ЖАНРЫ

Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса

Кэрролл Льюис

Шрифт:

– Яна не мае аніякага выхавання,- працягвала Чорная,- але ў яе заўжды быў добры нораў! Прылашчы яе і ўбачыш, як ёй гэта будзе да спадобы.- Але ў Алісы не хапіла смеласці гэта зрабіць, тым часам Каралева працягвала,- Крышачку дабрыні... папільёткі ў валасы... зробяць яе сапраўды цудоўнай...

– Я спаць хачу,- глыбока пазяхнуўшы і паклаўшы сваю галаву на Алісіна плячо, уз’енчыла тая.

– Нябога, вельмі стамілася,- сказала Чорная Каралева.- Паглаць яе па галаве... дай свой начны каптурок... і праспявай калыханачку.

– Але ж я не нашу з сабой начны каптур,- прамовіла дзяўчынка, пытаючыся выканаць першае настаўленне Каралевы,- і не ведаю аніводнай калыханкі.

– Тады я сама гэта зраблю,- прамовіла Чорная Каралева і пачала спяваць:

“Спі, мая ледзі, пад кусцікам бэзу! Покуль нам лёкаі ладзяць імпрэзу. Пойдзем, як зробяць усё, на банкет Вы, Я, Аліса і ўвесь сусвет”.

– Ці ты запомніла словы?- спытала яна, кладучы галаву на другое Алісіна плячо.- тады праспявай мне. Штосьці мне таксама спаць захацелася,- і праз імгненне абедзве Каралевы спалі, магутна пахрапваючы.

– І што мне цяпер рабіць?- прастагнала Аліса, здзіўлена гледзячы навокал. Тут спачатку адна галава, а потым другая скаціліся з яе плячэй і ляглі цяжкімі камлыгамі на калені.- Гэткага не здаралася спрадвеку, ніколі і ніхто не сцярог сон адразу двух каралеў! Ва ўсялякім выпадку ў Гісторыі Англіі дакладна, таму што ў нас аніколі не было больш за адну каралеву запар. Гэй, прачніцеся, мне цяжка вас трымаць,- нецярпліва звярнулася яна да Каралеў, але адказам ёй быў толькі ціхія храпы.

З цягам часу храпы пачалі штохвіліны мяняцца і ўрэшце рэшт больш нагадвалі ігру музычных інструментаў, а праз хвіліну другую, да музыкі далучыліся словы, якія хутка было мажліва разабраць. Аліса гэтак заслухалася, што, аніадразу заўважыла, як з яе каленяў зніклі дзве цяжкія галавы.

Яна апынулася перад шыкоўнай брамай, па-над якой вялізнымі літарамі было напісана “КАРАЛЕВА АЛІСА”. З абодвух бакоў ад брамы меліся званочкі, ля аднаго было напісана “Званок для Наведавальнікаў”, а на другім “Званок для Лёкаеў”.

– Пачакаю, пакуль яны скончаць сваю песню,- вырашыла Аліса,- а ўжо потым буду званіць... але ў які званочак?- яна стаяла ў вялікай разгубленасці,- Я не наведавальнік і аніяк не лёкай. Тут павінен быць “Званок для Каралевы”.

– Раней за наступны тыдзень прыёму не будзе!- паведаміла, крышачку раскрыўшы дзверы і шпарка паглядзеўшы на Алісу, нейкая істота з доўгаю дзюбаю і зноўку зачыніла дзверы з вялізным грукам.

Аліса даволі працяглы час дарэмна стукала і званіла ў дзверы, пакуль нарэшце нейкая старая Жабка, апранутая ў яскрава-жоўтую вопрадку і вялізныя чаравікі, што сядзела ля дрэва, храмаючы не падыйшла да яе.

– Ну чаго здарылася?- спыталася яна хрыплым шэптам.

Аліса павярнулася на яе голас, гатовая раззлавацца на каго заўгодна.

– Дзе валэндаецца служка, які павінен адчыняць дзверы!- разлютавана прамовіла яна.

– Якія дзверы?- спытаў ён.

– Зразумела ж гэтыя!- ледзве не пачала тупаць нагамі Аліса, радражнённая павольнасцю жабкінай гаворкі.

На працягу хвіліны Жабка глядзела на дзверы сваімі вялізнымі сумнымі вачыма, потым падыйшла бліжэй і пашкрабала іх вялікім пальцам, быццам правяраючы, ці не адарвецца фарба, а потым зноў паглядзела на Алісу.

– Дзверы, як дзверы,- прамовіла Жабка.- І чаго табе ад іх трэба?- апошнія словы яна прамовіла настолькі хрыпла, што Аліса ледзь разабрала словы.

– Не зразумела, што вы маеце на ўвазе,- прамовіла яна.

– Хіба ж я не па-ангельску кажу?- заявіла Жабка.- Ці ты глухая? Чаго табе ад іх трэба?

– Нічога,- нецярпліва адказала дзяўчынка,- Я біла па іх, каб...

– Не трэба гэтага рабіць... аніколі ў жыцці не трэба гэтага рабіць...- прамармытала Жабка.- Ім гэта не падабаецца,- яна зноў падыйшла бліжэй і са ўсяе моцы стукнула па дзвярах сваім вялізным чаравіком.- Як ты з імі,- цяжка дыхаючы прамовіла яна, храмаючы да свайго месца пад дрэвам,- гэтак і яны з табой.

У наступнае імгненне дзверы шырока распахнуліся і пачуўся нечы пранізлівы голас, які спяваў:

“Прамаўляла Аліса: – Люстэрны Сусвет, Запрашаю я вас да мяне на банкет! Усе падданыя бачаць карону маю І сягоння з Трыма Каралевамі пьюць!” А хор з соцень галасоў падхапіў прыпеў: “Напаўняйце жа куфлі усе навакол, Канцылярскія кнопкі кладзіце на стол, Кінце мыш у гарбату, у каву катоў І Вітайце Алісу тры на трыццаць разоў!”

Аліса спачатку крышачку была засаромленая з таго гвалту, які паднялі прысутныя, а сама між тым разважала: “Тры на трыццаць, будзе дзевяноста. Цікава, а ці вядзе хтось падлік?” Хвіліну-другую доўжылася цішыня, пасля чаго той самы спявак з пранізлівым голасам пачаў другі куплет:

“Прамаўляла Аліса: – Хадзіце хутчэй, Бо ці меў хтось у Свеце такі прывілей - Блізка бачыць мяне, любасць - слухаць мяне, Гонар - піць у прысутнасці Трох Каралеў?” Следам зноўку адчуўся хор: “Мы друкарскую фарбу ў куфлі нальем, Каб смачней нам было з імпэтам кладзем Мы бавоўну ў віно і Алісу ізноў Дзевяноста на дзевяць вітаем разоў!”

– Дзевяноста на дзевяць?- у адчаі прамовіла Аліса.- Вой, гэта я ніколі ў жыцці не падлічу! Лепш адразу ўвайду...- і дачакаўшыся моманту, калі ўсё зноў на хвіліну сціхне, зрабіла крок наперад.

Яна напалохана аглядзела тых, хто сядзеў за сталом, які стаяў у цэнтры залі. Аліса налічыла прыблізна пяцьдзесят гасцёў, сярод якіх былі жывёлы, птушкі і нават колькі кветак.

– Добра, што яны заявіліся сюды самі,- падумала яна,- Я б ніколі ў жыцці не здагадалася, каго я жадаю пабачыць на банкеце.

На чале стала, дзяўчынка ўбачыла тры шыкоўныя крэслы. На двух з іх ужо сядзелі Чорная і Белая Каралевы, а крэсла, што стаяла пасярэдзіне было пустым. Аліса прайшла праз залю і ўселася на пустое крэсла, адчуваючы сябе не надта лагодна ў гэтай мёртвай цішыні і вельмі жадала, каб хоць хтосьці пачаў размаўляць.

Поделиться с друзьями: