Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Угары над вёскай усё болей віднела, хоць неба спрэс было завалочана хмарамі, дзьмуў халаднаваты вятрыска. А на вуліцы па-ранейшаму не было ні душы. Пад клецьцю, дзе звычайна брыгадзір ладзіў нарад, таксама было пуста, не відаць было і брыгадзіра. Няўжо і яго, парторга, ніхто не бачыць, працягваючы злавацца, думаў Выпаўзак. Бачаць, ды хаваюцца, бо баяцца ўсё ж. Тая думка, як ні дзіўна, трохі сагрэла душу парторга, бо, як ён ужо ведаў: баяцца — значыць, паважаюць. А паважаюць адно толькі людзей вартых, з аўтарытэтам перад партыяй, моцных духам і целам. Наконт цела Выпаўзку ня надта пашэнціла: пасьля раненьня левую руку спаралізавала, і яна ледзьве рухалася. Затое дух ягоны, як быў бальшавіцкі, так і заставаўся нязломны. Дух сапраўднага бальшавіка-чэкіста, якім сябе не пераставаў уважаць цяперашні парторг калгаса.
Абышоўшы сажалку, Выпаўзак перайшоў дзіравы масток і ўзышоў па прыступкі брыгадзіравага ганка. Падобна, брыгадзір сапраўды спаў. Гэта ўжо было чорт ведае што, — брыгадзір у такую-то пару павінен быць даўно на нагах. Выпаўзак яшчэ зімой ставіў перад бюро пытаньне аб замене брыгадзіра, ды члены бюро не пагадзіліся: малады камуніст, энергічны, узнагароджаны, браў Берлін. А што надта любіць таго — заліць за каўнер, у разьлік ня бралі. Казалі: а хто не любіць! Хіба хто хворы ці каму не наліваюць. Брыгадзіру ж налівалі спраўна.
Выпаўзак ня піў, хоць ня быў хворы, ды заўжды меў пачуцьцё адказнасьці за даручаную справу. А справы яму даручаліся цяжкія, ды ён ня скардзіўся. Ён іх выконваў. I цяпер рашуча тузануў клямку брыгадзіравых дзьвярэй, якія, аднак, не адчьшіліся. Тады ён загрукаў — моцна і патрабавальна — ужо такі грукат немагчыма было не пачуць.
I праўда, пачулі. Не адразу, але дзьверы расчыніліся, з прыцемку сенцаў на яго злосна зірнуў голы, у адных падштаніках брыгадзір Козіч.
— Ну што?
— Як што? — адразу закрычаў парторг. — Ужо разьвіднела, а дзе народ? Спяць, сьвяткуюць, маць іх растак. А хто гной вазіць будзе?
— Вывезуць…
— Як вывезуць? Калі вывезуць? Учора ж на бюро пастанавілі…
— Пайшоў ты на х…! — крыкнуў брыгадзір і, грукнуўшы, зачыніў дзьверы.
Нейкі час Выпаўзак стаяў зьбянтэжаны, — такога ён не чакаў. Каб гэты хлапец, удвая маладзейшы за яго, толькі зімой прыняты з кандыдатаў у партыю, пасылаў яго, парторга і чэкіста, па тры літары! Даўно яго гэтак не пасылалі ні ў раёне, ні ў вёсцы, ні ў партызанцы нават. Калі не паважалі, дык усё ж баяліся, не яго, дык партыю… Танкіст! Чэкіст не ніжэй за танкіста, а гэты, мабыць, яшчэ ня ведае таго. Дык уведае…
Як заўжды, у хвіліны злосьці, ён напаўняўся нутраной энергіяй, мкнуўся неадкладна нешта зрабіць. Ён адчуваў сілу і ўпэўненасьць. Як у тым Пугачоўскім лесе ў час блакады. Немцы ды паліцаі секлі па хвоях разрыўнымі, аж трэск разьлятаўся па лесе. Партызаны кінуліся ад прасекі ўбок — канешне ж, не туды, куды было трэба, а дзе здаваўся паратунак. На прасецы хтось кінуў скрынку з патронамі, і нікому не было клопату пра іх боезапас. Тады ён спыніў ці не апошняга з уцекачоў, акружэнца-прымака Лышчыка, наставіў ва ўпор наган: бяры скрынку! Праўда, той ужо быў нагружаны нейкім майном, хацеў увільнуць, ды ён стрэліў паўз галаву, і Лышчык мусіў спыніцца. Далей Лышчыку не пашэнціла — яго падстрэлілі паліцаі. Прапала скрынка. На Выпаўзка ніхто не наракаў, бо ў той сітуацыі ён зрабіў правільна — нельга было пакідаць патроны ворагу. Сам жа ён узяць ня мог, бо ўжо каторы дзень насіў на перавязі параненую руку. Зноў жа, ён тады быў не радавы, а начальнік асобага аддзела, значыцца, камандзір. А камандзіру валачыць на сабе груз не паложана. На тое ёсьць шараговыя байцы і партызаны.
Цяпер ягонае нутро гатовае было выбухнуць гневам, але зьнешне ён нічым нс паказваў таго. Хіба што ў такія хвіліны мацней сашчапляў зубы і высоўваў наперад свой падбародак-капыл. Ён кіраваў да свае хаты і ведаў, што трэба рабіць.
Мабыць, ад сьвітаньня мінулася багата часу, а людзі ўсё не паяўляліся нават на падворках. Ля Еўсюковага сьвірна па-ранейшаму нікога не было, ды і хто туды прыйдзе, калі брыгадзір сьпіць? Ну я вас пабуджу, зласьліва думаў Выпаўзак, я вам пасьвяткую, маць вашу растак…
Ён рашуча ўскочыў у хату, дзе ўжо ня спала, кешкалася з малымі ягоная маладая жонка Ганка — апранала, ці што. Ужо таксама ці не сьвяткаваць сабралася? Яе недарэчна ўсьмешысты твар новаю злосьцю адгукнуўся ў ягоным нутры, Выпаўзак падбег да скрыні і выхапіў з прыскрынка наган. З часам усё радзей ён хапаўся за яго — ня тое, што ў нядаўнія гады — да вайны. Ды і ў вайну. Але ведаў: наган паможа. Як памагаў яму ў калектывізацыю, у барацьбе з ворагамі савецкай улады, у партызанку. Наган — верны і надзейны памочнік чэкіста і парторга таксама.
— Што гэта ты? — сумелася Ганка, адразу сагнаўшы з твару лагодную ўсьмешку. Ён не адказаў і, засунуўшы наган у кішэню галіфэ, выскачыў з хаты.
Першы падворак, куды ён завітаў з вуліцы, належаў Паланеі Дворчысе, не маладой ужо, але цягавітай, у сіле ўдаве, соткі якой за плотам былі добра ўробленыя. I калі справілася толькі? — нядобра падумаў парторг. Увакурат было выкурыць яе на калгасную працу, на гной. Свайго гною ў яе не было, бо даўно ня мела каровы. Выпаўзак рашуча ўскочыў у чыста, яўна па-сьвяточнаму прыбраную хату з бялюткім настольнікам на стале. Але тут не было нікога, і ён выйшаў праз сенцы на той яе бок. За парканам, сагнуўшыся, поркалася Паланея — саджала на градках нейкую расаду.
— Кідай саджаць! — рэзка скамандаваў Выпаўзак. — На нарад. Хутка! Гной вазіць…
Паланея выпрасталася, няўцямна ўгледзелася ў яго.
— Што?
— На нарад, ня ведаеш, што! Ну! Жыва! Чакаю…
— Дык як жа на нарад, сьвятое ж Вялікадне сягоньня, — хуценька і вінавата загаманіла Паланея. — Ужо грэх жа гэта, каб на Вялікадне…
— А свае грады ўрабляць ня грэх?
— Дык то ж свае… На тым тыдні не было як, усё на полі. Толькі і засталося на сьвята…
Ён не даслухаў.
— Хутка! Раз, два — я чакаю…
— Ай, дык гэта ж брыгадзір сказаў, што да абеду можна…
— Я вас з вашым брыгадзірам!.. — закрычаў Выпаўзак і дастаў наган. Але перш чым ён скіраваў яго на жанчыну, тая жвава шаснула ўбок і так прыпусьціла між лёхаў, што ён аж зьдзівіўся яе маладому спрыту і падумаў: во, выдрэсіравалі акупанты! У блакаду, мабыць, пабегала…
— Каб мне зараз была на нарадзе. Другі раз гаварыць ня буду.
Наступны падворак, дзе жыў стары Корж з дзьвюма нявесткамі, быў цераз вуліцу. Каржовы сыны пасьля партызанкі трапілі на фронт і абодва засталіся на Пулаўскім плацдарме. Цяпер нявесткі гаспадараць з дзецьмі і старым Аўхімам Каржом, які на той час якраз і спаткаў яго ў дзьвярах.
— Сьвяткуеш? — не вітаючыся, строга запытаў Выпаўзак.
— Са сьвятым Вялікаднем вас, — бы ня чуючы настрою госьця, лісьліва павітаўся сівабароды Корж, апрануты ў чыстую кужэльную сарочку.
— Мяне няма з чым, я атэіст. А ты марш на нарад! I з нявесткамі.
Стары ўтрапёна стаяў на ганку, няўцямна пазіраючы на чалавека, бы ўпершыню бачачы яго са зброяй. На яго Выпаўзак нагана не паднімаў, і Корж моўчкі разьвёў рукамі.
— Ды ўчора толькі прыйшлі. Казалі, брыгадзір дазволіў. Да абеду…