ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А цяпер што ж! — памаўчаўшы, злосна сказаў камандзір роты і павярнуўся да вышыні. — Палучаецца, Ананьеў ашуканец! Данёс пра вышыню, а сам у балоце сядзіць.

— Я ж казаў учора! — з нечаканай ажывеласцю заварушыўся ў доле Грыневіч. — Не трэба было атакоўваць. Хай бы сядзелі, чорт з імі. Загаду ж не было: чаго было выпевдрывацца!

— Ты мне пра атаку не дудзі, — зноў пачынаючы злаваць, загарачыўся Ананьеў. — Атака першы сорт! А вось сёння абас…я! — закрычаў камандзір роты і павярнуўся да апануранага Піліпенкі. — Я ж загадаў табе спыніць узвод! Якога ж ты д’ябла сам кінуўся за ўсімі?

— Так біглы ж…

— Ці бачылі яго: біглы! I ты пабег! Ну, тады і бегай. Радавым бегай. Я знімаю цябе з узвода. Паняў?

— Знімайтэ! — пакорна сказаў старшына, паціснуўшы плячыма. Затым неяк ураз паспакайнела абвяў, здзеў шапку і пад-кладкай яе выцер спатнелы твар. — Така міні бяда! Цьфу!

— Табе статкам авечак камандаваць, а не ўзводам. Балбес!

— Та хто е.

Кулямётчык з вышыні, мабыць, нешта заўважыў на гэтым баку і праз кустоўе пусціў доўгую, рассыпістую чаргу. Дзве кулі шчоўкнулі на ўзмежку, пырснуўшы ў неба чорнай зямлёй. Ананьеў, аднак, не варухнуўся і па-ранейшаму нязручна стаяў над раўком.

— Грыневіч, камандуйце ўзводам! Усім закапацца і назіраць за праціўнікам!

— Лейтэнант паранены, — сказаў я.

— Што?

— Нічога страшнага, — махнуў рукою Грыневіч.

З залішняй паспешлівасцю ён ускочыў на параненую нагу, але тут жа паморшчыўся і зноў апусціўся на дол. Ананьеў бачыў усё гэта, але не сказаў нічога — крута павярнуўся і імклівай хадой пашыбаваў да дарогі.

Я вылез з раўка і пабег следам.

13

Заняўшы свае акопы, немцы зусім сціхлі на вышыні, нібы ўсё астатняе іх не цікавіла. Па нас яны чамусь не стралялі. Ананьеў спярша пабег, нават прыгнуўся на адкрытым, але стрэлаў не было, і тады ён проста пайшоў хуткім крокам. Я дагнаў ротнага і, штораз пазіраючы на вышыню, сігаў крыху ззаду. Нас было лёгка падстрэліць тут, але Ананьеў не бег, а бегчы мне аднаму было проста сорамна перад камандзірам роты. Так мы ішлі па амаль адкрытым полі.. Стрэлаў не было.

Мяне, прызнацца, гэта трохі дзівіла, падумалася: ці не рыхтуюць яны нам двум што-небудзь і яшчэ горшае? Але, здаецца, для таго было пазнавата: мы перайшлі ўжо адкрытую балацявіну, набліжаліся да насыпу ля мастка. I тады на тым месцы, дзе нядаўна мы сядзелі з палонным, я ўбачыў Шапу. Відаць было, аўтаматчык чакаў камандзіра роты, ля яго ног ляжаў аўтамат і напакаваны чымсь рэчмяшок.

Ананьеў таксама ўбачыў яго, але ніяк не выказаў свае зацікаўленасці — зрэдку пазіраючы на вышыню, дайшоў да насыпу, пераскочыў лужыну ў канаве і па адхоне далез да броўкі дарогі.

Шапа павярнуўся да камандзіра роты.

— Ваш загад выканан, таварыш старшы лейтэнант. Ананьеў, аднак, моўчкі лёг на адхон і, высунуўшы голаў, упершыню засяроджана агледзеў схілы вышыні.

— Там другі батальён разварочваецца, — паказаў убок Шапа. — Па ўзгорку за дарогай.

У ветраным небе густа плылі шызыя, набрынялыя сцюжай хмары, было золка, сцюдзёна, аднак снег болей не ішоў. Той, што застаўся з ночы, памалу таяў у траве. На дарозе, на схілах вышыні яго ўжо засталося няшмат, паласа зямлі за рачулкай гразка чарнела раскіслым зляжалым ворывам. У некалькіх месцах на схіле відаць былі трупы забітых — шэрыя нерухомыя камякі шынялёў на стаптаным мокрым снезе.

— Дзе старшына? — ваўкавата запытаў Ананьеў.

— А там, за ўзгоркам, — падхапіўшы рэчмяшок, пасунуўся вышай Тапа. — Падвода зламалася. Вось тут перакусіць пакуль што.

Старшы лейтэнант скоса зірнуў на мокры рэчмяшок у ягоных руках.

— Ён што — рэчмяшком думае роту накарміць?

— Ды гэта пакуль што. Для вас.

Баец таропка развязаў лямкі і дастаў некалькі сухароў, бляшанку кансерваў і белую алюмініевую пляшку. Ананьеў працягнуў руку і перш-наперш згроб ёю пляшку:

— Дай сухара…

Шапа ўслужліва выбраў яму найбольшы сухар. Старшы лейтэнант разламаў яго напалам. Аўтаматчык няўцямна зірнуў на камандзіра роты.

— Астатняе падзеліш на ўсіх. Паняў?

— Што дзяліць, таварыш старшы лейтэнант?

— Што ёсць.

Лежачы на баку і зусім безуважны да нас, Ананьеў адвінціў пляшку і, ускінуўшы яе, адпіў некалькі глыткоў. З выгляду ён памалу спакайнеў, грубаваты твар яго набываў звыклы выраз зласнаватай суровасці. Байцы на адхоне старанна акопваліся, кідаючы запытальныя позіркі на камандзіра роты, Шапу і мяне таксама, быццам я ведаў што-небудзь невядомае ім. Але пра тое, што здарылася ўранку, я ведаў меней за іх. Дагэтуль нельга было зразумець, як усё тое сталася, хто вінаваты і што роту чакала далей. Праўда, побач быў Ананьеў, толькі ён зацята маўчаў, і я не адважваўся загаварыць з ім.

Вядома, гэта была бяда, якая, зрэшты, здаралася не ўпершыню. Было нават і яшчэ горш. Але і цяпер нас стала дужа ўжо мала, узводныя ланцужкі здаваліся занадта кароценькія — дзесятка паўтара аўтаматчыкаў ляжала за хмызняком ды столькі ж за насыпам. Да таго ж, тут былі і параненыя, якіх неўзабаве трэба будзе адпраўляць з роты, — колькі ж тады нас застанецца? — думаў я.

Аб тым жа, мабыць, думаў і ротны, які, грызучы сухар, змрочна азіраў свае баявыя парадкі.

— Ось табе і рота! — сказаў ён, — Дакамандаваліся, у тры госпада маць…

— А што — і Зайцава няма? — асцярожна запытаў я.

Ананьеў не адказаў і не зірнуў нават на мяне, ён зноў угледзеўся ў вышыню, нібы чакаў кагосьці адтуль.

Але чакаць было некага — мёртвыя не вярталіся. Шкада было многіх небарак, асабліва малодшага лейтэнанта Ваніна, яго памкамузвода Закірава, ды і Зайцава таксама. Зрэшты, да Зайцава мае адносіны былі болей складаныя. Вядома, я не жадаў новаму ардынарцу злога, ён быў хлопец някепскі, але, не ўсвядоміўшы яшчэ да канца, я міжвольна адчуваў нейкае як бы задавальненне ў душы, што замест яго ля камандзіра роты зноў я.

Ананьеў праглынуў рэшту сухара і з нейкай ужо новаю думкай агледзеў узвод.

— Так. Дзе Цвяткоў?

— Куркова перавязвае, — сказаў Шапа.

— Перадай, хай збірае параненых, гэтага цуцыка, — ротны кіўнуў на немца, які, сцяўшыся, паныла сядзеў у мундзірчыку пад насыпам, — і па канаве ў тыл.

Шапа, прыгнуўшыся, пабег па адхоне, а я ў каторы ўжо раз адчуў шчымлівую самоту ад таго, што вось-вось, мабыць, і для мяне ўсё скончыцца. Вядома, у медсанбаце горш не будзе, у чымсьці санбат нават здаваўся зманлівым. Ды вось бяда: ён быў дзесьці далёка, у невядомасці, ва ўсякім разе, па-за ротай. А ўсё, што не было маёй ротай, здавалася мне непатрэбным, нецікавым, пастылым.

Я выпрабавальна зірнуў у твар камандзіру, але той, туга сцяўшы пашчэнкі, унікнуў ці не заўважыў гэтага позірку. Пакуль што ён не казаў нічога, здаецца, ён наогул пра мяне не думаў, відавочна, яго клапаціла іншае. Лежачы на адхоне, ён усё кідаў позіркі то на вышыню, то ўбок, куды нядаўна паказваў Шапа і дзе, здаецца, сапраўды падыходзілі нашыя батальёны. Некалькі разоў — чуваць было — там прагрукацеў «максім», бахнулі вінтоўкі. Аднойчы вецер данёс нават крык, мабыць, каманду. Праўда, адсюль, з лагчыны, яшчэ нічога не было відаць. I ўсё ж блізкая прысутнасць сваіх супакойвала, несла нейкую ўпэўненасць, што страшнага болей не здарыцца.

Поделиться с друзьями: