Праз Люстэрка і што там убачыла Аліса
Шрифт:
– Нікога!- адказаў той.
– Выдатна,- заўважыў валадар,- гэтая юная ледзі, таксама яго бачыла. Так. Атрымліваецца, што Ніхто рухаеца, хучшэй за цябе.
– Раблю ўсё, што магу,- пакрыўдзіўся Лістанош.- Упэўнены, што ён не так ўжо мяне і абыйшоў!
– Натуральна,- заўважыў Кароль,- у адваротным выпадку ён быў бы тут раней за цябе. Але я бачу, твае дыханне ўжо палепшылася і ты зможаш распавясці, што робіцца ў горадзе.
– Я лепш прашапачу,- адказаў Зайча, паднёс да вуснаў свае далоні, складзеныя на манер трубы, і нахіліўся да каралеўскага вуха. Як жа шкадавала ў гэты момант Аліса, бо ёй таксама хацелася пачуць апошнія навіны! Але замест шэпту, з вуснаў Лістаноша пачуўся дзікі крык.- Яны распачалі наноў!
– Ты лічыш гэта шэптам?- напалохана падскочыў Кароль.- Калі ты хаця б яшчэ раз так зробіш, я накажу запхнуць цябе ў кавалак масла! У маёй галаве ажно землятрус пачаўся!
– Напэўна, усё ж такі гэта быў не надта моцны землятрус,- падумала Аліса, а ўголас спытала.- А хто і што наноў распачаў?
– Зразумела ж, Леў і Аднарог,- адказаў валадар.
– Бойку за карону?
– Вядома,- прамовіў Кароль,- і ўвесь жарт у тым, што карона ж мая! Пабеглі паглядзім!- І яны шпарка панесліся па дарозе ў горад, а ў дзяўчынцынай галаве пад час бегу самі сабой загучалі словы старой песні:
“Леў за карону неяк меў змаганне з Аднарогам;
Леў біў яго, цягаў яго па гарадскіх дарогах.
Ім чорны хлеб, ім белы хлеб, ім слодычы давалі,
А потым пад барабанаў гром, прэч з гораду пагналі.”
– А той хто... пераможа... атрымае карону... так?- паспрабавала спытаць Аліса, бо з хуткага бегу яе голас скакаў.
– Зразумела ж не, мая любая,- адказаў Кароль,- Дурная ідэя!
– Калі ласка... злітуйцеся,- нарэшце уз’енчыла дзяўчынка,- ці ж не маглі б... мы спыніцца... на хвілінку... я ўжо не... магу дыхаць!
– І ты яшчэ кажаш аб літасці?- заўважыў валадар.
– Ёй жа будзе балюча, да таго ж у мяне не хопіць сілы яе схапіць. Ці ведаеш, як хутка бегае Хвілінка? Бандэрцапа схапіць і тое прасцей!
Далей дзяўчынка ўжо не магла анічога сказаць, таму астатні шлях яны беглі моўчкі. Урэшце, яны ўбачылі вялізны натоўп, які стаяў колам, а ў сярэдзіне біліся Леў з Аднарогам. Яны паднялі настолькі вялікую сцяну пылу, што Аліса першы час не магла зразумець хто з іх хто. Але зблізу яна пазнала Аднарога па вялікім рогу на лбе.
Яны занялі месцы ля Капялюшы, другога Каралеўскага Лістаноша, які назіраў за змаганнем, трымаючы кубак гарбаты ў адной руце і бутэрброд у другой.
– Ён толькі што выйшаў з-за кратаў, таму зараз дапівае гарбату, якую пачаў піць яшчэ перад арыштам,- шэптам падлумачыў дзяўчынцы Зайча,- а ў турме ён еў толькі вустрычныя ракушкі... таму моцна згаладаўся. Як маешся, маё ты дзіця?- спытаўся ён, абдымаючы Капялюшу за шыю.
Капялюша азірнуўся, кіўнуў і працягнуў чаяванне.
– Як ты адчуваў сябе за кратамі, маё дзіця?- зноўку спытаўся Зайча.
Капялюша азірнуўся другі раз і па яго шчаках пралілася сляза-другая, але ён працягваў маўчанне.
– Чаму ты маўчыш?!- ускрыкнуў Зайча. Але яго сябра працягваў жаваць свой бутэрброд, запіваючы яго гарбатаю.
– Кажы ўжо што-небудзь!- ускрыкнуў Кароль.- Як ідзе змаганне?
Капялюша моцна напрогся... і праглынуў астатнюю частку бутэрброду.
– У іх ўсё балазе!- задаўленым голасам вымавіў ён,- кожны падаў, недзе восемдзесят сем разоў.
– Напэўна, хутка ім павінны прынесці хлебу?- рызыкнула спытацца Аліса.
– Яго ўжо прынеслі,- адказаў Капялюша,- я вось крыху сабе узяў.
Тут бойка на нейкі час перарвалася, і Леў з Аднарогам прыселі, каб аддыхацца, а Кароль аб’явіў дзесяціхвілінны перапынак на пасілак. Зайча з Капялюшам адразу ж прыняліся за працу, яны падносілі змагарам груба збітыя скрынкі з чорным і белым хлебам. Аліса паспрабавала кавалачак, але хлеб быў зачэрствы.
– Лічу, што на сёння ім ўжо до,- сказаў Кароль Капялюшы,- бяжы і загадай, каб рыхтавалі барабаны!
Капялюша паскочыў кудысь, як той конік. Хвіліну-другую дзяўчынка ціхінька назірала за ім, але раптоўна парушыла маўчанне:
– Глядзіце! Глядзіце!- шпарка закрычала яна.- Вунь бяжыць Белая Каралева! Там ў лесе... Як жа ж гэтыя каралевы любяць бегаць?!
– Напэўна ёй хтосьці пагражае,- не азіраючыся прамовіў Кароль.- У лесе жыве шмат разнастайных пачвар.
– Але ж вы не збіраецеся ёй дапамагчы?- спыталася Аліса, моцна здзіўленая яго спакойнаму тону.
– У гэты няма патрэбы!- адказаў той.- Ці ты ведаеш наколькі хутка яна бегае. Бандэрцап ў параўнанні з ёй - ціхаход! Але запішу аб тым, што яе бачыў у сваім блакноце, калі цябе гэта супакоіць... Яна найлепшае ў Свеце стварэнне,- лагодна прамовіў ён сам сабе, раскрываючы свой блакнот.- “Стварэнне” пішацца праз адну, ці дзве “н”?
Паблізу ад іх прашпацыраў Аднарог, засунуўшы рукі ў кішэні.
– Сёння я змагаўся лепш, чым звычайна?- спытаўся ён у Караля, які ўважліва за ім назіраў.
– Усе лепш і лепш,- адказаў той, нервуючыся.- Але ж ты не павінен быў чапаць яго сваім рогам.
– Яму гэта не пашкодзіла,- абыякава заўважыў Аднарог. Раптам яго вочы супыніліся на Алісе. Ён павярнуўся да яе ўсім целам і колькі часу з глыбокай гідлівасцю глядзеў на яе. Нарэшче ён спытаўся.- Хто гэта?
– Дзіцёнак,- шпарка адказаў Зайча, прадстаўляючы яму Алісу і раскінуў рукі ў адным са сваіх англа-саксонскіх закідонаў.- Мы знайшлі яе гадзіну таму. Уяўляеш - жывая, больш чым сапраўдная дзяўчынка.
– А я заўжды лічыў, што яны казачныя пачвары,- заявіў Аднарог.- Кажаш жывая?
– Так, і нават размаўляючая,- ганарова прамовіў Зайча.
Аднарог захоплена глядзеў на дзяўчынку.
– Кажы, дзіцёнак!- сказаў ён
Аліса не устрымалася ад ўсмешкі.
– А я заўжды лічыла, што аднарогі - казачныя пачвары! Я ніколі не бачыла іх жыўцом!
– Прапаную цяпер верыць ў існаванне адно-аднога,- сказаў Аднарог,- Ты – ў мяне, я – ў цябе. Згода?
– Так, як вы пажадаеце,- адказала яна.
– Давай сюды слодыч, старэча,- прамовіў Аднарог, абярнуўшыся да Караля.- Ты ж ведаеш, я не ямо чорнага хлебу.
– Зразумела! Ужо нясуць,- прамармытаў той і падазваў да сябе Зайчу.- Адчыняй торбу!- прашапатаў ён Лістаношу.- Хуценька! Ды не гэтую... Тут акрамя зёлак нічога няма!
Зайча выцягнуў з торбы вялізны пірог і аддаў яго Алісе, а сам тым часам выцягнуў талерку і нож. Дзяўчынцы было цяжка ўявіць, як яны туды памясціліся. Напэўна гэта якісь фокус, вырашыла яна.
Тут да іх далучыўся Леў. Ён выглядаў моцна стомленым і сонным, а яго вочы былі напалову заплюшчаны. Ён ляніва паглядзеў на Алісу і спытаў сваім глыбокім голасам, падобным на бом колакала, хто яна такая..