Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
— Маць вашу — стаіце?
— Дык вазоў няма, — сказала Хадоска. — Мы што — у падолах панясём?
— Панесяце ў падолах! — зароў калгасны парторг. — Калі трэба будзе. А гэта — што? — раптам згледзеў ён у дзяўчынак нечаканыя падарункі. — Сьвяткаваць! Вазоў няма, а яйкі знайшліся? Каб падкупіць? Савецкую ўласьць не падкупіш! Дай сгоды! — крыкнуў ён да Волькі, і тая спалохана працягнула яму сваё чырвонае яечка. Схапіўшы яго, Выпаўзак з усяе сілы выцяў ім аб растрэсканую сьцяну хлеўчука. Затым бяз словаў вырваў яйка і ў меншай — таксама шпурлянуў аб сьцяну. Малое адразу залілося горкім, несуцешным плачам.
— Зьвер! — пруцянеючы, крыкнула Ганка. — Зьвер!
I пакуль ён намогся што сказаць жонцы ці, можа, вылаяцца, тая ўхапіла вілы і, не адчуваючы сябе, што было сілы ўдарыла Выпаўзка ў грудзі. Брудныя ад гною вілы надзіва лёгка ўтыркнуліся ў яго хударлявае цела, і парторг, адразу абвяўшы, моўчкі апоўз долу.
— Ой, ой, бабы! Яна ж забіла яго. Ой, божачка, што ж нам рабіць?.. — закрычала нейкая з баб, ды Ганка ня слухала яе. Падхапіўшы малодшую, яна ўзяла за руку старэйшую і пайшла прэч з падворку.
16-я брыгада 142-га лагпункту сістэмы Галоўпячорлага вярталася з тайгі ў лагер. Пастроеныя ў калону па тры жанчыны ледзьве брылі па ня надта ўтаптанай, добра прысыпанай сьнегам дарозе. Над бязьмежнай сьнегавой прасторай, ахінутай шэрым сутоньнем, вісела сьветлая палярная ноч. За кароткі дзень брыгада ня ўправілася з заданьнем на лесапавале, таму начальства дало каманду прыхапіць частку ночы. Зэчкі выматаліся як мае быць. Нават канваіры, што дзьвюма групамі ішлі наперадзе і ззаду калоны, ня надта пакрыквалі — зьнемагліся ад крыку за дзень. Жанчыны брылі, бы прывідныя цені — моўчкі, бяз сіл, ішлі, каб толькі не спыніцца, ня ўпасьці. На што іншае сілы ў іх ужо не было. Канваіры ведалі тое і не дапякалі строгасьцю.
Шляху да баракаў заставалася няшмат, ужо самае цяжкое — і праца, і сьнег, і сьцюжа — на сёньня засталіся ззаду, наперадзе іх чакалі запаветныя пайкі і — сон. На падыходзе да лагера ўсе міжволі ажылі, канваіры звыкла прыкрыкнулі:
— Падцягніся! Не адставаць…
I тады аднекуль з задніх радоў выбрыла на абочыну перахлябістая жаночая постаць, збочыла з дарогі на сьнегавы прасьцяг. Капваір, што ішоў ззаду і назіраў за тым бокам калоны, амаль спалохана крыкнуў: «Стой, страляць буду!» і клацнуў затворам доўгай, са штыхом вінтоўкі. Ды зэчка бы ня чула яго. Правальваючыся па калена ў цаліку, яна кудысьці брыла і брыла, бы сонная, усё далей ад дарогі. Канваір таропка прыклаўся да вінтоўкі і стрэліў.
Стрэліў толькі адзін раз, і зэчка ўпала.
Калона ўраз спынілася, усе павярнуліся тварамі ў той бок, пазіралі, чакалі — зварухнецца ці не. Не, не зварухнулася, ня ўстала. Тады канваір пабег па цаліку да нерухомае постаці, спыніўся над ёй і штосьці крыкнуў да афіцэра, начальніка канвою. Той зласьліва, бы на вінаватага, пракрычаў свой загад.
Трохі счакаўшы, канваір узьняў вінтоўку, павярнуў яе штыхом уніз і ўдарыў жанчыну — штыхом у грудзі. Пасьля ўдарыў яшчэ. Тая ня крыкнула, мусіць, ёй было ўсё роўна.
Даўно ўсё роўна.
Труп
Забойства чыняць усе — ад прыватных асобаў да дзяржаўных секурытатэ.
Але для ўсiх застаецца праблема трупа.
Адным удаецца яе вырашыць, iншым — не.
Во гэта i зьяўляецца прычынай такой цяжкавылечнай хваробы, як мазаiчная псiхапатыя.
Забойца ня быў прафесiяналам, ня быў i найманым кiлерам. То быў звычайны, затурканы жыцьцём чалавек. Тое ж самае можна сказаць i пра забiтага — нiчога незвычайнага. Зрэшты, i адносiны мiж iмi двума зьнешне былi амаль нармальныя, калi не лiчыць даўняй, зацятай, чорнай нянавiсьцi. Нянавiсьцi забойцы да ягонай ахвяры. Што стала прычынай таго брутальнага пачуцьця, цяжка сказаць. Пэўна, на тое не адказаў бы i сам забойца. Можа, якiя службовыя адносiны, можа, рознасьць характараў, а можа, i жанчына. Тое зусiм верагодна — абыдва былi халасьцякi i жылi адзiнока. Але, можа, таксама праклятыя баксы, якiя ў тую пару шмат для каго сталi мэтай жыцьця. Тым ня менш нянавiсьць забойцы была лютая, хоць i старанна схаваная. Нават i ад самога забойцы. Але вядома, што ад самога сябе гэткага пачуцьця нiкому схаваць не ўдалося.
Сваю справу забойца зрабiў цiха i хутка — забiты нават не западозрыў таго, што яго могуць забiць. Тым болей здаўна знаёмы чалавек, амаль сябра. Усё ж разам вучылiся, разам працавалi. Раней нават былi ў сяброўстве. Тады пра забойства i ня думаў. Але во — давялося.
Усё адбылося на лецiшчы. Забойца запрасiў сябра на чарку, яны выпiлi, закусiлi, чым Бог паслаў. I забойца стрэлiў ахвяры ў патылiцу. Час быў асеньнi, блiзка на лецiшчы нiкога не было, ягонага стрэлу з старога невялiчкага браўнiнга нiхто не пачуў. Як сьцямнелася, забойца вывез труп на тачцы ў канец пасёлка, куды скiдвалi розны друз, i закiдаў яго сьмецьцем. Забiты блiзкiх родзiчаў у горадзе ня меў, нiхто яго хутка шукаць ня будзе.
Таго вечару крыху пазьней, чым звычайна, забойца пайшоў на электрычку i паехаў у горад. Якраз пачаў церушыць дробны сьняжок, i забойца думаў: во i добра, ён зацярушыць сьляды забойства.
Тае начы ён спаў, можа, лепш за ўсе ранейшыя часы, калi яму дапякала нянавiсьць. Цяпер нянавiсьць зьнiкла, i ён з палёгкай адчуў, што вызвалiўся ад шматгадовага гнёту. Дзякаваць Богу. Сны яму тае начы сьнiлiся сьветлыя i лёгкiя — луг, кветкi, сонца…
Ранкам, аднак, як ён зьбiраўся ў краму па кефiр i цыгарэты, у кiшанi плашча намацаў пiсталет. Добра ж памятаў, што кiнуў яго ў сьметнiк, да трупа. Аказалася — не. То быў ягоны браўнiнг, ад якога яшчэ сьмярдзела порахам стрэлу.
Счакаўшы яшчэ гадзiну, забойца пайшоў на электрычку. Трэба было паглядзець дакладна, што ён там зрабiў учора. Можа, засталiся сьляды. Вядома ж, сьляды належала старанна прыбраць.
Найперш ён скiраваў збоч пасёлка да сьметнiку. Куча разнастайнага сьмецьця там выглядала гэтаксама, як i ўчора, нiхто быццам яе не кратаў. Цяпер ён кiнуў туды i пiсталет. Трохi супакоены пайшоў да свайго лецiшча. Але ўжо адчыняючы дзьверы, адчуў трывожлiвы неспакой, бы тут хтось быў. А як увайшоў у пакой, ледзь не самлеў — на тым самым крэсьле, што i ўчора, сядзеў забiты. Не, ён ня быў жывы — ён пэўна ж быў мёртвы, з запечанай на патылiцы крывёй ад кулi. Як забойца дакрануўся да яго, дык ён з цiхiм стукам бокам звалiўся на падлогу. Зь iм разам ад страху ледзьве не звалiўся забойца.
Што было рабiць далей, забойца ня ведаў. Колькi часу ён, скуты жахам, сядзеў на канапе. Добра, што блiзка нiкога не было, нiхто да яго не пастукаў. Як у пасёлку сьцямнелася, ён пагрузiў труп у тачку i бакавымi сьцежкамi павёз да возера — утапiць. Ужо з вады ня выберацца. Каб ямчэй утапiўся, забойца паклаў труп у мех, наклаў яшчэ камянёў з недалёкай будоўлi, мех завязаў алюмiнiевым дротам. Ужо так не павiнны ўсплысьцi.
Зноў нiхто яму не спаткаўся. У шэрых прыцемках раньняга вечару ён укiнуў у ваду свой цяжкаваты мех, а разам i тачку. Хай прападае… На лецiшча ўжо не пайшоў — пайшоў напрасткi да электрычкi i паехаў у горад.
У кватэры было цiха i спакойна, але на душы — дужа кепска. Усё ж, мусiць, нячаста здараецца, каб труп ажывеў i прыйшоў на месца забойства. Iншая справа — забойца, якога, кажуць, заўсягды цягне на тое самае мейсца. Цi ён меў справу зь незвычайным чалавекам? Зь якiм ваўкалакам, чарадзеем, цмокам?
Гэтае начы сны ў забойцы былi цяжкiя, трывожныя. Ён ня мог выбрацца зь нейкага балота i да ранку цялёпаўся ў соннае багне. Задоўга да сьвiтаньня, з палёгкай прачнуўся, сьцямiўшы, што усё тое — сон. Але i ява ня стала лягчэйшаю. Труп яго прыгнятаў, трывожыў, маркоцiў i пагражаў. Трохi супакойвала возера, глыбокая вада. Зранку браўся марозiк, трава на падворку ляжала ў шэранi. Возера, пэўна, замерзла. Ужо з-пад лёду наўрад цi магчыма выбрацца. Нават жывы, а ня толькi зь дзiркай у патылiцы, сумна цешыў сябе забойца.