ЖАНРЫ

Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса

Кэрролл Льюис

Шрифт:

– Гэта калі вы патрапілі галавою ў яму?- спытала Аліса.

– Так. У гэты момант я знайшоў новы спосаб пералязання праз загароджу... Ці не жадаеш паслухаць?

– Цікава, цікава!- ветліва адказала дзяўчо.

– Вось што я вынайшоў,- прамовіў Вершнік.- Справа ў тым, што падчас пералязання праз захароджу галоўная цяжкасць ў нагах, бо галава і рукі ўжо зверху. Таму найперш трэба пакласці галаву з рукамі на загароджу, падняць ногі ўгору. Цяпер, калі ногі таксама высока, трэба толькі скочыць на іншы бок! Вось!

– Вядома, калі зробіш, як Вы сказалі, можна трапіць ў іншы бок,- глыбокадумна прамовіла Аліса,- але ці не здаецца вам, што гэта крыху цяжкавата?

– Я, сапраўды, пакуль не спрабаваў,- сур’ёзна адказаў той,- так што анічога табе не скажу... Але хутчей за ўсё, ты маеш рацыю.

Ён быў так раззлаваны тым, што ягоная ідэя не ўдалася, што дзяўчынка паспешна вырашыла змяніць тэму размовы.

– У Вас такі цікавы шлем,- бадзёра сказала яна, - гэта таксама Вашая вынаходка?

Вершнік ганарліва паглядзеў на свой шлем, што вісеў на конскім сядле.

– Зразумела ж,- адказаў ён,- але ён нажаль не самы лепшы, колісь я вынайшоў шлем, які выглядаў, нібы цукровая галава. Ён быў настолькі вялікі, што калі я куляўся, ён амаль адразу ж упірался ў зямлю, і падаць было не надта далёка... Але была небяспека зваліцца ў сам шлем. Калі гэта адбылося чарговы раз, я не паспеў адтуль вылезці, а шлем знайшоў іншы Белы Вершнік і адразу ж начапіў сабе на галаву. Напэўна вырашыў, што гэта ягоны шлем.

Пры гэтым рыцар выглядаў так ганарыста, што дзяўчынка не пасмела засмяяцца.

– А ці Вы ніяк не паказалі яму,- дрыжачым голасам спытала Аліса,- што былі на яго галаве?

– Пхнуў яго раз-другі,- сур’ёзна адказаў Вершнік.- Тады ён урэшце зняў шлем, але спатрэбіўся час, каб выцягнуць мяне адтуль. А калі яму гэта ўдалося, я з хуткасцю маланкі знік.

– Але ж чалавек на гэткую хуткасць ня здольны,- не згадзілася дзяўчынка.

– Я здольны на ўсе хуткасці свету,- пахістаўшы галавой адказаў Вершнік. Хвалюючыся, ён раскінуў рукі... і адразу кульнуўся галавой у глыбокі роў.

Аліса хутка падбегла да рову ў яго пошуках. Яе вельмі напалохала гэтае падзенне, да гэтуль ён анічога сабе не шкодзіў, але дзяўчо непакоілася, што на гэты раз Вершнік дакладна сабе штось паламае. Але бачыць магла толькі яго боты і адразу супакоілася, калі пачула яго адвечныя развагі.

– Так, я здольны на ўсе хуткасці, якія толькі маюцца ў свеце,- працягваў ён,- да таго ж было не надта шляхетна прысвойваць чужы шлем... ды яшчэ і з гаспадаром у ім.

– Але як жа Вы здольныя гэтак спакойна размаўляць, дагары нагамі?- спытала Аліса, калі выцягнула яго за ногі і паклала на краі рова.

– Не мае аніякай розніцы,- адказаў Вершнік, здзіўлены Алісіным пытаннем,- дзе мае ногі. Мая галава працуе заўжды. Больш таго, чым яна глыбей, тым лепш у мяне атрымліваюцца вынаходкі.- Ён крышачку памаўчаў, а потым пряцягнуў,- Напрыклад, неяк я зрабіў насамрэч выдатную вынаходку, новы рэцэпт пудзінга. Ён прыйшоў мне ў галаву, калі я спажываў мяса.

– І што, вам зараз жа яго прыгатавалі?- спыталася дзяўчынка.

– Ані,- надта задуменна прамовіў Вершнік,- зараз жа не прыгатавалі.

– Можа наступным днём. Каб не есці два пудзінгі адразу!

– Наступным днём,- прамовіў рыцар,- яго таксама не прыгатавалі.
– Ён апусціў вочы да зямлі, а ягоны голас рабіўся цішэй і цішэй.
– Яго ўвогуле не прыгатавалі! Больш таго, наўрацці колісь прыгатуюць! А якая ж была выдатная вынаходка.

– А з чаго яго трэба гатаваць?- спытала Аліса, спадзеючыся падбадзёрыць яго, бо здавалася, ён знаходзіцца ў вялікай тузе.

– Бярэм прамакатку,- стогнучы адказаў ён.

– Але ж гэта будзе зусім не смачна?

Адна прамакатка, так,- шпарка перарваў Вершнік,- але ты нават не ўяўляеш, што будзе, калі дадаць да яе іншыя інгрэдыенты?.. Напрыклад, порах і сургуч... А цяпер, я павінен пакінуць цябе, бо лес скончыўся.

Аліса быццам не чула яго, яна задуменна разважала аб дзівосным пудзінгу.

– Ты зажурылася,- занепакоена прамовіў рыцар,- хочаш, я праспяваю песеньку, каб ты хаця б крыху развесялілася?

– А яна доўгая?- спытала Аліса, якая пачула ўжо шмат вершаў гэтым днём.

– Натуральна,- адказаў Вершнік,- і вельмі, вельмі прыгожая. Калі я спяваю яе... з вачэй у слухачоў пачынаюць ліцца слёзы, ці...

Ці што?- спытала дзяўчынка, бо той нечакана замаўчаў

– Ці не пачынаюць. Яе імя - “Трасковыя Вочы

– Вы пэўна хацелі сказаць назва?- здзіўлена спытала Аліса.

– Ані,- крыху раздражнёна адказаў той.- Гэта яе імя. А назва яе: Старэнечкі дзядок

– То бок вы хочаце сказаць, што яна мае гэтую назву,- паправіла сябе Аліса.

– Ты ізноў памыляешся! Яна мае назву “Шляхі і Сродкі”, вось так вось.

– Добра, так што гэта за песня?- канчаткова здзівіўшыся, спытала Аліса.

– Я толькі хацеў аб гэтым сказаць,- прамовіў Вершнік.- Гэта песня “Той, што сядзіць на веснічках”, яе музыка - мая ўласная вынаходка.

Прамовіўшы гэта, ён спыніў каня, кінуў вузду і пачаў павольна адбіваць такт адной рукой. Слабая ўсмешка асвяціла яго далікатны глупы твар, нібы сама музыка прыносіла яму асалоду.

З усіх дзівосаў, што Аліса ўбачыла Па-За Люстэркам, гэта найбольш яскрава засталася ў яе памяці. Нават гады апасля, гэтая сцэна стаяла перад яе вачыма, быццам адбылася толькі ўчора. Лагодныя блакітныя вочы і ўсмешка Вершніка, сонца, граючае ў ягоных валасах і бляск яго панцыра, які асляпляў дзяўчынку. Вольна рухаецца конь з вуздой, якая свабодна звісае з шыі, конь скубе траву ля яе ног, чорны цень лесу за спіной... Усё гэта, здавалася, назаўжды засталося ў яе галаве, як памяць аб прыгожай карціне ў музэі. Дзяўчынка прытулілася да дрэва, назіраючы за канём і ягоным ездаком і слухала, напалову задрамаўшы, пад меланхалічную мелодыю.

Поделиться с друзьями: