Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
А тут, як на ліха, надышла пара афармляцца ў партыю, кандыдацкі стаж у Гаворкі ўжо скончыўся. Неяк сьцюдзёным восеньскім адвячоркам пасьля дажджу камуністы батальёна сабраліся за пагоркам на краі бярэзьнічку. Часу мелі небагата, камандзіры выступалі коратка. Трох кандыдатаў — сяржанта і двух радавых — прынялі хутка і без пытаньняў, Гаворка быў апошні. Пра яго добра сказаў на сходзе ягоны ўзводны, лейтэнант Трахман: і працавіты, і руплівы, і справе партыі Леніна-Сталіна адданы. Ніхто не пярэчыў супраць таго, каб Гаворку прыняць у шэрагі ВКП(б). I тады побач падняў руку ягоны зямляк Пракопчык і сказаў, што ў яго ёсьць заўвага: Гаворкава жонка супрацоўнічала з нямецка-фашысцкімі акупантамі.
Уся невялічкая партыйная грамада на бярозавым узьлеску на момант зьнерухомела ад тых словаў. Нават сакратар партячэйкі капітан Казлоў хвіліну ня ведаў, што сказаць, толькі спытаў Гаворку: ці праўда тое? Гаворка ўстаў і сказаў, што так напісана ў лісьце з сельсавета. На тым сход і скончылі, кандыдатуру Гаворкі нават не паставілі на галасаваньне. I ён, не перакурыўшы з усімі, на адзіноце паплёўся да ракі, дзе з раніцы зьбіваў жалезнымі скобамі вялізныя бярвеньні-рамы.
Дзён колькі затым ён ні з кім не размаўляў ва ўзводзе, ды салдаты і ня надта набіваліся размаўляць з ім. Камандзіры, праўда, як заўжды, крыкліва камандавалі, ён усіх слухаўся і ўсё выконваў — куды пайсьці, што рабіць. Рабіў усё моўчкі. З земляком Пракопчыкам стараўся не спатыкацца нават позіркам, хоць яны рабілі адну справу і працавалі заўсёды поруч. Увогуле крыўды на яго ў Гаворкі не было, але не было і ранейшай шчырасьці. Канешне, Гаворка разумеў, што пра ліст трэба было калісьці сказаць начальству, але ён ня мог выбраць для таго момант і ўсё адкладваў. Во і даадкладваўся…
Пэўна, ён прыдрамаў трохі, седзячы пад дзьвярыма, і раптам прахапіўся, адчуўшы, як дзьверы за ягонай сьпіной скалануліся, затрэсьліся, бы ад землятрусу. I ён, не пасьпеўшы што зразумець, паваліўся сьпіной з парога. На дварэ ўжо разьвіднела, побач з замком у руках стаяла злосная Скакунова жонка.
— Дапіліся, чэрці паласатыя…
Мабыць жа, і напраўду дапіліся, Гаворка адчуваў тое выразна і пакутна. Скакуніха з лаянкай і праклёнамі ўзялася тузаць у «Масквічы» свайго соннага афганца, а Гаворка падняўся і паныла паплёўся ў канец завулка. Ён усё яшчэ пакутна адчуваў гэты недарэчны пераход ад учарашняе п’янасьці да ранішняй цьвярозасьці і ішоў, пэўна ня ведаючы, куды. Абы далей ад таго злоснага бабскага крыку, які ўсё гучаў ззаду. Хай яго слухае Скакун — ён маладзейшы.
Было раньне, мястэчка ляніва прачыналася. Дзе-нідзе ў дварах адчуваўся рух — то найперш рупіліся пра жывёлу, у каго яна яшчэ нс зьвялася; старыя мужчыны стаялі каля сваіх брамак. Пасьля начной бессані, дачакаўшыся раньня, курылі, некаторыя, мабыць, мяркуючы, як і Гаворка, дзе паправіць галоўку. Усе цікавалі за пустой яшчэ вуліцай. З Гаворкам ніхто не вітаўся, ды і ён не вітаўся ні з кім — проста ішоў вуліцай да цэнтра. Як заўжды, ногі самі несьлі туды, дзе быў паратунак ад радасьцяў і пакутаў п’янай начы. Шкада толькі, што ў кішэні зноў было пуста.
Так ён апынуўся ля сьвежапафарбаванага ў блакітны колер павільёна з блішчастымі ўгары літарамі «Эксклюзіў» і сеў на мармуровых прыступках. Памятаў гэтыя прыступкі Драўлянымі, затым з бетону, запляванымі і густа закіданымі акуркамі. Цяпер яны былі гладкія, аж сьлізкія — зусім культурныя, бы ў горадзе. Што значыць — прыватызацыя!..
Гаворка ня ведаў, колькі было часу, адчуваў толькі, што рана. Але ісьці яму не было куды ды і не было мочы, і ён сядзеў. Пазіраў на пустую, гразкую пасьля ўчарашняга дажджу вуліцу, думаў. I тады прыпамятаў, што колісь, можа, у гэткае раньне таксама сядзеў недзе тут на лаўцы пад тынам і слухаў гаркотны аповед аднаго старога… Можа, каб пачуць той аповед, ён і дабіраўся за паўтысячу вёрст з вайны, дзе на машынах, дзе пехатой. Аднойчы трохі пад’ехаў чыгункай….
Тыдзень перад тым на Нараве, неяк уранку пасьля сьнеданьня наважыўся падысьці да нампаліта і, стрымліваючы хваляваньне, сказаў: «Дазвольце зьвярнуцца, каб далі водпуск зьезьдзіць дадому… Ну, наконт жонкі». Нампаліт сьпярша трохі зьдзівіўся, падумаў і раптам сказаў: «Пішы дакладную». Гаворка тут жа напісаў тое, што сказаў нампаліту, і яшчэ праз дзён пару атрымаў у штабе камандзіроўку — на пяць сутак «па асабістых абставінах». Калі ён зьбіраў увечары свой прадуктовы хатуль, нехта ў змроку зласьліва мовіў: «Едзе жонку застрэліць. Во пашэнціла…» Увесь час, як дабіраўся праз Польшчу і Заходнюю Беларусь, у ягоных вушах гучэў той нядобры голас, і Гаворка думаў: табе б так пашэнціла! За дарогу ён, падобна, счарнеў ад таго шанцаваньня…
На бліжняй да мястэчка ўшчэнт разьбітай станцыі цягнік не спыняўся, і Гаворку давялося скакаць на хаду, ледзь не разьбіўся аб слуп. Абапал яшчэ валяліся рэшткі паўзрываных, скінутых з рэек вагонаў, у балоце ляжаў на баку ржавы нямецкі цеплавоз. Ад чыгункі ішоў пехатой — прасёлкамі праз пустыя восеньскія палі, колісь знаёмыя спаленыя ў вайну вёскі. За паруйнаванымі Ласкутамі яго дагнала парожняя фурмапка з хлопцам, які паганяў дубцом здыхлаватага рыжага коніка. Гаворка падбег і на хаду ўскочыў у калёсы. «Куды едзеш?» — папытаўся хлопца. «Куды трэба», — адказаў падлетак, не азірнуўшыся. Гаворка памаўчаў трохі, разумеючы, што зямляк злуецца на яго самаўпраўства. «Партызан, мабыць?» — «Партызан, ну», — адказаў той і тады азірнуўся. «I шмат немцаў забіў?» — «Ня меней, чым ты. Падрыўнік я». — «Ого! — зьдзівіўся Гаворка. — Я во тожа падрыўнік. Сапёр — па-вайсковаму». — «Калі па-вайсковаму, дык мінёр», — паправіў суровы падлетак, і Гаворка зноў падзівіўся: ведае! Ня кожны вайсковец разумеў розьніцу паміж мінёрам ды сапёрам, а гэты малакасос цяміць. I ён папытаўся: «Слухай, а ты не з мястэчка?» — «З Глуздоў я». Глузды былі па той бок мястэчка, колісь Гаворка хадзіў туды на танцы. «А Падбярэзьзе ведаеш?» — запытаўся ён. «А то як жа? Там у лесе наш лагер быў». — «Гэта калі — вясной?» — «Не, залетась. Як падбярэзскага старасту застрэлілі». — «Старасту застрэлілі? А завошта?» — «Завошта, завошта… Каб немцаў не навёў».
Тыя зласнаватыя падлеткавы словы адгукнуліся ў Гаворкавай душы новай трывогай, ён нібы адчуў недзе блізка ад іх і сваю балючую таямніцу.
«А болей нікога там не застрэлілі?» — «Не, болей нікога. Казалі, хацелі настаўніцу адну расстраляць, што да каменданта бегала. Але пусыділі». — «Якую настаўніцу?»— «Ай, ня ведаю. Я тады на чыгунку пайшоў…»
Гаворка болей ні пра што не пытаўся. Ён ужо стаў баяцца праўды, якая, па сутпасьці, яго і вяла сюды. Цяпер ён нібы хацеў абмінуць яе. Ды як абмінеш, калі яна стала ўпоперак ягонага лёсу, бы костка ўпоперак горла.
Ужо на зьмярканьні, перайшоўшы ладны прасьцяг пустога поля, ён выйшаў на падбярэзскі выган. Вёскі не было. Сям-там горбіліся зарослыя пырнікам ды крапівой куп’істыя пагоркі пажарышчаў, сярод якіх бялелі абсмыленыя бакі печаў. Толькі Яшкаў клён ля мастка раскашаваў у сваёй адзіноце, надзіва не крануты ні вайной, ні пажарамі. У зямлянцы на краі вёскі тулілася нейкая сям’я прыезджых, на лаўцы паміраў стары. Тыя людзі былі незнаёмыя, нікога тут ня ведалі. Гаворка прылёг зводдаль у закіданым паламаным садку і крыху паспаў пад воглым шынялём. Як пачало днець, павалокся цераз поле ў мястэчка. Мястэчка было далей ад лесу, па пачатку вайны там стаяў нямецкі гарнізон, пакуль яго ня выкурылі партызаны. Хоць і яно было моцна разбурана, асабліва ў цэнтры, але там маглі надарыцца знаёмыя людзі, ужо яны што-колечы ведалі.
Там ён і спаткаў на вуліцы старога Тумаша, з сынам якога Рыгорам колісь разам прызываўся на службу, а да таго нават сябраваў трохі. Тумаш нёс на плячах ладную, мабыць, цяжкаватую ношку ў мяшку. Гаворка спыніў яго і радасна павітаўся. Стары скінуў з пляча свой мех, выпрастаўся, высмаркаўся, папытаўся, ці ня мае салдат закурыць? Закурыць у Гаворкі было, ён адмераў старому добрую шчапоць «маршанкі», абодва яны закурылі. «Во, нясу тавар на продаж, — сказаў Тумаш. — Грушы. Можа, хто купіць…» Гаворка сьпярша папытаўся пра Рыгора — дзе ён, ці жывы хаця? «Каб жа ведаць, дзе? Няма. З прошлага лета няма», — дрыготкім ад жалю голасам сказаў стары. «Але ж хіба ён ня ў арміі быў?» — пытаўся Гаворка. «Быў і ў арміі, пасьля ў палоне, пасьля і ў партызанах быў. Але ж ты ведаеш, што тут у блакаду тварылася. I во дагэтуль няма». — «I я жонку шукаю», — сказаў Гаворка і аж зацяў дых, чакаючы пачуць нешта важнае. Ды стары змоўчаў, бы прыпамінаючы ўжо забытае. «Казалі, яна нешта з немцамі… З камендантам быццам», — працягваў нясьмела дапытвацца Гаворка. «Нічога яна і з немцамі, і з камендантам, дарма людзі брэшуць… Гэта ж як яно атрымалася, на маіх жа вачах усё…»
Перш чым прадоўжыць размову, Тумаш азірнуўся, пашукаў позіркам здатнае месца і, убачыўшы непадалёк чыюсь лаўку пад тынам, скіраваў туды. Там яны селі поруч. Гаворка быў поўны хвалюючай, амаль балючай увагі.
Стары пачаў распавядаць, як у тое лета прыйшлі ў раён немцы, устанавілі ў мястэчку гарнізон. Савецкія начальнікі пазьнікалі, некаторыя ўцяклі на ўсход, а некаторыя перайшлі да немцаў. Добраахвотна ці па заданьні — хто ведае. Іх бралі, асабліва ў паліцыю, — начальнікаў і найбольш акружэнцаў; лавілі камуністаў, пастралялі некаторых. Увосень пастралялі ўсіх яўрэяў, закапалі ля могілак у вялікай яме. Невядома, ці паліцаі стралялі, але закопвалі — факт, шмат хто бачыў. Калгасы не распускалі, сказалі, каб калгасы былі, як і да вайны. Але ж сялянам ужо апрыкралі тыя калгасы, і яны, як засталіся без савецкай улады, адразу паразьбіралі сабе ўсё — і коней, і інвентар, і зямлю. Памяталі ж яшчэ, дзе чые былі ніўкі, дзе ішлі межы. Вясной, як толькі надышла пара, кінуліся ўсе ў поле. Так улеглі ў працу, як не працавалі даўно. Немцы не пярэчылі, хаця і не падахвочвалі на аднаасобніцтва, вядома ж, лепей браць з агульнага, чым спаганяць з кожнага. Партызанаў тады яшчэ не было, у лясах было ціха.