Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
— Ану — марш у хату!
Старэйшая, Волька, спынілася, бы ў нерашучасьці, а меншая ўсё бегла і плакала.
— Да бабы Насты ідзіце, да бабы Насты, — азіраючыся, лагодна казала ім маці, і дзяўчынкі і праўда спыніліся, далей не пабеглі.
Ганка дагнала баб і пайшла ззаду, ні разу не азірнуўшыся на дзяцей. I на яго таксама. Тое, што не азірнулася па яго, Выпаўзак заўважыў, нядобра падумаўшы: хай! Наконт таго ён яшчэ пагамоніць з ёй. Увечары. Ён ёй растлумачыць, як належыць паводзіць сябе жонцы калгаснага парторга.
Ганка не азіралася, слыхам ловячы кожны гук ззаду, старалася зразумець: дзеці паслухаліся яе ці не. Падобна, аднак, паслухаліся, болей за ёй ня беглі, і яна патроху спакайнела.
Тым ранкам яна прачнулася рана, і як Выпаўзак, прахапіўшыся на ўслоне, зьнік з хаты, яна ўжо не заснула. Дзяўчынкі соладка спалі побач на ложку, яна прыкрыла крысам кажушка старэйшую, Вольку, што заўсёды ў сьне скідвала яго з сябе, сядзела, думала. Думала найперш пра тое, чым сёньня накарміць малых, — апроч бульбы, у яе не было нічога. Сёньня сьвята — Вялікадне, але не для іх. Учора Волька прыбегла ад суседкі бабы Насты, поўная наіўнага дзіцячага захапленьня: баба Наста фарбуе яйкі. У іх яек ня будзе, ні фарбаваных, ні белых, бо не было курэй. Добра яшчэ, што на сьвята будзе зацірка. Днямі Выпаўзак прынёс трохі ржаной мукі, і тое — на месяц. На зацірку малым. Перад тым баба Наста дала шматок сала — для заскваркі тае калатухі-заціркі. Але тое таемна, каб ня ўбачыў, ня ўведаў Выпаўзак, бо баба Наста — маці паліцая, а яны з Выпаўзкам партызаны, да таго ж Выпаўзак — камуніст, парторг. Хіба можна было дапусьціць сувязь з маткай ворага народа, нямецкім паслугачом?
Ганка выйшла на пусты падворак. Пад плотам і сьцяной даўно пустога хлява бралася ладная ўжо крапіва, трэба нарваць у чыгун, абдаць кіпенем ды нешта зварыць на полудзень. Бо прыйдзе ж яе парторг, захоча есьці. Кармі, жонка. А чым яна накорміць? Што сама нічога ня ела, тое не ў залік, што малыя просяць хлебца, якога няма, тое яго не клапоціць. Яго бясконца клапоцяць пастановы райкама ды няўпраўкі ў калгасе, ад якіх ён проста шалее.
Выпаўзак быў другім мужам у Ганкі, і дзеткі яе былі не ягоныя, ня родныя. Дзетак яна нажыла ў партызанах, як сышлася з камандзірам падрыўнікоў Аляксеем Гайновым. Хоць не расьпісаныя, ня венчаныя, а ў шчырым каханьні нарадзілі яны дзьвюх дзяўчынак — апошнюю якраз перад вызваленьнем, за дзень да якога і забілі Гайнова. Немцы вырываліся з акружэньня, ішлі напралом, натоўпам, а Гайноў з сваёй групай якраз апынуўся на іхнім шляху, ну і… Трэба было б збочыць, адысьці за балота, казалі пасьля партызаны, можа б, і ацалелі. А так… Усе і паляглі на ўзьлеску — дванаццаць маладых, дужых, прыгожых. Во і засталася Ганка з дзецьмі — партызанская мадонна бяз мужа, бяз хаты і якога жытла. Дзякуй партызанам — ня кінулі, ня выракліся, чым маглі, памаглі ўсім атрадам. А як вызвалілі раён, пасялілі ў гэтай во хаце, кінутай гаспадаром — паліцаем, сынам тае ж бабы Насты. Тут яе і знайшоў партызанскі начальнік Выпаўзкоў. Родам ён быў не тутэйшы, з таго боку Дзьвіны, пасьля партызанкі пакінуты на ўмацаваньне калгаса. Жыць яму ў вёсцы не было дзе, сам быў адзінокі, сям’ю страціў на пачатку вайны. Дык аднойчы прыйшоў і сказаў: буду жыць у цябе. Што ж, яна не пярэчыла, хоць зусім ня ведала яго, хіба што бачыла пару разоў у лесе, як разьязджаў на чорным кані разам з іншымі начальнікамі. I яна падумала: жыві. Хата не яе — чужая, болей тут мужыка няма. Двое малых чапляюцца за спадніцу, як іх адной гадаваць? Думала, можа, весялей будзе, усё ж мужчына ў хаце. Мужчына, праўда, выдаўся не сказаць каб відны — даволі састарэлы з выгляду, дашчэнту зьнерваваны і заўсёды агідна лаяўся — ці была нагода, ці не. Але ж партыйны, заўжды пры ўладзе. У партызанах, людзі казалі, быў асабістам, хоць сам не сказаў ёй пра гэта. Яго тут баяліся ці паважалі — яна так і не зразумела. А можа, тое ды іншае адначасна, як гэта павялося ў партызанах ды і засталося пасьля партызанаў. Горш за ўсё, што Выпаўзак быў сухарукі, леваю рукой толькі кратаў, а рабіць нічога ня мог; ня мог нават расьсекчы палена на дровы, якія заўжды секла яна. I зусім кепска, што быў куды меншы ростам за даволі высакаватую Ганку, ад чаго тая нямала журылася. Асабліва напачатку. Жывучы з ім, яна ўсё думала пра Гайнова, які ў яе вачах рабіўся ўсё лепшы і лепшы. I яна ўжо пэўна ведала, што з ім знайшла шчасьце, з ім і згубіла, — іншага ня будзе. Дзіўна, што ён жыў з ёй, — урыўкамі, калі быў паблізу і аднойчы паранены, але ніколі не казаў ёй пра каханьне, і ўсё роўна яна ведала, што кахае яе, можа, таму, што кахала яго. А гэты… Зрэшты, гэты таксама не сказаў ёй, што кахае, а калі яна неяк ціха лапыталася пра тое, толькі накрычаў на яе. Што, маўляў, удумала! Тут днямі ў райкаме абмеркаваньне стану палітмасавай работы ў калгасе, а яна — пра каханьне. Можа, і так, падумала Ганка, і ніколі больш не напамінала пра тое.
Крыху пасьля журыцца давялося з іншай прычыны — Выпаўзак неўзьлюбіў малых. Калі часам малое плакала ўначы, ён злосна крычаў на Ганку: «Нарэшце ці ты супакоіш ме?» Ганка супакойвала, як магла, можа, не заўссды ўдала, малое доўга плакала, асабліва калі хварэла, і тое выклікала злоснае раздражненьне Выпаўзка. Старэйшая, Волька, яго проста баялася, і калі ён быў дома, дзяўчынка сядзела на печы ці поркалася ўзапеччы — абы далоў з яго вачэй. Дарэчы па малых ён сварыўся рэдка, болей за іхнія правінкі спаганяў з маці. Яна рэдка калі чула ад яго добрае слова, болей — мат-перамат ці наадварот — ён тыднямі зацята маўчаў. Вельмі хутка пасьля замужжа Ганка гатовая была ўзьнедавідзець яго, але неяк трывала, не даючы таму пачуцьцю надта разрасыдіся ў сабе. Усё ж ён быў ня просты калгасьнік, а парторг, — сельская сіла і ўлада, і яна маўчала. Яна змоўчала, калі ён прагнаў аднойчы яе сяброўку яшчэ ад часу сямейнага лагеру ў лесе, — Хадоску, за што тая неўзьлюбіла і яе. У вёсцы ў Ганкі ня стала ніводнай блізкай душы. Іншыя жанкі невядома чаго стараніліся яе, бывала, ніводная ніколі не завітае, не пацікавіцца малымі. Да вясны яна кожнага дня хадзіла ў калгасны сьвіран, веяла, абрабляла насеньне, а дзяўчынкі сядзелі адны ў замкнёнай хаце, і яе сэрца разрывалася ад страху за іх. Не ісьці на працу яна не магла — заўжды гнаў брыгадзір, ды і муж пільна сачыў, каб яна ўвішна працавала і выконвала норму, тым паказваючы прыклад астатнім. I яна рабіла штодня нароўні з усімі — маладымі і старымі, бабамі і мужыкамі. Сёньня, як ён гаркнуў ісьці на парад, яма не зьдзівілася, як заўжды паслухалася і пайшла. Толькі вось малыя… Замкнуць іх яна не наважылася, ды й стала ўжо цёпла, малым ня дужа сядзелася ў хаце. I яна падманула іх бабай Настай, да якой яны часам хадзілі, — можа, пабудуць там.
Ідучы да сьвірна вуліцай, Ганка думала, што на працу іх разьмяркуе брыгадзір, прызначыць, куды каго. Каму выкідваць гной, каму вазіць, каму растрасаць на полі. Клопату з гэтым гноем хапала, тут патрэбна была мужчынская сіла. Але дзе яе ўзяць, мужчынскую, калі ў калгасе ўжо не застаецца і жаночай. Здалёку Ганка згледзела сярод баб двух мужыкоў — старога Аўхіма і кульгавага Сеньку, астатнія там былі бабы — усяго чалавек з дзесяць. Але брыгадзіра не было відаць, і Ганка адчула штось кепскае. Напэўна, як заўжды, гэты яе Выпаўзак наробіць вэрхалу, крыку, не абыдзецца без мацюкоў. Хоць бы не страляў болей з нагана.
Сьпярша бабы ад сьвірна моўчкі, з-пад ілба пазіралі, як яны, бы гнаны пастухом статак, набліжаліся да іх па вуліцы. Пасьля, як загаманіла Хадоска, загаманілі ўсе разам — што і Вялікадне сёньня, і галодныя яны, і вілаў няма, і коні чорт ведае дзе на пашы. А галоўнае — дзе той гной? У каго яго ўзяць? Тыя, што мелі каровы, пастараліся ўжо свой гной упарадкаваць — вынесьці на гароды ды растрэсьці па градках, а то ўжо і ўскапаць рыдлёўкамі соткі. А хто таго не пасьпеў, ці дасьць цяпер для калгаснага поля? Усё ж найперш трэба самім — на бульбачку.
— Дадуць! — запэўніў распараны Выпаўзак. — Вазьму і не запытаюся…
Тут жа ён і разьмеркаваў усіх на працу — мужчын адправіў запрагаць коней, трох баб з імі растрасаць гной на палетку. Астатніх, у тым ліку і Ганку, прызначыў выкідваць гной з хлява. Выкідваць — самая цяжкая праца, і галодная Ганка толькі каўтнула сьліну. Іншыя бабы абурана крычалі, а яна не магла дазволіць сабе нават пакрыўдзіцца. Тым болей паскардзіцца. Ужо скардзіцца Выпаўзку яна ня мела намеру.
Чатырох баб Выпаўзак павёў да бліжняй ад сьвірна сядзібы Панкрата, які меў кароўку і нават карміў сьвінчо, — пэўна ж, гной у таго меўся. Самога Панкрата, спраўнага, сярэдняга веку мужыка, дома не было, жонка сказала: паехаў, а куды невядома. Выпаўзак вылаяўся, пайшоў у хлеў, дзе вылаяўся яшчэ болей злосна — гною таксама не было. Чысты дол быў зацярушаны сьвежай саломай.
— Дзе гной? — вызьверыўся Выпаўзак. Бабы злосна маўчалі, маўчала напалоханая Панкраціха, і Выпаўзак здагадаўся: прадаў! Ноччу вывез у мястэчка, маць яго перамаць! А цяпер хаваецца ў кустох. Ну я ж яго падпільную, гада! Я яго застрэлю!
Папкраціха не абараняла мужа, бабы маўчалі, мабыць, думаючы: пэўна ж, застрэліць. У вёсцы хадзіла пагалоска, што Выпаўзак за свае асаблівыя заслугі мае права застрэліць кожпага. Такая ягоная ўзнагарода. Іншым за подзьвігі давалі ордэны ці медалі, а гэтаму далі такое страшнае права — забіць кожпага — на свой суд. Мабыць, сапраўды вялікія былі яго заслугі, сьведчаньнем якіх ён насіў з сабой гэты страхавіты для вяскоўцаў наган.
Можа, і сапраўды ён меў права застрэліць чалавека, але найперш трэба было яго знайсьці. Таксама, як і гной, якога тут не было.
Відаць, часу на тыя пошукі Выпаўзак меў не багата і павёў бабскую каманду цераз вуліцу да сясьцёр-багамолак Барашкавых. Ужо тыя ў такі дзень былі дома і, не зважаючы на крыкі і стрэлы на вуліцы, увішна маліліся ў прыбранай рушнікамі покуці перад дужа шаноўным абразом сьвятой Марыі — страчалі Вялікадне.
— Я вам дам Вялікадне! Бярыце вілы і ў хлеў!
Набожныя і ўвішныя Барашкавы, бы чорныя рухавыя мурашкі, перахрысьціліся напасьледак і паслухмяна падаліся ў хлеў, дзе ў куце стаяла іх маладая кароўка. Аднак вілаў яны ня мелі, а гною было тут на адзін добры воз, і Хадоска зьсдліва пасьмяялася:
— Во ўгноім калгасны прасьцяг! Па-ўдарнаму. Давай па-стаханаўску, дзеўкі! Ганка, ну пакажы прымер як парторгава жонка!
Ганка з віламі залезла за загародку ў кут, дзе было болей гною, і пачала кідаць яго да дзьвярэй.
Увесь час, пакуль яны хадзілі па дварах і слухалі Выпаўзкаву лаянку, ёй было дужа ніякавата за мужа, здавалася: хоць бы ён памаўчаў, калі ня можа гаварыць па-добраму, хоць бы ня чуць яго брыдкаслоўя. А ён, бы на зло, аж упіваўся сваёй брыдкай лаянкай, поўнаю ўладай над гэтаю ня надта пакорнаю бабскай групай, бы помсьціў ім за сваю мужчынскую нягегласьць, начальніцкую няўрымсьлівасьць, гаркату ад якіх, пэўна, і намагаўся заглушыць лаянкай. Цяпер, як яны ўрэшце забрылі да гною, Ганка аж узрадавалася: будзе рабіць. Працаваць яна ўмела — хоць жаночую працу, хоць мужчынскую, ёй было ўсё роўна — яна прывыкла рабіць усё.
Яна лёгка ўпорвала вострыя пруты вілаў у зьляжалыя пласты і натужліва выварочвала іх угору. Гной звыкла сьмярдзеў, але яна не зважала на той здаўна знаёмы смурод, толькі схамянулася ў душы, прыгадаўшы, як тры гады таму, у блакаду, хавалася амаль у гэткім самым гнаі. Іхні атрад разьбілі, і карнікі ўсчалі паляваньне на партызан, шукалі з сабакамі ў пушчы, лясах і пералесках, у пакінутых жыхарамі вёсках, адрынах, на таках. Яе, цяжарную ўжо малодшай, аднаногі дзед з Алексюкоў закапаў у пустым хляве пры сьцяне ссохлым гноем, і яна ляжала так два дні, дыхаючы праз шчыліну ў бярвеньні. Немцы бегалі па вёсцы, стралялі па гарышчах, кідалі гранаты ў пустыя бяз бульбы ямы. Дзед казаў, двойчы зазіралі ў той хляўчук, але пароць гной не здагадаліся, і яна ацалела. З таго часу ў яе не было агіды да гною, тым болей, што ніколі не было каровы.