцэнт. Здавалася, расповед свой ён напамяць ведаў, як верш які: — Маці ж Станіслава Манюшкі, пані Эльжбэта з Маджарскіх, паходзіла з радзіны, якой належала знакамітая слуцкая фабрыка паясоў, слуцкая Пярсярня… А з Манюшкам мы йшчэ ракаў ды ўюноў разам лавілі!..
– А гімназія, у якой вы вучыліся, — ці не сённяшняя слуцкая гімназія? — загарэўся Алесь.
– Яна самая. Як цікавішся, раскажу. На колішняй Сенатарскай быў раней калегіюм езуітаў, а з 1630 року — кальвінская школа. Шэсць клясаў мела. У апошняй, апроч звычайных прадметаў, статыстыку выкладалі, эканомію палітычную і цывільнае права. Перада мною школу тую ў гімназію ператварылі. Малым быў, а добра помню закладзіны новага гімназічнага падмурку — тога, у якім сёння і ты вось рэпу навукі грызеш… (Алесь хацеў тады дасказаць, што закончыў ён ужо гімназію, ды перапыняць старца не асмеліўся.) Люду шмат з'ехалася. І маршалак Адам Непакойчыцкі быў… У горад кальвіны на сінод з'ехаліся. Набажэнства ў касцёле бернардынцаў было, а ўадначас і ў старым зборы — для кальвінаў. Пасля ж, перад закладам першага каменя, прамовы рабілі ксёндз Леапольд Ваноўскі і маршалак Непакойчыцкі. А пан Абалевіч, настаўнік, харошы верш, што сам склаў, прадэклямаваў… А настаўнікі добрыя ў гімназіі былі. Абалевіч літаратуры вучыў, Сеўрук матэматыцы. Браты Ваноўскія таксама выкладалі. Ксёндз Леапольд, старэйшы з іх, прэфэктам гімназіі быў, ксёндз Канстантый лаціне вучыў, малодшы, ксёндз Фэліцыян, мове грэцкай. Жылі яны ўсе разам на калегіяльным дзядзінцы… — Вярхоўскі пракульгаў да акна і ўжо адтуль працягваў: — Было, сінод кальвінскі з падтрымкі Радзівілаў не скупіўся дзеля выхаванцаў сваіх. Па сканчэнні гімназічных навук раней іх у замежныя універсытэты накіроўвалі. Кожнаму па сто дукатаў выдавалі на так званую перагрынацыю — каб курсы і казанні знакамітых вучоных слухаць маглі па ўсім свеце. Па звароце студэнты тыя, калі хацелі, ардынаваліся на пастыраў альбо свецкімі настаўнікамі станавіліся…
Першым настаўнікам быў многім слуцакам і сам старац Вярхоўскі, зіхоткі аклад якога на абразе ў Чырвоным касцёле і запаліў у Алесю Хведаравічу гэтыя згадкі. Падобным старцам пачуваўся ў сваіх гадах сам ён зараз — чалавекам з іншага, далёкага і чужога веку. Яму, як і старцу-іканапісцу калісь, як па пісанаму — і даты, і прозвішчы з імёнамі самохаць прыходзілі. А сам толькі дзівіцца не пераставаў: раней жа нават тое, што ўчора рабіў, забываў…
Старац Вярхоўскі працаваў у стьлі яшчэ добрага і прызабытага ХІХ стагоддзя — «на оптыку малёванэ» (Алесю Хведаравічу ўзгадаўся напачатку польскі тэрмін), стыл прасторавага, ілюзіяністычнага роспісу. Ягоныя аклады абразоў і фрэскі, здавалася, прыручалі прастору, злучалі рэальнае з люзорным, — спынялі час. І Алесь Хведаравіч зараз пачаў адчуваць гэта на сабе, бо ледзь не фізічна бачыў, як час спыніўся ў ім і на ім — нібы ў той фрэсцы Вярхоўскага..
Неўздалёк ад касцёла заўважыў газэтны кіёск. Патупаў да яго, агледзеў стосы перыёдыкі.
– Скажыце, — ціха мовіў, - а беларускія ёсць у вас?
– А у нас почти все белорусские… — голас з акенца.
– Не… Калі ласка беларускамоўныя.
– А-а! Вот, «ЛіМ» сегодня вышел. Один номер остался…
– Добра раскупляюць?
– Нет, мало поступает.
На ранейшае месца не пайшоў, падаўся ўглыб скверыку, у зацішак (пачаў налятаць халодны вецер). Лаўку адшукаў каля фантана з грацыёзнай скульптурай дзяўчыны, якая ўскладвала на ваду сплецены венчык. Прынамсі, так уявілася, бо фантан не дзейнічаў ужо, і вады ніякай не было…
Пачытаў газэту — і нечакана адчуў, што слабее… Падняўся праз сілу, а зямля пад ім паплыла (здалося нават, што скульптурная дзяўчына да яго нахілілася). І раптам — ажно вочы апякло! — неонавы надпіс-назва блізкай рэстарацыі: «Папараць-Кветка»…
Трэба паклапаціцца пра начоўку, і ён зноў вышкрабся — як у паўсне — на праспект Скарыны.
Аднапакаёвы нумар у гасцініцы «Мінск» (балазе, побач аказалася) адразу ж узяў. Вячэру ў пакой прынесці папрасіў — і ў ложак лёг, праз сілу распрануўся нават. І пашкадаваў: а што, калі заўтра сілаў уздзябурыць адзенне не хопіць? Што ж тады? Ногі як здранцвелі, сэрца, як голуб паштарскі ў клетцы, мітусілася-тахкацела Перад адплюшчанымі вачыма чырвона-жоўтыя кругі паплылі… І зашчымела, напялася штось у грудзях (пашкадаваў моцна, што нітрагліцэрын з кішэні пінжака не дастаў адразу — паспрабуй цяпер дацягніся).
Як з болю ў сон праваліўся, не памятаў. Глядзеў неўразумела на Чырвоны касцёл… Ноч, а вакол хоць іголкі збірай. І неба над ім белае, малочнае нават. Вежа касцёльная нашмат большай стала Зверху выгляд… так-так! Купалаву хату над Свіслаччу нагадвала! Вокны толькі чамусь без фіранак… і сцены (праз шкло відно) хтось белым афарбаваў. Дзверы самі адчыніліся — а ветру ні каліва..
– Заходзь. Ці дарогу забыў? — гэта яго, дзядзькі Янкі, голас.
Хата без мэблі, толькі стул, на якім Купала сядзеў.