ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Выпаўзак пабег кудысь, мабыць, шукаючы яшчэ па хлявах, а бабы павыходзілі на падворак і пасталі, гамонячы. Бяз вілаў у хляве ўсё роўна рабіць не было чаго. Яны ўсё не маглі скончыць узрушанае гаманы наконт спляжанага сьвята і лаялі нялюдскага парторга.

«I глядзі ж ты, выжыў і ў блакаду, — сказала Лузгіна Вольга і пашкадавала. — Не было яго ў нашым атрадзе, а то б…». — «А што б ты яму зрабіла ў вашым атрадзе? — усумнілася старэйшая Каржова нявестка. — Солі на хвост насыпала б? Ён і там быў граза». — «Каму граза, немцам?» — «Не, ня так немцам, сваім ды шпіёнам гэтым».

Ганка слухала ды пасьміхалася ў хляве — як асабісты ўпраўляліся са шпіёнамі, яна збольшага ведала, памятала выпадак у сваім атрадзе. Якраз тады з дзеўкамі была ў Пляшні, дзе кватараваў і брыгадны штаб, — мылі начальнікам бялізну і трохі чулі, што там рабілася. Неяк пяцёра палонных чырвонаармейцаў уцяклі з лагера і прыбылі ў атрад. Ну, вядома, найперш праверка: ці хто завербаваны, засланы, хто з іх шпіён? Усіх дапытваюць у хаце асобага аддзелу, ніхто не прызнаецца. Але ж камандзіры ведаюць пэўна: хтосьці засланы. Тады прымаюць рашэньне: калі ніхто не прызнаецца, усіх у расход. Ды ноччу перад расстрэлам адзін з перабежчыкаў, Акунёў, патрабуе асабіста камандзіра, якому кажа, што ўсе яны завербаваныя, апроч яго, Акунёва. Пра тое яму па сакрэту прызнаўся ягоны зямляк з тае групы, які таксама завербаваны. Раззлаваныя камандзіры праз дзень расстралялі ўсіх, апроч Акунёва. Разважалі так: калі Акунёў выдаў земляка, значыць, ён свой, незавербаваны. Паслалі Акунёва ў групу падрыўнікоў, дзе Акунёў падарваў тры цягнікі, а пасьля на станцыі Параф’янава перабег да немцаў. Аказалася, што менавіта Акунёў і быў засланы, іншыя ні пры чым. Але начальніку асобага аддзелу за тых выкрытых і расстраляных ужо далі ордэн — не адбіраць жа баявую ўзнагароду назад. Тым болей, у заслужанага кадравага чэкіста. А каб ня дужа дзівіліся з таго ў атрадзе, яго перавялі ў суседшою брыгаду, казалі, на павышэньне нават.

Праз якую гадзіну Ганка выкінула за парог усё, што было ў доле. На чыстае, воглае яшчэ месца перайшла маладая кароўка сясьцёр Барашкавых. Але возчыкі з калёсамі ўсё ня ехалі. У хляве рабіць болей не было чаго, і Ганка выйшла на падворак. Бабы купкай стаялі воддаль пры плоце, падобна, рабіць сёньня яны ня мелі намеру.

— Перакур, Ганка, — падабрэлым голасам сказала Хадоска і нібы ўсьміхнулася ёй.

Тое спадабалася Ганцы, падумалася: можа, яшчэ яны і памірацца. Хаця і так крыўдаваць сяброўцы не было за што, на Выпаўзка яны крыўдавалі абедзьве.

Яна ўваткнула вілы ў зямлю і таксама прытулілася да плота поруч з Хадоскай. Бабы чамусьці ўсе разам змоўклі, калі яна да іх падышла, Ганка з нядобрасьцю адзначыла тое, і ёй зрабілася ніякавата. Каля іх яна па-ранейшаму пачувалася чужаніцай. Неяк нядобра-апанурана з ганка назіралі за імі сёстры Барашкавы.

Нечакапа з-за вугла хаты паявіўся брыгадзір, — малады хлопец у зграбна падперазанай гімнасьцёрцы і па-сьвяточнаму наваксаваных ботах — быццам гатовы да сьвята ці да царквы. Грабаючы рукой растрэсеную ветрам густую чупрыну, з расслабленай усьмешкай мовіў да жанчын:

— Укалваеце?

— Укалваем! — кпліва адказала Хадоска. — Але ж ты ўчора абяцаў…

— Ну, абяцаў. Хай бы не ішлі. Я ж вас ня гнаў.

— Глядзіце на яго — ён ня гнаў! — зусім зазлавала Хадоска. — Дык Выпаўзак выгааў.

— А нашто слухалі?

— Як жа не паслухаеш, калі з наганам? Вунь Касачову застрэліць хацеў.

— Гэны можа, — сьціпла пагадзіўся брыгадзір. Відаць па ўсім, пачуваўся ён ня надта — мабыць, выдыхаў учарашняе ці з начы. — Калі авечкамі будзеце.

— Будзеш авечкамі. Вы ж — сіла, партыя. Як з такімі абыходзіцца? — гарачылася Хадоска.

— Мы з такімі абыходзіліся… — шматзначна выціснуў праз зубы брыгадзір. — На фронце.

— Дык то на фронце. А мы тут у тыле. Як у турме.

— Ну, як хочаце, — кінуў на разьвітаньне брыгадзір і, бы схамянуўшыся, пайшоў з падворка.

— Такі хлопец! — разважліва мовіла Хадоска, як ён схаваўся за хатай. — Сап’ецца тут.

I засмуцілася чамусьці. Ганка таксама засмуцілася — яшчэ болей, чым калі была адна ў хляве, выкідвала гной. Не, шчасьця ў яе болей ня будзе, думала яна, лёс яе абышоў стараной, цяпер адно — гараваць у гаркаце да скону дзён.

— Доўга ён тут жыць будзе? — сказала баба ад плота. — Пацяплее і зьедзе ў горад.

— Я б таксама зьехала, — гаротна мовіла Хадоска. — Завербавалася б у Карэлію, хоць на лесапавал. Калі б ня мама. Хворую ня кінеш.

— Ты яшчэ можаш. Пакуль дзяцей не нараджала… Стоячы поруч, Ганка пачала думаць, дзе там яе дзяўчаткі, ці, можа, плачуць на вуліцы. I тады, бы ў адказ на свой клопат, якраз убачыла малых — на падворку ішла Волька, вяла за ручку малую, — босую, у даўгой, незашпіленай кофце, ужо заплаканую. Тая, як убачыла маці, вытузнула з сестрыной ручку і подбегам прыпусьціла да плота. Ганка прысела насустрач, каб пераняць дачушку, выпрастала рукі, у якія з неадольнаю дзіцячай радасьцю бухнулася дачушка. Яе заплаканы тварык адразу праясьнеў дабрынёй і спакоем.

— Ну што ты плакала? Ну чаго?

— Яна сабакі спужалася. Што ў дзядзькі Панкрата, — сказала Волька.

— Спушчанага?

— Ну. Спушчаны быў.

— Вот жа чалавек, — сказала Хадоска. — Сам недзе туляецца, а сабаку спускае, каб малых травіць.

Ды малая ўжо ўсьміхалася ў матчыных руках, гатовая адразу забыцца на свае нядаўнія страхі. Ды й злосная ўвогуле Хадоска падабрэла з абсіверанага вастраносага твару, заўсьміхалася Вольцы, якая прыхільна падалася да яе. Тады старэйшая з сясьцёр Барашкавых адышлася ад ганка.

— Хадзі са мной. Нешта дам…

Волька, бы і чакала таго, адразу патэпала за чорненькай жвавай жанчынкай, якая павяла яе ў хату. Ганка напружана чакала, адчуваючы, як на яе руках у напружаным чаканьні замерла і малая. I праўда, неўзабаве абедзьве яны выйшлі з дзьвярэй — Волька наперадзе, а Барашкава ззаду. У абедзьвюх ручках Волька зважліва, з асьцярогай несла два чырвоныя яечкі; тварык яе зьзяў урачыстаю радасьцю. Падышоўшы да маці, адну ручку працягнула сястрыцы.

— На табе — Хрыстос уваскрос…

— Ай, малайчына! — сказала Хадоска. — Малая, а ведае, як трэба. Ну, што трэба сказаць? Што? — ласкава пыталася яна ў меншай.

Сьціснуўшы ў ручцы яечка, меншая маўчала, ня ведаючы яшчэ, як трэба адказаць.

— Дзякуй скажы, — падказала маці.

Не, усё ж яна не такая няшчасная — у яе ёсьць дзеці, яе адзіны набытак у жыцьці, адзінае шчасьце. Ужо гэтым шчасьцем яна не паступіцца, бо яе дзяўчынкі і ёсьць яна сама з яе лёсам. Не такім і горкім, калі падумаць. Калі побач заўсёды будуць дзяўчаткі.

Чалавек можа трывожыцца, можа жыць у лагодзе, а бяда пільнуе яго заўжды. Бяда ніколі ня сьпіць, часам дрэмле толькі, выбірае момант, каб уджаліць моцна і ў самае балючае месца. Аб якім і ня думае чалавек.

Ганка, можа, першы раз за тое сьвяточнае раньне расслабілася, вольна ўздыхнула, ужо гатовая паверыць, што яна амаль шчасьлівая, як у двор уляцеў задыханы Выпаўзак. Наган свой ён ужо схаваў, і той, відаць было, важка целяпаўся ў адтапыранай кішэні апоўзлага на боты галіфэ. Згледзеўшы, што бабы стаяць бяз працы, парторг адразу перасмыкнуў тварам, ягоная капыл-сківіца адвалілася для чарговага мату.

Поделиться с друзьями: